Тры шляхі
Аўтар: Вінцэнт Гадлеўскі
1928
Крыніца: [1]
Артыкул пад псэўданімам А. Незалежнік быў надрукаваны ў зборніку «З роднае нівы», Вільня, 1928 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цяпер, пасьля апошняй эўрапэйскай вайны на ўсім сьвеце ёсьць 68 незалежных дзяржаваў. Хаця лічба гэта даволі і паказная, аднак не абыймае яна ўсіх народаў: шмат народаў у граніцах гэтых 68 незалежных дзяржаваў маюць пэўную сваю аўтаномію, ізноў шмат народаў ня маюць ня толькі свайго самаўраду. але яшчэ агранічаны ў правох і часам бываюць на’т уцісканымі праз пануючую нацыянальнасьць. Да гэтай апошняй катэгорыі належыць Беларускі Народ. Беларусы, хаця і маюць усе даныя на незалежнасьць, дагэтуль не зьяўляюцца самастойным народам. Гэтая залежнасьць не аднолькавая ўва ўсіх часьцях Беларусі. Як усім вядома, па Рыскаму трактату Беларусь была падзелена на 3 часткі. на Усходнюю Беларусь, што асталася над Саюзам С. Р. Р., Заходнюю Беларусь, што падпала над Польшчу і частку, што асталася ў межах Латвіі. Апрача гэтага падзелу. Усходняя Беларусь яшчэ падзелена на 2 часткі: адну, што называецца Беларускай Радавай Рэспублікай. і другую частку, што апынулася за межамі Б.Р.Р., якая належыць да Расейскай Сац. Фэдэр. Рад. Рэспублікі.

Такім чынам маем, што беларускі Народ быў падзелены ўладай сільных аж на чатыры часьці. Найбольшымі па абшару і ліку насяленьня зьяўляюцца Радавая Беларусь. Усходняя Беларусь і Заходняя Беларусь, што пад Польшчай.

Жыцьцё Беларусаў ува ўсіх частках. хаця і розьніцца між сабой, але мае той супольны характар. што нідзе Беларусы не зьяўляюцца незалежнымі, самастойнымі. Гэтая залежнасьць у кожнай частцы выглядае інакш.

Фармальна, юрыдычна Беларусы Меншчыны. Магілёўшчыны і Віцебшчыны (выключаючы частку, што пад Р. С. Ф. С. Р.) маюць сваю незалежную дзяржаву Радавую Беларусь, аднак фактычная ўлада ў Радавай Беларусі належыць да Масквы, якая камандуе ў Менску праз сваіх людзёў; ня гледзячы на гэта ў Рад. Беларусі Беларусы маюць усе культурныя правы і сьмела могуць лічыць сябе Беларусамі, адкрываць свае школы, друкаваць беларускія кніжкі, займацца культурна-асьветнай працай. Аднак вельмі глыбока разьвіваць гэту працу ня могуць бо скора будуць ахрышчаны «шовіністамі-нацыяналістамі» за якімі будуць сачыць агенты галоўнай палітычнай управы, якія найчасьцей набраны з польскай нацыянальнасьці. Побач з гэтым калі ходзіць аб беларускае сялянства, то нам трудна пачуць яго шчыры і адважны голас на пытаньне. ці добра яму жывецца? Наколькі нам вядома, прынцыпова ідэолёгія беларускага селяніна не прызнае комуны. Сяляне хочуць здабываць сабе зямлю на ўласнасьць і быць поўнымі гаспадарамі ў сваёй хаце і на сваёй зямлі. Супроць гэтай індывідуальнай свабоды і поўнай самастойнасьці гаспадара-селяніна стаяць радавыя дактрыны, якія стараюцца забіць усялякую індывідуальнасьць і падчыніць псыхіку і дзеяньні грамадзянства ўладзе радавых установаў. Гэтая супярэчнасьць між ідэолёгіяй селяніна-ўласьніка і навуковай арганізацыяй дзяржавы па спосабу комунальнаму, колектыўнаму не даець селяніну багацець, інтэнсіўна папраўляць сваю гаспадарку.

Калі ходзе аб Усходнюю Беларусь, што пад Рас. Саюз. Фэдар. Рад. Рэсп., то гэта частка астаўлена на поўную русыфікацыю. Беларусы там павінны ўчыць сваіх дзетак у расейскай мове, чытаць газэты парасейску, гутарыць у радавых установах парасейску. Соцыяльнае іх становішча такое, як у Радавай Беларусі. Ня жывецца ім там вельмі добра, калі змушаны яны выяжджаць у Сібір. Цяпер у Сібіры налічваецца 1 міліён Беларусаў. Найбольш эмігравалі Беларусы ў Сібір у 1922—1923 годзе. калі на Беларусь прыпадала 40 прац. усей эміграцыі з усяго Саюзу Сац. Рад. Рэсп.

Найменшая частка Беларусі, што апынулася над Латвіяй фактычна можа, зьяўляецца найшчасьлівейшай. Латвійскі ўрад. калі ня споўніў усяго, чаго дамагаюцца Беларусы, то ўсёж-такі культурна-асьветная праца ідзець там даволі пэўным. хоць малым крокам. Гаспадарчае палажэньне Латвіі ня зусім кепскае, сяляне маюць запэўнены збыт для земляробскіх прадуктаў і шыбка паляпшаюць земляробскую культуру. А зямля абшарнікаў пераходзіць там у рукі Латышоў.

Адносна Заходняй Беларусі, дзе жыве 2 з паловай мільёны Беларусаў, дык і тут ня можам пахваліцца сваей доляй. Не аналізуем тут нашага палажэньня, яно ўсім добра ведама, бо добра асьвятляецца беларускай пэрыядычнай прэсай, толькі зьвернем увагу на беларускі палітычны рух у Заходняе Беларусі.

Яшчэ ня так даўно, толькі некалькі гадоў таму назад, увесь адраджэнскі беларускі рух у Вільні канцэнтраваўся каля беларускіх установаў, праца ў якіх ішла адным згодным фронтам, маючы на мэце зьдзейсьненьне Ідэалу Беларускага абяздоленага Народу. Даволі было назвацца Беларусам, як ужо перад ім адчыняліся дзьверы беларускіх арганізацыяў для працы ў адраджэнскім руху. Быў толькі адзін ідэал — нацыянальнае і сацыяльнае вызваленьне Бацькаўшчыны. які захопліваў найлепшыя сілы Беларускага Народу. Да гэтага ідэалу усе барацьбіты ў беларускім руху ішлі тым ці іншым шляхам, але да аднэй мэты. Аднак у меру таго, як беларускі рух разрастаўся і захопліваў штораз большы лік інтэлігенцыі і народных гушчаў, пачалі ўзьнікаць розьніцы паглядаў у справе выбару шляху барацьбы за зьдзейсьненьне Ідэалу Беларускага Народу. Гэтая розніца першы раз выявілася ў падзеле Беларускага Пасольскага Клюбу. як выбарнага законнага прадстаўніцтва Беларускага Народу ў Заходняе Беларусі. Частка паслоў, у змаганьні за правы і інтарэсы працоўных масаў, згубіла веру ў нацыянальную сілу беларускага сярмяжніка і ўсе свае надзеі на паляпшэньне долі сялянства і работнікаў палажыла на варожую беларускаму нацыянальнаму адраджэньню ідэолёгію. Гэтая частка паслоў у сваім часе сваімі лёзунгамі і дакляраваньнямі захапіла аграмадную большасьць сялянства і работнікаў.

Узьнікае пытаньне, чаму веска, не разабраўшы справы, так легка і скора адгукнулася на гэныя лёзунгі і пайшла за імі. Адказ зусім просты. Цяжкое палітычнае і соцыяльнае жыцьцё вёскі і недавер у хуткую яго паправу пхала масы хоць куды, абы збавіцца ад тэтай немагаты, у якой яна апыпулася. Мала гэтага, тут адыграў сваю ролю агульны натуральны закон, які кажа, што чалавек імкнецца да задаваленьня сваіх патрэбаў шляхам як найменшай натугі. Дакляраваная дэмагогамі помач кожнаму усьмехівалася, бо ён лічыў, што усё зробіцца без яго удзелу, без ягонай рызыкі і натужанай сыстэматычнай працы. Такі стан справы, на першы пагляд. выдавацца можа і рацыянальным. але калі над ім трохі падумаць, дык скора можна у ім расчаравацца.

Гісторыя адраджэньня іншых народаў вучыць нас, што ніводзін з іх не атрымау паляпшэньня сваёй долі дзякуючы толькі добрай волі іншых народаў ці дзяржаваў. Кожны народ, каб дабіцца сваей незалежнасьці павінен быў сам арганізавацца і сам змагацца за свае ідэалы. Так было з Ірляндзкім. Чэскім, Латыскім, Літоўскім, Вэнгерскім і іншымі народамі. Дык чаму-ж Беларускі Народ павінен быць выняткам? Чаму, за што яму чужая ўлада можа даць незалежнае істнаваньне? Рэч ясная, што калі мы ня маем чым плаціць, дык нічога ад чужынцаў добрага і не атрымаем. Дзеля гэтага разьлічаньне на няпэўную помач было зусім памылковым і на’т шкодным, бо гэтым самым аслаблялася энэргія да арганізацыі і самастойнага змаганьня за свае правы і інтарэсы. Праўдзівасьць гэтых сказаў пацьвярдзілі гістарычныя студнёвыя выпадкі і далейшыя палітычныя каньюнктуры, якія аканчальна падарвалі веру сярод працоўных гушчаў у правільнасьць успомненай арыентацыі. З кожным днём гэтая арыентацыя слабее і слабее, а яе даўнейшыя прыхільнікі шукаюць новага шляху ў змаганьні за зьдзейсьненьне ідэалу беларускага народу.

Побач з вышэй успомненым кірункам, які ўзьнік сярод сапраўдных беларускіх арганізацыяў, дзякуючы толькі іх памылкам ці палітычнаму непрадбачаньню, быў створаны бяз удзелу Беларусаў фікцыйны беларускі кірунак з заходніцкай арыентацыяй, які меў на мэце толькі інтарэсы чужынцаў і ім выслугоўваўся. Лёзунгі гэтага кірунку асталіся кіненымі зусім на вецер, бо пры істнуючых абставінах жыцьця ніхто не паверыў і ня верыць у магчымасьць паправы долі Беларускага Народу, дзякуючы дабрадзействам пануючай улады. Не затрымліваемся больш над гэтым кірункам, бо ў ім немагчыма знайсьці і цені беларускае працы: усё, што там робіцца, пранікнута чужацкім духам, чужой апекай, шкоднай для беларускага адраджэнскага руху.

І вось сярод гэтых двух рожных па кірунку, а аднолькавых па сутнасьці, нявольніцкіх шляхоў увесь час істнаваў і істнуе адзіны сапраўдны шлях, ідучы якім мы можам дабіцца зьдзейсьненьня Ідэалаў Беларускага Народу,- гэта самастойны незалежніцкі шлях. Барацьбіты, што трымаюцца гэтага шляху, збаўленьне Беларускага Народу бачаць ня ў вонкавай усходняй ці заходняй помачы, а сіле самага Народу. Толькі сам Народ можа здабыць сабе лепшую долю, але для гэтага патрэбна. каб ён палітычна і культурна быў зусім сьпелы, каб ён быў добра арганізаваны. І вось над аканчальным і галоўным яго ўсьведамленьнем і арганізацыяй у Заходняй Беларусі працуюць цяпер толькі дзьве палітычныя партыі, гэта — Беларускі Сялянскі Саюз і Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя.