Уладзімер Жылка
Уладзімер Жылка Некралог Аўтар: Антон Луцкевіч |
Вестка аб яго сьмерці балюча адбілася ў маей душы. Балюча асабліва затым, што гэта — яшчэ адзін доказ таго, якім жорсткім умее быць жыцьцё ў адносінах да тых, хто перарастае «сярэдняга чалавека», творыць у душы сваей новы сьвет, адменны ад існуючага сягоньня, і мае сьмеласьць, насуперак жыцьцю, рэальна існуючаму, сягаць па новае жыцьцё — тое, зь іх уяўленьняў.
Якая даўгая ўжо чарга сьветлых постацяў, каторых жорсткая сьмерць перадчасна вырвала з нашага жыцьця: Сяргей Палуян, Максім Багдановіч, Цётка, Іван, Бурбіс, браты Канчэўскія, Макоўскі Вячаслаў, урэшце — Жылка. Усе яны былі гэткія блізкія мне духова. Усе былі чыстакроўныя ідэалісты — летуценьнікі, каторыя імкнуліся да стварэньня новага жыцьця для свайго народу, — жыцьця сьветлага, радаснага... І ўсе так рана, так перадчасна паміралі!
Жылка ў гэтай чарзе апошні. І зь імі, і са мной злучае яго духоўнае радзтво. Ажно дзіўна робіцца, як над гэтым задумаешся: якім чынам такія родныя духоўна людзі адчуваюць у сабе ўзаемна гэтае радзтво — і так неабмыльна?
Я не памятаю, як і ў якіх абставінах пазнаёміўся з Жылкай. Калі гэта было? Хто ён? Скуль? Дзе радзіўся і жыў раней — да нашага знаёмства. Ня маю ніякага паняцьця аб ягонай біяграфіі і не магу навет «дзеля гісторыі літаратуры» даць падробныя весткі аб ім. Ведаю толькі, што, спаткаўшыся, мы зыйшліся вельмі блізка.
Мімаволі насоўваецца параўнаньне.
Калі прыходзіш у вастрог, дык усё, чым ты жыў, усё тваё зычайнае, нармальнае астаецца там — на волі, за вастрожнымі мурамі. Уваходзіш у вастрог як быццам голы. І ўсе там — голыя: няма між арыштантамі ніякіх розьніц, вынікаючых з «таго жыцьця» — на волі. Глыбока заглядаеш у душы людзкія. Па-за душамі ня бачыш нічога...
Так і ў Жылкі я бачыў душу: душу гарачую, жывую, ірваўшуюся да ідэалу, да красы, да новага жыцьця, — і адначасна такую кволую, такую — кажучы па-расейску — «нежную» і ў гэтай «нежнасьці» такую харошую!
Запраўды: у ім я бачыў хараство душы — перад усім. І мяне надзвычайна цікавілі ўсе вонкавыя выяўленьні гэтага хараства, перад усім — у творчасьці Жылкі.
Бо паэзія Жылкі — гэта запраўднае адбіцьцё ягонае душы. У паэзіі сваей ён рос і расьцьвітаў. Яго вершы — частка яго самога.
Ня ведаю, што ён пісаў за апошнія гады — там, на Ўсходзе. Баюся, што творчасьць яго замарозіла лішне сьцюдзёная атмасфэра для такіх кволых расьлін. Калі і пісаў, дык хіба — не для друку. Мо некалі даведаюся, якую спадчыну ён па сабе пакінуў; але ўжо цяпер перакананы я, што гэтая творчасьць і там ішла супраць рэальнага жыцьця — на сустрэчу ідэальнаму! Хочацца сёньня адтварыць духовы воблік Жылкі паводле ягоных твораў. Але перадусім — пагутарыць зь ім беспасрэдна: перачытаць пісьмы яго да мяне.
Колькі ў іх хараства!