Урад Цівуна
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 62-64

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В—т.

Урад Цівуна.

Паводле судоўніка Казіміра Ягайлавіча, зацьверджанага ў 1468 гаду, цівуны, нараўне з намесьнікамі, былі зьверхнікамі паветаў і поўнапраўнымі кіраўнікамі іх. Першапачаткова гэта быў урад земскі, які прыналежаў — з пакаленьня ў пакаленьне — старшаму роду ў павеце. Слова павет — выводнае ад „веязь“, сьцяг, харугаў. Цівун быў племянным князьком, ён пераховываў у сябе павятовую харугаў, пад якой ішоў даны род на вайну, ён-жа быў вайсковым зьверхнікам і загадчыкам свайго павету ў час вайны; судзьдзёй і адміністратарам ў часе міру.

Княжыя намесьнікі бывалі ў тых родаў (паветаў), ў якіх вымерлі радавыя старшыны, або якія былі „прымучаны“ цантральнай княжай ўладай. Рожніца паміж цівуном і намесьнікам, затым, была ў тым, што першы быў прадстаўніком зямлі, другі — адміністраціі, які раней або пазьней уступаў мейсца народнаму прадстаўніку па радавому яго, або выбарнаму праву.

Княжая ўлада ўвесь час кіравалася да абмежаньня правоў жыхарства, да сцэнтралізаваньня ўлады ў сваіх руках, — іначай кажучы, да абсалютнага падпарадкаваньня мяйсцовай ўлады органам цэнтральным. Дзеля дасьціжэньня гэтай мэты трэба было агранічыць правы радавых старшын, адсунуць іх ад ўмешываньняся ў дзяржаўныя справы. Пры сцэнтралізаваньні ў руках цівуноў неабмежанай адміністратыўнай, цывільнай і вайсковай ўлады, над сваім родам (паветам), гэта заданьне было нялёгкім.

На помач князём прышла тагочасная грамадзкая рэволюція, ў духу заходна-эўропэйскага фэодалізму.

Дзякуючы бязупынным войнам ў старым нашым грамадзкім ладзе, мала-памалу пачала складацца каста ваяраў або баяраў, г зн. людзей якія станавілі вайсковы кадр зямлі. У XIV с. гэта яшчэ не была замкнутся каста, але семьі, якія давалі вайскоўца, карысталіся некаторымі зямельнымі прывілеямі і падатковымі льготамі, супроць сямей „цяглых“. Пераход з цяглых ў баяры ня быў нічым агранічаны: кождая цяглая сямья, калі мела магчымасьць высылаць чалавека на вайну, магла перайсьці ў рад баяраў.

На заходзе Эўропы, чаму блізкім прыкладам была суседняя Польшча, дзе вайсковы стан, шляхта (ад нямецкага schlagen біць такжа, як і наша форма — „баярын“ ад біць), была сарганізавана ўжо ў цесную касту, каторая здолела прысвоіць сабе ўсе грамадзкія і дзяржаўныя правы, коштам пазбаўленьня правоў рэшты жыхарства, галоўным чанам сялянаў.

Рад княжых прывілеяў, выданых пасьля жанідзьбы Ягайлы з Ядвігай, надаваў прывілеі вайсковаму стану, паводле прыкладу польскага. І, вось, пачынаючы ад памятнага ў нашай гістораі 1396 году, баярскі стан пачынае пераарганізовывацца ў асобную касту, бярэ дыктатуру над краем ў свае рукі.

Радавая арганізація, ня без апору, пачынае ўступаць новай шляхоцкай арганізаціі.

Вынікам гэтай грамадзкай рэформы было аддзяленьне ад ураду цівуна, ўлады вайсковай. Статут 1529 году, ня толькі пазбаўляе цівуноў даводзтва над аружнай сілай свайго павету, але адбірае ад іх права пазываць на суд баяраў і шляхту.

Паводле Даніловіча (Skarbiec dyplomatów) ў пачатках XVI ст. ўлада цівуноў агранічаецца цяглымі людзьмі, свайго павету. Пад кіраўніцтвам цівуна адбываюцца селянскія вечы і суды. Цівун становіцца ўрадам выборным дажывотным. Словам у XVI ст. цівун з поўнапраўнага кіраўніка свайго павету, так сказаць племяннога князя, перамяняецца ў сельскага старасту, выбіранага цяглымі людзьмі. Яго правы абмежуюцца судом над селянамі ў іх дробных справах (бо суд цівуна ў справах крымінальных быў такжа выняты з пад яго компэтэнціі), ды зборам з сялян падаткаў на гасподара і яго намесьнікаў.

Утраціўшы сваё дзяржаўнае значэньне, цівуны да палавіны XVI ст. здолелі захаваць за сабой даўнае сваё высокае палажэньне ў службовай ерархіі. Гэтак, з устаўной граматы 1529 году відаць, што даходы цівуна заставаліся немаль роўнымі даходам намесьнікаў і дзяржаўцаў. Цівуну ад кождай цяглай службы давалася у год пяць грошы, з двох служб бочка аўса або два грошы, з двохжа служб воз сена або адзін грош, па двое кур, або за іх адзін грош, з чатырох служб бочка піва або пяць грошы і з кождай аднэй службы бохан хлеба цаной паўгроша.

Высока аплачываючы цівуноў цэнтральная ўлада адначасова рупілася каб цівуны ня мелі лішне блізкіх стасункаў са сваей „воласьцю“. У тэй жа грамаце 1529 г. гаворыцца аб аб‘ездах цівуном сваей воласьці:

„Што да ўездаў цівунскіх ў воласьць для зьбіраньня падаткаў на гасподара і сваіх цівунскіх даходаў, то цівуны не павінны часта езьдзіць у воласьць і падоўгу аставацца там і езьдзілібы толькі на два рокі (тэрміны) у год: на Коляды і на Спаса, і аставаліся там кожды раз ня больш трох тыдняў, і пры гэтым не павінны аб‘езджаць сваю воласьць з вялікай сьвітай слуг, каб не ацягчаць народ, і ў паказаныя шэсьць тыдняў сабраць ўсе падаткі; і свае даходы, а такжа пакончыць усе свае справы і суды, і дальш шасьці тыдняў не пражываць у воласьці і не пакідаць там ні намесьнікаў, ні слуг сваіх і чаго з сабранага на сваё утрыманьне ня вытрацяць, таго не пакідаць у валасных людзей на пераховы, і не браць з валасных людзей падвод, а вязьці усё сабранае на сваіх конях і так-жа не маюць права пакідаць у воласьці сваіх коней і лоўчых сабак“.

Цівун адсэпараваны ад сваіх валашчан павінен быў жыць ў адміністратыўным цэнтры, пад наглядам князеўскай і шляхоцкай адміністраціі. Само-сабой, што шэсьць тыдняў у год на суды, збор падаткаў і кіраваньне справамі цяглых людзей было мала на даволі значныя тагочасныя паветы, якія паводле абшару, прыблізна, пакрываліся расійскімі пазьнейшымі „уездамі“. Але гэта і было мэтай цэнтральнага ураду і шляхоцкай нарастаючай дыктатуры, зьвясьці урад цівуна да абсурду, што і было ўжо ў канцы XVI і пачатках XVII ст. даканана.

Суд над цяглымі, людзьмі зьбіраньне з іх падаткаў на гасподара, ў пазьнейшыя часы, былі перададзены ў рукі шляхты, поўна і безкантрольна. Цяглыя людзі былі пераведзены ў палажэньне падданых гэтай шляхты, а цівунскі урад урэшце-рэшт ў XVIII ст. зышоў да палажэньня панскага эканома пры дварох.

Гэтак у працягу 400 гадоў нашы цівуны з племянных старшын зьведзены былі ў палажэньне панскіх папіхачоў, большай часьцю нашых ўласных рэнагатаў, якія выракліся свайго народу за каставыя прывілеі і паводзіліся між сваіх як ў заваяваным краю.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.