У. Ігнатоўскаму (Гурло)
У. Ігнатоўскаму Верш Аўтар: Алесь Гурло 1925 Крыніца: https://knihi.com/none/Maladniak_zip.html#1925-06.pdf_9 |
Толькі ранак залаціцца пачынаў,
Заплятаючы праменьнямі касу,—
З прывітаньнямі выходзіла вясна,
Выхваляючы і песьцячы красу:
Заіграла дзесь жалейка пастуха
Родным сьпевам, мілым сьпевам для душы,
На палетках крыварогая саха
Цаліны арала рупна доўж і шыр.
За ёй шпарка па разорах баразны,
З сэрцам, поўным і трывогі і надзей,
За спадзевы-неспадзевы навіны,
Крок за крокам йшоў араты-дабрадзей.
Выглядала няпрыветліва зямля:
За каменьнямі праходу ня было,
Было многа там ўсялякага быльля,
Што нудою ды жудою зацьвіло.
Але рупная стараннасьць змагара
Перашкоды на шляху перамагла:
Хто учора у натужнасьці араў,
Ў сяўбе гонар таму сёньня і хвала!