Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/З ранейшых расказаў/Пяюць начлежнікі

З поэмы „Ярыла“ Пяюць начлежнікі
Абразок
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Ашчасьлівіла
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пяюць начлежнікі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ранейшых расказаў.

Пяюць начлежнікі.

… Пяюць начлежнікі… Слоў не разьбярэш, — надта закацістая песьня, але зірнеш, адкуль плыве яна, і ўбачыш чырвоны слуп6) з чорнай каронай пад лесам — гэта вогнішча начлежнікаў…

… Пяюць начлежнікі… Зычная, маркотная песьня лунае пад неба, аж да зорак… Гэта стогн загнанага жыцьця, жальба крывавай працы, споведзь доўгай нядолі, кананьне веры пад ударамі цяжкай крыўды…

… Пяюць начлежнікі… Якая моцная2) падмога ідзе да цябе, шчырая сьвятая песьня!.. І нудным і вясёлым часам ты паглядаеш у нашы душы! Ты лечыш наша беспатольнае гора, ты аблягчаеш нашу працу, ты абціраеш кроў і пот, даеш надзею і моц і, малюючы шэрае жыцьцё, цешыш надзеяй на лепшае.

Чуе цябе душа наша і радуецца і лунае разам з табой да сьветлага неба… Пяюць начлежнікі… Шчырыя напевы іх поўны задумы, як цёмнае неба, каторае навісла над імі; як белыя туманы над рэчкай, атуляюць яны душу тваю, і на клік гэтай песьні зьвіняць струны твайго сэрца, а ў вачох сьлёзы блішчаць…

… Пяюць начлежнікі…