Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/З ранейшых расказаў/Сон Анупрэя

Пяць лыжак заціркі Сон Анупрэя
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Плач пралескаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сон Анупрэя.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Cон Анупрэя.

Лёгка зрабілася на сэрцы старому рыбаку Анупрэю, бо ён ухітрыўся цішком ад жонкі перагнаць на гарэлку колькі залатовак, ды пераліць у глотку[1] гэтак шпарка, ажно галава хадыром пайшла. Дзеля гэтага ён сьмялей, як заўсёды, адправіўся нанач на балота паставіць венцяры[2] „на шчасьце“. Праўда, зыбаўся ён у чаўне ад выпіўкі, як тонкая бярэзіна ад ветру, але нічагусенькі: ўладзіў ён усё, як мае быць, і вылез на бераг. На высокім пагорку, каля пня перавярнуў ён свой човен, разлажыў вялікае вогнішча з старых карчоў, накрыўся кажухом і лёг.

Ня чуў ён, як у блізкай пасецы завылі ваўчаты, як зашаптаў жудасны бор над сумнай, адзінокай пусткай, ня бачыў, як кругом яго, быццам запаленыя серчыкі поўзалі купальскія чарвячкі; ён храпеў на ўсе застаўкі[3]. Сон падобен да сьмерці, але Анупрэю толькі сьнілася, што ён памёр. Адпяялі яго. Жонка галасіла, як мае быць; хаўтуры ўладзіла па людзку: не паскупіла ні выпіўкі, ні закускі.

Пахавалі яго, быццам пана якога, ў глыбокую яму, засыпалі пяском і — квіта, пане Мікіта!..

Не пасьпелі яшчэ людзі і з могілак зыйсьці, як прыляцелі крылатыя белыя анёлы, падхапілі яго, як лёгкую саломінку, і панясьлі на суд да самога бога. Бачыць ён — бог сядзіць на высокім пасадзе, пры ім стаяць усе сьвятыя, а кругом яго на цыпачках ходзяць пісары і падпіскі, якраз, як у воласьці.

— Вось ён — сказалі анёлы і падвялі Анупрэя бліжэй да бога. Ажно лапаткі ў Анупрэя задрыжэлі, як калісь то перад земскім. Жартачкі!..

— Прачытайце мне, што ён за чалавек? — сказаў бог. Ходырам пайшла ўся каманда пісарчукоў рыцца па шафах і сталох; рылі, рылі і знайшлі.

— Ёсьць! — і адзін спрытны грамзака[4] падаў паважнаму, сур’ёзнаму сэкрэтару тонкі сшыток. Спужаўся Анупрэй, думаў ён, што вось, на безгалоўе, падаткі ў яго будуць спаганяць, бо якраз гэткія паперыны, бывала, вураднік валок з сабой, як за падаткамі прыяжджаў, але баржджэй усхапіўся, што гэта ён ужо нябожчык, і супакоіўся.

— Чытай! — загадаў бог. І пачаў пісар чытаць з самага пачатку, як калісь-то Анупрэй быў яшчэ пастушком у благога гаспадара, як гаспадар яму косьці цёр…

Слухаў, слухаў Анупрэй і дзіву даўся: — Спанатрыў[5] такі ўсё! Хацеў ён сказаць, але ў час стрымаўся. Ціха было ў небе, усе прыслухалі, як пісар чытаў:

… І быў Анупрэй заўсёды спакойны, паслухмяны, ня краў, не сварыўся. Усе яго крыўдзілі, а ён маўчаў. Чужы хлапец краў яблыкі з панскага саду — лупцавалі Анупрэя… Самыя цяжкія работы загадывалі рабіць Анупрэю… Анупрэю на палудзень хлеба не давалі, Анупрэй вячэру прапусьціў, Анупрэй маўчаў, калі яму балела.

Не пажаліўся ён і тады, як хатка яго згарэла… Ніхто ня ведаў, калі яго сямейка душылася посным шчаўём бяз хлеба…

— У каго каня ўкралі? — у Анупрэя. У каго кароўка здохла? — у Анупрэя. У каго воўк авечак пабіў? — у Анупрэя. Каго ў воласьць на работу выправілі? — Анупрэя. Дрэнна жылося яму, а ён нават баяўся самаму богу пажаліцца на гаротнае жыцьцё сваё, — баяўся, бо ўсе з яго сьмяяліся, і ён думаў, што і ў бога ён горшы за ўсіх! — Ня плакаў ніколі: я горшы за ўсіх — думаў ён… Тапталі твар яго бруднымі ботамі, зьдзекаваліся над ім… Часам кроў з вачэй лілася, сэрца было ранена. Твар скрыўлены быў ад страшнай болі, а ён маўчаў, бо што-ж, — думаў ён сабе, — ці я маю вартасьць якую, каб мяне шанавалі?..

І да апошняй мінуты ён аб сваёй крыўдзе нікому слаўца не сказаў і гэтак богу душу аддаў…

Змоўк пісар.

— … Сынок мой! — прашаптаў бог, і шэпт той чуцен быў з аднаго канца сьвету да другога канца; і добрыя вочы божыя напоўніліся сьлёзамі…

— Сынок!.. — прагаварыў ён гэтак жаласна, што нават сам Анупрэй чуць не заплакаў з жалю… Усе сьвятыя плакалі, а пісары і пісарчукі — тыя ўжо даўно ў рукавы сморкаліся.

І лёгка зрабілася Анупрэю на душы, нават лягчэй, чым тады, калі ён раз дасыта абаранкаў наеўся…

— Першае месца паміж сьвятых займеш, Анупрэй!.. — сказаў бог.

— Скажы, Анупрэйка, чаго яшчэ хочаш - дамо!

Анупрэй толькі патыліцу чухаў. Неяк ён усё сваё жыцьцё маўчаў, ажно язык яго зрабіўся быццам пяціпудовая вага…

— Кажы, кажы! Ня бойся! — казаў бог.

— Дзякую, божухна, за ўсё! — асьмеліўся адказаць Анупрэй, — але, калі ўжо гэтак, дык загадай Сорцы, каб яна кожную раніцу давала мне чарку гарэлкі і селядзец!..

Апусьціў галаву бог. Спахмурнелі сьвятыя…

— Ці ты здурнеў?..

— Ці ты ачмуцеў?..

Шапталі яму пісары і падпіскі. А чэрці ў пекле, падысподам, страшэнна рагаталі…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Прачнуўся Анупрэй з пераляку з туманам у мазгох ад учарашняй выпіўкі.

Вогнішча даўно пагасла.

Над высокай сасной закаркалі вароны, і недзе далёка ў вёсцы забрахалі сабакі. Анупрэй пацягнуўся раз, другі і, устаўшы, сьпіхнуў човен у ваду і паехаў вытрасаць венцяры.



  1. Гарляк.
  2. Прылада для лову рыбы.
  3. Значыць — вельмі сільна.
  4. Той, што грамзае, піша.
  5. Зразумеў.