Цень Азэфа
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1930
Крыніца: Наперад! — 1930. 12 лютага.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ад самага пачатку будаваньня новага ладу ў СССР тварцы сацыяльнае рэвалюцыі спыніліся перад двума в. труднымі пытаньнямі, „абыйсьці” ці „пераступіць” праз якія аказалася немагчымым. Гэтыя пытаньні — нацыянальнае і сялянскае. Але бясспрэчна геніяльны грамадзкі будаўнік, Ленін, знайшоў формулу дзеля іх вырашэньня. Пасьля першапачатковага разгону ў кірунку падганяньня ўсіх нацыянальнасьцяў пад „маскоўскі ранжыр”, пасьля заявы ў нас, у Вільні, тав. Іоффэ ў 1919 годзе, што „все вы—белоруссы и литовцы—будете хорошыми русскими”,— Ленін рашуча зьмяніў курс савецкае нацыянальнае палітыкі ў кірунку падтрыманьня культурна-нацыянальнае творчасьці паасобных народаў і тварэньня нацыянальных рэспублік — у складзе СССР. А ў адносінах да сялянства — ізноў-жа пасьля жорсткіх, часта крывавых экспэрымэнтаў з забіраньнем сялянскага хлеба і ўсякага дабра дзеля пракорму места,—па думцы таго-ж Леніна, падзяліўшага дворныя землі між сялянамі, распачата была палітыка дапамогі ў разьвіваньні і рацыяналізацыі дробных хутарскіх гаспадарак, якія ў Усходняй Беларусі—ў працягу першага дзесяцігодзьдзя савецкай улады—так буйна расьцьвілі. Праўда, адначасна тварыліся і кольлектыўныя сельскія гаспадаркі, але—бяз ніякае прынукі, дый пад „колгасы” ў Усх. Беларусі адыйшдо ўсяго некалькі працэнтаў (здаецца, толькі 3%) здатнае пад гаспадарку зямлі.

Такая палітыка і з паасобных нацыянальнасьцяў, і з стомільёнавае сялянскае масы СССР зрабіла шчырых прыхільнікаў новага ладу. Унутраная грамадзкая барацьба ў СССР, падтрымдіваная вельмі энэргічна вонкавымі сіламі і вонкавымі грашмі, значна сьцішэла, утраціла сваю ранейшую вострасьць. І здавалася, што той залаты мост, які пабудаваў Ленін паміж сялянствам і мястовым пралетарыятам, паміж паасобнымі нацыянальнасьцямі і Масквой, дае шырокія магчымасьці для савецкага будаўніцтва ў атмосфэры гармонічнага супрацоўніцтва дзьвюх асноўных галінаў працоўнага народу: сялянства і работнікаў—бяз розьніцы нацыянальнасьці.

Але вось у кіраўнічых сфэрах СССР—пасьля сьмерці Леніна—пачынаюцца адбывацца нейкія дзіўныя праявы. Адзін за адным усе старыя супрацоўнікі Леніна абвяшчаюцца... „контррэвалюцыянерамі”, „адступнікамі”, „здраднікамі” Рэвалюцыі і працоўных масаў. Такі лёс спатыкае перадусім Троцкага і цэлую групу яго супрацоўнікаў—найбольш выдатных савецкіх дзеячоў. Далей—Луначарскага і Бухарына, найвыдатнейшых тэорэтыкаў „ленінізму”. І ў рэзультаце на чале ўсяго дзяржаўнага жыцьця СССР бачым аднаго—адзінага Сталіна, як бясспрэчнага дыктатара, „чырвонага Мусоліні”.

Нядаўна мы зьмясьцілі ў нашай часопісі стацьцю аб гішпанскай дыктатуры, у якой, паміж іншым, адзначалася, што гэтая форма ўлады, сама па сабе вельмі шкодная для народу, як забіваючая яго грамадзкую самадзейнасьць, асабліва катастрофальныя вынікі дае тады, калі дыктатар—чалавек бяздарны. Акурат гэта й трэба сказаць аб дыктатуры Сталіна, які сваімі апошнімі крокамі прымушае вельмі паважна задумацца аб тым, што прадстаўляе асоба „чырвонага Мусаліні”: ці мы маем тут дзела з чалавекам шалёным, ці—з правакатарам?

Запраўды-ж: куды вядзе Сталін працоўныя масы СССР? Ён з поўнай сьвядомасьцяй стараецца выклікаць у СССР, і так перажываючым цяжкі эканамічны крызіс, стан бясспыннае ўнутранае грамадзянскае вайны: вайны паасобных нацыянальнасьцяў—з Масквой і маскоўскім нацыяналізмам, кінуўшымся душыць гэтыя нацыянальнасьці, як за царскіх часоў было,—і вайны стомільёнавае сялянскае масы з мястовым пралетарыятам. Аб распачатай барацьбе з беларусамі і ўкраінцамі нашы чытачы ўжо ведаюць; аб вайне, абвешчанай сялянству, зьмяшчаем сягоньня спэцыяльную стацьцю.

Нам давялося атрымаць некалькі нумароў „Савецкае Беларусі” з сярэдзіны мінулага студзеня. Там мы знайшлі цікаўныя інфармацыі аб тым, як Сталін тлумачыць свае загады аб прымусовым заганяньні сялян-гаспадароў у „колгасы”. Сяляне, бачыце, на сваіх хутарох, твораных у працягу 10 гадоў дзякуючы дапамозе савецкае ўлады, пачалі... багацець! З гэтым Сталін ня можа пагадзіцца: яны мусяць бяднець,—тады ўсе будзе добра!—вось яго пагляд. А што яны, багацеючы, давалі і больш хлеба мястовым работнікам,—гэта няважна: лепш няхай работнік дохне з голаду, але хлеб ён мусіць даставаць не з індывідуальных сялянскіх гаспадарак, а—з „колгасаў". Такі сэнс быў вялікае прамовы Сталіна, сказанае яшчэ ў красавіку 1929 году на пленуме Ц. К-ту Усесаюзнае Камуністычнае Партыі і надрукованае цяпер у бачаных намі нумарох „Сав. Беларусі”... І Сталін загадывае ў працягу 5 гадоў перавесьці ўсіх сялян-гаспадароў на палажэньне парабкоў у кольлектыўных гаспадарках—пасьля таго, як у працягу 10 гадоў савецкая ўлада культывавала хутары і ўзгадавала ў руху індывідуальнае гаспадаркі новае сялянскае пакаленьне, якое цяпер загадана перарабіць на кольлектывістаў!

Ці не залішне ўжо многа выбуховага матэрыялу прыгатаўляе гэтак Сталін—дзеля ўзрыву таго новага ладу, які запанаваў у СССР, тых здабычаў работнікаў і сялян, якія аплачаны цэлым морам пралітае крыві? І ці не паўстае ў вачох працоўных масаў СССР і старых рэволюцыйных дзеячоў колішняе царскае Расеі цень самае агіднае пастаці з жыцьця рэвалюцыйнага падпольля— пастаць сучаснага Юды—Азэфа?