Чародная задача
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1915
Крыніца: НН. 1915. 6 лют.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Спадзеючыся на лепшае заўтра, нельга сядзець злажыўшы рукі сягоньня.

І што б ні прынесла з сабой вайна, што б яна ні суліла нам у будучыні, мы павінны ўжо цяпер прыгатаўляцца да гэтай будучыні, думаць аб ёй, шукаць дарог да яе.

Адна думка злучае ўсіх грамадзян нашага краю: гэта - дайсьці таго, каб шкоды, якія робіць нам вайна, як найменш адбіліся на нашым жыцьці. А дзеля гэтага трэба, каб народ, спазнаўшы сваю моц, спазнаўшы, якую сілу ён можа мець, калі ўсе пойдуць разам да аднэй мэты, - устаў да вялікай культурнай працы дзеля вызваленьня сябе з путаў цемнаты, беднасьці і паняверкі.

Праз вайну счэзла адна бяда: страшэнная ўласьць гарэлкі. Гарэлкі няма, - і калі дзе-нідзе людзі, ласыя да гэтай атруты, гоняць яе з палітуры ці дэнатурату, дык гэта невялікі страх. Горшы страх, што з канцом вайны можа йзноў вярнуцца п'янства, што народ, прывучаны да яго праз сотні гадоў, мо йшчэ не здалее забыцца аб гарэлцы, ня знойдзе, якой уцехай замяніць гэтую "весялуху", што за момант вясельля губіла часта-густа ўсё жыцьцё чалавека. І ўжо цяпер трэба панатужыць свае сілы, каб народ знайшоў новыя - культурныя спосабы цешыць душу і сэрца.

У ліку культурных уцех першае месца займае тэатар. Хараство думкі, хараство ідэі ён злучае з хараством слова, песьні, абразоў. Ён у шэрыя будні жыцьця нясе з сабою новыя, моцныя перажываньні, дае можнасьць перажыць такія цудоўныя мамэнты, аб якіх адно ў сьне даводзіцца сьніць "шэрым людзям"... Ён будзіць у нас сьведамасьць жыцьця, сьведамасьць, што мы жывём.

Даць гэткую ўцеху вёсцы - гэта значыць збудзіць у ей новае жыцьцё, падняць уверх - на цэльнае неба! Разумеючы гэта, усе культурныя работнікі ўжо пачалі працаваць, каб ня толькі вялікшыя гарады мелі тэатры, але каб і наша вёска пазнаёмілася зь ім.

Цяжкая гэта работа. Многа працы, многа сіл вымагае. Тым болей трэба рупіцца аб тое, каб яе зразу жа добра, акуратна наладзіць, каб праца грамадзянства не змарнавалася.

Каб народны тэатр быў праўдзівай школай жыцьця, каб клікаў людзі на сьветлую дарогу да вялікіх сусьветных ідэалаў, ён павінен быць родным для народу. Гэта значыць: іграць у ім трэба ў роднай мове нашых сялян, трэба ставіць драматычныя творы, каторыя адбіваюць блізкае, зразумелае для вёскі жыцьцё. На гэтым павінны і мы будаваць наш народны тэатар.