Часы былі трывожныя

Часы былі трывожныя
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2 (8), красавік-сьнежань 1924 г., б. 17-19

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЛ.

Часы былі трывожныя.
I.

Часы былі трывожныя. Увесь край —ад Усьвята да Турава, і ад Дрогічына да Смаленска — жыў ў напружаным чаканьні невядомага, што, як меч, вісела, але яшчэ ня ўпала на галовы стрывожаных і змораных людзей. Гэтае напружанае чаканьне невядомага гнятло душу, напаўняла ўсіх палахліваю маўклівасьцю.

Загнаныя ў пушчы і крокаці сьвятары старой веры пачалі выходзіць ў сёлы і гарады. Словы іх былі горкія, а варожбы грозныя. Як крукі, яны каркалі аб маючых настаць для народу Крывічоў доўгіх сталецьцях пад’ярэмнаго жыцьця:

„Воля ваша будзе сьцерта, як зярно ў жорнах, верай новай і разьвеецца, як порсьць дарожная.

„Слава ваша забудзецца, а імя ваша будзе імем пагарджаных і паярэмленых.

„Нашчадкі вашы адвернуцца ад крыві сваей, і магілы вашы зьневажаць будуць.

„Плады зямлі вашай, кроў і пот вашы возьмуць чужынцы, і вы іх багоміць будзеце.

„Жоны і дочкі вашы стануць паслужніцамі ў тых, каторыя вамі валадаць будуць.

„Перад рабамі сваімі пахінеце каркі і зьнізіце абліччы свае ў пакорлівасьці.

„Змоўкнуць вечавыя званы ў гарадох і песьні свабоды ў сёлах.

„І перапоўняцца воды сьлязамі вашымы, паветра стогнамі, а зямля крывёй вашай.

„І згінеце з аблічча зямлі, калі не ачуняеця і не скажаця ў сабе: зямля наша—дом наш, яна—магіла прашчураў і калыска будучых пакаленьняў нашых!..

II.

Пераадзеўшыся ў сяляцкі кажух і насунуўшы глыбока на чало калматую шапку, многа разоў ўжо слухаў князь гэтых прамоў, зьмяшаўшыся ў соймішчы. І кожды раз прамовы гэты глыбока парушалі яго.

Сьвятары старой веры вымагалі павароту да даўнай веры і выгнаньня з краю прапаведнікаў хрысьціянства, якія трымаліся ў гарадох пад княжай апекай. Па вёсках-жа, раскінутых паміж глухіх пушч, старая вера яшчэ ў поўні трымалася.

— Ды што па вёсках?! — дадаваў ў мысьлях сваіх князь.—У жаночых сьвятліцах маіх харомаў стаіць стод Пяруна побач з крыжом… Я сам малюся агню і Богу!..

— Але замяшаньне ў народзе шырыцца, і трэба ўчыніць канец гэтаму,—разважаў далей князь. — Або—Русы і Грэкі з навучонаю хітрасьцю, і вайна супроць ўласнага народу, або—з народам супроць чужынцоў.

— „Не, гордыя Крывічы не пахіляць карку перад ненавіснымі Русамі і Грэкамі, якія пазбаўляюць нас волі! Клікнем на помач Ятвягаў, Латгалу, Жамойдзь, - памерымся яшчэ з Русамі!..

III.

Да князя ў харомы прыйшоў біскуп. Ён апавядаў аб ўсёабыймаючай любові:

— Цяжка жыцьцё чалавечае на зямлі, — казаў ён, — і няма патолі нікому. Сьвет дагэтуль тонуў ў цемры нязнаньня… Чалавек чалавеку воўкам быў, бо не на любові, а на помсьце і ненавісьці будавалася жыцьцё людзкое. Хрыстос навучае нас за зло ня злом, а дабром адплату чыніці, палюбіць бліжняга свайго, як самога сябе… Крыжом трэба прасьвяціць бедны народ гэты, а з крыжом разам увойдзе ў душы людзей, ў гарады і сёлы, ў краіны, плямёны і народы ўсёабыймаючая, ўсёдаровуючая любоў. І калі ўсе плямёны і народы прыймуць Хрыста, між імі запануе любоў: ня будзе бедных і паніжаных, бяздольных і пакрыўджаных, ня будзе злосьці і помсты, вайны і забойства, Царства Божае запануе між людзей на зямлі…

— Старая вера, — думаў князь, слухаючы біскупа, —не дае ўсёагартаючай любові… А калі-б запанавала любоў між людзьмі, настаў-бы спакой і шчаснасьць.

— Дык, хай-ка будуць людзі братамі, хай палюбяць бліжніх сваіх! І скіліў князь чало перад ўладыкай, кажучы:

— „Благаславі, ойча, ісьці з Хрыстом ў народ!“

IV.

Часы былі трывожныя. Дружыны русаў абселі гарады і сёлы. Мячом церабілі шлях новай веры ў народ, і купалі яго ва ўласнай крыві. Руя і парубства шырыліся пад засьцю крыжа. Спуджаны народ палыханьнем зарніц гарэўшых вёсак уцякаў ў недаступныя дзікія пушчы, творучы брацтвы „лютых“, якія кляліся да апошняй кроплі крыві ў жылах бараніць сваей веры. З імі былі сьвятары старой веры, з князям—Русы і Грэкі, прагавітыя ўлады і багацьцяў.

Часы былі трывожныя…