Чорны хлеб
Апавяданьне
Аўтар: Анатоль Франс
1924 год
Пераклад: Францішак Аляхновіч
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 47 ад 30.XI.1924 г., б. 2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АНАТОЛЬ ФРАНС.[1]

Чорны хлеб.

У гэты час Мікалай Нэрлі баў банкірам у горадзе Флёрэнцыі. Калі званы званілі па раньнюю імшу, ён сядзеў ужо пры пісьменным стале, а калі званы званілі па вячэрнюю малітву, яшчэ пісаў цыфры ў сваёй запісной кніжачцы.

Ен пазычаў грошы каралю і папе. Калі не пазычаў іх чорту, дык толькі дзеля таго, што баяўся ашукацца, маючы зносіны з тым, каго называюць Злым і хто ўмее ашукваць.

Мікалай Нэрлі быў адважны і хітры. Ен меў вялізнае багацьце і пакрыўдзіў шмат людзей. Дзеля гэтага меў пашану ўва Флёрэнцыі. Жыў ён у палацы, куды сьвет Божы слаба пранікаў праз вузкія вокны; гэта было надта разумна з боку Мікалая Нэрлі, дзеля таго, што памешканьне багатыра павінна быць моў вастрог, а той, хто мае вялізную маемасьць, добра робіць, баронячы тое, што хітрасьцю здабыў сабе.

Палац Мікалая Нэрлі быў абясьпечаны рашоткай і ланцугамі. Унутраныя сьцены былі размалёваны доўгімі рамесьнікамі, якія намалявалі на іх розныя дабрадзейнасьці ў постаці прыгожых жанчынаў ды патрыярхаў, прарокаў і цароў Ізраіля. Гобэлены, разьвешавыя ў пакоях, цешылі вока гісторыямі аб Аляксандры і Трыстане, вытканымі так, як іх апісваюць у раманах.

Мікалай Нэрлі быў вядомы ў горадзе сваімі пабожнымі ахвярамі. За сьценамі гораду пабудаваў бальніцу, якой разьбяны і маляваны фрыз прадстаўляў самыя шляхотныя ўчынкі фундатара. За грошы, якія ахвяраваў на будоўлю касьцёла Santa Maria Novella, яго патрэт вісеў у presbiterium. На гэтым патрэце ён кленчыў са зложанымі далонямі каля ног Сьвятое Дзевы. Можна было яго пазнаць па намітцы з чырвонага валакна, па футраной сьвітцы і па жоўтым напухшым твары ды па маленечкіх хітранькіх вачох. З другога боку Маці Божай кленчыла ў пакорнай постаці яго жонка, Мона Бісмантава, з сумным чэсным тварам.

Мікалай Нэрлі быў адным з важнейшых грамадзян Рэспублікі. А дзеля таго, што ніколі не спраціўляўся законам і не клапаціўся аб бедных, ані аб тых, каго магутныя людзі караюць і ссылаюць, нішто не зьмяншала пашаны, якую здабыў сабе ў вачох сяброў рады сваёю вялікаю маемасьцю.

Адзін раз у зімовы вечар Мікалай Нэрлі варочаўся ў свой палац пазьней, як заўсёды. На парозе абкружыў яго натаўп паўголых жабракоў, якія ў роспачы працягвалі рукі

Ен адагнаў іх жорсткімі словамі. Але голад зрабіў гэтых бедакоў дзікімі і адважнымі, як ваўкі. Абкружылі яго цесным колам і жаласьлівым хрыплівым голасам пачалі дамагацца хлеба. Ужо ён зьбіраўся сагнуцца, каб падняць з зямлі каменьні і кінуць іх жабраком, калі раптам пабачыў аднаго са сваіх слугаў, які нёс на галаве кошык з чорным хлебам, прызначаным дзеля фурманоў, парабкоў і гароднікаў.

Ен загадаў яму падыйсьці бліжэй і, засунуўшы абедзьве рукі ў кошык, пачаў кідаць хлеб бедаком. Пасьля вярнуўся дамоў, лёг і заснуў. У сьне схапіў яго паляруш і ён раптам памёр. Яму здавалася, што пераварочваецца на ўласным ложку, калі раптам у цемры пабачыў Сьвятога Міхала, сьвяціўшагася бліскам, які выходзіў з ягонага цела.

Архангел трымаў у руцэ вагу і напаўняў яе талерачкі. Мікалай Нэрлі адразу ўцяміў, што Сьвяты Міхал важыць цяпер яго жыцьцё, бо па цяжэйшай талерачцы пазнаў клейнаты ўдавы, якія былі ў яго заложаны, шмат бяспраўна затрыманых абрэзкаў ад дукатаў і колькі нязвычайна харошых монэт, якія былі толькі ў яго аднаго, здабытыя ліхвой або ашуканствам,

Мікалай Нэрлі пачаў пільна сачыць.

— Папе, Сьвяты Міхале, — сказаў, — калі на адну талерачку кладзіцё заработкі майго жыцьця, дык на другую палажэце, калі ласка, ўсе мае дабрадзейнасьці, якімі я гэтак хораша праявіў сваю пабожнасьць. Не запомніце аб касьцёле Santa Maria Novella, да будаваньня яго я прычыніўся прынамсі ў трэцяй часьці, ды аб бальніцы за сьценамі гораду, якую я цалком пабудаваў за ўласныя дэнары,

— Ня бойся, Мікалай Нэрлі — адказаў Архангел, — ні аб чым не запомню.

І прамянеўшымі рукамі палажыў на лягчэйшай талерачцы касьцёл Santa Maria Novella і бальніцу з рэзьбяным і маляваным фрызам. Але талерачка не апускалася ані крышку.

Банкір надта спалохаўся.

— Пане, Сьвяты Міхале! — сказаў, — пашукайце яшчэ. Вы яшчэ не палажылі на гэтай талерачцы ані мае прыгожае крапільніцы ад Сьвятога Яна, ані амбоны ад Сьвятога Андрэя, на якой у натуральным разьмеры прадстаўлены хрэсьбіны нашага Пана Ісуса Хрыста. Гэты твор каштаваў мне вельмі дорага,

Архангел палажыў амбону і крапільніцу побач з бальніцай. Але талерачка не апускалася ані крыху.

Мікалай Нэрлі пачуў, што сьцюдзёны пот выступіў у яго на чале.

Пане, Сьвяты Міхале, — сказаў, — ці вы напэўна ведаеце, што вашы вагі акуратныя?

Сьвяты Міхал усьмяхаючыся адказаў, што яго вага акуратная, хаця зроблена не паводле вагаў парыскіх лёмбардаў і вэнэцкіх банкіраў.

— Як-жа ж тэта так? — уздыхнуў Мікалай Нэрлі, зьбялеўшы і перапалоханы, — дык значыцца гэты касьцёл, крапільніца, бальніца з усімі ложкамі ня важаць болей за саломінку, за птушыную пярынку?

— Сам гэта бачыш, Мікалай! — адказаў Архангел, — дагэтуль ліхадзействы твае шмат цяжэйшыя за добрыя справы.

Значыцца, пайду ў пекла, — сказаў флёрэнтнец.

І пачаў зьвінець зубамі з перапуду.

— Пачакай цярпліва, Мікалай Нэрлі — адказаў нябесны судзьдзя. — Мы яшчэ ня скончылі. Вось што яшчэ застаецца,

І Сьвяты Міхал узяў боханы чорнага хлеба, якія багатыр учора кінуў бедаком. А калі палажылі іх на талерачцы добрых дзеяньняў, дык тая адразу апусьцілася, а другая паднялася і абедзьве затрымаліся ў раўнавазе, не перахіляючыся ані ўправа, ані ўлева і стрэлачка паказвала аднолькавую важкасьць абедзьвюх талерачак.

Банкір ня верыў уласным вачом.

Праменны Архангел сказаў яму:

— Бачыш, Мікалай Нэрлі, ты не гадзішся ані да неба, ані да пекла. Ідзі! Варочайся ў Флёрэнцаю! Размнож у тваім горадзе хлеб, які ты ўласнай рукой раздаў сярод ночы, калі цябе ніхто ня бачыў, і будзеш збаўлены. Бо мала таго, калі неба адчыняецца для ліхадзея, які скараецца і ддя распусьніцы, якая плача. Зьлітаваньне Божае ня мае межаў і можа збавіць навет багатыра. Будзь збаўлены. Размнож гэты чорны хлеб — бачыш, якая ягоная важкасьць? Ідзі!

Мікалай Нэрлі збудзіўся на сваім ложку. Пастанавіў паслухацца рады Архангела і размножыць хлеб бедакоў, каб увайсьці ў Царства Нябеснае.

Праз тры гады, якія пасьля свае першае сьмерці правёў на зямлі, быў літасьцівы для бедакоў і шчыра ім памагаў.

Пералажыў Ю. М.




  1. Найбольшы пісьменьнік і поэт цяперашняе Францыі Анатоль Франс (праўдзівае імя Анатоль Тібо (Thibaut), сын парыскага кнігара, радзіўся 16 красавіка 184 г., памёр 13 мінулага кастрычніка. Шмат гадоў А. Франс быў бібліятэкарам Францускага Сэнату, з 1896 г. сябром Францускае Акадэміі. Вялізарную літаратурную папулярнасьць далі Франсу, галоўным чынам яго повесьці. А. Франс быў заўсёды чалавекам, як кажуць, перадавым: закладчык „Лігі Абароны Правоў Чалавека і Грамадзяніна“ і соцыялісты, які пасьля вайны схіляўся ў бок камунізму, А. Франс аднак-жа нязгодны быў з рэвалюцыйным тэрорам, што можна бачыць а аднае з яго повесьцяў „Багі хочуць крыві“, ў якой апісаны моманты Францускае Рэвалюцыі.