Эвалюцыя краёвае культуры
Эвалюцыя краёвае культуры Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 12.ІІІ.1921 Крыніца: НДумка. 1921. 1 крас |
Калі паўзіраемся на культурнае жыцьцё нашага краю ў XІX сталецьці — асабліва ў першай палове яго, калі ўнікнем у яго істоту і прыраўнуем да цяперашняга, дык убачым у ім вялізарныя перамены. Перамены гэтыя цесна зьвязаны зь пераменамі сацыяльнага характару, якія зрабіліся ў нас, пачынаючы ад другой паловы мінулага сталецьця, такжа з вырасшымі на гэтым грунце новымі праявамі: нацыянальным адраджэньнем беларускага і літоўскага народаў.
Паводле зьверхных адзнак, нашае краёвае культурнае жыцьцё мела ў першай палове XІX ст. характар польскі: наша мысьль — мысьль інтэлігэнцыі краю — прыбіралася, бадай, выключна ў польскую опратку, якую становіць польская мова. Гэтай мовай карыстаюцца дзеля сваіх навуковых прац нашы вучоныя; у ёй пішуць першыя беларускія адраджэнцы, жадаючы зацікавіць беларускім народам і пазнаёміць зь яго творчасьцю шырокія грамадзкія кругі (Баршчэўскі, Рыпінскі, Чачот); па-польску піша і найвялікшы пясьняр нашае Зямлі Адам Міцкевіч, гарачы патрыёт «Літвы» — не выключна Літвы этнаграфічнай, а ўсяго Беларускага краю, колішняга Вялікага Княства Літоўскага; урэшце польскім па мове стаўся і Віленскі ўнівэрсытэт — гэтая вялікая кузьня краёвае культуры. І гэта было зусім зразумела: бо ад часу Люблінскай уніі ў нашым краю адбываўся працэс дэнацыяналізацыі беларускай і літоўскай інтэлігенцыі, нашы культурныя элемэнты апалячываліся, прынімаючы польскую мову і ужо ў ёй разьвіваючы далей сваю культуру, а беларуская і літоўская мовы сталіся выключна мовамі народных мас: сялянства, работнікаў, дробнага мяшчанства, значыць, ня мелі магчымасьці разьвівацца.
Аднак, хоць прыадзетая ў польскія зьверхныя шаты, наша краёвая культура таго часу па свайму ўнутраннаму зьместу, па свайму духу была вельмі далёкай ад культуры Польшчы. І нездарма, не дзеля прыпадковага капрызу ці вузкага правінцыяльнага патрыятызму пісаў Адам Міцкевіч свой гарачы, з шчырага сэрца зварот да бацькаўшчыны: «Літва — родна Зямелька! Ты маўляў здароўе!» Нездарма, бо вялікі паэта адчуваў усей сваей істотай духоўную сувязь сваю іменна з гэтым краем, а ня з Польшчай, каторая яму была духова чужой, не разумела яго і не здалела ацаніць: першыя свае творы Міцкевіч друкаваў не ў цураўшайся яго Варшаве, а ў Маскве, дзе ён знайшоў братоў па духу між маскалямі! Але Міцкевіч — толькі адна зь яркіх праяваў той духовай розьніцы, якая існавала ў сярэдзіне XІX сталецьця паміж нашай краёвай культурай, падфарбаванай польскай мовай, і запраўднай польскай нацыянальнай культурай там — у Польшчы. Каб пранікнуць да істоты гэтай розьніцы, пагледзімо, зь якіх аснаўных элемэнтаў складалася наша культура і хто яе тварыў.
Што б ні пісалі сучасныя прадстаўнікі польскага ваяўнічага нацыяналізму аб польскасьці тутэйшае шляхты, гісторыя ясна нам гаворыць, што ўжо пры нарадзінах Беларуска-Літоўскага гаспадарства мы мелі свае так званыя вышэйшыя станы: сваіх магнатаў, сваё баярства, ня кажучы аб князёўскіх радах. Тышкевічы, Сапегі і многамнога другіх магнацкіх радоў былі косьць з косьці і кроў з крыві беларусы, іншыя зь іх слаўна заслужыліся перад нашай Бацькаўшчынай і нашым народам, — не далёка шукаючы, як той канцлер В. Кн. Літоўскага Леў Сапега, што зьвязаў сваё імя з знамянітым памятнікам нашага правадаўства, вядомым пад назовам «Літоўскага Статуту». Вось гэтыя магнацкія і баярскія рады Беларусі і Літвы пасьля злучэньня з Польшчай зраўнаваліся з польскай шляхтай сьпярша сваімі правамі і прывілеямі, а з ходам часу такжа і мовай. Але асталіся яны на сваей зямлі, лічылі гэту зямлю сваей бацькаўшчынай, захавалі ўсе свае духовыя асаблівасьці, і ўвесь час нашага супольнага жыцьця з Польшчай між шляхтай «z Lіtwy» і шляхтай «z Korony» існавала ня толькі духовая рожніца, але навет нейкая непрыязьнь, антаганізм. Праўда, пасьля Люблінскай уніі счэзла забарона польскай шляхце купляць зямлю і асядаць у Беларусі і Літве, і вось пачынае памалу наплываць да нас польскі шляхоцкі элемэнт. Але яго ня так ужо многа, што лёгка можа прасачыць кожын, хто хоць крыху знаёмы з нашай гэральдыкай, — і мы маем поўнае права сказаць, што аснаўная маса тутэйшае шляхты становіць элемэнт нацыянальна беларускі і літоўскі, толькі ужываючы польскае мовы.
Мы адзначываем гэта не дзеля таго, каб прысвоіць сабе шляхоцкі стан: адраджэньне беларускага, а таксама літоўскага народу ня так ужо яго патрабуе, бо апіраецца перш за ўсё на народных масах, на дэмасе, каторы гэная самая шляхта, хоць і блізкая яму па крыві, уціскала соткі гадоў. Мы толькі хочам паказаць, што той стан, каторы, дзякуючы сацыяльнай структуры нашай Бацькаўшчыны ў першай палове мінулага веку, быў, бадай, адзіным тварцом краёвай культуры, унасіў у гэту культуру духовыя зачаткі ня польскія, а беларуска-літоўскія. А ў гэтым яму памагала мястовая інтэлігенцыя — вялікамяшчанства, каторая становіць дзіўную сынтэзу заходніх наплываў і беларуска-літоўскай духовай асновы. Урэшце, да супольнай працы над тварэньнем краёвае культуры станавілася поплеч і нашае духавенства, і тыя сыны вёскі, якім — хоць і вельмі рэдка — удавалася прабіць акружаючы іх мур сацыяльнага прыніжэньня і выбіцца, як кажуць, «у людзі», — і яны то йшчэ больш узмацавалі беларуска-літоўскі нацыянальны элемэнт у агульнакраёвай культуры.
Вось мы і дайшлі да аснаўной, найбольш характэрнай рысы тэй культуры, якая панавала ў нашым краю бязмала праз увесь ХІХ век: маючы — з прычыны ўжыванай польскай мовы — зьверхны характар польскі, яна была па зьместу і духу адбіцьцём жыцьця ўсяго краю і ўсіх нацыянальнасьцяў яго — прынамся тых рознаплямённых інтэлігенцкіх кругоў, якія жылі ўжо тады культурным жыцьцём. Яна была супольнай для нас усіх: і для беларусаў, і для ліцьвінаў, і для тутэйшых палякаў, і ў значнай меры для тутэйшых жа жыдоў. І польскія нацыяналісты зусім без патрэбы кідаюцца на беларусаў і ліцьвінаў, калі тыя лічаць Адама Міцкевіча сваім: ён для ўсіх «тутэйшых» запраўды «наш». І нас усіх — усе нацыянальнасьці ўмілаванай ім «Літвы» — ён лічыў «сваімі» як тады, калі папраўляў Яну Чачоту яго беларускія вершы, калі разам з Марыляй пяяў беларускую тужлівую песьню («Ой да цераз мой двор цяцера ляцела»), так і тады, калі жыў у Коўне сярод братоў ліцьвінаў.
І ўсё ж такі у самай аснове гэнай культуры было нешта, што на парозе ХХ сталецьця вызвала глыбокую эвалюцыю у ёй. Гэтае «нешта» крылася ў яе аднабокасьці: пры тагачасных сацыяльных адносінах народ — «дэмас» — прынімаў у тварэньні і разьвіцьці культурнага жыцьця лішне малое ўчасьце. Вось жа, калі пасьля ўпадку прыгону наступіла зьмена нашага сацыяльнага ладу, — дык беларуская і літоўская народная маса, збудзіўшыся нацыянальна, пачала з размахам, адпавядаючым укрытым не зужылым творчым сілам яе, будаваць сваё асаблівае, індывідуальнае культурнае жыцьцё ад самых фундамэнтаў. З разбудзіўшы[м]ся народам пачынаюць ісьці разам і тыя спаміж «краёвых інтэлігентаў», каторыя, нягледзячы на ўжываньне дагэтуль польскай (а часьцю і маскоўскай) мовы, пачулі сваю еднасьць з сваімі братамі беларусамі ці ліцьвінамі, — і яны для выражэньня сваіх думак, сваіх поглядаў, для сваіх літаратурных, публіцыстычных і навуковых прац ужываюць ужо беларускай (эвэнтуальна літоўскай) мовы. Гэта сынтэза краёвае культуры, якая існавала дзякуючы панаваньню польскае мовы, рассыпаецца на свае інтэгральныя часткі, а кожная частка пачынае выяўляць усё вялікшы індывідуалізм, пачынае ў сваім разьвіцьці ісьці асобнай дарогай.
З гэтага мамэнту мы бачым вялікі пералом ў тым, што цяпер называецца польскай культурай у нашым краю. Як раней усе, хто ўжываў польскае мовы і тварыў у ёй свае культурныя цэннасьці, жылі самабытным духовым жыцьцём, вельмі мала або і зусім не аглядаючыся на Варшаву (Варшава ж тады многа карыстала з працы «тутэйшае інтэлігенцыі»!), — так цяпер тутэйшыя палякі, выдзеліўшыся ў зусім замкнёную духова групу, жывуць пазычаным з Польшчы сьвятлом культуры. «Літва» (у старым разуменьні) нічога ня творыць для Польшчы: толькі тутэйшае польскае грамадзянства аддае Варшаве сваіх найлепшых сыноў, каторыя губляюць усю сваю «краёвую» індывідуальнасьць, зьліваючыся з агульнапольскім нацыянальным морам...
Так на нашай зямлі нарадзілася навапольская культура, пазычаная з Польшчы, вузканацыянальная. І чым цясьней яна зьліваецца з культурай польскага народу там — у Польшчы, чым далей адыходзіць ад агульнакраёвага пня, з каторага вырасла, тым больш чужой становіцца для беларусаў, ліцьвінаў, жыдоў. А побач узрастаюць нацыянальныя культуры: беларуская, літоўская, жыдоўская.
Ці добра гэта для краю?
У аднаго боку — прынамся ў першы час — блага, бо аслабляе культурную сілу краю як цэлага. Але гэта толькі на нейкі час. Бо разрастаньне культуры другіх нацыянальнасьцяў краю, маючы ў аснове вялізарную, многамільённую масу незужыўшага яшчэ сваіх сіл «простага» народу, суліць у будучыні такія пэрспэктывы, каторыя з навязкай пакрыюць адход у Польшчу значнай часьці старой краёвай інтэлігенцыі. Не ў аднароднасьці, не ў упадабленьні ўсяго жывога выяўляецца сусьветны поступ, а, наадварот, у гарманійнай разнароднасьці, размавітнасьці. І разнароднасьць праяўленьня духу рознаплямённага насяленьня нашае Бацькаўшчыны становіць заруку новага расьцьвету яго культурнай моцы, абы толькі гармонія не была расстроена праявамі дзікага нацыяналізму і жаданьнем аднэй нацыянальнай групы паняволіць усе другія і навязаць ім гвалтам свой язык і блеск імпартаваных з-за мяжы чужых нам культурных цэннасьцяў.