Якуб Колас: Жыцьцё і творчасьць

Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.): У пятыя ўгодкі сьмерці Яго Якуб Колас: Жыцьцё і творчасьць[1]
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1926
Крыніца: Народная Справа, 1926. 19, 23 лістап
Напевы ліры Янкі Купалы: Публічная лекцыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I

Якуб Колас (праўдзівае прозьвішча — Костусь Міцкевіч), сын селяніна з в. Мікалаеўшчыны Менскага павету, радзіўся 22 кастрычніка ст. ст. (4 лістапада — па новаму) 1882 году. Вёска яго славілася з даўных часоў тым, што імя сваё атрымала ад імя князя Мікалая Радзівіла, ведамага ў XVI сталецьці на ўсю Беларусь і Літву прыхільніка Рэфармацыі, па загаду якога ў закладзенай у Нясьвіжы Кавячынскім друкарні друкаваліся беларускія кніжкі, у тым ліку кальвінскі катэхізм 1562 году. Але і ў найнавейшыя часы Мікалаеўшчына была шырака вядома навакол дзеля таго, што зь яе вельмі многа моладзі йшло на народных настаўнікаў, і да вайны больш за 30 мікалаеўцаў прайшлі навукі ў Нясьвіскай вучыцельскай сэмінарыі. За імі сьледам пайшоў і малады Костусь Міцкевіч. Хоць і суровыя парадкі панавалі ў Нясьвіжы, дзе беларускую моладзь узгадоўвалі ў чорнасоценна-абрусіцельным духу, — аднак, грамадка мікалаеўцаў ня надта паддавалася сваім кіраўніком: у іх цьвёрда дзяржалася сьвядомасьць, што яны — беларусы, сыны сярмяжнага народу, што яны павінны захаваць жывую сувязь з роднай вёскай і сваімі братамі, якія працуюць на ральлі, — а першым крокам у гэтым кірунку зьяўляецца родная мова, якой яны змалку лет гаварылі ў роднай хаце. Дык, захопліваючыся красой багатай расейскай літаратуры, зь якой іх знаёмілі, хоць і даволі аднабока, у сэмінарыі, — мікалаеўцы не выракаліся беларушчыны і навет у часе бытнасьці ў сэмінарыі пробавалі на сваіх вечарынах дэклямаваць беларускія вершы, якія перапісваліся і перахоўваліся больш сьвядомымі спасярод сэмінарыстаў. Да ліку апошніх належаў і Міцкевіч, які з 12 гадоў пробаваў і сам пісаць вершы — праўда, спачатку па-расейску.

Пасьля сканчэньня сэмінарыі Костусь Міцкевіч дастаў месца народнага вучыцеля ў урадавай школе (у Піншчыне), дзе быў прымушаны вучыць дзяцей па-расейску. Хоць і разлучаны з школьнымі сябрамі, аддзелены вялікімі прасторамі балот і лясоў ад таварышоў па працы, — Міцкевіч усё ж не губляў зь імі сувязі, спатыкаючыся зь імі ў часе сьвятаў у роднай Мікалаеўшчыне, дзе сябры з году ў год акуратна зьяжджаліся. Зь імі Міцкевіч абгаварваў і мучыўшае яго як пэдагога і беларуса пытаньне: чаму дзецям беларускім дзеецца такая крыўда, чаму іх прымушаюць ад маленства вучыцца ў чужой мове і забываць свае — роднае? А вынікам гэтых супольных гутарак і нарад было тое, што Міцкевіч стануў у рады барацьбітоў за беларускую народную школу, прыняў чыннае ўчасьце ў беларускім адраджэнскім руху.

Пад той час (у канцы 1906 году) у Вільні ўжо пачала выходзіць першая беларуская легальная часопісь «Наша Доля». I Міцкевіч, які ўжо пазнаёміўся быў зь беларускім рухам праз дзеяльнасьць Беларускае Рэвалюцыйнае (пасьля — Сацыялістычнае) Грамады, зразу ж адгукнуўся на заклік Рэдакцыі газэты да працы, распачаў перапіску зь ёю і ў № 3 «Н. Д.» надрукаваў свой верш «Беларусам» — першы, які пабачыў сьвет у друку. Верш гэты, дужа характэрны для настрояў маладога паэты, падаем цалком:

Устаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!

Устань ты, наша старана!

Ужо глядзіць к нам на палаткі

Жыцьця новага вясна.


Ці ж мы, хлопцы, рук ня маем?

Ці нам сілы Бог ня даў?

Ці над родным нашым краем

Луч свабоды не блішчаў?


Выйдзем разам да работы.

Дружна станем, як сьцяна,

I прачнецца ад дрымоты

З намі наша старана!

Чалавек, які мог кінуць гэткі моцны заклік, пісаў не на вецер, ня дзеля мімалётнага настрою. Крэпкі быў дух барацьбяны ў Якуба Коласа (як сябе Міцкевiч назваў, каб укрыць ад улады «праступную», на яе погляд, сваю паэтыцкую працу), дык ад слоў зразу ж перайшоў да дзела. Захоплены рэвалюцыйным рухам 1905—[190]6 гадоў, Колас, аднак, на першым месцы стаўляе барацьбу за духовае вызваленьне беларуса — перадусім праз родную школу. Ён прымае ўчасьце ў першым беларускім настаўніцкім зьезьдзе, скліканым Грамадой у Вільні ўлетку 1906 году[2]. Сьледам за гэтым ён арганізуе з сваіх мікалаеўскіх сяброў патайны «Беларускі саюз народных вучыцялёў», які ў сваей праграме ясна паставіў дамаганьне беларускае народнае школы. Але арганізацыі не пашэнціла: яна была выкрыта паліцыяй, і Міцкевіч разам зь некалькімі другiмi сябрамі арганізацыі быў засуджаны менскім акружным судом на тры гады крэпасьці ды кару адбыў у менскiм вастрозе.

Грамадзкая праца і дазнаныя беды ня толькі не забiваюць у Коласа «іскры божае», але, наадварот, пабуджаюць яго ісьці няўхільна далей па шляху паэтыцкае творчасьці. За кратай у песьняра выліваецца цэлы рад цудоўных яго «вастрожных песьняў», перадаваных на волю і перасыланых у рэдакцыю «Нашае Нiвы» («Наша Доля» тады ўжо не выходзіла). Пасьля выхаду з вастрогу Колас з новай энэргіяй бярэцца за працу, і вось, пачынаючы ад 1910 году, адна за аднэй выходзяць у сьвет вялікшыя і меншыя кніжачкі зь ягонымi вершамі і апавяданьнямі (апошнія пад псэўдонімам Тараса Гушчы). Гэтак выйшлі «Песьні жальбы» (зборнiк вершаў), «Батрак», «Як Юрка збагацеў», «Прапаў чалавек», «Родныя зьявы», «Апавяданьні», «Нёманаў дар», «Тоўстае палена».

Вайна адарвала Коласа ад цэнтраў беларускае працы, перадусім ад Вiльні. I ў працягу некалькiх гадоў, жывучы ў Курскай губэрні, ён нічым не напамінае аб сабе сваім чысьленым і шчырым паклоньнікам. Але за гэтыя гады творчая думка працуе ў Коласа, і вось — з канцом сусьветнае бойні — адзін за адным выходзяць у сьвет новыя — вялікшыя творы Коласа, сьведчачы аб несупынным росьце ягонага таленту. За гэты час дасьпявае яго цудоўная паэма «Новая зямля», распачатая яшчэ ў 1911 годзе і закончаная ў 1923[-м]. У 1918 годзе друкуюцца першыя тры часткі паэмы Коласа «Сымон Музыка», якую паэта меў закончаную ў рукапісе ўлетку 1924 году, ды яе ў яго, едучы чыгункай, разам з другімі рэчамі нехта ўкраў. Але гэта Коласа не зьнеахвоціла: ён адтварае згубу, перапрацоўвае пачатак і ў 1925 годзе выпускае цэлую паэму, пасьвяціўшы яе беларускай моладзі. Урэшце ў 1924 годзе вышла ў сьвет повесьць Коласа, пісаная ня вершам, а прозай: «У палескай гушчы». Выйшаў і новы зборнік вершаў — «Водгульле».

Друк апошніх твораў прыпадае на найшчасьлівейшую, здаецца, у жыцьці Коласа пару: ён асеў аканчальна ў Менску, дзе сустрэў вельмі гарачы прыём і дзе перад ім расчынілася магчымасьць цалкам аддацца творчай працы: Рада Народных Камісараў Радавае Беларусі надала яму тытул Народнага Паэты і забясьпечыла яму жыцьцё дажывотняй пэнсіяй. Тут, у Менску, Колас ужо напісаў драму «Забастоўшчыкі», дзе малюецца, як падае Гарэцкі, нелегальны зьезд беларускіх настаўнікаў у часе царскага рэжыму, іх ідэалёгія, жыцьцё і г. д.

II

Завошта ж мы гэтак высака цэнім Якуба Коласа, што даў ён нам новага ў сваей творчасьці, чым узьнёсься па-над цэлую масу другіх беларускіх паэтаў? — Каб даць адказ на гэтыя пытаньні, трэба глыбей унікнуць і разглядзецца ў творчасьці Коласа.

Аглядаючыся на папярэднікаў Коласа і пакінуўшы збоку ягонага равесьніка Янку Купалу як першага паэту-павадыра ў адраджэнскім руху, — мы мусім адзначыць, што нашы пісьменьнікі з XIX сталецьця — гэта выключна прадстаўнікі краёвае інтэлігенцыі, крэпка зьвязанай з народам, але ўсё ж належаўшай да так званае «вышэйшае» сфэры — шляхоцкае, чыноўніцкае. Гэта ўсё — дасьледчыкі народнага жыцьця і народнае душы, глядзеўшыя на нашу вёску зьверху і — зусім натуральна, нягледзячы на ўсю сваю чуткасьць, няздольныя дайсьці да дна народнае душы. I Марцінкевіч, і такі шчыры народнік, як Багушэвіч, і пазьнейшы нашанівец Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) — усе яны апісвалі народ, падыходзячы да яго болей ці меней блізка. Iх настроі і думкі — гэта йшчэ не беспасярэдняе выяўленьне настрояў і думак сялянскае масы, якая высказвалася ў тыя часы, бадай, выключна ў песьні народнай, у казцы-легендзе, творанай ад вякоў і ўсьцяж абнаўлянай.

Якуб Колас — вялікі мастак слова, які сам выйшаў з народнае гушчы, які ніколі ад яе не аддзяляўся і даў запраўднае і поўнае — да канца — выяўленьне беларускае сялянскае душы[3]. Празь ягоныя вусны прамовіў сам народ. Вось гэты зьмест творчасьці Коласа разам з мастацкай формай яе і складаюць тую вялізарную цэннасьць паэзіі Коласа, якая паставіла яго на першым — побач з Купалай — месцы ў беларускай адраджэнскай літаратуры.

З поўным правам можа наш Міцкевіч тасаваць да сябе словы свайго аднафамільца — вялікага Адама, які «за мільёны кахаў і цярпеў». Душа Коласа — гэта душа беларускага вяскоўца, толькі непамерна ўзросшая па-над вясковы ровень, абняўшая ўсе праявы жыцьця і ўсе перажываньні сярмяжнае масы. Яго сэрца б’ецца ў такт зь біцьцём мільёнаў сэрц сялянскіх. Ён глядзіць на сьвет вачыма сваіх братоўсярмяжнікаў, толькі адразу абыймае вялізарныя прасторы, недаступныя кожнаму зь іх паасобку. I з душы яго вырываецца стогн—крык жалю і крыўды, крык мільёнаў забітых, загнаных і змардаваных жыцьцём людзей, які выліваецца на паперу ў постаці мастацкіх вершаў, апавяданьняў, казак... Не дарма ж першы зборнічак вершаў сваіх назваў Колас «Песьнямі жальбы»: у іх адбіўся ўвесь сум і ўсё гора многапакутнае беларускае вёскі, — той сум, што вее ад нашых ніў і палеткаў.

У коласаўскай лірыцы, дзе паэта заўсёды бывае найбольш беспасярэдні, найлепш і найпаўней выявілася душа беларускага народу. Хоць у Коласа пануе сумны настрой, хоць жалем і скаргай пранікнуты ягоныя «Песьні жальбы», як і душа нашага вясковага люду, — аднак сум і туга яго не адчайныя, не безнадзейныя: празь іх прабіваецца пачуцьцё ўласнае сілы, прабіваецца магутнае імкненьне да волі, якую дае жыцьцё на ўлоньні прыроды, прабіваецца вера ў тое, што сучасны стан — гэта нешта дачаснае, што «быць ня можа, каб ня грэла лепей сонца», што «наша праўда нам паможа — блісьне сьвет і к нам ў ваконца!» I ў меру таго, як ідзе прабуджэньне ў беларускіх працоўных масах, як вырастае душа народная, як рэалізуюцца імкненьні масы да волі і яснаты, — у меру гэтага і настроі Коласа зьмяняюцца. Праўда, вялізарнае устрасеньне, якое перажыў беларускі народ у сувязі зь Вялікай вайной і рэвалюцыяй, на мамэнт нарушае тую духовую раўнавагу, якой ад самага пачатку сваей творчасьці адзначаецца наш пясьняр, — таксама, як і апяваны ім народ. Але сьледам за мамэнтам нейкага як быццам недаўменьня, нейкае нэрвовасьці і хвараблівае ўражлівасьці, выяўленай Коласам у вершах з часоў, калі йшчэ як быццам важыўся лёс яго народу («Звон шыбаў», «Цені-страхі»), — Колас мацнее душой, крапчэе яго вера ў ясьнейшую будучыну, і ў сваіх апошніх творах, зьмешчаных у зборніку «Водгульле», Колас ударае ў новы тон — адпаведна да настрою беларускае вёскі ў вольнай Беларусі: «Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты!»— кажа паэта і заклікае сьпяваць «новыя песьні» — песьні Волі.

Душа беларускага селяніна неаддзельна ад тае прыроды, зь якой ён ад вякоў зжыўся, якая кшталтавала ягоную душу. I гэтая самая прырода, зь якой так хораша станавалася песьня нашага народу, увабраўшы ў сябе і шум нашых бароў, і сьпеў ветру ў полі, — гэтая самая прырода дае Коласу магутнае творчае натхненьне, а кожная зьмена ў жыцьці прыроды знаходзе жывы водгалас у коласаўскай паэзіі. Колас — бадай, першы сярод нашых песьняроў іменна ў галіне маляваньня прыроды, і паэма яго «Новая зямля» з гэтага погляду ня мае сабе роўнае ў нашай літаратуры.

Выяўляючы ў лірыцы душу народу і настроі беларускае прыроды, Колас у сваіх эпічных творах дае глыбокі аналіз гэтае душы і роднае прыроды, заўсёды ў яго жывой і такой блізкай да спраў чалавечых («Казкі жыцьця»). Сьледам за цэлым радам невялікіх апавяданьняў, пісаных вершам і прозай («Родныя зьявы»), Колас, у меру ўсё паўнейшага апаноўваньня ім паэтыцкае тэхнікі, пераходзе да вялікіх твораў, сьцьвярджаючы ў іх свой уласны духовы рост. Да гэткіх твораў належаць: паэмы вершам «Новая зямля» і «Сымон Музыка» ды аповесьць «У палескай глушы». «Новая зямля» — гэта найпаўнейшы і найбагацейшы малюнак жыцьця сялянскае сям’і і змаганьня безьзямельніка-лесьніка за свой самастойны варштат да працы — за зямлю. А як добра, як глыбака заглядае Колас у душу беларускага дзіцяці — і ў «Новай зямлі», і раней — у дробных апавяданьнях! Дый усю сваю паэму «Сымон Музыка» наш пясьняр ахвяроўвае ў цудоўным па хараству вершу — нашай моладзі. «Сымон Музыка» — гэта праблема паяўленьня самародкаў-мастакоў у нашым народзе, гэта па-мастацку змаляваны абраз духовага росту і сацыяльнага дасьпяваньня дзіцяцімузыкі, пайшоўшага самапасам у жыцьці. А повесьць Коласа «У палескай глушы» — гэта пабедная песьня моладасьці зь яе высокімі ўзьлётамі ўвышу і вялікімі ідэаламі, — тэй моладасьці, што так лёгка перамагае ўсе нягоды, увесь бруд жыцьця. Гэта — бессумліўна ў значнай меры абраз уласнага жыцьця Коласа зь першых гадоў яго працы, як народнага настаўнiка, у глушы Палесься.

Мяккасьць тонаў, якімі малюе Колас родныя абразы, зьяўляецца асноўнай вонкавай рысай яго творчасьці, дый яна цалкам вынікае з агульнага характару Коласа. Але Колас умее знайсьці і другія тоны, калі яго ахоплівае справядлівы гнеў на крыўдзіцеляў яго народу, і ён вяроўкамі ды асінамі пастрашае тых, каго лічыць ворагам сялянства. З агульным тонам коласаўскае ліры зьвязана і форма яго вершаў — такіх лёгкіх, мілагучных, быццам самі яны — безь ніякага высілку з боку аўтара — выліваюцца зь яго душы, творачы запраўдную музыку словаў; і калі можна зрабіць Коласу закід, дык гэта будзе хіба тое, што ў ахвяру форме верша ён гатоў прынесьці навет чыстату мовы і вымогі правапісу. А побач з мяккасьцю тонаў чаруе нас Колас багацьцем і сакавітасьцяй абразоў, заўсёды такіх жывых, што, здаецца, заплюшчыўшы вочы, убачыш усё тое, што ён апiсвае! I сiла iлюзii, якую нам дае аўтар у сваiх творах, зьяўляецца сапраўднай мерай мастацкасьцi iх.

Ня будзем тут падробна затрымлiваца на тэй цi iншай галiне творчасьцi нашага песьняра: абмяжуемся толькi галоўнымi рысамi ў ацэнцы таго скарбу, якi прыдбаў Колас для нашай лiтаратуры, дый адзначым асаблiва тое, што ён з поўным правам носе пачэсны тытул «Народнага Паэты»[4], бо Колас — гэта як быццам той мэгафон[5], празь якi голас беларускага сярмяжнага люду разышоўся на ўвесь сьвет i — дзякуючы мастацтву песьняра — быў пачуты ўсiмi, каму мова беларуская даступна i зразумела.

  1. Стацьця была напісана к 20-м угодкам творчае працы паэты для часопісі «Народная Справа».
  2. Зьезд гэны, ведама ж, нелегальны, адбыўся ў салі пры літоўскiм касьцёле сьв. Мiкалая, гасьцінна дадзенай на гэта літвінамі.
  3. Места заўсёды было і асталося для Коласа чужым і незразумелым.
  4. Апрача Коласа, такi ж пачэсны тытул мае йшчэ толькi адзiн Янка Купала.
  5. Мэгафонам (гучнагаварыцелем) называецца труба, празь якую гаворачы голас робiцца гучнейшым i чутным на вялiкшым прасторы.