Якуб Колас — за кратамі!

Якуб Колас — за кратамі!
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1930
Крыніца: Наперад! 1930. 26 лют

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Праз Прагу мы атрымалі не падобную да веры, жудасную вестку:

«Якуб Колас арыштаваны й сядзіць у менскім вастрозе».

Чаму? Завошта? На гэтае пытаньне мы афіцыяльнага адказу ня маем. Але дагадацца істотнае прычыны арышту — ня трудна.

Колас — гэта ж пявец беларускае вёскі, ідэоляг нашага сялянства зь яго адвечнай цягай да зямлі — да сваей зямлі, да самастойнай, індывідуальнай гаспадаркі. І пакуль існаваў у савецкай палітыцы ленінскі курс на ўсебаковае разьвіцьцё сялянскае вытворчасьці, курс на так званую хутарызацыю, дагэтуль камуністычнай партыі Колас быў любы як вялізарны талент, каторы апяваў новае жыцьцё, новы лад пад уладай работнікаў і сялян. Саўнарком (Рада Народных Камісараў) Беларусі ў дзень дваццацілецьця літаратурнае працы Коласа даў яму пачэсны тытул Народнага Паэты, зьвязаны з дажывотнай пэнсіяй. А калі пачалася «чыстка» Беларускае Акадэміі Навук — ад беларусаў, дык навет і тады сталінаўскія лякаі прызналі магчымым узьвясьці Коласа, скромнага народнага настаўніка, на высокае становішча віцэстаршыні Беларускае Акадэміі Навук. Але вось «хутарызацыя» абвяшчаецца Сталіным за «правы ўхіл». Тых, хто, згодна зь ленінскай лініяй, у працягу дзесяцёх гадоў разьвіваў хутарскую гаспадарку, выганяюць і зь іх становішчаў, і з партыі. Зь яўна правакацыйнай мэтай, каб узарваць новы лад і здабычы працоўных у СССР, Сталін загадвае ў недарэчным «баявым» парадку ліквідаваць самастойныя сялянскія гаспадаркі, і сялян-індывідуалістаў, упэўненых савецкай уладай у іх неад’емным праве жыць так, як яны хочуць, штыхамі заганяюць у «калгасы», прыказываюць ім «зрабіцца» камуністамі-калектывістамі і здаць у калектывы ўсю сваю маемасьць. Разгараецца запраўднае вайна савецкае ўлады зь сялянствам. І з гэтага мамэнту Колас ужо ня люб сталінаўскім агентам: яго голас, думкі ягоных твораў — гэта ўжо «аджыло свой век», гэта не адпавядае новаму палітычнаму курсу, распачатаму Сталіным. Пачынаючы барацьбу зь сялянствам, Сталін зусім пасьлядоўна і перад усім стараецца зьніштожыць ідэолягаў сялянства. І першы ўдар дастаецца найвялікшаму, найвыдатнейшаму зь іх — Якубу Коласу.

Але мы падымаем свой голас пратэсту проці ганебнага паступку сталінаўскіх «малайцоў» з Коласам — не ў імя тых ці іншых сацыяльных ідэалаў яго. Для нас Якуб Колас — гэта перад усім вялізарны паэтыцкі талент, які, як ніхто дагэтуль, адчуў і выявіў душу беларускага селяніна, — выявіў яе ў творах аграмаднае мастацкае цэннасьці, нечувана ўзбагаціўшы гэтак нашу культуру. Творы Коласа сьмела можна раўнаваць да найвыдатнейшых твораў сусьветнае літаратуры. І замах Сталіна і ягоных «апрычнікаў» на асобу Якуба Коласа — гэта замах перад усім на наша нацыянальнае адраджэньне, на беларускую культуру: бо творчыя сілы Коласа йшчэ далёка ня вычарпаны, бо ён яшчэ можа і мусіць даць многа новых літаратурных цэннасьцяў, якіх народ беларускі чакае ад яго. І тое, што гэты вялікі творчы дух аказаўся ўпхнёны за каменныя сьцены васторгу, каб нашы сялянскія масы не пачулі больш голасу свайго геніяльнага песьняра, — гэта ж найбольшая ганьба для тых, што мо й у добрай веры служаць чырвонаму маскоўскаму дыктатару, грузінскаму рэнэгату Сталіну.

Увесь беларускі працоўны народ, усе беларускія сялянскія масы, а перад усім — выйшаўшася з-пад саламяных стрэх наша нацыянальная інтэлігенцыя — мусяць голасна, на ўвесь сьвет запратэставаць проці бяспрыкладнага гвалту «чырвонае» Масквы над найлепшым, найвялікшым сынам беларускае працоўнае вёскі. Мы клічам усіх, у кім б’ецца беларускае сэрца, падняць свой голас проці такога зьдзеку над нашай культурай і нацыянальнасьцяй, зьдзеку, які мы бачылі хіба толькі ў часы панаваньня найчаршнейшае палітычнае рэакцыі ў царскай Расеі, калі той жа Колас за жаданьне беларускае школы тры гады пакутаваў у мурах таго ж менскага вастрогу, куды ўкінуў яго цяпер Сталін з сваімі «апрычнікамі».

Вон брудныя рукі ад таго, што для працоўных масаў Беларусі зьяўляецца найвялікшым, найдаражэйшым скарбам!