Як створым нашую сілу

Як створым нашую сілу
Брашура
Аўтар: Усевалад Родзька
вясна 1941 года
Крыніца: “Беларуская думка ХХ стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура (Анталогія)” (Варшава, 1998, б. 369-376)
Тэкст скапіяваны з Для цябе, мой народ! // Беларускі Рэзыстанс. — 2016. — № 1 (17). — С. 136 — 146.

Артыкул быў падпісаны псэўданімам “Верас Усевалад”

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларускі Народ, выходзячы з цёмры свайго двухвяковага сну, апынуўся раптоўна ў віры зусім няспадзяваных і новых для яго зусем падзеяў. Схопляны магутным цёкам гісторыі, непрыгатаваны яшчэ да новых умовінаў, амаль што бязрадна пачаў глядзець на ўзрост новых, ніколі ня бачаных ідэяў. Жудаснаю і чужою выдалася яму гэтая перамена даўных, дэцыдуючых у жыцьці вартасьцяў, ня раз, можа, думаў затармазаваць свой ход, затрымацца ў знаёмым прошлым, але там яшчэ большаю жудою палохала неабмінаямая судзьба народаў бяз волі поступу за ўсялякую цану наўперад, народаў, зьвяўшых на лаўравых вянках сваіх нязьдзейсьняных ідэяў, гістарычная сьмерць і няшчаднае вычыркняньне з залатой табліцы будучыні.

Беларускі Народ гэтага не хацеў, ён рашуча кінуўся ў вір падзеяў і слабою яшчэ пасьля летаргу рукою пачаў здабываць сабе ў цяку адно з перадавых месцаў. Але перамена вартасьцяў, перамена ідэяў змусіла яго датарнавацца да сябе. Ён убачыў, што сіла мерыцца цяперака ў іншых адзінках, што змаганьня сусьветныя імкнуцца да іншых мэтаў, чым перад стагодзьдзямі, калі Беларусь дэцыдавала ў выбары кірунку імкненьняў.

На чало выйшлі волатныя кагорты маладых народаў і ламаюць сталёвымі ўдарамі краты вастрогаў сваіх бацькоў. На плошчу гісторыі выходзяць магутныя сьцягі прапаведнікаў новых ідэяў, і перад імі корыцца плеяда старых багоў — камплекс знішчаны векам і доўгім безкарысным жыцьцём праў быту. Творыцца маладая Эўропа маладых народаў, здаровае жыцьцё будучыні на развалінах мінуўшчыны, спавітае кужалям безкарыснасьці, вырасшай з сокаў жывучых у прыгоне народаў. Гэта бунт маладой сілы супроць безпачуцьцевага ўвяду сьвету, а галоўна Эўропы.

У чым жа ляжыць гэтая сіла? Скуль бярэцца магутнасьць народаў-змагароў, народаў-пераможцаў?

Ці дэцыдуе тутака лікавітасьць народу? Возьмям, прыкладам, Кітайцаў — найбольшы на сьвеце народ, 400 міл. жыхароў, а валіцца, гіне памалу пад ударамі болей як у дзесяць разоў меншага Японскага народу. Альбо Гіндусы — мала меншыя за Кітайцаў, а мучаюцца пад ангельскім прыгонам столькі ўжо гадоў і ня могуць здабыцца на самастойнае жыцьцё.

А з другога боку паставім малесянькі народ Фінаў — 4 разы меншы за беларускі, а здолеў 3 месяцы рэзультатна борацца з агромістымі, але бязсільнымі Саветамі і ў рэчаістасьці ня быў пераможаны.

Чаму гэта так дзеіцца? Бо сіла народу ляжыць не ў яго ліку, а ў зьвертасьці ў задзіночаньні ідэяў, у руплівасьці і ў роўнасьці усех. Кітайцаў шмат, але яны бяз ніякае ініцыятывы, бяз собскае волі — імі кіруе жменька людзёў болей сьведамых, але ня могуць яны ў разленівеўшы, бязідэйны народ уліць столькі сілы, каб даць адпор руплівым, злучаным у імкненьні да аднае мэты Японцам.

Гэтаксама сварлівыя Гіндусы таму цярпяць прыгон, што ня могуць паміж сабою пагадзіцца ў рэлігійных справах, а па-другое, на перашкодзе да аднадумства стаяць вялізарныя розьніцы матар’яльныя — большая частка народу церпіць голад і нават вопраткі ня мае тады, калі некалькі дзесяткаў “раджаў” мае да свае дыспазыкі мільёны грошай, тысячы службы і па некалькі прабагатых палацаў і, замест рупіцца аб свой народ, жывуць у згодзе з ангельцамі.

Зноў жа Фіны — гэта народ, каторы называюць ваўкамі: ён вырас у барацьбе з прыродаю і з сільнейшымі суседзямі, спакойны, стойны, злучаны ў імкненьні да аднае мэты — дабра свае дзяржавы. Ён чуе ў сабе сілу, бо ведае, што ў патрэбе ўсе стануць у шчыльных радах і скарэй згінуць, чымся адступяцца шаг узад. І даказалі ў барацьбе з Саветамі, што гэта праўда.

Значыцца, лікавітасьць народу ня гуляе тутака ролі, дык, можа, сілу творыць абшар народам ці яго дзяржавай займаны? І ўзноў жа не. Гэныя самыя Кітайцы гэта ж насупроць Японцаў, як кот пры мышы, а нічога зрабіць ня могуць. А возьмям Палякоў — як жа яны хваліліся сваёю дзяржаваю, як шырака сунулі лапы на новыя яшчэ землі, і што ж — ў тры тыдні і сьледу з іх не засталося. Бо Палякі ўсысалі ў сябе чужыя землі, як павук разселіся на паняволяных народах ды яшчэ і паміж сабою сварыліся, хапіла толькі піхнуць, каб гэты штучны ўтвор разсыпаўся.

А вялікая Румынія, а грамадныя Саветы, ці ж гэта ня тое самае, і яны жывуць толькі да мамэнту, пакуль хто не піхне альбо самыя паняволяныя народы карэньняў не падкапаюць.

А узноў жа гэдакая Японія не баіцца, што яе хто-небудзь разаб’е, падзеліць, бо там жыве адзін толькі народ; народ не падзеляны ніякімі розьніцамі, ці то клясавымі, ці то грамадзкімі. Там няма ваюючых гостра з сабою партыяў, а наадварот, усе лучацца ў адну вялікую партыю, працуючую для дабра свайго народу.

Заўсёды на меншай плошчы лягчэй зарганізаваць дзяржаўнае жыцьцё, бо блізка ад кармуючага цэнтру да найменшых гранічных пастоў, і гэтакую дзяржаву лягчэй і бараніць, і гаспадарыць у ёй.Можа, у гэдакім выпадку крыніцай сілы зьяўляецца багацьце народу? Можа, колькасьць дабытых мільёнаў тон вугля, жалеза, медзі, можа, запас золата ў падзямельных банкавых схоўках падтрымоўвае гэтую сілу?

Але прыкладам возьмям Францыю. Яна ж са сваімі калёніямі тварыла адзін з найбагацейшых краёў сьвету і, хаця стаяла побач з багацейшай яшчэ Англіяй, мусіла пакарыцца перад шмат бяднейшай, бо аграбленай з калёніяў Нямеччынай. Наадварот, гэтае надмернае багацьце зьніштожыла францускі народ, бо ў цяжкім мамэнце, калі ўсё трэба было аддаць, нават жыцьцё сваё ў абароне бацькаўшчыны, ён ня змог адарвацца ад гэтых сваіх багацтваў і пайсьці на фронт, баяўся, што іх страціць, а не разумеў, што, баронячы дзяржаву, бараніў бы разам і сваю маёмасьць.

Дык вось разгледзелі мы тры дзейнікі, каторыя пазорна маглі б тварыць сілу народаў, а пайменна: лікавітасьць народу, абшар ім займаны і багацтва. У рэзультаце ўбачылі, што ня ў іх вялічыні зьмяшчаецца гэтая сіла. Дык дзе ж яе шукаць? Дзе зьмяшчаецца гэтая бязупынная творчая энэргія, гэтая нязломная воля перамогі?Калі глянуць на народы, каторыя, бязумоўна, гэтакаю сілаю цяперака дыспануюць — на маладую Нямеччыну і Італію, дык адказ знойдзем толькі адзін — у народзе. Толькі воля і дзейнасьць народу можа даць гэтую бязсупярэчную магутнасьць, але павінен народ адказываць шмат якім умовінам.

Культура, навука, багацьце народаў творыцца працай адзінак. Гэтаксама і сіла. Толькі на ўвеце трэба мець адно: каб кожная адзінка перад собскім дабром паставіла заўсёды ў найболей крытычным выпадку дабро сваяе нацыі і сваяе дзяржавы. Трэба, каб грамадзкая этыка адзінкі стаяла гэтак высака, каб гатовая была да найбольшых ахвяр дзеля дабра грамады — нацыі.

Але мала яшчэ самае ахвярнасьці адзінак. Каб яна дала вонкавы, відавочны эфэкт, мусіць быць злучаная з мільёнамі гэтакіх ахвярнасьцяў — мусіць тварыць ахвярную грамаду, ахвярны цэлы народ, мусіць быць вырабляная ідэя працы і канцэнтрацыі яе і ўсех творчых сілаў для агульнага дабра.

І тутака ўжо ня можна сказаць, што я за добрае лічу гэтае, хоць ты лічыш тое зусім што іншае — тутака зразуменьне дабра мусіць быць ва ўсех аднолькавае; ня могуць тварыцца розныя групы і гурткі, каторыя сабе абапал супярэчылі б, бо гэта было бы нязьмерна шкоднае. Возьмям рэч чыста матэматычна: калі да сілы, скіраванай у адзін бок, далучым сілу з адваротным напрамкам, то іх ход альбо затармазуецца альбо зусем спыніцца. Гэта так, як да возу прыпрэгчы з кожнага боку аднаго каня і пагнаць разам — перацягне сільнейшы, але з якою натугаю сілаў.

Дык вось жа трэба сабе ясна сказаць, што ўсё тое добрае, што добрае для сілы і разьвіцьця маяго народу, усё тое благое, што гэтую сілу і разьвіцьцё аслабляе альбо ніштожыць.

Вось мы разгледзелі адную складавую сілы народу: цэлая нацыя творыць адну вялікую грамаду, каторае дабро ставіцца перад дабром адзінкі. Ня могуць існаваць ніякія партыі і староньніцтва, бо яны сваркамі паміж сабою аслабляюць сілу народу.

Далей, калі, прыкладам, у гаспадарцы знойдзецца такі сын, каторы не захоча ні сеяць, ні гараць, то частка поля ляжыць папарам, бо не хапае рук яе абрабіць, і тагды сям’я альбо прымусіць дармаеда працаваць, альбо яго вон з гаспадаркі выганіць, бо ён ня толькі выкарыстоўвае працу другіх, але і дэморалізуе акружаньне. Гэтаксама і ў народзе — ніводзін чалавек ня можа жыць безкарысна для грамады, і ніхто ня можа карыстаць дарэмна са здабытых грамадою добраў.

Мернікам вартасьці для агулу кожнай адзінкі мусіць стацца яе праца, бо толькі той стаіць на высокім ураўні этычным і заслугоўвае на апеку цэлага народу, хто трудом свайго жыцьця здабудзе сабе супакойны быт і пашану сярод другіх. Гэдак ня можа быць у народзе групы людзей, каторыя карысталіся б працай другіх. Згінула Масква цароў, бо жыла з нялюдзкага прыгону сялян і работнікаў; завалілася Польшча, бо ўтрымлівала коштам загнобленых Беларусоў, Украінцаў, Немцаў свору ўрадавую і паліцыйную; прападзе з паверху зямлі бальшавіцкая, здэмаралізаваная Масква, бо крывавым потам і сьлязамі горкімі сучасных нявольнікаў, у нялюдзкі спосаб ніштожаных народаў — Беларусоў, Украінцаў, Фінаў і шмат, шмат іншых корміць сваіх новых цароў — камісараў, жыдоўскіх агітатараў і катаў.

Гэта другая складавая сілы — кожная адзінка мусіць бязумоўна сумленна працаваць, праца чалавека павінна сьведчыць аб яго вартасьці. Але ня толькі самая малынальная праца ставіцца як прынцып жыцьця і сілы народу, павінна паўстаць індывідуальная і грамадзкая воля працы, бо воля заўсёды родзіць чын, дзейнасьць, а дзейнасьць — гэта зарука існаваньня народу.

Трэцяю, творчаю сілу народу складавою ёсьць індывідуальная і грамадзкая сьведамасьць. Кожная адзінка мусіць быць сьведамая мэты сваіх імкненьняў і мэтад здабываньня дабра для нацыі і пакаленьняў. Мусіць знаць падрабязна сваю ролю ў агромістай машыне грамадзянскага жыцьця і мусіць ведаць, якую вартасьць прадстаўляе яна сабою, сваёю працаю для грамады, а гэдаксама, чаго ў якіх выпадках можа грамада ад яе патрабаваць.

Значыцца, адзінка мусіць мець поўную веду сваіх пачынаньняў грамадзкіх і веду каардынацыі, тарнаваньня іх да дзейнасьці ўсех. Зразумела, што ўсё гэта будзе грамада самая пры помачы адносных дзейнікаў накіроўваць, але тым ня меняй павінна існаваць і сьведамасьць адзінкі, каб ня было ніякіх зудыраў і незразуменьняў. Толькі сьведамая мэтай у працы адзінка можа карысна і рэзультатна працаваць.

А да гэтага заўсёды ў кожнай грамадзе мусіць побач сьведамасьці адзінкі існаваць сьведамасьць грамадзкая, каторая дапаўняе сьведамасьць індывідуальную і творыць з ёю суцэльнасьць. Гэдаксама і ў народзе.

Народная сьведамасьць — гэта пачуцьцё сілы; народ сьведамы чуецца сільным, і наадварот, народ запраўды сільны мае сьведамасьць свае вартасьці. Сьведамасьць народу вырабляецца і ўтрымоўваецца пры пазнаваньні свае мінуўшчыны, свае культуры, свае ролі сярод іншых народаў, сваіх маральных вартасьцяў і сваіх імкненьняў у будучыні пры разбудоўваньню свайго дабрабыту.

Народ, каторы мае гэдакую веду, можа крытычна зраўняць сваю вартасьць з вартасьцямі бліжэйшых і дальшых сусядоў і стойка стануць на адпаведнай сабе ступені, з каторае ўжо ніколі не адступіцца. Гэта будзе сіла — сіла гарла ў сваём гнязьдзе.

Але як мурашкі ў хвіліну небязьпекі ў першай чарзе рупяцца аб сваім патомстве і ратуюць наўперад яечка і куконы, ня думаючы аб сабе, гэдаксама і кожны разумны народ найболей рупіцца аб апецы і выхаваньні наступнага пакаленьня. Моладзь творыць заўсёды авангарду і перадоўжэньня ўсіх ідэяў, імкненьняў і прац, а гэдаксама перадоўжэньня сілы. Таму, што калі б кожнае пакаленьне не стаяла на вышэйшым ураўні чым за папярэдняе, то ня было бы зусім інтэлектуальнага і цывілізацыйнага поступу; дык заўсёды стараньня сільных народаў ідуць у кірунку пашырэньня і разбудовы сваіх ідэяў і сьветагляду ў душах моладзі. Гэдак творыцца разрост сілы.

Вось жа трэба старацца стварыць моладзі гэдакія ўмовіны фізычнага і культурнага разьвіцьця, а пры гэтым так добра зарганізаваць цэлую сыстэму асьветную народу, каб быць пэўным, што выхаваецца ў 100 процэнтах вартасных спадкаемцаў свае сілы. Зарганізаваная, здаровая і сьведамая сваіх заданьняў моладзь — гэта зарука сілы народу ў будучыні.

Разгледзілі мы чатыры галоўныя мамэнты, якія, злучаныя з сабою і ўведзяныя ў жыцьцё, створаць бязумоўна сільны і здаровы народ, народ будучыні. Перад гэтымі чатырма дзейнікамі заўсёды склоняцца і ўступяць шмат большыя народы, шмат большыя краі і шмат багацейшыя дзяржавы. А калі не ўступяць, то гэнымі дзейнікамі абаружаны народ заўсёды пакорыць сабе і змусіць скланіцца ўсе другія.

Найлепшым прыкладам могуць быць Нямеччына і Італія. Гэта народы, каторыя пасьля свайго заняпаду адрадзіліся, стварылі новы быт, абапёрты на вышсказаных прынцыпах, а пайменна: адна адзіная партыя, зложаная з цэлага народу, стаўляючая дабро нацыі перад усім; грамадзкая ідэя і воля ахвярнае працы для дабра народу; народная сьведамасьць свае сілы і сваіх імкненьняў; сьведамая, у сваёй юнасьці ўжо магутная моладзь.

Маючы ў запасе гэдакія народныя ідэалы, гэныя народы з цьвёрдаю пэўнасьцю няўхільна ідуць да аканчальнае перамогі, каб стварыць жыцьцё будучыні на новых правах, а на першы плян стаўляюць дабро свайго народу.

І ня толькі яны, бо ўжо на гэных самых ідэалах творыцца сіла і ў другіх народаў: Гішпаніі, Фінляндыі, Грэцыі, апошнім часам ў Нарвэгіі, ну і ў народзе, каторы нам найбліжэйшы, бо мае супольныя імкненьні да барацьбы супроць супольнага ворага, — Украінцы.

Добра, як жа мы маем да гэных падзеяў аднесьціся, калі хочам выбіцца на перадавыя месцы ў цяку гісторыі?

Адказ ёсьць толькі адзін: тварыць сілу. Мусім на разгледжаных прынцыпах збудаваць належную нам магутнасьць. Трэба нам стварыць у нетрах свайго народу зразуменьне гэтых дзейнікаў і стварыць іх жа, каб магчы сваёю зарганізаванасьцю і воляй здабыць належны сабе пасад між іншымі народамі.

Трэба, каб кожны Беларус здабыўся на ахвярнасьць дзеля супольных мэтаў, каб свае думкі, свае імкненьні злучыў з думкамі і імкненьнямі другіх, каб нават уступіў у некаторых мамэнтах, калі другі не дасца пераканаць і ўступіць, а калі гэта для дабра справы будзе патрэбнае. Каб усе злучылі працу сваю ў адным — барацьбе за лепшую долю Беларускага Народу, а корам працы аддалі ў рукі пакліканых да гэтага людзей. Ня можа быць у нас разломаў. Адна, моцная, шчыльна зьвертая грамада — гэта зарука сілы.

Працы мы не баімося: мы вырасьлі ў гэткіх умовінах, дзе толькі цяжкая праца магла нам даць магчымасьць жыцьця. Выкарыстоўваныя з аднаго боку Польшчай, з другога царскаю ці бальшавіцкаю Масквою, прывыклі мы працаваць шмат, шмат болей, чым нам трэба было, прывыклі галадаць пасьля цяжкай працы, бо апошняе альбо на падаткі аддалі, бо трэба было Гдыню будаваць, альбо забралі ад нас таварышы камісары, каб іх дзеткі — Мітькі ці Срулькі — мелі ў Маскве што есьці, а што нашыя з голаду пухнуць, дык гэта не бяда.

Але мусім мы гэную пасьвяціць толькі для сабе, толькі для сваіх мэтаў, аддаць свае сілы і свой труд толькі свайму народу; надыйшла хвіліна, калі ўсе супольна мусім будаваць сваю сілу І тутака ня можа быць адзінак, каторыя стануць сабе збоку і будуць ўглядацца, як другія працуюць, не, усе мусяць працаваць хаця бы на найніжшых становішчах, бо пасьля ўсе будуць рэзультатамі гэнае працы карыстацца. Часта трэба нават зракціся сваіх собскіх амбіцыяў, бо толькі праца і змаганьне пакажуць бязсумніўна, якую вартасьць каторая адзінка мае, і яна адпаведна разьдзеліць усім месцы. А заўсёды той чалавек балей вартасны, каторы сваім дзеяньнем вартасьці сваёй дакажа.

І з працы ахвярнай усіх створыцца аграпатэнцыял сілы народу, з каторым пачнуць лічыцца ўсе.

Далей, мусім падыймаць сваю народную сьведамасьць, мусім пашыраць веданьне свае культуры і гэтым самым падымаць культуру адзінак і народу. Беларус павінен ведаць, якія мэты ставіць сабе цэлы народ, якія імкненьні ён мае і чаму гэдакія, а ня іншыя. Кожны Беларус, а гэтым самым і цэлы народ, мусіць умець адрожніваць добрае ад благога ў нацыянальным зразуменьні, ведаць, да чаго мусіць імкнуцца, а што павінен абмінаць. Ня можна пазволіць думкам блукацца ў цёмры няпэўнасьці, а паддаць ім зразу здэцыдаваны цёк. Зноў жа сваю культуру, гісторыю і адносіны да другіх народаў трэба знаць дзеля здабыцьця пэўнасьці палітычнай — сьведамасьці грамадзкіх і палітычных імкненьняў. Народ мусіць быць супольнікам у жыцьці палітычным дзяржавы, а каб да гэтага дасьпеў, мусіць быць адказна сьведамы.

І ўрэшце, агромістую ўвагу мусім зьвярнуць на выхаваньне моладзі. Мусім выхоўваць сваіх спадкаемцаў ад наймалодшых гадоў аж да апошніх дзён студыяў акадэмічных. Гэтае выхоўваньне мусіць быць зарганізаванае — павінна стварыцца адна агульная арганізацыя маладога руху, каторая накіроўвала бы думкі і пачуцьці моладзі ў найлепшых напрамках і ў першую чаргу дэфіньявала бы ёй патрэбы і мэтоды працы для дабра народу. Сьцягі адпаведна прыгатаванай і зарганізаванай моладзі прадаўжалі б нашыя ідэі і нашую працу ў вольнай, самастойнай дзяржаве і арганізавалі б жыцьцё вольнага народу. Яны луналі бы нашую сілу на вонкі. Моладзь — гэта сіла нашай будучыні.

Апрача гэтага, трэба асьвету ўжо ад сяньняшняга дня гэдак паставіць, каб узровень культуры будучых пакаленьняў быў заўсёды вышшы ад сяньняшняга.

Каб да ўсіх гэтых мэтаў дайсьці, трэба дыспанаваць сілаю. Гэтую сілу за ўсялякую цану мусім супольнымі сіламі здабыць, а да гэтага трэба мець наступныя дадзеныя:

1. кожная адзінка мусіць перад сваім собскім дабром паставіць дабро народу;

2. ахвярнасьць для народу мусіць быць дэвізаю кожнага Беларуса;

3. ніхто ня можа астацца за навесам працы для народу;

4. кожная адзінка мусіць быць сьведамая сваіх і агульных заданьняў;

5. пазнаць родную культуру і падняць культуру духовую і матэрыяльную адзінкі;

6. зарганізаваць, выхаваць і вывучыць моладзь;

7. злучыць сваю волю ў адзін магутны ідэал — ідэал барацьбы за будучыню цэлага народу;

8. бяз огляду на ўмовіны і насьледкі рэалізаваць этапы гэтае барацьбы аж да перамогі і здабыцьця найвышэйшага дабра — самастойнае дзяржаўнасьці.