Раздзел XXX Айвенго. Раздзел XXXI
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXXII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXXI

ХОЦЬ Седрык не вельмі верыў словам Ульрыкі, аднак паведаміў аб дадзеным ёй абяцанні як Чорнаму Рыцару, так і іёмену Локслі. Ім было прыемна ведаць, што ў абложанай крэпасці ёсць у іх саюзніца, якая ў выпадку патрэбы можа зрабіць палёгку ім у доступе ў замак, і зусім згадзіліся з саксонцам, што, як-бы там ні было, трэба паспрабаваць узяць сцяну прыступам, бо гэта адзіны сродак выратаваць палонных, якія папалі пад уладу жорсткага барона Фрон дэ-Бёф.

— Ну, добры мой Локслі, — сказаў Чорны Рыцар, — ці не час шляхетнаму Седрыку ўзяць на сябе начальства і весці нас на прыступ?

— Не, я не вазьмуся! — сказаў Седрык. — Я зроду не вучыўся ні браць, ні абараняць гэтых гнёзд тыранаў, якія нармандцы пабудавалі па ўсёй нашай прыгнечанай краіне. Біцца я гатоў у першых радах; але мае сумленныя суседзі ведаюць, што я не салдат, не прывык ні да вайсковай дысцыпліны, ні да штурму крэпасцей.

— Калі так, шляхетны Седрык, — сказаў Локслі, — я з ахвотаю вазьмуся кіраваць стралкамі і даю вам права павесіць мяне на маім улюбёным дубе, калі хоць адзін з абложаных, паказаўшы нос з-за сцяны, не будзе засыпаны незлічонай колькасцю стрэл.

— Удала сказана, адважны іëмен, — прагаварыў Чорны Рыцар. — Калі палічыце і мяне вартым асобнага прызначэння і калі знойдзецца паміж тутэйшымі малайцамі досыць народу, гатовага ісці за сапраўдным англійскім рыцарам, якім магу лічыць сябе, я з радасцю прапаную вам сваё майстэрства і баявую вопытнасць і павяду атаку на сцены замка.

Размеркаваўшы такім чынам свае задачы, правадыры павялі свае атрады на першы прыступ.

Калі перадавая вежа была ўзята, Чорны Рыцар паслаў паведаміць гэту радасную вестку іëмену Локслі, у той-жа час загадаў яму сказаць, каб ён як мага больш уважліва наглядаў за абложанымі і не даваў ім часу згрупаваць свае сілы або раптоўнай вылазкай зноў адбіць толькі што ўзятае ў іх умацаванне. Рыцару было асабліва пажадана папярэдзіць магчымасць вылазкі; ён ведаў, што людзі, якімі ён камандаваў, былі не абучаны правільнай ваеннай дзейнасці, дрэнна ўзброены і што неспрактыкаваныя добраахвотнікі не змогуць вытрымаць націск вопытных воінаў, што складалі дружыну нармандскіх рыцараў, забяспечаных прытым усякай зброяй як наступальнай, так і абарончай. Стараннасць і ўздым абложнікаў былі вельмі вялікія, але ў іх не магло быць такой спакойнай самаўпэўненасці, якая ўзнікае пад уплывам правільнай дысцыпліны і прывычкі валодаць зброяй.

Рыцар, выкарыстаўшы зацішша, загадаў зрабіць нешта падобнае на плывучы мост, або проста доўгі плыт, з дапамогаю якога ён спадзяваўся перабрацца цераз вадзяны роў. Збіць такі мост можна было не вельмі хутка, але правадыры не шкадавалі страчанага часу, мяркуючы, што яго выкарыстае і Ульрыка, у вольны час учыніўшы ў замку якую-небудзь выгодную для іх дыверсію.

Калі плыт быў зроблены, Чорны Рыцар звярнуўся да абложнікаў з такою прамоваю:

— Далей чакаць няма чаго, мае сябры. Сонца схіляецца да захаду, а ў мяне ёсць такая справа, якая не дазволіць мне пабыць з вамі яшчэ адзін дзень. Пры гэтым, кожную хвіліну з Іёрка можа падаспець супроць нас конніца, і нам трэба спяшацца, покуль на нас не напалі. Няхай адзін з вас сходзіць да Локслі і скажа яму, каб ён пачынаў стральбу з лукаў з супроцьлеглага боку замка і паступова рухаўся наперад, як-бы на прыступ; а вы, непахісныя англійскія малайцы, застаньцеся са мною і будзьце гатовы спусціць на ваду плыт упоперак рова, як толькі я адчыню браму нашага ўмацавання. Смела ідзіце за мною па дошках і дапамажыце мне разбіць вось тую браму, што зроблена ў галоўнай сцяне крэпасці. Тыя з вас, каму не захочацца ісці за мною, або ў каго няма годнай зброі для разбівання брамы, няхай залезуць наверх перадавой вежы, добра нацягнуць лукі і страляюць у кожнага, хто пакажацца на супроцьлеглай сцяне. Шляхетны Седрык, ты возьмеш на сябе абавязак распараджацца тымі, што застаюцца?

— О, не! Клянуся душою Херварда, — адказаў саксонец, — распараджацца я не ўмею; але няхай патомкі праклінаюць мяне і ў магіле, калі я не стану біцца ў першым радзе, куды-б ты ні павёў нас… Справа гэта — мая крэўная справа, і таму мне прыстойна ісці наперадзе ўсіх.

— Падумай аднак, шляхетны саксонец, — сказаў рыцар, — на табе няма ні панцыра, ні шлема, ты ў адной лёгкай шапцы, а замест ратнага ўзбраення ў цябе толькі шчыт ды меч.

— Тым лепш, — адказаў Седрык, — тым лягчэй мне будзе лезці на сцяну… І не палічы за пахвальбу, сэр рыцар, я табе пакажу сёння, што саксонец і з адкрытымі грудзямі гэтак-жа смела ідзе ў бойку, як нармандзец у сталёвым панцыры.

— Ну, дык наперад! — крыкнуў Чорны Рыцар, — адчыняйце браму і спускайце на воду плывучы мост.

Брама раптам адчынілася, часовы мост выштурхнулі адтуль і праз хвіліну ён быў спушчаны на воду, стварыўшы ўпоперак рова слізкую і небяспечную сцежку, на якой змяшчаліся ніяк не больш двух чалавек радам. Зусім разумеючы, як важна захапіць ворага знянацку, Чорны Рыцар, а за ім і Седрык саскочылі на гэты плывучы масток і хутка перайшлі на другі бераг. Тут рыцар узяўся наносіць грамавыя ўдары сваёю сякераю па браме. З вышыні сцен абложаныя кідалі на яго каменні, стралялі з лукаў і арбалетаў, але ён быў абаронены ад гэтых знарадаў рэшткамі былога пад’ёмнага маста, знішчанага храмоўнікам у часе адступлення з перадавой вежы; частка насцілу гэтага маста, разам з пад’ёмнымі блокамі, так і засталася прымацаванай да верхняй бойніцы брамы, ствараючы нешта падобнае навесу над Седрыкам і рыцарам.

Людзі, якія перайшлі па плывучаму масту следам за імі, не мелі гэтага прыкрыцця: двое, пранізаныя стрэламі, былі забіты напавал, двое другіх упалі ў роў, астатнія спешна адступілі назад на вежу.

Становішча Седрыка і Чорнага Рыцара было сапраўды небяспечнае, і было-б яшчэ больш небяспечнае, калі-б не дружная дапамога стралкоў, што заселі ў перадавой вежы, яны не пакідалі сыпаць стрэламі ў бойніцы на сценах, адцягваючы ўвагу абаронцаў замка і перашкаджаючы ім кідаць на абодвух правадыроў каменне і балты, якія пагражалі знішчыць навес над іх галовамі. З кожнай хвілінай павялічвалася пагражаўшая ім небяспека.

— Ці не сорам вам! — крычаў дэ-Брасі сваім салдатам. — Вы дарэмна толькі называецеся стралкамі, калі дапушчаеце гэтых двух саксонскіх сабак гаспадарыць пад самымі сценамі замка! Зварочвайце зубцы са сцен і валіце іх уніз… Добрая будзе штука! Дастаньце ламы, вагары і звярніце мне вось гэты самы зубец! — ён паказаў на цяжкі каменны выступ, што выдаваўся над балясамі.

У гэтую хвіліну абложнікі ўбачылі чырвоны сцяг, выстаўлены з акна рагавой вежы, пра якую Ульрыка гаварыла Седрыку. Адважны іëмен Локслі першы за ўсіх убачыў гэты сігнал па дарозе ў перадавое ўмацаванне, куды ён бег у нецярплівасці даведацца, як ідзе аблога.

— Наперад, добрыя іёмены! Што-ж вы пакінулі рыцара з шляхетным Седрыкам? Удваіх, ці што, яны будуць штурмаваць крэпасць? Гэй, манах, шалёная галава, пакажы, як ты умееш біцца! Націскайце, адважныя іëмены!.. Наша ўзяло, у нас ёсць саюзніца ў сярэдзіне крэпасці… Бачыце чырвоны сцяг? Гэта ўмоўны сігнал… Замак Торкільстон будзе наш!..



Які гонар! Колькі спажывы!.. Яшчэ адзін напор — і мы возьмем крэпасць!

З гэтымі словамі ён нацягнуў лук і пранізаў стралою грудзі аднаго з воінаў, які пад кіраўніцтвам дэ-Брасі толькі што ўзяўся ссоўваць велізарны камень са сцяны, збіраючыся скінуць яго на галовы Седрыка і Чорнага Рыцара. Другі воін выхапіў з рук паміраючага жалезны лом, падсунуў яго пад камень, але ў тую-ж секунду меткая страла ўваткнулася ў яго шлем і ён мёртвы ўпаў цераз балясы ў вадзяны роў. Астатнія байцы спалохаліся, бачачы, што ніякае ўзбраенне не можа вытрымаць супроць страшнага стралка.

— Спужаліся, падлюгі? — сказаў дэ-Брасі. — Вось я вам пакажу… Падайце мне вагар!

Ён схапіў яго і зноў пачаў падсоўваць пад камень, які быў такі вялікі і цяжкі, што калі-б упаў уніз, то, напэўна, збіў-бы канец пад’ёмнага маста, які служыў абаронаю для Седрыка і рыцара, і, акрамя таго, утапіў-бы дашчаны плыт, па якім яны перапраўляліся праз роў. Усе ўбачылі небяспеку і нават самыя смелыя (у тым ліку пустэльнік) не адважыліся ступіць на плывучы мосцік.

Локслі тройчы страляў у дэ-Брасі, і кожны раз страла адскоквала ад яго непранікальнай зброі.

— Д’ябал-бы ўзяў тваё іспанскае ўзбраенне! — бурчэў Локслі. — Каб яны былі зроблены англійскім кавалём, мае стрэлы даўно-б пракалолі іх насквозь, як шоўк або палатно.

І, узняўшы голас, ён пачаў крычаць:

— Гэй, таварышы, сябры! Шляхетны Седрык! Ідзіце назад! Дайце скінуць камлыгу!

Але яны не чулі яго голасу, таму што грукат ад сякеры рыцара, разбіваўшага браму мог-бы заглушыць дваццаць баявых труб. Праўда, Гурт саскочыў на мосцік і пабег папярэдзіць Седрыка аб пагражаючай небяспецы. Але папярэджанне было б занадта позна, таму што велізарны камень пачынаў ужо кратацца, а дэ-Брасі, які не пакідаў працаваць над ім, урэшце скінуў-бы, калі-б ля самага яго вуха не пачуўся голас храмоўніка:

— Усё прапала, дэ-Брасі, замак гарыць.

— Ці не вар’яцееш ты! — засупярэчыў рыцар.

— Увесь заходні бок ахоплены полымем. Я спрабаваў тушыць, але дарэмна.

Брыян дэ-Буагільбер паведаміў гэту жахлівую навіну з суровай халоднасцю, якая была асноўнай рысай яго характару; але не так успрыняў гэта паведамленне яго здзіўлены таварыш.

— Што-ж тут рабіць? — усклікнуў дэ-Брасі. — Абяцаю зрабіць падсвечнік з чыстага золата…

— Пачакай рабіць зарокі і выслухай мяне, — перапыніў яго храмоўнік. — Вядзі сваіх людзей уніз, быццам на вылазку; адчыні браму і выскачы вон… там на плыту толькі і ёсць два чалавекі, скінеш іх у роў, а сам са сваімі людзьмі перапраўся да перадавое вежы. Тым часам я падаспею да знадворнае брамы і буду атакаваць вежу з таго боку. Калі нам удасца зноў авалодаць гэтым пунктам, будзь упэўнены, што мы зможам абараняцца да таго часу, пакуль не прыдуць да нас на выручку, або прынамсі, здадзімся на выгодных умовах.

— Гэта добрая думка, — сказаў дэ-Брасі. — Я сваю задачу выканаю… А ты, храмоўнік, мяне не выдасі?

— Вось табе мая рука і пальчатка, не выдам! — адказаў Буагільбер. — Але трэба спяшацца… Хутчэй.

Дэ-Брасі хутка сабраў сваіх людзей і кінуўся ўніз да выходнай брамы, якую загадаў адчыніць насцеж. Як толькі гэта было выканана, Чорны Рыцар уварваўся ў сярэдзіну, не гледзячы на супраціўленне дэ-Брасі і яго воінаў. Двое пярэдніх адразу ўпалі мёртвым, а астатнія раступіліся, як ні крычаў ім іх начальнік, каб згрупаваліся і ішлі наперад.

— Быдла! — гвалтаваў дэ-Брасі. — Няўжо вы дасцё дваім авалодаць нашым адзіным выхадам да ратунку?

— Ды гэта-ж сам чорт! — сказаў адзін стары воін, ухіляючыся ад удараў Чорнага Рыцара.

— А хоць-бы і чорт, — ускрыкнуў дэ-Брасі, — што вам ад яго ўцякаць, калі ўсёроўна ў пекла трапіце. У замку пажар, нягоднікі… За намі ўсё гарыць! Няўжо роспач не надае вам адвагі?.. Ну, дык пусціце мяне ўперад, я сам расквітаюся з гэтым рыцарам! Скляпеністая дзірка ў сцяне, якая служыла падходам да брамы, стала тэатрам бойкі ўручную гэтых двух байцоў, і гулка адзываліся пад каменным скляпеннем ярасныя ўдары, якія наносілі яны адзін аднаму: дэ-Брасі — мячом, а Чорны Рыцар — цяжкаю сякераю. Урэшце нармандзец атрымаў удар, часткова адбіты шчытом, — інакш ён, вядома, тут-жа спусціў-бы дух, і Чорны Рыцар так хапіў яго сякераю па грэбню шлема, што дэ-Брасі ва ўвесь рост распластаўся на каменным доле.

— Здавайся, дэ-Брасі, — сказаў Чорны Рыцар, нахіліўшыся над ім і заносячы над кратамі яго забрала кінжал, якім рыцары канчалі сваіх зваленых ворагаў, — здавайся, Морыс дэ-Брасі, пакарыся без разважанняў, не то зараз табе канец.

— Не хочу здавацца невядомаму пераможцу, — адказаў дэ-Брасі слабым голасам.

Чорны Рыцар прашаптаў некалькі слоў на вуха паваленага праціўніка.

— Здаюся ў палон без агаворак, — адказаў нармандзец, пераходзячы ад упартага і задзёрыстага тону да поўнай, хоць панурай пакорнасці.

— Ідзі ў перадавую вежу, — сказаў валадарна пераможца, — і там чакай маіх далейшых загадаў.

— Спачатку дазволь мне сказаць, — прамовіў дэ-Брасі, — тое, што табе не лішне ведаць. Уільфрэд Айвенго, паранены і палонны, загіне ў пылаючым замку, калі безадкладна яму не дапамагчы.

— Уільфрэд Айвенго, — усклікнуў Чорны Рыцар, — у палоне і гіне?.. Калі хоць адзін волас на яго галаве апаліць агонь, усё насельніцтва замка адкажа мне за гэта жыццём!.. Пакажы мне ў якім ён пакоі?

— Вось там, вітыя драбіны, — сказаў дэ-Брасі, — узыйдзі наверх, яны вядуць у яго пакой… Калі хочаш, я правяду цябе, — дадаў ён пакорным тонам.

— Не, ідзі ў перадавую вежу і чакай маіх распараджэнняў. Я табе не давяраю, дэ-Брасі.

У працягу гэтай сутычкі і кароткай гутаркі, якая адбылася пасля яе, Седрык, убачыўшы, што брама адчынілася, на чале атрада, сярод якога асабліва выдатнае месца займаў пустэльнік, спусціўся на мосцік і, перайшоўшы роў, адціснуў назад разгубленых і збянтэжаных воінаў дэ-Брасі, з якіх адны прасілі літасці, іншыя дарма спрабавалі супраціўляцца, а большая частка пабегла хавацца ва ўнутраны двор. Сам дэ-Брасі падняўся з падлогі і сумнымі вачыма сачыў за сваімі пераможцамі.

— Ён мне не верыць! — прашаптаў ён. — Але хіба я заслужыў яго давер’я?

Ён падняў меч, што валяўся на зямлі, здзеў шлем у адзнаку пакорнасці і перайшоўшы цераз роў у перадавую вежу, аддаў свой меч іëмену Локслі.

Пажар тым часам разгараўся ўсё мацней, і адзнакі яго паступова пранікалі ў той пакой, дзе Рэвека даглядала за параненым Айвенго. Шум бойкі, якая зноў аднавілася, разбудзіў яго ад кароткага сну. Па яго настойлівай просьбе клапатлівая сядзелка зноў заняла месца каля акна з тым, каб наглядаць за ходам барацьбы і паведамляць яму, што робіцца пад сценамі; але некаторы час яна нічога не магла разабраць, таму што ўсё зацягнулася нейкім смуродным туманам. Урэшце дым чорнымі клубамі ўварваўся ў пакой, потым, не гледзячы на аглушальны шум бойкі, пачуліся крыкі: „Вады, вады!“ і Рэвека здагадалася, што прыйшла новая небяспека.

— Замак гарыць! — сказала яна. — Пажар! Што рабіць для нашага паратунку?

— Бяжы, Рэвека, выратоўвай сваё жыццё, а мне ўжо няма ратунку.

— Я не пайду ад цябе, разам выратуемся, або загінем… Але мой бацька, бацька!.. Які яго будзе лёс?

У гэту хвіліну дзверы адчыніліся насцеж, і на парозе з’явіўся храмоўнік, але ў якім жахлівым выглядзе! Залочанае ўбранне на ім было праламана і заліта крывёю, а пер’е на шлеме часткова абгарэла і звесілася на бок.

— Урэшце я знайшоў цябе, Рэвека, — сказаў ён. — Убачыш цяпер, як я стрымаю сваё абяцанне падзяляць з табою і гора і радасць… Нам застаўся адзін толькі шлях да выратавання… я перамог дзесяткі перашкод і небяспек, каб паказаць табе гэты шлях… Уставай і зараз-жа ідзі за мною!

— Адна я не пайду, — сказала Рэвека. — Выратуй майго старога бацьку… і выратуй гэтага параненага рыцара!

— Рыцар, — адказаў храмоўнік з уласцівай яму спакойнасцю, — усякі рыцар, Рэвека, павінен пакарыцца свайму лёсу, хоць-бы прыйшлося яму загінуць ад мяча ці агня.

— Жорсткі воін, — сказала Рэвека, — я хутчэй загіну ў полымі, чым згаджуся ісці з табою!

— Табе не прыдзецца выбіраць, Рэвека… Адзін раз ты прымусіла мяне адступіць… але не нарадзіўся яшчэ на свеце той чалавек, перад якім я адступіў-бы двойчы.

З гэтымі словамі ён схапіў перапалоханую дзяўчыну і панёс яе вон з пакоя, не гледзячы на яе роспачлівы крык і на грозны воклік Айвенго, які крычаў яму ўслед:

— Храмоўнік, паганы сабака!.. Ганьба свайго ордэна… пусці зараз гэту дзяўчыну! Здраднік Буагільбер. Гэта я, Айвенго, табе загадваю… Агіднік! Ты заплоціш мне за гэта сваёю крывёю!

— Я-б, бадай, не знайшоў цябе, Уільфред, калі-б не пачуў твой голас, — сказаў Чорны Рыцар, уваходзячы ў пакой.

— Калі ты сапраўдны рыцар, — адказаў Уільфрэд, — не клапаціся пра мяне, а бяжы за тым злодзеем, выратуй лэдзі Равену… ахоўвай шляхетнага Седрыка!

— Усіх па парадку, — адказаў рыцар Вісячага замка, — але цяпер твая чарга.

Схапіўшы на рукі Айвенго, ён панёс яго гэтак-жа лёгка як храмоўнік панёс Рэвеку, дабег з ім да брамы, здаў з рук на рукі дваім іëменам, а сам кінуўся назад у замак выручаць астатніх палонных.

Адна вежа была ўся ахоплена полымем; агонь вырываўся з усіх яе вокан і бойніц. Але ў іншых частках замка таўшчыня сцен і скляпеністых столей яшчэ супраціўлялася дзейнасці агня, і тут разыгралася на прасторы чалавечая ярасць, не менш магутная і разбуральная, чым тая стыхійная сіла, якая панавала ў другім месцы. Абложнікі праследвалі абаронцаў замка з аднаго пакоя ў другі і задавольвалі тую помстную нянавісць, якую даўно наклікалі на сябе лютыя воіны барона Фрон дэ-Бёф. Большасць гарнізона абаранялася да апошніх сіл; нямногія прасілі літасці… ні аднаго не пашкадавалі.

Сярод гэтай мітусні і жаху Седрык бегаў па ўсяму замку, шукаючы Равену, а верны Гурт ішоў следам за ім. Саксонцу пашанцавала дасягнуць пакоя, дзе схавана была яго выхаванка. Седрык даручыў яе апецы Гурта, загадаўшы праводзіць да перадавое вежы, куды шлях быў ачышчаны ад ворагаў і не загароджаны пажарам. Скончыўшы з гэтай справай, Седрык паспяшыўся на выручку свайго сябра Атэльстана. Але раней чым ён дайшоў да старадаўняе залы, дзе спачатку сам трымаўся ў палоне, Атэльстан і так ужо выйшаў на волю, дзякуючы вынаходлівасці блазна Вамбы, якому ўдалося хітрасцю здабыць свабоду і сабе і свайму сатаварышу па зняволенні.

Калі шум і трэск былі ўсяго мацней і Вамба справядліва заключыў, што барацьба дасягнула свайго апагею, ён пачаў крычаць з усіх сіл: „Ура, наша ўзяло!“. Каб гэтыя крыкі былі больш страшныя, ён сцягнуў дзве ці тры штукі іржавага ўзбраення, што вісела ў розных кутах залы, і пачаў з грукатам удараць адно аб адно.

Вартавы, што стаяў у сумежным пакоі, які і без таго вельмі хваляваўся, спужаўся шуму, які ўчыніў Вамба і, адчыніўшы насцеж знадворныя дзверы, пабег далажыць храмоўніку, што вораг уварваўся ў замак і ў старой зале цяпер б’юцца. Палонныя без усякае перашкоды выйшлі ў каравулку, а адтуль прабраліся ў двор замка, дзе адбывалася апошняя сутычка.

Тут быў ганарлівы Буагільбер, верхам на кані, акружаны жменькаю конных і пешых абаронцаў замка, што згрупаваліся вакол правадыра, у надзеі пад яго кіраўніцтвам як-небудзь выратавацца адсюль. Пад’ёмны мост быў па яго распараджэнню спушчаны, але ўжо зняты абложнікамі. Стралкі, якія да гэтага часу стаялі перад сценамі замка з гэтага боку, з мэтаю ўсялякімі шыбальнымі знарадамі трывожыць гарнізон, як толькі ўбачылі пажар і заўважылі, што пад’ёмны мост спускаюць, хутка абступілі браму; мэта іх была, папершае, не выпускаць гарнізона з замка, а падругое, забяспечыць сабе долю здабычы, перш чым замак паспее згарэць.

У той-жа час частка абложнікаў толькі што пранікла ў двор і шалёна напала на ўцалеўшых абаронцаў, якія такім чынам мелі напад спераду і з тылу.

Натхнёныя роспаччу і падбадзёраныя прыкладам свайго правадыра, застаўшыяся воіны біліся з надзвычайнай мужнасцю; і хоць іх было нямнога, але яны былі так добра ўзброены, што некалькі разоў адціскалі напіраўшы на іх натоўп. Рэвека, пасаджаная на каня з адным з сарацінскіх нявольнікаў Буагільбера, была ў самай сярэдзіне яго маленькага атрада, і храмоўнік нават у распале сутычкі ўвесь час клапаціўся аб яе бяспецы. Ён штораз вяртаўся да яе, не думаючы аб уласнай абароне, трымаў перад ёю трохраговы вылажаны сталлю шчыт. Хвілінамі ён пакідаў яе, выскокваў уперад, выкрыкваў свой баявы покліч, звальваў на зямлю некалькіх перадавых байцоў з ліку нападаючых, і тойчас зноў станавіўся поруч з канём Рэвекі.

Атэльстан убачыў на кані жаночую фігуру, якую так зайздросна ахоўваў рыцар храма, і ўявіў, што гэта лэдзі Равена.

— Клянуся душою святога Эдуарда, — сказаў ён, — я яе адбяру ў гэтага ганарлівага рыцара, і ён памрэ ад мае рукі!

— Што вы робіце! — усклікнуў Вамба. — Пачакайце… спяшыць — толькі людзей смяшыць. Палезеш за рыбай, а зловіш жабу… упэўніваю вас, што гэта зусім не лэдзі Равена… вы паглядзіце, якія ў гэтай даўгія чорныя косы!.. Ну, калі вы не ўмееце адрозніваць чорнага ад белага, можаце самі распраўляцца, а я вам не слуга! Ды на вас і панцыра няма! Падумайце, хіба шоўкавая шапка вытрымае супроць сталёвага мяча? Ну, узяўся збан па ваду хадзіць, тут яму і галаву злажыць! „Мір вам“, адважны Атэльстан, — заключыў ён сваю прамову, выпусціўшы крысу каптана, за якую стараўся ўтрымаць саксонца.

Атэльстан мігам схапіў паліцу, якая ляжала на зямлі побач з паміраючым байцом, і, размахваючы ёю направа і налева, рынуўся да атрада храмоўніка, кожным ударам звальваючы з ног то таго, то другога з абаронцаў замка, што пры яго магутнай сіле, якая распальвалася раптоўным прыступам ярасці, было няцяжка; праз хвіліну, апынуўшыся за два крокі ад Буагільбера, ён моцна крыкнуў яму выклік:

— Вяртай назад, няверніцкі храмоўнік! Аддавай зараз-жа тую, якой ты не варты дакрануцца! Вяртай, гавораць табе, агідны член зладзейскай зграі разбойнікаў і ліцамераў!

— Сабака, — прагаварыў Буагільбер, заскрыгатаўшы зубамі. — Я цябе навучу зневажаць святы ордэн!

З гэтымі словамі ён павярнуў каня і, прымусіўшы яго стаць на дыбы, у тую-ж секунду ўзняўшыся на страмёнах і ў той момант, калі яго конь зноў апускаўся на пярэднія ногі, выкарыстаў сілу яго падзення і з размаху ўдарыў Атэльстана мячом па галаве.

Праўду казаў Вамба, што шоўкавая шапачка не абароніць ад сталёвага мяча. Зброя храмоўніка была навострана

з такой дасканаласцю, што рассекла, як трысцінку, тоўстую ручку паліцы, акутую жалезам, якую гарацешны саксонец падняў уверх, каб адбіць удар. Атэльстан упаў.

— Ага! — усклікнуў Буагільбер. — Вось як мы распраўляемся з тымі, хто блюзніць супроць рыцараў храма!

Карыстаючыся агульнай мітуснёй саксонцаў, якія былі сведкай падзення Атэльстана, Буагільбер крыкнуў:

— Хто хоча выратавацца, за мною! — і рынуўшыся цераз пад’ёмны мост, разагнаў стралкоў, якія спрабавалі спыніць яго. За ім паскакалі яго сараціны і чалавек пяць-шэсць воінаў, паспеўшых ускочыць на коняй. Адступленне храмоўніка было тым больш небяспечна, што цэлая хмара стрэл паімчалася ўздагон за ім і яго атрада. Але гэта не перашкодзіла яму імчацца вакол замка і пад’ехаць да перадавой вежы; ён меркаваў, што Морысу дэ-Брасі, можа ўдалося авалодаць ёю, згодна іх першапачатковага плана.

— Дэ-Брасі! — закрычаў ён. — Дэ-Брасі, ці тут ты?

— Тут, — абазваўся дэ-Брасі, — але я палонны.

— Магу я выручыць цябе? — прадаўжаў Буагільбер.

— Не, — адказаў дэ-Брасі, — я здаўся без агаворак і хочу стрымаць слова. Ратуйся сам… Сокал прыляцеў… Бяжы з Англіі за мора… Больш нічога не магу табе сказаць.

— Добра, — сказаў храмоўнік, — заставайся, калі хочаш, але памятай, што я стрымаў сваё слова. Якія сокалы ні прыляталі-б, думаю, што ад іх можна схавацца ў прэсепторыі Тэмпльстону; гэты прытулак надзейны, туды я і накіроўваюся, як чапля ў сваё гняздо.

Сказаўшы гэта, ён памчаўся далей, а за ім і яго дружына.

Пасля ад’езду храмоўніка, тыя з абаронцаў замка, якім не ўдалося ўскочыць на коняй, прадаўжалі шалёна біцца з абложнікамі, але хутчэй ад таго, што не чакалі літасці, а не таму, што спадзяваліся выратавацца. Агонь хутка распаўсюджваўся па ўсіх частках будынка. Раптам наверсе адной бакавой вежы з’явілася Ульрыка. Яе раскудлачавыя валасы даўгімі пасмамі развяваліся вакол непакрытай галавы. Яна размахвала ў паветры сваёй прасніцай.

Полымя ўзнялося да вячэрняга неба адным велізарным, чырвоным слупам, які быў відзен адусюль на далёкай адлегласці. Адна за другою рушыліся высокія вежы; палаючыя стрэхі і бэлькі ляцелі ўніз; байцам нельга было далей заставацца ў сценах замка і яны выбеглі з двара ў адкрытае поле. З пераможаных нямногія засталіся жывымі, разбегліся і схаваліся ў суседніх лясах. Пераможцы, сабраўшыся значнымі натоўпамі, са здзіўленнем і нават са страхам глядзелі на пажар, водблескі якога афарбоўвалі пурпуровым колерам іх саміх і іх зброю. Апантаная фігура саксонкі Ульрыкі яшчэ доўга віднелася наверсе выбранага ёю п’едестала; яна з лямантам дзікай урачыстасці ўзмахвала рукамі. Урэшце і гэта вежа з жахлівым трэскам рухнула, і Ульрыка загінула ў полымі, якое знішчыла яе ворага і тырана. Жах скаваў языкі ўсіх узброеных байцоў, сведкаў гэтага відовішча, і ў працягу некалькіх хвілін ніхто не крануўся. Потым пачуўся голас Локслі.

— Радуйцеся, іëмены, гняздо тырана разбурана… Цягніце ўсю здабычу на зборнае месца да Запаветнага Дуба, што каля Крутога Спуска; я там буду на світанні, і мы чэсна падзелім дабро паміж нашымі дружынамі, ды падзелімся і з паважанымі саюзнікамі, якія дапамагалі выканаць гэту вялікую справу.