Раздзел XXXI Айвенго. Раздзел XXXII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXXIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXXII

РАНІШНЯЕ сонца асвятліла прагаліны дубовага лесу. Зялёныя галіны заблішчэлі дыямэнтамі рос. Лань вывела дзіцянё з гушчару высокай папараці на адкрытую палянку, і не было блізка ніводнага паляўнічага, каб высачыць стройнага аленя, які чуйным поступам хадзіў на чале свайго рагатага статка.

Лясная вольніца сабралася вакол Запаветнага Дуба, на зборным месцы каля Крутога Спуска, дзе правяла ноч, адпачываючы пасля ўчарайшай аблогі; адны падмацоўвалі свае сілы віном, другія проста спалі, а шмат хто слухаў або сам расказваў розныя здарэнні баявога дня, або лічылі дабро, сабранае імі сюды і адданае ў распараджэнне іх галоўнага начальніка.

Здабыча была вельмі значная. Не гледзячы на тое, што шмат што згарэла ў час пажару, адважныя малайцы ўсё-такі набралі шмат срэбнай пасуды, багатай зброі і раскошнай адзежы. Аднак яны падначальваліся ўнутры сваёй арганізацыі такім строгім законам, што ніхто і не спрабаваў самавольна прысвоіць сабе хоць бы самую малую частку здабычы, зваленай у адну кучу і адданай у распараджэнне правадыра.

Месца зборышча было ўкрыта вельмі старым дубам; але гэта было не тое дрэва, да якога Локслі прыводзіў Гурта і Вамбу: гэты Запаветны Дуб стаяў сярод лясной лагчыны, у адлегласці поўмілі ад разбуранага замка Торкільстона. Локслі заняў сваё месца — дзярновую лаву, складзеную пад густым пераблытаным галлём велізарнага дуба, а салдаты яго „лясной арміі“ стоўпіліся вакол. Ён папрасіў Чорнага Рыцара сесці побач з ім па правую руку, а з левага боку пасадзіў Седрыка.

— Прабачце маю смеласць, дарагія госці, — сказаў ён, — але ў гэтых нетрах я адзін валадар, гэта маё царства; і на маіх адважных васалаў зрабіла-б дрэннае ўражанне, калі-б я ўздумаў у межах сваіх валоданняў каму-б там не было ўступіць сваё месца. Але дзе-ж наш капелан? Куды дзеўся куцы манах?

Выявілася, што ніхто не бачыў алтарніка з Копмангерста.

— Што гэта? — сказаў Локслі. — Спадзяюся, што наш вясёлы поп толькі таму знік, што крыху пераседзеў, гутарачы з бутэлькаю віна. Хто яго бачыў пасля таго, як мы ўзялі замак?

— Я, — адказаў Мельнік. — Я бачыў, як ён вазіўся каля адных дзвярэй падвала і кляўся ўсімі святымі, што паспрабуе, якія ў барона Фрон дэ-Бёф былі гасконскія віны.

— Ну, — прагаварыў капітан, — ніякія святыя, колькі іх ні ёсць, не абароняць яго ад спакусы так налізацца, каб загінуць пад руінамі замка! Мельнік, ідзі туды, вазьмі з сабою дастатковую колькасць людзей, ідзі ў тое месца, дзе ты яго заўважыў у апошні раз, накачайце вады з рова, аблейце гарачае каменне… Я гатоў разабраць усе руіны па каменьчыку, толькі-б не страціць майго куцага манаха!

І столькі народу той-жа час пайшло выконваць даручэнне, што, калі ўзяць пад увагу цікавасць дзяльбы здабычы, трэ’ было заключыць, што таварышы вельмі шчыра прымалі да сэрца знікненне свайго манаха…

— А мы тымчасам прыступім да справы, — сказаў Локслі. — Як толькі пройдзе чутка аб нашым смелым учынку, атрады дэ-Брасі, Мальвуазена і іншых саюзнікаў барона Фрон дэ-Бëф пачнуць нас шукаць, і нам лепш хутчэй выбрацца з тутэйшых месц. Шляхетны Седрык, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да саксонца, — здабыча падзелена, як бачыш, на дзве кучы, выбірай, што табе лепш спадабаецца, і раздай дабро тваім слугам, удзельнікам нашага агульнага прадпрыемства.

— Добры іëмен, — сказаў Седрык, — сэрца маё вельмі засмучана. Няма больш Атэльстана Конінгбургскага!.. З ім загінулі такія надзеі, якім ніколі больш не збыцца! Яго кроў патушыла такую іскру, якую больш не раздзьмуць! Мае слугі, за выключэннем толькі нямногіх, што знаходзяцца тут пры мне, толькі і чакаюць, каб перавезці яго астанкі да іх апошняга жылля. Лэдзі Равена пажадала вярнуцца ў Ротэрвуд, і трэба праводзіць яе з дастатковым атрадам узброенай прыслугі. Так што мне ужо трэба было-б адбыць з гэтых месц, але я чакаў не здабычы, не, ні я, ніхто з маіх людзей не дакранецца да яе… але я чакаў толькі выпадку выказаць маю ўдзячнасць табе і тваім харобрым таварышам за захаванне майго жыцця і гонару.

— Як-жа так, — сказаў правадыр, — мы выканалі сама больш толькі палову справы; вазьмі-ж са здабычы хоць тое, чым узнагародзіць тваіх суседзяў і прыхільнікаў.

— Узнагародзіць іх я магу і сваім дабром, — адказаў Седрык, — я досыць багаты для гэтага.

— А іншыя, — сказаў Вамба, — былі настолькі разумныя, што самі сябе ўзнагародзілі. Не з пустымі рукамі пайшлі! Не ўсе-ж ходзяць у дурных каптурах.

— І добра зрабілі, — сказаў Локслі, — нашы статуты абавязковы толькі для нас саміх.

— А ты мой небарака, — сказаў Седрык, павярнуўшыся і абняўшы свайго блазна, — як узнагародзіць мне цябе? Усе мяне кінулі, адзін ты застаўся сябром да канца!

Слёзы павіслі на расніцах суровага тана. Ён не быў так расчулены нават у тую хвіліну, калі ўпаў Атэльстан.

— Што-ж гэта будзе! — сказаў блазен, вырываючыся з абдымкаў свайго гаспадара; — калі ты станеш плаціць за паслугі толькі салёнаю вадою з вачэй, то як-бы і я не расплакаўся!.. А тады як буду я выконваць свае абавязкі? Слухай, дзядзечка, калі на самай справе хочаш зрабіць мне прыемнасць, даруй, будзь ласкавы, майго прыяцеля Гурта за тое, што ён украў адзін тыдзень свайго часу і прысвяціў яго на службу твайму сыну.

— Дараваць яго! — усклікнуў Седрык. — Не толькі дарую, але і моцна ўзнагароджу яго! Гурт, станавіся на калені!

Свінапас уміг апынуўся каля ног свайго гаспадара.

— Ты больш не раб і не нявольнік, — прагаварыў Седрык, дакрануўшыся да яго посахам, — з гэтага часу ты вольны чалавек і можаш жыць у гарадах і па-за гарадамі, у лясах і ў чыстым полі. Дарую табе ўчастак зямлі ў маёй Вальбургемскай вотчыне, прымі яго ад мяне і маёй сям’і ў карысць тваю і сваёй сям’і, з гэтага часу і назаўсёды!

Не раб, не нявольнік, а вольны чалавек і землеўладар!.. Гурт ускочыў на ногі і двойчы падскочыў на вышыню амаль свайго росту ад зямлі.

— Каваля-б мне… пілу, — закрычаў ён, — хутчэй зняць нашыйнік з вольнага чалавека! Шляхетны пан мой, ваш шчодры падарунак падвоіў мае сілы, і я ад гэтага часу буду ўдвойчы больш паспяхова біцца! Адчуваю вольную душу ў сваіх грудзях! Зусім іншы чалавек стаў, і для сябе, і для іншых… Ах, Фангс, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да сабакі, які, заўважыўшы настрой свайго гаспадара, пачаў падскокваць побач з ім, — дык ты прызнаеш свайго гаспадара?

— Як-жа, — сказаў Вамба, — мы з Фангсам усё яшчэ цябе прызнаем, Гурт, дарма, што самі не пазбавіліся ад нашыйніка, абы ты не забываў нас цяпер, ды і сам не вельмі-б забыўся.

— Хутчэй я сам сябе забуду, чым цябе, мой сапраўдны сябра і таварыш, — адказаў Гурт.

Пачуўся тупат коняй і з’явілася лэдзі Равена разам з некалькімі коннікамі і вялікім атрадам пешай прыслугі. Яны весела махалі сваімі пікамі і стукалі ў алебарды. Сама яна зусім авалодала сабою; толькі незвычайная бледнасць яе твара напамінала аб перанесеных ёю пакутах. Яе твар быў сумны, але адлюстроўваў як-бы зноў абуджаныя надзеі на будучае і разуменне пазбаўлення ад мінулых пакут… яна ведала, што Айвенго жывы, і што Атэльстан памёр. Выратаванне Айвенго напаўняла яе сэрца шчырым захапленнем.

Калі Равена накіравала свайго каня да таго месца, дзе сядзеў Локслі, адважны іëмен і ўсе яго таварышы ўсталі і пайшлі ёй насустрач. Шчокі яе афарбаваліся румянцам, яна прывітала іх і, нахіліўшыся так нізка, што яе пышныя распушчаныя косы на хвіліну змяшаліся з грываю каня, у нямногіх словах выказала сваю ўдзячнасць і разуменне таго, чым яна абавязана самому Локслі і ўсім яго таварышам.

— Хто з вас будзе галодны, — сказала яна ў заключэнне, — памятайце, што ў Равены ёсць чым накарміць вас; для тых, у каго будзе смага, у яе назапашана віно і піва; а калі-б нармандцы выціснулі вас з тутэйшых месц, ведайце, што ў Равены ёсць свае лясныя ўгоддзі, дзе яе выратоўнікі могуць гуляць, колькі яны захочуць, і ні адзін вартаўнік не пасмее пытацца, чыя страла падстраліла аленя.

— Дзякую, шляхетная лэдзі, — адказаў Локслі, — дзякую за сябе і за таварышоў.

Равена яшчэ раз нізка пакланілася і павярнула каня, але не ад’ехала, чакаючы, пакуль Седрык, які павінен быў ехаць разам з ёю, развітваўся з Локслі і яго таварышамі; але тут зусім нечакана яна апынулася твар у твар з палонным дэ-Брасі. Той стаяў пад дрэвам у глыбокім задуменні, злажыўшы на грудзях рукі, і Равена спадзявалася, што ён не заўважыць, як яна праскочыць міма. Але ён узняў галаву і, убачыўшы яе, здрыгануўся, і чырвань сораму заліла яго твар. З хвіліну ён стаяў у нерашучасці, потым ступіў уперад, узяў яе каня за вуздечку і апусціўся на калені.

— Ці паглядзіць лэдзі Равена хоць адзін раз… на абняслаўленага воіна?

— Сэр рыцар, — адказала Равена, — у падобным вашаму учынку сапраўдная ганьба заключаецца ў поспеху, а не ў няўдачы.

— Пусці вуздэчку… не трымай каня гэтай дамы! — сказаў Седрык, падыходзячы. — Клянуся ясным сонцам, каб не сорам было, я б прыгваздзіў цябе да зямлі маім дроцікам… Але будзь упэўнены, Морыс дэ-Брасі, што ты яшчэ адкажаш мне за свой удзел у гэтай агіднай справе.

— Палоннаму пагражаць лёгка! — сказаў дэ-Брасі. — Аднак, якой-жа далікатнасці можна чакаць ад саксонца!

Ён адступіў на два крокі і прапусціў Равену ўперад.

Перад ад’ездам Седрык горача дзякаваў Чорнаму Рыцару і вельмі запрашаў яго з сабою ў Ротэрвуд.

— Я ведаю, — гаварыў ён, — што вы, вандроўныя рыцары, любіце лётаць па свету, усё сваё багацце вы бачыце ў спраўнасці свае зброі, а зялёных угоддзяў і іншай маёмасці зусім не цэніце. Але шчасце вайны нясталае; часам захочацца свайго цёплага кута нават і таму, хто ўсё жыццё ваяваў ды вандраваў. Ты сабе зарабіў такі цёплы кут у Ротэрвудзе, шляхетны рыцар. Седрык усё, што мае, з радасцю прапануе табе. Таму прыязджай у Ротэрвуд і будзь там не госцем, а як сын ці брат.

— Я і так шмат набыў ад знаёмства з Седрыкам, — адказаў рыцар, — ён навучыў мяне цаніць саксонскую дабрачыннасць. Я прыеду у Ротэрвуд, чэсны саксонец, хутка прыеду; але ў сучасны момант неадкладныя і важныя справы перашкаджаюць мне пакарыстацца тваім запрашэннем. Можа здарыцца, што, калі я прыеду да вас, я папрашу такой узнагароды, што нават і ты задумаешся, дарма, што такі шчодры і вялікадушны!

Зараней на ўсё згодзен! — адказаў Седрык, з гатоўнасцю ляснуў далонню ў працягнутую яму ў жалезнай пальчатцы руку. — Бяры, што хочаш, хоць-бы палову ўсяго, што я маю.

— Ну, глядзі, не раздавай сваіх абавязкаў з такою лёгкасцю, — сказаў рыцар Вісячага замка, — я, аднак, усё-такі спадзяюся атрымаць жаданую ўзнагароду. А покуль бывай!

— Я яшчэ павінен папярэдзіць цябе, — дадаў саксонец, — што покуль адбудзецца пахаванне Атэльстана, жыць буду я ў яго замку Конінгсбургу. Залы замка будуць увесь час адчынены для ўсякага, хто жадае прыняць удзел у пахавальнай трызне, і, гаворачы ад імя шляхетнай Эдзіты, мацеры пакойнага тана, магу цябе запэўніць, што дзверы гэтага замка заўсёды будуць адкрыты для таго, хто так мужна, хоць і беспаспяхова, папрацаваў дзеля вызвалення Атэльстана ад нармандскіх кайданаў і ад нармандскага мяча.

— Так, так, — загаварыў Вамба, які заняў сваё звычайнае месца каля гаспадара, — будзе там велічэзнае кармленне… Шкада, што шляхетнаму Атэльстану нельга паесці на сваіх уласных хаўтурах. Але, мабыць, — дадаў блазен, сур’ёзна ўзняўшы вочы да неба, — ён цяпер вячэрае ў раі і, пэўна, есць з апетытам.

— Перастань і едзь наперад, — лагодна сказаў Седрык, хоць і быў нездаволены нясвоечасовым жартам. Равена паслала рукою прывітанне Чорнаму Рыцару. Саксонец пажадаў яму шчаслівай дарогі, і яны накіраваліся сваім шляхам удоўж шырокай лясной палянкі.

Толькі яны ад’ехалі, як з-пад навеса дубовага галля паказалася другая працэсія і, абагнуўшы ўскраіну лесу, накіравалася следам за Седрыкам, Равенай і іх дружынай. Гэта былі манахі суседняга манастыра, якіх прыцягнула паведамленне, што Седрык абяцаў багатыя афяраванні на „памінкі душы“; яны пайшлі за насілкамі, на якія паложана было цела Атэльстана, і пелі псалмы, покуль васалы пакойніка павольна неслі яго на плячах у замак Конінгсбург, дзе павінны былі палажыць яго ў радавітую магілу. Яшчэ раз лясныя дружыннікі ўсталі ўсе разам, пасвойму ўшанавалі памёршага… Ціхае пяянне і мерны ход манахаў напомніў ім раптам ратных сатаварышоў, якія забіты напярэдадні ў часе бойкі.

Але іх сумны настрой прадаўжаўся нядоўга, і не паспелі згубіцца ўдалечыні апошнія адгалоскі хаўтурных спеваў, як стралкі ўзяліся зноў за дзяльбу здабычы.

— Харобры рыцар, — сказаў Локслі Чорнаму Рыцару, — без вашай адважнай дапамогі і магутнай рукі не маглі-б мы з такім поспехам выканаць сваё прадпрыемства, а таму ці не выбераце вы з кучы дабра, што вам спадабаецца, на ўспамін аб гэтай палянцы і аб маім Запаветным Дубе?

— Прымаю вашу прапанову гэтак-жа шчыра, як вы яе зрабілі, — сказаў рыцар, — прашу вас аддаць у маё распараджэнне сэра Морыса дэ-Брасі.

— Ён і так твой, — сказаў Локслі, — гэта для яго вялікае шчасце! Інакш вісець-бы яму на самай верхняй галіне гэтага дуба, а для кампаніі мы злавілі-б як можна больш яго таварышоў і ўпрыгожылі-б імі ўсё дрэва вакол яго, як жалудамі!.. Але ён твой палонны, і таму я яго не крану, хоць-бы ён зарэзаў майго родната бацьку.

— Дэ-Брасі, — сказаў Чорны Рыцар, — ты вольны… ідзі! Той, каму ты папаўся у палон, грабае помсціцца за мінулае. Але ўперад будзь асцярожны, сцеражыся, як-бы не здарыўся табе горшы лёс… Я табе гавару, Морыс дэ-Брасі, сцеражыся!

Дэ-Брасі моўчкі нізка пакланіўся.

Чорны Рыцар схапіў за повад аднаго з асядланых коняй, што выведзены былі з канюшняў барона Фрон дэ-Бёф і складалі адзін з каштоўных частак здабычы. Дэ-Брасі мігам ускочыў на каня і паімчаўся ў лес.

Правадыр лясной вольніцы зняў з свае шыі дарагі рог і перавязь, якія нядаўна дасталіся яму на спаборніцтве стралкоў у Ашбі.

— Сябра рыцар, — сказаў ён Чорнаму Рыцару, — калі не грэбуеш прыняць у падарунак паляўнічы рог, які пабыў ва ўжытку ў англійскага іëмена, прашу вас насіць вось гэта на ўспамін аб мужных вашых справах сярод нас. А калі вы маеце які-небудзь намер і калі, як нярэдка здараецца з рыцарамі, спатрэбіцца вам таварыская дапамога ва ўсёй прасторы лясоў між Трэнтам і Тысам, вы толькі пратрубіце ў гэты рог тры слоўцы… вось так: „Уа-за-хо-о!“ і зусім магчыма, што з’явіцца вам і выручка і падмога!

Тут ён дзьмухнуў у рог і некалькі разоў узапар пратрубіў сігнал, покуль рыцар не завучыў яго напамяць.

— Вялікае дзякуй за падарунак, адважны іëмен, — сказаў рыцар, — лепшых памочнікаў, чым ты і твае таварышы, я і шукаць не буду, калі прыдзецца туга.

Ён узяў рог і ў сваю чаргу затрубіў той-жа сігнал, так што па ўсяму лесу пайшлі адгалоскі.

— Слаўна ты трубіш і вельмі ў цябе чыста атрымліваецца, — сказаў іёмен. — Праваліцца мне на гэтым месцы, калі ты не такі-ж добры паляўнічы, як ратны воін. Б’юся аб заклад, што і ты на сваім вяку перастраляў досыць дзічыны!.. Таварышы, добра запамятайце гэты заклік: ён будзе сігналам рыцара Вісячага Замка; і хто яго пачуе, ды не паспяшаецца да яго на падмогу, таго я загадаю гнаць вон з нашай вольніцы цецівою ад яго ўласнага лука.

— Многія леты нашаму правадыру, — закрычалі іёмены. — Няхай жыве Чорны Рыцар Вісячага Замка! Добра-б хутчэй пачуць яго заклік, каб даказаць, як мы рады служыць яму.

Урэшце Локслі ўзяўся за дзяльбу здабычы і выканаў гэты абавязак з поўнай бесстароннасцю. Дзесятую долю ўсяго дабра адлічылі на дабрачынныя справы, яшчэ адну частку пакінулі на нешта падобнае агульнай касы; другую частку на долю ўдоў і сірат забітых. Астатняе падзялілі між усімі членамі вольніцы, згодна іх заслугам. Ва ўсіх спрэчных выпадках начальнік выказваў сваё цвёрдае рашэнне, і яму падначальваліся бясспрэчна. Чорны Рыцар толькі дзівіўся таму, як гэтыя людзі, што стаяць па-за законам, змаглі ўстанавіць у сваім асяроддзі такі справядлівы і дакладны парадак. Ён уважліва сачыў увесь час за іх правадыром, і ўсё, што бачыў і чуў, толькі падцвярджала яго высокую думку аб розуме і бесстароннасці адважнага іëмена.

Калі кожны ўзяў сваю частку здабычы, а скарбнік з чатырма рослымі іëменамі перацягнулі частку, што была прызначана ў агульны скарб, у нейкае патаемнае месца, усё дабро, адлічанае на дабрачынную справу, так і засталося някранутым.

— Хацелася-б мне даведацца, — сказаў Локслі, — што здарылася з нашым вясёлым капеланам. Раней ніколі не было так, каб ён адлучаўся, калі трэба дзяліць здабычу, а цяпер яго просты абавязак распарадзіцца дзесятаю доляю барышоў з нашага паспяховага мерапрыемства. Акрамя таго, ёсць у мяне тут блізка палонны, таксама духоўнага звання, дык мне хацелася-б, каб наш манах дапамог мне з ім абысціся, як трэба… Толькі баюся, што не відаць нам больш нашага весельчака.

— Я-б шчыра пашкадаваў аб гэтым, — сказаў Чорны Рыцар, — я ў яго ў даўгу за яго добрую гасціннасць і за вясёлую ноч, праведзеную ў яго келлі. Пойдзем назад, да руін замка; можа там што-небудзь і даведаемся пра яго.

Як толькі ён прагаварыў гэтыя словы, як галосныя выкрыкі іëменаў паведамілі набліжэнне таго, аб кім яны непакоіліся. Яшчэ задоўга да таго, як яны ўбачылі здаравеннага пустэльніка, здалёк чуцен быў яго асілкавы голас.

— Раступіцеся, хлопчыкі! — крычаў ён. — Шырэй дарогу вашаму духоўнаму айцу і яго палоннаму. А ну, яшчэ раз вітайце мацней!.. А я, мой шляхетны правадыр, іду як арол са здабычаю ў кіпцюрах!

Ён праціснуўся праз натоўп, пад агульны рогат махаючы сваім цяжкім бердышам. За ім баязліва ішоў стары Ісаак з Іёрка. Гаротны яўрэй, згорблены горам і жахам, ледзь ішоў за пераможным манахам, які крычаў:

— Дзе-ж Ален-менестрэль, каб апяяць мае баявыя ўчынкі ў баладзе або хоць прыказку стварыць? Гэты шут гарохавы заўсёды блытаецца ля ног, калі яму няма чаго рабіць; а вось як толькі даюць яму багатую тэму для праслаўлення адвагі, яго і няма нідзе!

— Куцы манах, — сказаў капітан, — ты, здаецца, з самае раніцы прамачыў сабе горла? Скажы, калі ласка, каго гэта ты вядзеш за сабою?

— Уласным кап’ём і мячом здабыў сабе палоннага, шляхетны капітан, — адказаў алтарнік з Копмангерста, — ці лепш сказаць лукам і алебардай.

— Добрыя людзі! — усклікнуў стары, — пазбаўце вы мяне ад гэтага вар’ята… ці-бо, я хацеў сказаць, ад гэтага святога чалавека!

— Слухай, шалёны манах, — крыкнуў Локслі. — Раскажы, дзе і як ты знайшоў свайго палоннага?

— Клянуся святым Дунстанам, — загаварыў пустэльнік, — знайшоў я ў такім месцы, дзе думаў пашукаць тавару лепшага за яго. Я спусціўся перш усяго ў падвалы, паглядзець, ці нельга чаго выратаваць з тамтэйшых запасаў, таму што, хоць і праўда, што шклянка гарачага віна, згатаванага са спецыямі, сапраўдны нектар і любому чалавеку павабна яго выпіць на сон, аднак навошта-ж адразу гатаваць у такой вялікай колькасці?.. Вось ухапіў я адну бочку іспанскага віна і пайшоў клікаць на дапамогу больш народу… але дзе-ж знойдзеш гэтых агіднікаў? Вядома, што яны заўсёды забрыдуць куды-небудзь, калі ёсць на ўвазе зрабіць добрую справу… Азіраюся навакол і раптам заўважваю ў сярэдзіне падвала моцныя патайныя дзверы… Ага, думаю сабе, вось значыцца дзе самыя адборныя гатункі… яны ў асобным патаемніку… Добра. А нягоднік буфетчык, напэўна, патрывожаны ў сваіх занятках, пайшоў, забыўшы ўзяць ключ. Я пакруціу ключ, увайшоў у патаемнік, а там ані нічога такога няма; толькі іржавыя ланцугі валяюцца, ды яшчэ вось гэты стары, які адразу і здаўся мне ў палон безумоўна. Я ледзь паспеў прапусціць адну шкляначку віна для падмацавання сіл пасля калатнечы з ворагам і збіраўся разам з палонным вылазіць з падвала, як раптам пачуўся страшэнны трэск, шум і гуд, быццам ад грому з маланкай… Гата рухнула адна з крайніх веж… д’ябал бы забраў таго, хто яе так дрэнна збудаваў!.. І абломкі завалілі наглуха выхад з нашага падвала… Пасля таго адна за другой пачалі рушыцца і іншыя вежы, і пайшоў такі грукат, што я думаў, не жыць мне больш на свеце! Вось Джыльберт і Вібальд сведкі… яны скажуць, у якім стане мяне знайшлі… зусім як ёсць знямог.

— Як-жа, — сказаў Джыльберт, — мы і сапраўды сведкі. Калі мы адгрэблі смяццё і адшукалі ход у падвалы, бочачка з віном аказалася напалову пустая, стары яўрэй поўмёртвы, а манах больш чым на палову… зняможаны, як ён гаворыць.

— Вось і брэшаш, нягоднік! — засупярэчыў манах. — Гэта ты са сваімі таварышамі разласаваўся і выпіў усю бочачку, быццам, што гэта ваша ранішняя порцыя; а я… будзь я ерэтык, калі не шчадзіў гэта вінцо для самога капітана. Але гэта не бяда! А седзячы ў цямніцы, я навучыў свайго палоннага правілам і канонам і ён разумеў усё, што я яму гаварыў, амаль гэтак-жа добра, як я сам… калі не лепш.

— Злітуйцеся нада мною, шаноўны пан, — засупярэчыў стары, — я нават ні слоўца не расчуў з усяго, што шаноўны прэлат гаварыў мне ў працягу гэтай жахлівай ночы.

— Як? — закрычаў манах. — Я табе напомню толькі адно слоўца з усяе нашае гутаркі: памятаеш, як ты абяцаў аддаць усё сваё багацце нашаму ордэну?

— Ніколі мае вусны не гаварылі падобных слоў.

— Не, — падхапіў пустэльнік, — калі ты аднекваешся ад абяцання, якое даў у карысць ордэна, ты падлягаеш самай строгай кары.

Сказаўшы гэта, ён падняў алебарду і намерваўся рукаяткаю ўдарыць старога, але Чорны Рыцар уступіўся ў гэту справу і ўтрымаў манаха за руку, чым выклікаў выбух гневу супроць сябе.

— Клянуся святым Фамою з Кента, — закрычаў алтарнік, — калі я вазьмуся біцца, я цябе навучу соўгацца не ў сваю справу, сэр Гультай, не пагляджу, што ты захаваўся ў цэлую жалезную скрынку!

— Ну, ну, — сказаў рыцар, — завошта-ж на мяне гневацца, ты-ж ведаеш, што я табе заўжды сябра і прыяцель.

— Нічога гэтага я не ведаю, — адказаў манах, — а хочу з табою біцца, таму што ты балбатун і нахабнік.

— Як-жа так, — засупярэчыў рыцар, якому, відаць, падабалася падражніваць свайго нядаўняга сябра, — няўжо ты забыўся, што дзеля мяне (я не хочу ўспамінаць аб спакусе ў выглядзе віннай пляшкі і пірага) ты добраахвотна парушыў свой зарок устрымання і малітвы?

— Ці ведаеш, сябра, — прагаварыў пустэльнік, сціскаючы свой здаравенны кулак, — я не ўтрымаюся і лупану цябе па вуху.

— Такіх падарункаў я не прымаю, — сказаў рыцар, — а памяняцца з табою згодзен; калі ласка, толькі я табе адплачу з процантамі.

— А вось зараз убачым, — сказаў манах.

— Пачакай, — закрычаў капітан, — што ты гэта ўздумаў, шалёны манах? Сварыцца пад нашым Запаветным Дубам?

— Гэта не сварка, — супакойваў яго рыцар, — а проста сяброўскі абмен ласкавасцямі. Ну, манах, удар, як умееш; я ўтрымаюся на месцы; паглядзім, ці ўтрымаешся ты.

— Табе добра гаварыць, маючы на галаве гэты жалезны гаршок, — сказаў манах, — але ўсёроўна, я цябе павалю з ног!

Пустэльнік агаліў сваю смуглую руку па самы локаць і з усяе сілы ўдарыў рыцара кулаком па вуху. Ад такой аплявухі мог-бы паваліцца здарваенны бык, але праціўнік яго і не варухнуўся. Моцны крык пахвальбы вырваўся з вуснаў іëменаў, якія стаялі навакол: кулак алтарніка ўвайшоў у пагаворку паміж імі, і большасць на сабе паспрабавала яго магутнасць, хто жартам, а хто і ў сур’ёзных выпадках.

— Бачыш манах, — сказаў рыцар, — здымаючы сваю жалезную пальчатку, — хоць на галаве ў мяне і было прыкрыцце, але на руцэ нічога не будзе. Станавіся-ж мацней!

— Падстаўлю шчаку маю ўдараючаму, — сказаў манах, — і наперад кажу, хлапчына, калі ты скранеш мяне з гэтага месца, я табе дарую выкуп з яўрэя цалкам!

Здаравенны поп стаў у гордую і выклікаючую постаць. Але ад лёсу не ўцячэш! Аплявуха, якую даў яму рыцар, была ўлеплена з такім стараннем і сілай, што манах кулём паляцеў на зямлю, на вялікае здзіўленне ўсіх гледачоў. Аднак, ён устаў і, не выказваючы ані гневу, ні суму, сказаў:

— Ведаеш, братка, ты-б крыху пасцярогся, маючы такую сілу. Як-жа я буду цяпер служыць імшу, калі ты мне сківіцу зламаў? І на дудцы-ж нельга іграць, не маючы ніжніх зубоў. Аднак, вось табе мая рука ў доказ непарушнай прыязні, а мяняцца з табою аплявухамі я больш не буду, таму што мне гэта нявыгадна. Значыцца, канец усякай няпрыязні…

— А манах-то наш добранькі стаў з таго часу, як атрымаў аплявуху, — сказаў Клеменцій…

— Адкасніся, абібок! Што ж гэта, урэшце, ніякай павагі да сябе я не бачу! Усе сталі гаспадарамі, а слуг нима? Я табе гавару, хлапчына, дакладна, што я крыху не цвёрды быў на нагах, калі добры рыцар мяне ўдарыў… а то-б я, канечна, утрымаўся на месцы. Калі-ж ты хочаш яшчэ пагаварыць наконт гэтага, дык давай я табе пакажу, як умею іншых з ног збіваць.

— Годзе вам, кіньце! — сказаў капітан. — А ты, Ісаак, падумай, ці шмат ты можаш даць за сябе выкупу, а я покуль займуся допытам другога палоннага, зусім іншага гатунку.

— А ці шмат забрана людзей барона Фрон дэ-Бёф? — запытаў Чорны Рыцар.

— Ні аднаго такога, каб мог даць за сябе выкуп, — адказаў капітан, — было некалькі баязлівых нягоднікаў, ды мы іх адпусцілі на волю, няхай шукаюць сабе іншых гаспадароў… Для помсты і дзеля выгады было і так шмат зроблена, а гэта жменька народу і ўся не варта мядзянага гроша. Той палонны, пра якога я казаў, будзе куды лепш; гэта распусны манах, які ехаў у госці да свае каханкі, мяркуючы паводле яго франтаватага адзення і ўбранства яго каня… Ды вось і ён, пра воўка прамоўка, а воўк і тут. Шаноўны прэлат ідзе так жвава і бадзёра, быццам сарока!

Двое іёменаў прывялі пад рукі і паставілі перад начальнікам лясной вольніцы прыёра Эймера з абацтва Жарво.