Раздзел XXXII Айвенго. Раздзел XXXIII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXXIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХХIII

РЫСЫ твара і постаць палоннага абата паказвалі на дзіўную помесь пакрыўджанай гордасці, зухаватасці і жывёльнага страху.

— Што гэта значыць, панове? — загаварыў ён такім тонам, у якім былі ўсе тры гэтыя адзнакі разам. — Што за парадкі ў вас, скажыце на ласку? Як вы абыходзіцеся з духоўнай асобай? Ці ведаеце вы, што значыць „не накладай рукі на служку бога“. Вы абрабавалі мае скрыні, разарвалі мне карункавы каўнер надзвычай тонкай работы, які-б і кардыналу згадзіўся-б! Іншы на маім месцы проста адлучыў бы вас ад царквы, але я не злапомны, і калі вы зараз загадаеце даць маіх коняй, адпусціце маю брацію і звернеце цэлымі мае пакункі, заплоціце сотню крон за заказаную імшу ля алтара ў абацтве Жарво, ды дасцë зарок не есці дзічыны да будучай сёмухі, тады, можа, я змаўчу пра гэты бязглузды ўчынак і пра яго гаварыць больш не буду.

— Вялебны айцец, — сказаў з усмешкай капітан, — мне прыкра думаць, што хто-небудзь з маіх сатаварышоў мог так абысціся з вамі, каб выклікаць з вашага боку такі бацькоўскі наказ.

— Якое там абыходжанне! — засупярэчыў абат, падбадзёраны мяккаю прамоваю правадыра. — Так нельга абыходзіцца і з заводскім сабакам, не толькі з духоўнай асобай… а галоўнае, з прыёрам манахаўскага ордэна ў Жарво! Быў тут, напрыклад, нейкі п’яны менестрэль па прозвішчу Ален з Лагчыны (цёмная асоба!)… дык ён пагражаў мне цялеснай карай і нават смерцю, калі я не заплачу чатырохсот крон выкупу, акрамя ўсяго, што ён у мяне нарабаваў, а там было адных залатых ланцужкоў і пярсцёнкаў з самацветамі на незлічоную суму… ды, акрамя таго, паламалі і папсавалі сваімі няўмелымі рукамі шмат каштоўных штучак, як: скрыначку з парфумай, срэбныя шчыпчыкі для завіўкі валос…

— Ці можа быць, каб Ален з Лагчыны абышоўся так груба з асобаю вашага духоўнага звання? — зноў іранічна запытаў капітан.

— Усё гэта шчырая праўда, такая-ж ісціна, як евангелле ад святога Нікадыма, — адказаў прыёр, — і пры гэтым ён лаяўся на сваёй грубой паўночнай гутарцы і кляўся павесіць мяне на самым высокім дрэве ў гэтым лесе.

— Ды няўжо кляўся?.. У такім разе, вялебны айцец, на маю думку, вам трэба задаволіць яго патрабаванне… Таму што, бачыце, Ален з Лагчыны такі чалавек, што калі раз сказаў, дык абавязкова стрымае сваё слова.

— Вы ўсё жартуеце, — сказаў збянтэжаны прыёр з напускным смехам. — Я і сам вялікі ахвотнік да трапнага жарту. Аднак, ха-ха-ха, гэтыя жарты цягнуліся ўжо цэлую ноч навылёт, так што раніцою час ужо спыніць іх.

— Ды я ніколькі не жартую, — сказаў Локслі, — я цяпер такі-ж сур’ёзны, як манах у спавядальні. Вам прыдзецца заплаціць значны выкуп, сэр прыёр, інакш вашай браці трэба будзе выбраць сабе новага настаяцеля, таму што вы ўжо не вернецеся да свае паствы.

— Ды як-жа вы можаце гаварыць так, звяртаючыся да духоўнай асобы? — сказаў прыёр.

— Паклічце нашага вясёлага папа, — загадаў капітан, — няхай выступіць наперад і прыгадае шаноўнаму абату тэксты, якія адносяцца да гэтага выпадку.

Пустэльнік, крыху працвярозеўшы, апрануў між тым манахаўскі балахон паверх свайго зялёнага каптана і выйшаўшы з натоўпу, сказаў:

— Вялебны айцец, маё шанаванне ў нашых лясах.

— Што гэта за язычаскі маскарад? — сказаў прыёр. — Калі ты, брат, сапраўды духоўная асоба, ты-б лепш навучыў мяне, як вызваліцца з рук гэтых людзей, чым дзюбаць носам ды крыўляцца перада мною, быццам кірмашовы танцор.

— Сапраўды, вялебны айцец, — адказаў манах, — я толькі і ведаю адзін спосаб, якім ты можаш вызваліцца. Мы святкуем сёння Андрэя першазваннага, значыцца, збіраем дзесяціну.

Толькі не з царквы, спадзяюся, добры брат мой? — сказаў прыёр.

— І з папоў і з міран, нам усёроўна, — адказаў пустэльнік, — а таму, сэр прыёр, уступай у прыязнь з мамонаю беззаконня, таму што ніякае іншае сяброўства табе не дапаможа.

— Люблю вясёлых паляўнічых, усім сэрцам люблю, — сказаў прыёр, мяняючы тон. — Ну, кіньце, навошта гэтыя строгасці, я-ж і сам вялікі майстар паляўнічай справы, умею трубіць у рог так зычна і чыста, што аж кожны дуб мне адклікнецца… Са мною можна-б і мякчэй абысціся.

— Дайце яму рог, — сказаў Локслі, — няхай пакажа сваё майстэрства.

Прыёр Эймер пратрубіў сігнал. Капітан толькі галавою паматаў.

— Сэр прыёр, — сказаў ён, — трубіць то ты умееш, але гэтым ад нас не выкруцішся. Мы не можам адпусціць цябе на волю за такую музыку. Да таго-ж, я зараз бачу… ты адзін з тых, якія ўводзяць у нас розныя французскія выкрутасы і гэтым толькі псуюць старыя англійскія лады. Не, прыёр, вось за гэту апошнюю закаручку ты заплоціш яшчэ пяцьдзесят крон штрафу, звыш выкупу, і па заслузе: не скажай старых, сапраўдных напеваў, сапраўднага палявання сабакамі.

— Ну, сябра, — прагаварыў абат нездаволеным тонам, — табе, бачу я, цяжка дагадзіць у адносінах палявання. Прашу цябе, будзь больш угаворлівы ў пытанні аб маім выкупе. Адным словам, скажы проста, колькі ты хочаш з мяне ўзяць, каб адпусціць зусім, без усялякага канвоя і наглядчыкаў?

— Капітан, — шапнуў начальніку адзін з дружыннікаў, які выконваў абавязкі яго ад’ютанта, — ці не прапанаваць абату прызначыць выкуп з яўрэя, а яўрэй хай вызначыць, колькі ўзяць з абата?

— Ты хоць і бязмозглы хлапец, а выдумаў добрую штуку, — адказаў капітан. Гэй, Ісаак, хадзі сюды! Паглядзі: гэта вялебны айцец Эймер, прыёр надзвычай багатага абацтва ў Жарво; скажы, ці шмат можна ўзяць з яго выкупу? Я ручаюся, што ты дакладна ведаеш, якія прыбыткі іх манастыра.

— О, яшчэ-б мне не ведаць, — сказаў Ісаак. — Я заўсёды меў гандлёвыя зносіны з вялебнымі айцамі: купляў у іх пшаніцу і ячмень і розную садавіну, а таксама шмат воўны. О, гэта найбагатшы манастыр, і святыя айцы ў сябе ў Жарво ядзяць сытна і п’юць салодкія віны па-горла. Калі-б у мяне быў такі прытулак, ды яшчэ такія штогадовыя і штомесячныя прыбыткі, я-б даў шмат золата і срэбра ва ўзнагароду за сваё вызваленне з палону!

— А, ты, здраднік! — усклікнуў прыёр. — Табе, я думаю, усіх лепш вядома, што мы да гэтага часу ў даўгу за няскончаную прыбудову да храма!

— І за дастаўку ў вашы паграбы звычайных запасаў гасконскага віна ў мінулым годзе! — дадаў Ісаак.

— Што ён меле! — сказаў прыëр. — Паслухаць яго, дык падумаеш, што наша святая брація ўлезла ў даўгі за віно, якое дазволена нам піць. Гэта хлусня!

— Гэта ўсё пустыя словы, — сказаў Локслі. — Ісаак, вырашы, колькі ён можа даць, з тым, каб не зусім злупіць з яго скуру.

— Шэсцьсот крон. Гэту суму шаноўны прыёр зусім можа заплаціць вам і ад гэтага яму не горш будзе жыць на свеце.

— Шэсцьсот крон, — паўтарыў начальнік. — Ну, добра, я здаволены. Ты праўдзіва вырашыў, Ісаак… Дык, значыцца шэсцьсот крон. Такое рашэнне, сэр прыёр.

— Рашэнне, рашэнне! — загаварылі дружыннікі. — Сам Саламон не мог-бы лепш прыдумаць.

— Ты чуў прысуд, прыёр? — сказаў начальнік.

— Звар’яцелі вы, панове, — сказаў прыёр. — Дзе-ж я вазьму такую суму? Калі я прадам і дараносіцу, і падсвечнікі з алтара, і то ледзь выручу палову гэтых грошай, ды і для гэтага мне самому трэба з’ездзіць у Жарво. Аднак, можаце пакінуць у сябе заложнікамі маіх двух манахаў.

— Гэта была-б вельмі рызыкоўная справа, — сказаў начальнік, — лепш ты ў нас заставайся, прыёр, а іх пашлі за сваім выкупам. Тымчасам мы цябе голадам марыць не будзем: шклянка віна і кавалак запечанай дзічыны заўсёды да тваіх паслуг, а калі ты сапраўдны аматар палявання, мы табе пакажам такія віды, якіх яшчэ не было ў вас на поўначы. А цяпер, айцец Эймер, як вы думаеце, ці мае сродкі сам Ісаак даць за сябе выкуп?

— Ці мае ён сродкі! — падхапіў раззлаваны прыёр. — Ды гэта-ж Ісаак з Іёрка, багатыр. Я асабіста з ім вельмі мала знаёмы, але наш келар і скарбнік мелі з ім бесперапынныя зносіны, і ходзяць чуткі, што яго дом у Іёрку набіты золатам і срэбрам.

— Слухай, прыёр, — сказаў капітан, — без усялякіх акалічнасцей вызначай з яго выкуп, як ён з цябе прызначыў.

— Калі вы мяне запрашаеце прызначыць выкуп, я адкрыта заяўляю, што для вас крыўдна будзе ўзяць менш тысячы крон.

— Добра! Згода! — сказаў капітан.

— Згода! — падхапілі яго дружыннікі.

— Вы хочаце ўшчэнт згубіць мяне, — заенчыў Ісаак. — Я і так у сучасны момант бяздзетны, а няўжо вы мяне пазбаўляеце нават апошніх сродкаў на пракармленне?

— Калі ты бяздзетны, тым менш табе патрэбны грошы, — сказаў Эймер.

— Прабачце, мілорд, — сказаў Ісаак, — вашы законы забараняюць вам мець сям’ю, а таму вы не ведаеце, як роднае дзіця цесна звязана з лепшымі струнамі нашага сэрца… О, Рэвека, дачка мае любае Рахілі! Я-б аддаў увесь гэты скарб, каб толькі ведаць, што ты жывая і выратавалася з рук зладзея!

— А што, у твае дачкі чорныя валасы, — запытаў адзін з дружыннікаў, — ці не было на ёй шаўковай накідкі, вышытай срэбрам?

— Было!.. Было!.. — сказаў стары, дрыжучы ад нецярплівасці. — Ці не можаце сказаць вы мне што-небудзь пра яе?

— Значыцца, гэта яе вёз горды храмоўнік, калі прабіваўся праз наш натоўп учора ўвечары, — сказаў іëмен. — Я хацеў быў паслаць яму ўздагон стралу, ужо і лук нацягнуў, ды збаяўся, каб нехаця не папасці ў дзяўчыну, так і не выстраліў.

— Таварышы, — сказаў капітан, азіраючыся вакол, — гора гэтага старога расчуліла мяне… Гавары з намі шчыра, Ісаак: сазнайся, заплаціўшы нам тысячу крон, ты сапраўды застанешся без усякіх сродкаў на жыццё?

Пытанне капітана прымусіла Ісаака пабляднець, і ён, заікаючыся, прагаварыў, што „можа, усё-такі застанецца такая-сякая крошка“.

— Ну, добра, — сказаў Локслі, — колькі-б там ні было, мы не будзем у цябе лічыць. Без грошай табе таксама мала надзеі выратаваць сваё дзіця з кіпцяў сэра Брыяна дэ-Буагільбера, як калі-б ты захацеў тупою стралою забіць здаравеннага аленя. Мы возьмем з цябе такі-ж выкуп, як з прыёра Эймера, або лепш яшчэ на сто крон дзешавей; гэта сотня была б маім асабістым барышом, і я ад яго адмаўляюся ў тваю карысць, не чапаючы выгад нашай дружыны. У цябе ў кішэні застанецца пяцьсот крон на выкуп твае дачкі. Храмоўнікі любяць бляск срэбных шэкеляў не менш, чым бляск чорных вачэй. Паспяшайся як можна хутчэй зачараваць дэ-Буагільбера відам грошай, а то можа здарыцца вялікая бяда. Мяркуючы па таму, што нам данеслі выведнікі, ты яго застанеш у бліжэйшым адсюль манастыры, прэсепторыі іх ордэна. Ці так кажу я, адважныя мае таварышы?

Іёмены выказалі, як і заўсёды, поўную згоду з думкай свайго правадыра; Ісаак, напалову супакоены весткаю, што дачка яго жывая і можна паспрабаваць выкупіць яе, стаў дзякаваць вялікадушнага стралка.

— Эх, каб цябе д’ябал забраў, уставай хутчэй! Я англічанін і не прыхільнік такіх усходніх цэрамоній.

— Так, Ісаак, — сказаў прыёр Эймер, — я тужу аб лёсе твае дачкі, яна-ж вельмі прыгожая і прывабная. Я яе бачыў на турніры ў Ашбі. Што-ж датычыцца Брыяна дэ-Буагільбера, то на яго я маю вялікі ўплыў. Падумай-жа добра, чым ты можаш заслужыць маю ласку, каб я яму закінуў за цябе добрае слова.

Ісаак голасна застагнаў. Локслі адвёў яго ў бок і сказаў яму:

— Абдумай добра, Ісаак, што табе рабіць у такім выпадку. Мая парада — пастарайся задобрыць гэтага папа. Ён чалавек ганарлівы і хцівы, прынамсі, мае вялікую патрэбу ў грошах на здавальненне сваіх прывычак. У гэтых адносінах табе лёгка дагадзіць яму; ты не думай, што я хоць на хвіліну паверыў тваім запэўненням, быццам ты бедны. Я вельмі добра ведаю тую жалезную скрыню, у якой ты трымаеш грошы… Ды гэта яшчэ што! Я ведаю і той вялікі камень пад яблыняй, які хавае патайны ход у скляпенне, пад тваім садам у Іёрку…

Ісаак смяртэльна збялеў пры гэтых словах.

— А ты не бойся мяне, — прадаўжаў іёмен, — таму што мы з табою-ж старыя прыяцелі. Памятаеш ты таго хворага іëмена, якога дачка твая Рэвека выкупіла з іёркскай турмы і трымала ў сябе ў доме покуль ён ачуняў, а калі ён паправіўся і збіраўся ісці ад вас, ты яшчэ даў яму срэбную манету на дарогу? Гэта срэбная манета захавала табе сёння цэлых пяцьсот крон!

— Значыцца, ты той самы, каго мы звалі Дзік-Самастрэл? Мне і здавалася, быццам твой голас мне знаёмы.

— Так, я Дзік-Самастрэл, — адказаў капітан, — а таксама Локслі, і ёсць у мяне яшчэ іншае харошае імя.

— Толькі ты памыляешся, мой добры сябра, адносна гэтага самага скляпення. Там нічога няма, акрамя такога-сякога тавару, з якім я ахвотна расквітаюся ў тваю карысць, а іменна: сто ярдаў зялёнага лінкольнскага сукна на каптаны тваім малайцам, сотня дошак іспанскага тысавага дрэва, годнага на выраб лукаў, і сто канцоў шоўкавай цецівы, моцнай, роўнай, кручанай… Вось гэта ўсё я прышлю табе, сумленны Дзік, за твае добрыя да мяне адносіны… Толькі ўжо, калі ласка, мой добры Дзік, змаўчы наконт скляпення.

— Будзь спакойны, буду маўчаць, як сурык, — адказаў стралок, — і павер, што я шчыра тужу аб лёсе твае дачкі. Але дапамагчы справе не магу. У адкрытым полі мае стрэлы бяссільныя супроць коп’яў храмоўніка: ён уміг сатрэ мяне ў парашок. Калі б знаць ды ведаць, што то была Рэвека, у той час, як яе везлі, яшчэ можна было што-небудзь зрабіць; а цяпер — адзін сродак, дзейнічай хітрасцю. Ну, хочаш, я за цябе зраблю кантракт з прыёрам?

— Рабі, як ведаеш, Дзік, толькі дапамажы мне выручыць мае роднае дзіця.

— Дык ты не перапыняй мяне, — сказаў Локслі. — Тады я згодзен і зараз перагавару з абатам.

— Прыёр Эймер, — сказаў Локслі, — прашу цябе падысці да мяне на пару слоў сюды, пад дрэва. Ходзяць чуткі, быццам ты любіш добрае віно і прыемнае жаночае асяроддзе больш, чым гэта падабае ў тваім званні, сэр абат. Але да гэтага мне няма справы. Яшчэ гавораць, што ты любіш мець зграю заводскіх сабак і шустрага каня, і лёгка можа быць, што, маючы ўнаду да рэчаў, якія абыходзяцца дорага, ты не грэбуеш і мяшком з золатам. Але ёсць нешта, у чым пагалоска ніколі не будзе дакранаць цябе, а іменна: ніхто не скажа, каб ты любіў уціскаць людзей ці быў жорсткім… Ну, вось Ісаак, не супроць таго, каб здабыць табе каліту з сотняю марак срэбра на твае пацехі, калі ты згодзен зрабіць уплыў на твайго прыяцеля храмоўніка, у тым сэнсе, каб ён адпусціў на волю дачку Ісаака.

— Гэта справа досыць складаная па сутнасці, — адказаў прыёр, — але, калі яўрэй афяруе звыш таго што-небудзь на царкву або, напрыклад, на пабудову спальні для брацці, я, бадай, дапамагу яму выручыць яго дачку.

— Мы не будзем спрачацца з вамі з-за якіх-небудзь дваццаці марак срэбра на спальню або з-за пары срэбных падсвечнікаў для алтара, — сказаў капітан.

— А якое-ж забеспячэнне будзе мне за гэта? — запытаў прыёр.

— Калі Ісаак вернецца дамоў, паспяхова выканаўшы ўсё дзякуючы вашай дапамозе, ён сумленна разлічыцца з вамі звонкаю манетай; я сам дагляджу за гэтым.

— Ну, добра Ісаак, — сказаў Эймер, — калі я абавязкова павінен умяшацца ў гэту справу, давай сюды свае пісьмовыя прылады.

Прыёр усеўся і, не спяшаючы, склаў пасланне да Брыяна дэ-Буагільбер; потым акуратна запячатаў ліст і ўручыў яго яўрэю, гаворачы:

— Гэта будзе табе абаронны ліст, дапаможа знайсці прыступ у прэсепторыю Тэмпльстоу і, зусім магчыма, дапаможа ў справе звароту табе дачкі. Вядома, ты з свайго боку прапануеш выгодную ўзнагароду, таму што, павер мне, добры рыцар Буагільбер належыць да ліку тых людзей, якія нічога не робяць дарма.

— Ну, прыёр, — сказаў Локслі, — далей я цябе затрымліваць не буду, толькі напішы спачатку распіску ў атрыманні ад Ісаака тых шасцісот крон, якія прызначаны на выкуп з цябе, а я бяруся сам атрымаць іх з яго. А калі пачую, што ты зноў уздумаеш гандлявацца або адцягваць выплату, клянуся, я спалю тваё абацтва з табою разам, хоць-бы мне прыйшлося за гэта быць павешаным дзесяццю гадамі раней, чым трэба.

Прыёр значна менш ахвотна ўзяўся пісаць распіску, чым ліст да Буагільбера; але ўсё такі напісаў, што ўзятыя пазычкова ў Ісаака з Іёрка шэсцьсот крон на выплату за сябе выкупу ён абязуецца звярнуць яму ў такі-то тэрмін сумленна і абавязкова.

— А цяпер, — сказаў прыёр Эймер, — я прашу звярнуць мне мулаў і коняй, адпусціць на волю вялебных айцоў, якія праводзілі мяне, а таксама выдаць мне назад каштоўныя пярсцёнкі, засцёжкі з самацветамі і дарагія ўборы, адабраныя ў мяне, таму што я вас задаволіў у пытанні аб сваім выкупе, як сапраўдны палонны.

— Што датычыцца вашых манахаў, сэр прыёр, — сказаў Локслі, — мы іх, вядома, зараз-жа адпусцім, таму што было-б несправядліва іх затрымліваць; коняй і мулаў таксама аддадуць вам, а таксама некаторую колькасць грошай, каб вы маглі шчасліва даехаць да Іëрка, інакш было-б жорсткасцю пазбаўляць вас сродкаў для выканання задуманага вандравання. Што-ж датычыцца пярсцёнкаў, ланцужкоў, засцёжак і іншага, вы павінны зразумець, што мы маем вельмі чулае сумленне, а таму не адважымся такую шаноўную асобу, як ваша вялебнасць, спакушаць нікчэмным пустаслоўем. Вы-ж далі зарок адмовіцца ад свецкіх клопатаў і ад усіх свецкіх прываб, дык навошта-ж мы будзем спакушаць вас на парушэнне манастырскіх статутаў нашэннем пярсцёнкаў, ланцужкоў і іншых марных аздобаў?

— Абдумайце добра, панове, — сказаў прыёр, — што вы намерыліся зрабіць? Гэта-ж значыць налажыць руку на царкоўную маёмасць, гэтыя рэчы святыя і… я не ведаю, якое няшчасце будзе вам за тое, што вы дакранаецеся да іх сваімі свецкімі рукамі!

— Наконт гэтага я паклапачуся, ваша вялебнасць, — умяшаўся пустэльнік з Копмангерста, — і ў выпадку чаго… сам буду насіць гэтыя рэчы.

— Сябра ці брат мой, — сказаў прыёр у адказ на такое вырашэнне сваіх сумненняў, калі ты сапраўды належыш да духоўнага саслоўя, прашу цябе сур’ёзна падумаць, якую адказнасць будзеш мець ты перад сваім епархіяльным начальствам за той удзел, які прымаеш у падзеях гэтага дня.

— Эх, сябра прыёр, — адказаў пустэльнік, — трэба табе ведаць, што я належу да вельмі маленькай епархіі, і ў ёй я сам сабе начальнік, так што не баюся епіскапа Іёркскага, ніякіх абатаў, ні прыёра з Жарво…

— Значыцца, ты не сапраўдны свяшчэннік, — сказаў прыёр, — а проста адзін з тых самазванцаў, якія беззаконна прысвойваюць сабе званне.

— Сам ты самазванец! — усклікнуў абураны пустэльнік. — Я не намераны цярпець твае знявагі, ды яшчэ ў прысутнасці маіх парафіян. Я знаходжу, што пазбавіць свет ад такога фанабэрыстага гардуна, як ты, адабраўшы ў яго ўсялякія пярсцёнкі і іншую падобную дрэнь — самая законная і пахвальная справа…

— Ого! — усклікнуў капітан. — Вось да чаго дагаварыліся вялебныя айцы! — Ну манах, досыць-жа. А ты, прыëр, не прыставай больш да нашага пустэльніка. Слухай, ойча, адпусці з мірам вялебнага абата, ён-жа ўжо заплаціў выкуп.

Іёмены так-сяк разнялі сашчапіўшыхся папоў, якія прадаўжалі голасна лаяцца, прычым прыёр выражаўся больш гладка і вольна, а пустэльнік перавышаў яго сілай і запалам свае прамовы. Урэшце прыёр апамятаўся і скеміў, што траціць сваю годнасць, пачаўшы лаяцца з лясным капеланам. Ён паклікаў сваіх спадарожнікаў, і яны ўсе разам паехалі.

Заставалася ўзяць у яўрэя якую-небудзь распіску ці абавязацельства ў тым, што ён заплоціць выкуп за сябе і за прыёра.

Ісаак выдаў за сваім подпісам вексель на аднаго з сваіх сабратаў у Іёрку, просячы яго выдаць прад’яўніку тысячу крон срэбнай манетай і, акрамя таго, перадаць яму некаторыя тавары, тут-жа дакладна азначаныя.

На развітанне правадыр лясной вольніцы даў Ісааку практычную параду:

— Не скупіся на шчодрыя прапановы, Ісаак.

Ісаак згадзіўся з гэтым і адправіўся ў дарогу разам з двума рослымі леснікамі, якія ўзяліся праводзіць яго праз лес і ў той-жа час служыць яму абаронай.

Чорны Рыцар, які ўвесь час з найвялікшай цікавасцю сачыў за ўсім, што тут адбывалася, у сваю чаргу пачаў развітвацца. Ён выказаў Локслі сваё здзіўленне з прычыны тых форм грамадзянскасці і парадку, якія ён бачыў у асяроддзі людзей, што хаваюцца ў глыбіні лясоў ад пабораў і ўціску ўрада і дваранства.

— Так, сэр рыцар, — адказаў іёмен, — здараецца, што і дрэннае дрэва дае добрыя плады, а дрэнныя часы параджаюць не адну толькі бяду.

— Хто-ж ты? — запытаў рыцар.

— Сэр рыцар, — сказаў правадыр лясной дружыны, — у кожнага з нас свой сакрэт. Мяркуйце пра мяне як хочаце, і сам складу сабе наконт вас некаторыя меркаванні, але зусім магчыма, што ні вы, ні я не пападзем у цэль. Але таму што я не прашу вас адкрыць мне вашу тайну, не крыўдзіцеся, калі і я вам свае не адкрыю.

— Прашу прабачэння, адважны іëмен, — сказаў рыцар, — ваш дакор зусім справядлівы, але можа здарыцца, што мы яшчэ сустрэнемся і тады не будзем адзін ад аднаго хавацца. А цяпер, спадзяюся, мы развітаемся сябрамі?

— Вось вам мая рука ў адзнаку сяброўства, — сказаў Локслі.

— А вось табе мая рука, — сказаў рыцар, — і ведай, што я лічу за гонар паціснуць тваю руку. Бывай здароў, адважны вольны чалавек.

Рыцар Вісячага Замка сеў на свайго каня і ўглыбіўся ў лес.