Безназоўнае (1925)/З павяўшай славы…

Б’юць на трывогу званы… З павяўшай славы…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Пазвалі вас…
Іншыя публікацыі гэтага твора: З павяўшай славы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПАВЯЎШАЙ СЛАВЫ…

З павяўшай славы быўшых дзён,
З магільных прадзедавых крас,
Пад стогн няволі, путаў звон,
Мы зложым песьню, зложым сказ,
А так агністы, як пажар,
А громкі так, як грому ўдар.

І так, каб чуў і брат і кат
З нізін-далін, з высокіх гор,
Ад меж да меж, ад хат да хат
Зайграем сьвету ў дружны хор
З жыцьцём у тон, з віхрамі ў тон,
Пра свой папас, пра свой палон.

Хай тое ўсё, што спала ў сьне,
Паўстане яваю жывой
І сьветам блудным здрыгане,
І панясе скрозь сьветач свой,
Ад краю ў край, між сьпячых сіл,
Аж там — да бацькаўскіх магіл!.