Безназоўнае (1925)/Пазвалі вас…

З павяўшай славы… Пазвалі вас…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Цішку Гартнаму…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пазвалі вас…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЗВАЛІ ВАС…

Эўропэйскія дзяржавы па-
станавілі запрасіць на міжна-
родную нараду
ў Гэную т. Ле-
ніна
(З газэт 1921 г.).

Пазвалі вас на пір піроў,
Пазвалі вас за волю стаць
І далі ўладу путы рваць,
І далі ўладу біць цароў,—
Зрабілі з вас гаспадароў.

І вы з рабоў пайшлі ў цары…
—О, каб ня ў краты толькі з крат!?
Паклон аддаў вам азіят,
За ім Эўропы жыхары
Шлі к вам праз морскія віры…

Але ня ваш вітаць шлі сьцяг:
З сваёю воляй шлі на вас…
І не дайшлі — зышлі на час
Праз белы й чорны морскі шлях.
А вам ня страх, а вам ня страх…

Чатыры годы крок у крок
Тварыць вы шлі і кроў лілі
Сваю, чужую па зямлі…
Расьлі магілы… зваў прарок…
Рос вашай моцы блеск і мрок.

І ўсё вы ўзялі, ўсё, як ёсьць:
Фабрычны дым, сяўбы загон
І панскі двор і царскі трон…
Дый стала ўсё вам гэта ў злосьць—
У хлебе восьць, у горле косьць.

Сабою самі ўстаць з руін
Вам не хапіла смагі, сіл,
І вось к вам вылез цень з магіл:
Крывавы грош і «гаспадзін»,
А іх закон адзін, адзін.

З-пад ног, з утоптанай нары
Паўзе ўжо збэшчаны павук
І ў сто, у сто кагцістых рук
Хапае вас, рабы-цары,—
Як-бы ўжо вы не ўладары…

Вы ўладары… Яшчэ жар-цьвет
Бунтарскіх дум у вас ня згас:
Эўропа кліча ў госьці вас:
Пад рогат Пірравых пабед
Саветы кліча на «савет».