Бярозка (1912)/Вучоны бык
← З маленькім білецікам | Вучоны бык Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1912 год |
Што сказаў певень → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вучоны бык. |
ВУЧОНЫ БЫК.
Павёў Язэп бычка-трэцячка на рынак прадаваць; на дарозе спатыкае салдатоў; тые і пытаюцца Язэпа:
— Куды, старчэ, бычка вядзеш?
— На торг прадаваць вяду,—кажэ Язэп,—такі нейкі неўдалы, наравісты удаўся, што рады даць не магу. Эх дурны ты, землячок, кажуць салдаты, — што-ж ты возьмеш за гэткую злыбіну? Аддай лепш нам яго на навуку ў горад на які год. Дык прынамсі апасьля жмені са тры грошы згорнеш.
Падумаў, пачухаў патыліцу, Язэп, — падумаў — згодзіўся і аддаў бычка на навуку салдатам, а сам вярнуўся да дому.
Мінуў год; пайшоў Язэп у горад па свайго быка. Дапытаўся салдатоў, каторым атдаў сваю жывёлу на навуку, прыходзе да іх і пытае:
— Ну, землячкі, як мой падласы? Чы добра навучыўся?
— Ах, каб ты ведаў, кажуць яны, якой бяды набраліся мы з ім! Сперша — як сперша: брыкаўся, тузаўся, бадаўся, — але неяк далі рады: — угаманіўся; толькі, як прыйшло ўжо да самай навукі, то так стаў скора браць усё ў свой бычачы розум, што аж рогі паадпадалі, шэрсьць выпаўзла, стаў хадзіць на двух нагах, словам зусім падабнюсенькі стаўся да чэлавека, а які разумны, аж дзіва!
— Ну, я яму скора выганю гэты розум з галавы, кажэ Язэп, толькі вядзіце мяне ў хлеў, дзе ён стаіць!
— Звар‘яцеў ты, чэлавечэ, чы што?—кажуць салдаты, — праўда, чэкаў ён цябе, але жыць болей з намі не захацеў: дагадзіць яму не маглі патрапіць, перэбраўся ён цяпер на сваю кватэру і чутно, папаў у вялікіе чыноўнікі.
— Пакажыце тыкеля, просіць Язэп, дзе ён жыве, а я ўжо сам дам рады: — нябось, пастронкі моцные ўзяў.
Салдаты завялі Язэпа, паказалі, дом куды ісьці, а самі ўцяклі. Язэп, убачыўшы на дварэ нейкаго чэлавека, пытае: дзе тут жыве бык?
— Ня бык, атказывае той, а Быкоў, вун у тые дзверы ідзі. Раскруціўшы пастронак і прыгатаваўшы пугу, сьмела Язэп атчыняе адны, другіе дзьверы і апынуўся ў вялікім пакоі, дзе убачыў абедаўшаго за сталом пана.
— Табе чаго? — пытае той,
Язэп, падміргіваючы адным вокам, зарагатаў і кажэ:
— Іш ты, Падласы, які ласун! Нябось, не спазнаў гаспадара.
— Вон пашоў! крыкнуў пан, выскачыўшы з за стала.
— Быську, быську, — стаў усьцішываць Язэп разгневанаго пана, але той рынуўся на яго с кулакамі.
Язэп, доўга не чэкаючы, закінуў на пана пастронак, зацягнуў яго, ды давай акладаць пугай…
Німа ведама, чым бы гэта скончылося, каб ня збегліся на крык людзі і не абаранілі пана.