Бярозка (1912)/Што сказаў певень
← Вучоны бык | Што сказаў певень Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1912 год |
Падласенькі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Што сказаў певень. |
ШТО СКАЗАЎ ПЕВЕНЬ.
Жыў — быў на сьвеці такі чэлавек, каторы разумеў усю гутарку ці то скаціны — зьвер’я, ці птушэк Божых; ці як лес шуміць, ці трава шэпаціць. Толькі нельга яму было прызнацца да гэтаго: скажэ каму, — самому паміраць трэба. Меў гэты чэлавек жонку, і жылі яны паміж сабой складна. Гаспадарку мелі не вялікую: асла і быка. Асёл стаяў у хлеві і авёс жраў, на быку гаспадар вазіў дровы і карміў яго саломай.
Вось, аднаго разу прывёз гаспадар гальля з лесу, атпрог вала і пусьціў у хлеў; не пасьпеў ешчэ і варот прычыніць — чуе, стаў вол жаліцца аслу: «паганае маё жыцьцё, братка асёл, пашанасьці і увагі ніякай німаю ад свайго гаспадара: араць — ты, Рабы, ідзі; вады прыwягнуць — запрагай Рабога; дроў прывязьці — зноў Рабы у атвеці. Усё як Рабы, дык рабы: каму пугай па баку? — Рабому; каму ежа салома? — Рабому. А вось, ты, асёл, стаіш, нічога ня робіш, а сена, ды авёс толькі глуміш!» Разжаліўся асёл над доляй Рабога; стаў ківаць ён сваей вялікай галавой, каб прыдумаць якую раду для вала. З вялікай натугі свайго аслячаго розуму застрыг доўгімі вушамі, дый, апусьціўшы ісподнюю лупу, зашэптаў: «ты, вол, захварэй, дык гаспадар і да работы цябе ня возьме, і карміць лепш пачне».
Пачуўшы гэта, гаспадар вярнуўся ў хату, ды сьмяецца сам сабе. «Чаго сьмяешся?» — пытае жонка, — «От, так сабе сьмяюся», — атказаў мужык.
Назаўтрае, даў Бог дзень, пайшоў гаспадар у хлеў. Глядзіць вол, аткінуўшы хвост і галаву, ляжыць на баку, дый паглядае с пад вока на гаспадара, што будзе? Гаспадар, бытцым нічога ня ведаючы а хітрыках Рабога, закінуў яму сена, ўсыпаў аўса і, прыйшоўшы ў хату, сьмяецца. Конка ізноў давай прыставаць да яго: «чаго шчырышся? мо з мяне чаго? Кажы праўду!» Мужык і кажэ: «не магу я табе праўды сказаць, чаго сьмяюся, бо тагды сьмерць мая прышла-б па мяне». На другі дзень ідуць гаспадар з гаспадыняй быка даведацца: ляжыць Рабы, хоць сена і салома да чыста спітляваў, толькі на другі бок перэвярнуўся. Гаспадар і кажэ да жонкі: «німа рады: зарэжэм быка, бо страта будзе вялікая, а так, то хоць што колечы выручым».—«Пачэкай да заўтраго, калі не паправіцца — рэж». Выйшлі яны с хлева, жонка пайшла ў хату, а мужык стаў пад варотамі слухаць, якая будзе нарада паміж яго жывёлай. Ажно бык і кажэ аслу: «дрэнную ты, асёл, раду мне прыдумаў; што-ж мне без пары пад нажом гінуць? Цяпер парадзь, братка, як з бяды выкруціцца?» — «Німа, кажэ ён, іншае рады: папраўляйся, бык! Глядзі, каб заўтра ты быў ужо здароў, бо гэтые жарты дрэнна могуць скончыцца: с цябе скуру злупяць, а мяне ў хамут на тваё мейсцэ ўшчэмяць!»
Чуўшы гэта, прыйшоў мужык у хату, дый сьмяецца: «заўтра наш Рабы здароў ужо будзе!» — «А ты скуль ведаеш? Чаго вышчэрыўся? Кажы! — крычыць, тупаючы нагамі, жонка. Зара мне кажы! Ты хіба нешта пра мяне ведаеш, што абы ў хату, дык сьмяешся! «Ну!? — Сьмерці маей ты, кабета, хочэш, ці што? — атказывае мужык. Гаварыў я табе, што калі прызнаюся перэд табой, чаго я сьмяюся, дык у той час паміраць мне прыйдзецца».
На другі дзень прыходзіць гаспадар у хлеў, ажно бык ужо стаіць, ды скоса ўсё пагледае на яго рукі, ці не прынёс нажа с сабой; але гаспадар — нічога: атчыніўшы хлеў, выпусьціў вала да вады і сам за ім ідзе. Рабы, каб паказацца перэд гаспадаром, што ён саўсім ужо здароў, паставіўшы хвост да гары як дуду, давай выбрыківаць, як мага, заднімі нагамі, а сам з боку пагледае, ці добра бачыць гэтые штукі яго гаспадар. Але мужык напаіўшы вала, загнаў яго у хлеў, вярнуўся ў хату, дый сьмяецца сабе. Як угледзіла ізноў яго сьмех гаспадыня, калі ўз’елася яна, калі не пачне яго лаяць: «здохні ты, кажэ, лепей, а скажы прычыну твайго сьмеху! Вытрываць больш не магу!» Зазлаваў і мужык: «ну, кажэ, калі табе не шкада мяне, хай ты пропадам прападзі! Даставай с кубла сьмяротную адзежыну, — скажу ўжо табе, ўсю праўду хоць сам памру!» Кінулася з радасьцю жонка да кубла, выцягнула сьмяротную адзежыну, а сама ажно устаяць на мейсцы с цікаўнасьці ня можэ. Гаспадар, уздыхнуўшы, стаў памалу рыхтавацца на сьмерць. Скінуўшы апратку, памыўся, надзеў сьмяротную кашулю… толькі чуе гэта ён, як сабака, шо лежаў пад сталом, пачаў плакаць і кажэ да пеўня, каторы ходырам хадзіў па хаці каля перэпялёсьценькіх курыц: «ах, певень, певень! як табе ня сорам? Гаспадар уміраць рыхтуецца, а табе вунь што ў галаве!» А певень, пад’ехаўшы на адным крыле, калі зараве: «дурны гаспада-а-ар! Я маю дзевяць жонак, дый ліха мяне не бярэ, а ён праз адну памірае!» Пачуўшы гэту гутарку пеўня, сьціснулося сперша з жалю сэрцэ гаспадара, а пасьля падпала такая злосьць на жонку, што доўга не чэкаўшы, схапіў ён пугу, ды калі стаў сьцебаць сваю гаспадыню пугаўём, што тая з болю ажно занямела…
І спужаўся, і шкада зрабілося мужыку жонкі сваей, ўсьцягнуў ён яе на ложка, накрыў, а сам пабег па зельле да баб. Назаўтрае, каб барджэй жонка моцы набралася, зарэзаў і сьпёк для яе пеўня. Ачуняла ў скорасьці гаспадыня, але больш ужо ня лезла ў вочы свайму мужыку, і зноў сталі яны жыць паміж сабой складна.