Бярозка (1912)/Рабы
← Падласенькі | Рабы Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1912 год |
Дачэсные → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рабы (Ядвігін). |
РАБЫ.
(Перароблена с каляды).
Нават і радзіўся не зусім так, як найбольш родзяцца, — прымерам у якім-колечы брудным кутку, дый цэлай кучай; не, радзіўся, як і прыналежыць іхняму роду, ў вялізарных, аздобных мурах, на чыстай, як пярына мяккой, саломе і то адзін-адным.
Вялізарная, таўстая, сытая, паважная матка ешчэ і не адспалася добра, калі ўжо першы піск дзіцяці устрывожыў увесь сьвінарнік.
Па ўсіх загародках, каторые пароблены былі абапол доўгаго калідору і дзе жылі то далейшая, то бліжэйшая радня, або хоць і зусім чужые, але так з важнейшаго роду, — пайшоў вялікі неспакой. Рохкнуў першым, высунуўшы з саломы лыч, стары рабы кнур; за ім адазваліся ў суседніх загародках кармнякі адтуль рохканьне перэдавалося і шырылося далей і далей, — ешчэ момэнт — і узяяўся такі гармідэр, што, хоць гэта была самая поўнач, ачнуўся нават вартаўнік, каторы смачна хроп на бруднай тухлай саломе ў цеснай баковачцы, прыбудаванай да сьвінарніка. Падняўся Марцін, працёр кулакамі вочы, пацягнуўся і, нашчупаўшы на лежанцы сернікі, запаліў ліхтарню, адчыніў дзьверы на калідор і стаў абходзіць па чародзі ўсе загарадкі, падыймаючы агонь ў верх. Натрапіўшы нарэшці на прычыну трывогі — радзіны, затрымаўся Марцін, абвёў ліхтарняй усю загарадку, зважна прыгледаючыся, дый мармочучы нешта сабе пад нос, сплюнуў, завярнуўся і пайшоў будзіць аканома.
Не рад, відаць, быў пан аканом а гэткай парэ вылазіць с цёплай пасьцелі: доўгі час круціў ён сваімі нашупырэнымі, як у таракана, жоўтымі вусамі, але што-ж ты зробіш: на тое служба! — устаў, апрануўся і пацягнуўся будзіць ахмістрыню.
Падыйшоўшы пад вакно, стаў сперша дэлікатна барабаніць па ім костачкай зложэнаго у кручок пальца, пасьля — ляпаць усей пецярнёй, урэшці, як пачаў пражыць кулаком у ваконную раму, дык праз нейкіе поўгадзінкі выпаўзла такі с пярыны тоўстая, прысадзістая ахмістрыня і, даведаўшыся, ў чым справа, валюхаючыся, як качка, пайшла у пекарню, дзе сваімі пухлымі, чырвонымі кулакамі, як бач, падняла на ногі дзьвёх дзевак — спадручніц сваіх, і гэтак грамадой сунуліся на мейсцэ важнаго здарэньня.
Віднець ужо пачынало, калі ешчэ агонь, мігочучы, перэлятаў то з сьвінарніка ў пекарню, то с пекарні у сьвінарнік; толькі днём, калі камісар па дакладу аканома і ахмістрыні ўпісаў у кнігі, што гэткаго-то чысла, месяца і году ад такіх-то бацькоў радзіўся рабы парсючок, ды занумэраваў яго, — ўсе супакоіліся. Толькі дзеўкам праз нейкі ешчэ час трэба было насіць маладой матцы асобную, лепшую яду, ахмістрыні — выдаваць на гэты корм іншую прымешку, а Марціну — часьцей зменяць падсьцілку. Але у скорасьці усё наладзілося, і жыцьцё паплыло сваім звычаем.
Гадаваўся Рабы на ўздзіў: і ў рост яго гнало і сыць брала непамерна; але бо, праўду кажучы, і яды яму было не набрацца: сваю мерку спітлюе, дый пачынае сквірчэць, — усё яму падбаўляй, ды падбаўляй, а чаго ўжо сам не ўбярэ, дык хоць вывярне с пасудзіны, абы другі не пажывіўся. Калі-ж, бывала, выпушчалі сьвінскую моладзь на волю — крыху пабрыкаць, ніводзін, як Рабы, ня вышукае так скора слабейшаго мейсца ў паркане і, хоць сам таўстават, а такі праз невялічкую шчыліну і то выціснецца з выгана, ды першы уб’ецца у шкоду; але, калі прыйдзе які страх, першы і драпане адтуль, — дык ані калок, ані пуга ні разу не дакрануліся да яго дэлікатнаго цела! Забяруцца, бывала, сьвіньні ў сажалку пакупаца, — ўсе павылазяць адтуль мурзатые, укачаўшыся ў балота, а наш Рабы,—хоць разам валяўся, — выйдзе, страханецца, дзе паскрабецца і зноў чысты, гладкі, бытцым і ня быў там.
Час у выгодзе скора ляціць. Мінуў год, зляцеў другі, і не агледзіўся наш Рабы, як разбухаўся ўжо так, што і с хлева вылазіць ня хочэ; сядзіць на адным мейсцы і дзень і ноч, сапе, храпе, лыпае заплыўшымі салам маленькімі сваімі вочкамі, дый цяжка ўздыхае, гледзючы на яду: змёў-бы, здаецца, ўсё, а як прыйдзецца — лізьне раз, другі і хоць ты што — ня лезе!
Гневаўся цяпер Рабы і на падрастаючую моладзь-падсьвінкоў: лётаюць, пішчаць, крычаць, дурэюць ліха ведае чаго! От, сядзелі-б, як сядзіць ён — спакойна, важна і не перэшкаджалі-б іншым дрэмаць. Злаваў Рабы і на непарадкі, якіе час ад часу бывалі у сьвінарніку: находзяць нейкіе людзі — і то хоць-бы свае, а то чужые; цягаюцца па загарадках турбуюць такіх, як ён — Рабы, важных сьвіньней; падыймаецца, разумеецца, на ўсю будыніну такі страшэнны гармідэр, што ажно жутка слухаць. Але ускорасьці ўсё супакоівалося, — супакоіваўся і Рабы і толькі дзівіўся, на што і каму патрэбны гэтые зьдзекі.
Ажно прыйшлі ўрэшці гэтые самые людзі і да яго—Рабога; прыйшлі зараня- ешчэ прыцемна, з ліхтарняй, сьвятло каторай так і рэзало заспаные вочы парсюка.
Стаў рохкаць нездаволены Рабы і ўжо думаў падняцца з гнезда, каб-ткі добра напудзіць ня прошэных гасьцей, калі пачуў, як нейкі вялізарны ціжар прываліў яго, а задніе абедзьве нагі бытцым ушчаміліся. Гэткай зневагі ня мог сцярпець Рабы і толькі што хацеў разінуцца, ды крыкнуць так, каб ажно ўсе браты пачулі яго крыўду, як тут-жэ нейкая петля моцна сцягнула і заціснула яму лыч. Цяпер ён мог толькі ўжо сквірчэць; а тым часам ціжары валіліся на яго з ўсіх старон, прыдушывалі яго, выкручывалі яму ногі, цягнулі за вушы… і раптам пачуў Рабы, як нешта халоднае, сьлізкае ўпіваецца яму у грудзі… Задрыжэў Рабы са страху, а посьле і ад страшэннаго болю, бо тое, што сперша выдалося яму халодным, цяпер пякло у грудзёх жывым агнём, ды разам бухнуў гэты агонь у галаву і разляцеўся па ўсім целі…
Што прыйдзецца разставацца, калі колечы з жыцьцём нават і сьвінскаму роду, аб гэтым Рабы чуў і ведаў, але аб сьмерці ніколі ня думаў. «На гэта будзе часу», — пацешаў сябе Рабы, — «калі сьмерць стане падхадзіць». І вось цяпер зразумеў ён, што гэта сьмерць і ня думала надыходзіць, а наляцела, — наляцела так неўспадзеўкі, як толькі можэ налятаць яна адна. І не аб гэтай сьмерці думаў ўжо Рабы, бо ведаў добра, што яе ўсё роўна ня міне: праз агнём праёжэны мозг віхрам пралетало ўсё мінулае яго жыцьцё. Стараўся Рабы успомніць, што зрабіў ён праз час гэтаго жыцьця добраго і благога. Благога? Ці-ж ён каму зрабіў што благое? Не—гэтаго ня мог Рабы аб сабе сказаць. А добраго — што-ж?? сьпешаўся, слабеючы ўжо, успомніць бедак. Ага: праз усё сваё жыцьцё нікому благога нічога не зрабіў, ну і… смачна еў, смачна піў, смачна спаў. Ці-ж мала ешчэ гэтаго? І, з успакоіўшымся ўжо сумленьнем, апошні раз захроп Рабенькі і… даўся.