Бярозка (1912)/Падласенькі

Што сказаў певень Падласенькі
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1912 год
Рабы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Падласенькі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДЛАСЕНЬКІ.

Прыждаў Падласы сынка падласенькаго, а с практыкі жыцьцёвай ведаў добра стары Падласы, што цяперашнім часам з бычачым розумам далёка не зайдзеш. Вось, параіўшыся са сваей жонкай — Красуляй, надумаўся ён аддаць свайго сына ў навуку. Аддаць то аддаць, ано чым заплапіць? Раіліся, раіліся — нічога, Падласы, як рупны бацька, і кажэ: прадам хоць сваю скуру, абы толькі вучыўся сынок.

Выбраўся Падласы ў глаўны горад, да важнейшаго рэзніка, дый кажэ: купляй ты, скуралуп, маю скуру,—за сабачые грошы аддам, абы з сына свайго бычэняці, зрабіць чэлавека.

Стаў шчупаць скуралуп падласаву скуру і пачаў яе, як і прыстало на добраго купца, ганіць: і лінялая яна, і вуграватая, і абмуляна шмат, усёй цаны — рубель. Артачыўся спачатку Падласы, бо ведаў добра, што што рэзнік лжэць, і хоць, праўда, скура вельмі абмулена, але нашто тое — на юхтовые боты хоць куды; аднакжэ у мусіў і на рубля прыстаць, бо скуралуп заверыў, што цяперашнім часам з бычані і за дзесятку зробіш чэлавека, каторы пасьля будзе браць вялікіе грошы, і за іх, быкоў, заступіць, каб не так намулівалі ім скуру.

Старгаваўшы ледзь не за дарма валовую скуру, рэзнік скамандаваў яму стаць задам да сьцяны і, падрэзаўшы каля рагоў і ног скуру, залупіў яе на два бакі, прывязаў да прымацаваных у сьцены гужоў, дый кажэ: ну, братка, панатужся дый вылазь. Напрогся Падласы і — хоць боль узяла — вылез аблуплены. Глянуўшы на апаўшую скуру, жаль схапіў Падласаго: успомніў ён, як гэтую рыжую на левым баку лапіну не раз лізала яго Красуля; успомніў як на курчавую каля рагоў яго шэрсьціну ласа спагледалі ялаўкі, але чаго ня зробіш дзеля дзіцяці: абы чэлавекам стаўся. Вярнуўся ў хлеў аблуплены да чырвона Падласы. Гледзючы на яго, Красуля неяк не так мыкнула, але Падласы прынадзеяў яе — другая, кажэ, нарасьне скура—не бядуй; а тымчасам сынка падласенькаго аддалі ў добрые навукі.

Мінуў год, другі і шле ліст за лістом бычачы сын, каб прысылаў бацька больш падмогі, бо за дзесятку быком, пішэ, ня будзеш, але і чэлавекам не станеш. Замаркоціўся Падласы, бо, пашчупаўшы свае бакі, праканаўся, што новая скура не расьце. Рупны бацька давай нагаварываць жонку — Красульку: прадай, кажэ, скуру, — сына чэлавекам прычэкаеш.—Так, то так, кажэ Красуля, для роднаго сына і скуры не пашкадую, але хай прыедзе да нас, — глянем на яго, як ён на чэлавека рыхтуецца. Добра. Паслалі ліст. Чэкаюць, дый чэкаюць. Ажно аднэй начы, калі хлеў быў добра зачынены, нехта раз другі стукнуў і, рохкаючы, пачаў ламаць вароты. Усхапіўся Падласы, разштурхаў Красулю і адчынілі вароты… Глянулі і абамлелі: сын—то сын—і падласенькі, толькі морда сьвінячая і не мычыць, а рохкаць стаў. Зараўлі з жалю Красуля і Падласы, але сынок скора іх усьцешыў: гэта я, кажэ, толькі так — да часу, а калі, хочэце каб саўсім стаўся чэлавекам, то на навуку не адну, а тры скуры спусьціце…