Васільковы россып (1929)/II/Адзінота

Лістапад і восень Адзінота
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Зіма

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДЗІНОТА

Адзінокі ганак высланы лістамі,
Цішыня у садзе,
Цішыня вакол.
Адзінокім выйду, за дзьвярыма стану
Сустракаць у госьці
Нечаканы боль.

Прабягуць дарогай вараныя коні,
Бомы у тумане
Глуха празьвіняць…
І ізноўку тая-ж ўчора і сягоньня
Ў залатых накрапах
Цішыня.

Зноў пустуе сад мой ціхі адзінокі,
Кветкі паламаны,
Прытаптаны ў гразь…
Смутак вечна сіні
Ходзіць каля вокан
Нечаканым госьцем
У вячэрні час.

Тая, што калісьці тут зьбірала кветы,
Што рамонак белы
Вышывала мне, —
Засталася толькі песьняй недапетай
Аб маёй вясёлай
Залатой вясьне.

Той вясны цяперака ўжо даўно няма,
Праляцелі дні яе,
Як бялявы дым.
На дарозе толькі, дзе сівы туман,
Натаптала восень
Жоўтыя сьляды.

Толькі я ня стану сумаваць так часта
І спагады ў кожнага
Для сябе прасіць,
Будзе яшчэ многа радасьці і шчасьця,
Будзе яшчэ многа песень і красы.

І няхай лістамі мой усланы ганак
І ў накрапах жоўтых
Цішыня вакол.
Адзінокім выйду у ружовы ранак,
Адзінокім стрэну
Нечаканы боль.