Раздзел XXIII. Фларэнс адзінокая, а Мічман загадкавы Раздзел XXIV. Клопаты сэрца, якое любіць
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел XXV. Дзіўныя весткі пра дзядзьку Соля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXIV

Клопаты сэрца, якое любіць.

Сэр Барнет і лэдзі Скетлс, надзвычайныя людзі, жылі ў Фулеме на беразе Темзы ў цудоўнай віле, якая была адной з самых зайздросных рэзідэнцый[1] у свеце, калі адбывалася спаборніцтва ў веславанні, але адрознівалася ў іншы час і некаторымі невыгадамі, да якіх можна аднесці выпадковае ўварванне ракі ў гасціную і часовае знікненне лужка і кустоў.

Сэр Барнет Скетлс падкрэсліваў значэнне ўласнай персоны галоўным чынам пры дапамозе старадаўняй залатой табакеркі і цяжкой шаўковай насавой хустачкі, якую ён унушальна даставаў з кішэні, як сцяг, і раскручваў абодвума рукамі. Мэта жыцця сэра Барнета заключалася ў тым, каб заўсёды расшыраць кола знаёмых.

Сэр Барнет ганарыўся тым, што знаёміў людзей з людзьмі. Ён любіў гэты занятак дзеля самога сябе, і да таго-ж ён садзейнічаў асноўнай яго мэце. Так, напрыклад, калі сэру Барнету ўдавалася захапіць якога-небудзь навічка або вясковага джэнтльмена і залучыць у сваю гасцінную вілу, сэр Барнет гаварыў яму раніцой, пасля прыезду: «Ну-с, дарагі мой сэр, ці не хочаце вы з кім-небудзь пазнаёміцца? Каго-б вы хацелі тут сустрэць? Можа вы цікавіцеся пісьменнікамі, жывапісцамі, скульптарамі, акторамі або кім-небудзь падобным да іх?» Здаралася, што пацыент адказваў сцвярджальна і называў асобу, якую сэр Барнет ведаў асабіста не больш, чым Пталамея Вялікага[2]. Сэр Барнет заяўляў, што нічога не можа быць лягчэй, бо ён вельмі добра з ім знаёмы, пасля адразу-ж накіроўваўся з візітам да вышэйспамянёнай асобы, пакідаў візітную картку, пісаў запіску: «Паважаны сэр… Абавязак вашага высокага становішча… сябра, што госціць у мяне, натуральна, прагне… лэдзі Скетлс і я сам далучаемся… верым, што, з прычыны таго што геній стаіць вышэй умоўнасцей, вы нам акажаце выключны гонар, зрабіўшы прыемнасць…» і т. д. і т. д., і такім чынам адным каменем забіваў насмерць двух птушак.

Пусціўшы ў ход табакерку і сцяг, сэр Барнет Скетлс задаў сваё звычайнае пытанне Фларэнс у першую раніцу яе прабывання ў доме. Калі Фларэнс падзякавала яму і сказала, што няма нікога, чыя прысутнасць была-б ёй асабліва пажаданай, яна, натуральна, падумала з журбою пра беднага прапаўшага Уолтэра.

Скетлс-малодшы (што датычыць да яго гальштука — вельмі накрухмалены, а што датычыць да яго настрою — прыгнечаны) быў, як відаць, засмучаны жаданнем сваёй надзвычай добрай маці, каб ён аказваў увагу Фларэнс. Другой і больш глыбокай крыўдай, якая катавала душу юнага Барнета, была прысутнасць доктара і місіс Блімбер, якія атрымалі запрашэнне пагасціць у бацькаўскім доме.

— Ці не можаце вы прапанаваць каго-небудзь, доктар Блімбер? — сказаў сэр Барнет Скетлс, звяртаючыся да гэтага джэнтльмена.

— Вы вельмі ветлівы, сэр Барнет, — адказаў доктар Блімбер. — Дапраўды-ж, мне цяжка назваць якую-небудзь пэўную асобу.

— Можа місіс Блімбер хоча ўбачыць якую-небудзь выдатную асобу? — пачціва запытаўся сэр Барнет.

Місіс Блімбер, соладка ўсміхнуўшыся і паківаўшы нябесна-блакітным чапцом, адказвала, што, калі-б сэр Барнет мог прадставіць яе Цыцэрону, яна звярнулася-б да яго з просьбай; але паколькі такое знаёмства немагчыма, а яна ўжо карыстаецца сяброўскай прыхільнасцю яго самога і яго жонкі і падзяляе з доктарам, сваім мужам, надзеі, што ўскладаюцца на дарагога сына сэра Барнета, — тут юны Барнет, як было заўважана, зморшчыў нос, — ёй больш няма чаго прасіць.

Пры такіх акалічнасцях сэру Барнету нічога не аставалася, як часова карыстацца тымі, што тут сабраліся. Фларэнс гэтаму была рада, бо ў яе тут былі клопаты, якія для яе былі вельмі неабходнымі і важнымі, каб уступіць месца іншым інтарэсам.

У доме гасцілі дзеці. Дзеці, якія былі шчырыя і шчаслівыя са сваімі бацькамі і маткамі, як тыя румяныя дзяўчынкі ў доме насупраць. Дзеці, якія не хавалі сваёй любові і выяўлялі яе свабодна, Фларэнс спрабавала разгадаць іх тайну; спрабавала даведацца, чаго нехапае ёй; якое простае ўмельства вядома ім і невядома ёй; як пераняць у іх уменне паказаць бацьку, што яна яго любіць, і заваяваць яго любоў.

Неўзабаве пасля Фларэнс прыехала ў ліку іншых гасцей прыгожанькая дзяўчынка, гады на тры-чатыры маладзейшая за яе, сірата, у суправаджэнні цёткі, сівой лэдзі, якая часта размаўляла з Фларэнс, вельмі любіла (між іншым і ўсе гэта любілі) слухаць вечарамі яе спевы і ў такіх выпадках заўсёды садзілася з матчыным пачуццём бліжэй да яе. Яны прыехалі за два дні да той спякотнай раніцы, калі Фларэнс сядзела ў альтанцы ў садзе, задумліва паглядаючы праз лісцё на групу дзяцей на лужку, пляла вянок на галоўку адной з гэтых малютак, агульнай любіміцы і балаўніцы, і пачула, як гэта лэдзі і яе пляменніца размаўляюць пра яе, прагульваючыся ў цяністай алеі каля альтанкі.

— Цёця, Фларэнс сірата, як і я? — запыталася дзяўчынка.

— Не, любачка. У яе няма маці, але бацька жыў.

— Цяпер яна носіць траур па сваёй няшчаснай маме? — жвава запыталася дзяўчынка.

— Не, па адзіным брату.

— Больш у яе няма братоў?

— Няма.

— І сясцёр няма?

— Няма.

— Мне яе вельмі, вельмі шкада! — сказала дзяўчынка пасля паузы.

З тае прычыны, што неўзабаве пасля гэтага яны змоўклі і спыніліся паглядзець на лодкі, Фларэнс, якая, пачуўшы сваё імя, устала, сабрала кветкі і хацела ісці ім насустрач, каб яны ведалі аб яе прысутнасці, зноў села і ўзялася за работу, думаючы, што больш нічога не пачуе; але праз секунду размова аднавілася.

— У гэтым доме ўсе любяць Фларэнс, і, вядома, яна гэтага заслугоўвае, — з запалам сказала дзяўчынка. — Дзе яе тата?

Цётка пасля кароткага маўчання адказала, што не ведае. Тон яе спыніў Фларэнс, якая зноў устала, і перашкодзіў ёй скрануцца з месца; свой вянок яна хуценька прыціснула да грудзей і абодвума рукамі трымала кветкі, каб яны не рассыпаліся па зямлі.

— Ён у Англіі, цёця? — запыталася дзяўчынка.

— Здаецца. Так, так, ён у Англіі.

— Ён быў калі-небудзь тут?

— Наўрад. Не.

— Ён прыедзе сюды пабачыцца з ёю?

— Наўрад.

— Цёця, ён кульгавы, сляпы ці хворы? — запыталася дзяўчынка.

Кветкі, якія Фларэнс прыціскала да грудзей, пачалі падаць на зямлю, калі яна пачула гэтыя словы, сказаныя з такім здзіўленнем. Яна мацней прыціснула іх, і твар яе схіліўся да іх.

— Кейт, — сказала лэдзі зноў пасля кароткага маўчання, — я вам усё раскажу пра Фларэнс так, як сама чула; думаю, што гэта праўда. Але нікому не кажыце, дарагая мая, таму што тут, магчыма, гэтага не ведаюць, а вашы размовы нарабілі-б ёй болю ў сэрцы.

— Я нікому не скажу, — усклікнула дзяўчынка.

— Ведаю, што не скажаце, — адазвалася лэдзі. — Вам я магу давяраць, як самой сабе. Дык-вось, Кейт, я баюся, што бацька Фларэнс мала яе любіць, вельмі рэдка бачыць яе, ніколі не бываў з ёю ласкавым, а цяпер нават цураецца яе. Яна пяшчотна любіла-б яго, калі-б ён ёй дазволіў, але ён гэтага не хоча, хоць яна ні ў чым не вінна; і ўсе добрыя людзі павінны моцна любіць яе і шкадаваць.

Яшчэ некалькі кветак, якія трымала Фларэнс, упалі на зямлю; тыя, што асталіся ў яе, былі вільготныя, але не ад расы; і галава яе апусцілася на рукі, якія трымалі гэтыя кветкі.

— Небарака Фларэнс! Мілая, слаўная Фларэнс! — усклікнула дзяўчынка.

— Вы разумееце, дзеля чаго я вам расказала пра гэта, Кейт? — запыталася лэдзі.

— Для таго, каб я была вельмі добрай да яе і пастаралася ёй спадабацца. Для гэтага, праўда, цёця?

— Часткова, — сказала лэдзі, — але гэта не ўсё. Хоць мы бачым, што яна вясёлая, ветліва ўсміхаецца кожнаму, гатова ўслужыць усім нам і ўдзельнічае ва ўсіх забавах, бадай ці можа яна быць зусім шчаслівай. Як вы думаеце, Кейт?

— Мне здаецца, не можа, — адказала дзяўчынка.

— І вы разумееце, — прадаўжала лэдзі, — чаму калі яна бачыць дзяцей, у якіх ёсць бацькі, якія іх любяць і ганарацца імі, — а такіх тут цяпер шмат, — яна ўпотайку сумуе?

— Так, любая цёця, — сказала дзяўчынка, — я гэта вельмі добра разумею. Небарака Фларэнс!

Зноў пасыпаліся на зямлю кветкі, а тыя, што яна прыціскала да грудзей, трапяталі, нібы ад зімовага ветру.

— Мая Кейт, — сказала лэдзі голасам сур'ёзным, але вельмі спакойным і ласкавым, які з першай-жа секунды зрабіў такое моцнае ўражанне на Фларэнс, — з усіх дзяцей, што тут жывуць, вы для яе самая падыходзячая сяброўка, якая не зробіць ёй зла, вы не будзеце паміма сваёй волі, як гэта робяць больш шчаслівыя дзеці…

— Няма нікога шчаслівейшага за мяне, цёця! — усклікнула дзяўчынка і, як відаць, прытулілася да яе. — З вамі, цёця, я ніколі не была пазбаўлена бацькаўскай любові.

— Ва ўсякім выпадку, дарагая, — сказала лэдзі, — ваша гора лягчэйшае, чым гора Фларэнс, таму што не можа быць на свеце сіраты больш адзінокай, чым тая, якой адмаўляе ў любові бацька.

Кветкі рассыпаліся па зямлі, як прах; рукі закрылі твар, і асірацелая Фларэнс апусцілася на зямлю і плакала доўга і горка.

Але, моцная духам і цвёрдая ў сваім добрым намеры, Фларэнс трымалася за гэты намер, як паміраючая маці трымалася за Фларэнс у той дзень, калі дала жыццё Полю. Бацька не ведае, як горача яна яго любіць. Як-бы доўга ні давялося чакаць і як-бы марудна ні цягнуўся час, яна павінна рана ці позна адкрыць гэту любоў бацьку. Да таго часу яна павінна клапаціцца аб тым, каб ніводным неабдуманым словам, позіркам, узрывам пачуццяў, выкліканых выпадковамі акалічнасцямі, не паскардзіцца на яго, не даць поваду да гэтых чутак, што ганьбяць яго.

Так рабіла яна заўсёды. Калі чыталі ўголас якую-небудзь кнігу і ў ёй успаміналася аб нядобрым бацьку, яна баялася, каб не параўналі гэта з ім; цярпела, але не за сябе. Так было і тады, калі яны разыгрывалі якую-небудзь п'еску, ставілі жывыя карціны, пачыналі гульні. Столькі было падстаў для неспакойства наконт яго, што не раз яна хісталася, ці не лепш ёй вярнуцца ў стары дом і зноў жыць мірна ў засені яго нудных сцен.

Фларэнс цярпліва аддавалася сваім клопатам, і, не пранікнуўшы ў тайну невядомай чароўнасці, пра якую спрабавала даведацца ў гасціўшых у доме дзяцей, яна часта раніцою гуляла адна сярод дзяцей беднякоў. Але і тут яна пераканалася, што яны на многа далей за яе пайшлі ўперад, каб яна магла чаму-небудзь ад іх навучыцца. Даўным-даўно яны заваявалі сабе месца ў родным доме, а не стаялі знадворку, як яна, перад замкнутымі дзвярыма.

Некалькі разоў яна звяртала ўвагу на аднаго чалавека, які з самай раніцы браўся за работу, а каля яго часта сядзела дзяўчына прыблізна адных год з Фларэнс. Ён быў вельмі бедны, не меў, здавалася, пэўных заняткаў; у часе адліву ён бадзяўся па беразе ракі, шукаючы ў гляі якіясьці кавалкі і абломкі; у іншы час абрабляў нікчэмны кавалачак зямлі перад сваім катэджам, рамантаваў невялікую старую лодку або, здаралася, выконваў якую-небудзь работу для суседа. Але над чым-бы ні працаваў гэты чалавек, дзяўчына ніколі не працавала і сядзела каля яго абыякавая, панурая і бяздзейная.

Фларэнс часта хацелася загаварыць з ім, але яна не адважвалася, бо ён ніколі не звяртаўся да яе. Але неяк раніцой яна выпадкова сустрэлася з ім, прайшоўшы сярод падстрыжаных вербаў па бакавой сцежцы, што выходзіла на камяністую пляцоўку паміж яго домам і ракою, дзе ён стаяў ля агню, які расклаў, каб паправіць старую лодку, якая ляжала тут-жа і была перавернута ўверх дном; пачуўшы яе крокі, ён падняў галаву і павітаўся з ёй.

— Добры дзень, — падышоўшы бліжэй, сказала Фларэнс. — Рана вы ўзяліся за работу.

— Я рад быў-бы часта брацца за работу яшчэ раней, міс, каб толькі была ў мяне работа.

— Хіба так цяжка яе атрымаць?

— Для мяне цяжка, — адказаў той.

Фларэнс паглядзела на дзяўчыну, што сядзела, апіраючыся локцямі на калені і падбародкам на рукі, і запыталася:

— Гэта ваша дачка?

Ён хутка падняў галаву, з прасвятлеўшым тварам павярнуўся да дзяўчыны, кіўнуў ёй і адказаў сцвярджальна. Фларэнс таксама павярнулася да яе і ласкава павіталася. Дзяўчына ў адказ прамармытала нешта няветліва і хмурна.

— Ёй таксама патрэбна работа? — запыталася Фларэнс. Чалавек паківаў галавой.

— Не, міс, — сказаў ён, — я працую на абодвух.

— Значыцца, вас толькі двое? — запыталася Фларэнс.

— Нас толькі двое, — адазваўся ён. — Вось ужо дзесяць год, як памерла яе маці. Марта! (Ён зноў падняў галаву і свіснуў ёй.) Можа хочаце пагаварыць з гэтай прыгожай маладой лэдзі?

Дзяўчына нецярпліва паціснула вузкімі плячыма і адвярнулася. Непрыгожая, уродлівая, благая характарам, абшарпаная, брудная — але любімая! Так! Фларэнс гэта адгадала па позірку бацькі, які быў скіраваны на яе, і яна ведала, чый позірк нічога агульнага не мае з гэтым.

— Няшчасная мая дзяўчынка! Баюся, што сёння ёй горш, — сказаў бацька, адрываючыся ад работы і пазіраючы на сваё непрывабнае дзіця са спачуваннем грубаватым і таму асабліва чуллівым.

— Значыцца, яна хворая? — запыталася Фларэнс.

Ён глыбока ўздыхнуў.

— Наўрад ці была мая Марта за пяць год зусім здаровая хоць-бы пяць дзён, — адказаў ён, усё яшчэ гледзячы на яе.

— Эх, больш пяці год, Джон! — сказаў сусед, які падышоў дапамагчы яму рамантаваць лодку.

— Вы думаеце — больш? — адазваўся той, ссоўваючы на патыліцу паношаны капялюш і праводзячы рукой па ілбе. — Усё магчыма. Здаецца, нібы з таго часу прайшло многа-многа гадоў.

— І з кожным годам, — прадаўжаў сусед, — вы ўсё больш і больш яе песціце і патураеце ёй, Джон, пакуль яна не стане цяжарам і сабе і іншым.

— Не мне, — запярэчыў яе бацька, зноў беручыся за работу, — не мне.

Фларэнс зразумела — хто мог зразумець лепш, чым яна? — якія праўдзівыя былі яго словы. Яна падышла да яго бліжэй і рада-б была паціснуць яго мазолістую руку і падзякаваць за дабрату да няшчаснага стварэння, на якое ён глядзеў іншымі вачыма, чым усе астатнія.

— Хто-ж, калі не я, папесціў-бы маю няшчасную дзяўчынку, калі ўжо называць гэта пешчаннем?

— Гэта так, — усклікнуў сусед. — Але не трэба хапаць праз меру, Джон! А вы што робіце? Вы забіраеце ад сябе, каб аддаць ёй. З-за яе вы звязваеце сябе па руках і па нагах. Вы церпіце галечу праз яе. А ёй якая да гэтага справа? Ці не думаеце вы, што яна гэта разумее?

Бацька зноў падняў галаву і свіснуў ёй. Марта адказала тым-жа нецярплівым торганнем вузкіх плячэй, а ён быў шчаслівы і задаволены.

— Толькі дзеля гэтага, міс, — сказаў сусед з усмешкай, у якой было больш затоенай сімпатыі, чым у яго словах, — толькі дзеля таго, каб бачыць гэта, ён ніколі не адпускае яе ад сябе.

— Таму што прыдзе дзень, і ён ужо набліжаецца, — заўважыў той, нізка схіляючыся над сваёй работай, — калі нават для таго, каб убачыць, як у майго няшчаснага дзіцяці дрыжыць палец або развяваюцца валасы, давялося-б уваскрашаць мёртвую.

Фларэнс паціхеньку паклала каля яго грошы на старую лодку і пайшла ад іх.

Бацька і яго хворая дачка яшчэ моцна трымаліся ў памяці Фларэнс, калі, прыкладна праз тыдзень пасля сустрэчы, сэр Барнет і яго жонка задумалі неяк удзень прагуляцца па прасёлачных дарогах і прапанавалі Фларэнс пайсці з імі. З прычыны таго, што Фларэнс ахвотна згадзілася, лэдзі Скетлс, зразумела, выгнала на прагулку юнага Барнета, бо нічым так не зачароўвалася лэдзі Скетлс, як сузіраннем старэйшага яе сына, які павольна ішоў пад руку з Фларэнс.

Калі сказаць праўду, Барнет, здавалася, прытрымліваўся процілеглага пункту гледжання і ў такіх выпадках часта выказваў сваю думку ўголас — між іншым, няпэўна, — намякаючы на «нейкіх дзяўчушак». Але з прычыны таго, што нялёгка было збянтэжыць ціхі нораў Фларэнс, звычайна яна праз некалькі хвілін прымірала юнага джэнтльмена з яго лёсам, яны па-сяброўску прадаўжалі прагулку, а лэдзі Скетлс і сэр Барнет ішлі за імі, вельмі задаволеныя.

У такім парадку паважна ішлі яны ў той дзень; Фларэнс амаль удалося заглушыць нараканні Скетлса-малодшага на яго долю, калі міма праехаў джэнтльмен конна, паглядзеў на іх пільна, пасля спыніў каня, павярнуў яго і паехаў ім насустрач, трымаючы ў руцэ капялюш.

Джэнтльмен з асаблівай увагай паглядзеў на Фларэнс; калі-ж ён вярнуўся і маленькая кампанія спынілася, ён пакланіўся ёй, а пасля ўжо вітаў сэра Барнета і яго жонку. Фларэнс не магла прыпомніць, ці бачыла яна калі-небудзь яго, але калі ён наблізіўся, яна мімавольна ўздрыганулася і адхіснулася.

— Запэўняю вас, конь у мяне ціхі, — сказаў джэнтльмен.

Але не конь, а штосьці ў самым джэнтльмене — Фларэнс не магла-б вызначыць, што іменна, — прымусіла яе адхіснуцца, нібы яе ўкалолі.

— Здаецца, я маю гонар гаварыць з міс Домбі? — сказаў джэнтльмен з самай украдчывай усмешкай.

Калі Фларэнс нахіліла галаву, ён дадаў:

— Маё прозвішча Каркер. Бадай ці магу я спадзявацца, што міс Домбі памятае мяне інакш, чым па маім прозвішчу Каркер.

Фларэнс, адчуваючы нейкі дзіўны азноб, хоць дзень быў і гарачы, прадставіла яго свайму гаспадару і гаспадыні, якія прынялі яго вельмі прыязна.

— Тысячу разоў прашу прабачэння! — сказаў містэр Каркер. — Але справа ў тым, што заўтра раніцой я еду да містэра Домбі, у Лемінгтон, і калі міс Домбі захоча даверыць мне якое-небудзь даручэнне, ці патрэбна гаварыць, які я буду шчаслівы?

Сэр Барнет, адразу зразумеўшы, што Фларэнс захоча напісаць пісьмо бацьку, прапанаваў вярнуцца дадому і прасіў містэра Каркера зайсці да іх і паабедаць, не гледзячы на касцюм для коннай язды. На няшчасце, містэр Каркер быў ужо запрошаны на абед, але, калі міс Домбі захоча паслаць пісьмо, нішто не будзе яму так прыемна, як праводзіць іх дадому і ў якасці адданага яе раба чакаць, колькі яна захоча. Калі ён гаварыў гэта з самай шырокай сваёй усмешкай і нахіляўся да яе вельмі блізка, пагладжваючы шыю свайму каню, Фларэнс, сустрэўшы яго позірк, хутчэй убачыла, чым пачула як ён сказаў: «Аб караблі няма ніякіх вестак!»

Збянтэжаная, спалоханая, адступаючыся ад яго і па сутнасці не ведаючы, ці сказаў ён гэтыя словы, бо здавалася, ён іх не вымавіў, але нейкім дзіўным чынам паказаў ёй ў сваёй усмешцы. Фларэнс слабым голасам адказала, што вельмі яму ўдзячна, але пісаць не будзе: ёй няма аб чым пісаць.

— Магчыма, што-небудзь перадаць, міс Домбі? — запытаўся зубасты чалавек.

— Нічога, — сказала Фларэнс, — апрача маёй… маёй гарачай любові… калі ласка.

Як ні была ўсхвалявана Фларэнс, яна паглядзела на яго ўпрашальным і красамоўным позіркам, які заклінаў яго злітавацца над ёю, калі яму вядома, — а гэта яму было вядома, — што ўсякае даручэнне ад яе да бацькі — справа не звычайная, і тым больш — такое даручэнне. Містэр Каркер усміхнуўся, нізка пакланіўся і, выслухаўшы просьбу сэра Барнета перадаць сардэчны паклон ад яго самога і лэдзі Скетлс, развітаўся і паехаў, зрабіўшы добрае ўражанне на гэту годную пару.

  1. Рэзідэнцыя — месца пастаяннага знаходжання.
  2. Пталамей Вялікі (II ст. н. э) — грэчаскі астраном і матэматык, які нарадзіўся ў Егіпце; яго сістэма, паводле якой у цэнтры сусвету знаходзіцца зямля, была абвергнута Капернікам.