Досьвіткі (1926)/Панская сучка

Досьвіткі Панская сучка
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1926 год
Смачны заяц
Іншыя публікацыі гэтага твора: Панская сучка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Панская сучка

I

— Ну хто заступіць ім Лэдзі? Ніхто!..

— Ах, гэткае няшчасьце, гэткае няшчасьце, пане мой! — казаў князь Вішнявецкі грапу Пшазьдзецкаму і знэрваваны хадзіў па габінэце.

— О, так, так, каханы пане! — паслужна патураў госьць. — Я чуў, што пане князь даў за сваю Лэдзі колёсальную цану?

— Але-ж не, пане мой! Ня надта ўжо і дорага. Я аддаў Любамірскаму за маю гаротную Лэдзіньку некалькі душ падданных. Эт, у выселках, пане, жылі, у ройстах, рогам убіўшыся ў Любамірскага загоны. Ну, колькі сем‘яў перагналі бліжэй сюды, а тых, рэшту, з кавалкамі балота, я адступіў суседу за Лэдзі. Ды не ў цане тэй справа, пане мой! А не ў цане! То-ж гэткая мне страта…

— О, так, так, каханы пане!

— Няхай аджывяць мне маю Лэдзі, і я кіну за гэта ўдвойчы, утройчы болей — колькі хочаце! — сем‘яў. Але-ж яна ўжо — ня жыве… Сканала мая галубка ўдосьвецьця, гадзіне а палове сёмай, пане мой. Ніякая вэтэрынарыя не дала тут рады. Доктар спачатку даў надзею, што Лэдзінька напэўна ачуняе, і я меў тое безгалоўе — адпусьціў яго дамоў, не пачакаўшы лепшае гадзіны. Мой уласны вэтэрынар… але не! Я не магу, не магу супакойна ўздумаць на яго…

І князь паплёскаў далоняй аб далонь.

Нячутна адчыніліся ў габінэт дзьверы, нячутна, як тая здань, даўся на вочы камэрдынэр, з сівымі бародкамі ля вух і ў золатам вышытай, фамільнай князеўскай ліўрэі.

— Хлоп слухае яснавяльможнага пана!

— Скажы камісару, пану Міхалу, што вэтэрынара Будзьку аддаём у войска за няздольнасьць у яго адумысловай працы. Выправіць заўтра ўраньні.

Грабя Пшазьдзецкі быццам меўся нешта сказаць, але, як на тое, дапіваў віно, ён папярхнуўся і закашляўся, а ў той час камэрдынэр вышаў.

— «Лэдзі, Лэдзі! — засігаў князь з кута ў кут. — Бач, мой пане, нарадзілася яна ў Ангельшчыне, і радавод яе ня горшы, чымся якога літоўскага шляхціца з драбнейшых. О! Прывёз яе бацька Любамірскага, нябожчык пан Ксавэры, пухам яму зямелька, Ах, і што-ж то быў за знаўца і цаніцель! Сынок цяпер старанна абкругляе валадарства, але пары слоў ня зьвяжа, блазень, у сабачых справах. І вось я дастаў ад яго Лэдзі. Яна прышла ў мой дом. Пане! я-ж дрыжэў над ёю, я-ж яе кукобіў… Заўжды спала яна, мая галубка, ля маіх ног. І навошта мне было спускаць яе з Сангушкавым кабялём? Скажэце, пане мой, навошта, а? Ці-ж гэткія далікатныя, гэткія кволыя стварэньні пана бога прызначаны быць маткамі? Вось я бачу, яна ўся ў маіх вачох. Памятаеце, пане? Якая плястыка, а? Якое хараство правільных ліній! Якая духоўная выразнасьць кожнага мускулу, кожнае жылкі! А стойка? А як яна мяне любіла! А, пане мой, скажу зусім без перавышкі… ці ўва ўсёй Польшчы і Ліцьве быў калі сабака, лепшы за яе? Ай, Лэдзі, Лэдзі!.. На тых вялікіх ловах у Панятоўскага, дзе быў з сваім услаўленым сабакам кароль Прусаў, мая Лэдзі была лепшай за ўсіх панскіх і каралеўскіх сабак…

— О, так, так, мой залаценькі пане! То-ж гэткія Лэдзі нараджаюцца ня вельмі часта сярод сабак, як гэніі і таленты сярод людзей, — казаў Пшазьдзецкі. — А паважуся спытацца: шчанючочкі… яны засталіся, жывыя, пан бог хаваў?

— Так.

— Ну, то дзякаваць пану богу! Як мне здаецца, дык гора каханага князя павінна зьменшыцца надзеяй на шчанючкоў. Уважаю на тое, што яны-ж дзеткі слаўнай Лэдзі. Дый Сангушкаў сабака, я ведаю, добры сабака. Гадок ці паўтара — і ў каханага князя будзе некалькі добрых Лэдзі.

— Так, так… Засталіся сьляпенькія, нядужыя. Здохнуць.

— Зьмілуйцеся, мой каханы пане! Пры добрым а пільным доглядзе, пры належным клопаце ня могуць яны здохнуць, — выкачаюцца.

— Але не, пане! Бач, яны нават лактаць ня здолеюць, ім трэба ссаць.

— Рацыя, рацыя, мой каханы пане. Але-ж ведаю некалькі прыпадкаў, што зьвераняткі, пакінутыя ў гэткім стане, гадаваліся.

— Ну хто заступіць ім Лэдзі? Ніхто!

— Так, гэта рэч няпростая. Але памяркуем…

Грабя ўзяў зялезны кіёчак і біў вугальле ў каміне. Чырвоны водбліск ківаўся на яго вялікай і магутнай постаці. Даўгія вусы з гонарам віселі па бакох вуснаў, што грэбліва, папанску, выпіналіся.

— Мне прышло ўдум штосьці добрае, мой каханы пане, — сказаў ён і павярнуўся галавою ў бок да гаспадара: — сёньня на паляваньні стары палясоўшчык пераказаў мне цікаўную прыгоду. Можа казка, можа — не. Спазьнілася адноўчы ў полі мужычка з дзіцёначкам. Мядзьведзь злавіў яе і з дзіцёнкам прыцягнуў у сваю мярлогу. Быў удавец, — мядзьведзіца яго здохла, пакінуўшы дзяцей, — дык залучыў бабу, каб была ў яго за гаспадыню. Баба выкарміла медзьвянят разам з сваім дзіцёнкам. Мядзьведзь, як лыцар, дбаў аб усёй сямейцы, прынасіў мёду, хлеба і ўсяго, што задавалася сьцягнуць на полі ў мужыкоў, у вульлёх, у зямца і абы-дзе. Калі медзьвяняты падрасьлі, добры іх бацька пусьціў тую мамку на волю, нават паднёс, кажуць, яе хлапца да самага поля.

— З гэтага выпадае, пане?..

— З гэтага выпадае, мой каханы пане, што дабрачынная мужычка знойдзецца і для Лэдзіных сіротак!

— Думка не благая! Толькі мне замінае тое, што нашыя хлопы яшчэ надта цёмныя, дурныя… Баба, напэўна, не зразумее, што моральнай крыўды для яе асобы тут няма, калі ходзіць аб выратаваньні сіротак… А я, пане мой, хоць можа гэта сьмех, ня хочу зьвязваць такіх, таго… такіх бабскіх пачуцьцяў з успамінкамі аб маёй Лэдзі. Не, ня хочу!

— О, то-то-то! У словах каханага пана чуецца даўгое быцьцё ў Ангельшчыне. А я скажу пану: я болей за каханага бавіў час у нашых баславёных пушчах і дух нашых хлопаў я, мой залаты пане, до-о-бра ведаю. Пане! любая баба за гонар будзе лічыць і пойдзе з прыемнасьцю… Пабыць у самым замку! — для іх то гэта вялікае шчасьце…

— Так, мой пане. Але я, таго… не хацеў-бы я, каб гэта пачалося ад мяне.

— Божухна мой! Толькі міргніце аканому ці там войту…

— А ўсё-ж, таго, няпрыемна. І толькі дзеля свае Лэдзі, дзеля яе бездапаможненькіх сіротак, я складу ўсякую ахвяру. Ай, Лэдзі, Лэдзі мая! Яе ўжо няма.

II

— Забіце, замучце — непаеду а!..

Поўны клопату, стары войт Рымарчук зраньня быў ня ў гумары і ў думках пасылаў да ўсіх чартоў здохлую заморскую сучку. За яе, праклятую, то й дзіві, і сам страціш панскую ласку. Дапраўды, і не яго-то, войтаўскі, абавязак клапаціць аб тым, што дзеецца ў самым замку. Але ён — стары, зьведаны служака, і на яго валяць усе труднейшыя і няпрыемныя даручэньні. Рымарчук, ідучы ў чорную хату, клапатліва загінаў пальцы: вэтэрынара да вайсковага начальніка выслалі (тут войт з прыкрасьцю зморшчыўся, успомніўшы сьлёзы і выцьцё); ямку сучцы ў старым парку капаюць; з заказам на помнік у N ужо паехалі; псара Яську, што забыўся наказаць апальшчыку сагрэць пакой, дзе шчаняткі, абсеклі: застаецца глаўнае і самае дрэннае: знайсьці і даставіць у замак мамку. І як мага барджэй. Каб цябе ліха — дзе-ж яе так зараз знойдзеш? Але ведама, што ў пяцёх акругах ёсьць мамкі. Толькі ўсё надта далёкія, вёрст за дваццаць, трыццаць і далей. Трэба гнаць пасланцоў па ўсіх, а самому трэба ехаць па самую бліжэйшую. Каля чорнай хаты ўжо прыбіралі яму вазок, але пасланцы ня ўсе справіліся, і войт узлаваўся і падняў на іх галас, дражліва перавёў марудных бізуном, што насіў за паясом, як адзнаку войта. З крыкамі і лаянкаю сеў ён у вазок, піхнуў паваждая ў сьпіну і пакаціў па мамку…

Бязьлюднае сьнегавое поле супакайвала.

Шэра і аднастайна было наўкола. Ані жывой душы, Прыдарожныя бярозы бязуважна нудзіліся ў сваім сярэбраным прыбраньні. На ўзгорачку, у кусточку пырхала нейкая азызлая птушачка з чырвоным волем. І сумныя ці няўважна-зачарствелыя вароны не агалашалі сваім грубым карканьнем зімавых палёў.

У мутна-бялёсых далях, за грабеньнем, курганьнем і гурбамі, сьнегу маячылі зубчатыя сьцены, вежы замкаў званьніцы, дзівосныя горы, агорнутыя воблачкамі. Ды не: мужыцкія там хаты, як завеяныя завірухаю грудкі гною, выплываюць здалёк, сярод адзінотных бяроз і калодзежных сох з вагамі.

Уецца сіні дымок над страхою. Дзьмухнуў адтуль вецер і прынёс пах смаленай бяросты, дыму і жыльля.

Пуста на вуліцы, заваленай хваросьцем і карчамі з ляда. Пратоптаны вузенькія сьцёжачкі ад хаты да хаты, да паграбні і да гуменца.

Мятнулася з грэбнем і мычкамі лёну дзеўка і, спуджаная, таго-ж часу дзесь прапала. За рогам стаяла грамадка мужыкоў з сякерамі за паясамі, у шапках-віславухах. Яны невясёла гаманілі аб нечым з дзедам, што нёс у рэзьвінах рыжую асаку.

Зазьвінелі, заскрыпелі палазы пад вазком — бліжэй, бліжэй! і ўсе мужыкі, хапаючыся, скінулі шапкі да пояса;

— Дзень добры, людзюхны!

— Дзень добры пану войту!

— А дзе тут жывець Тацяна Турботная?

— А вунацька тама, просім пана, тамацька на рагу, за крыніцаю жывуць Турботныя.

І колькі хлопаў паслужна замахалі рукамі і аблавухамі і пабеглі наперад паказваць.

Нізкія хацінкі і пуні ўехалі ў зямлю. Малюпаценькія акенцы, як бельмы на воку ў жаласнага старца, тусклелі ў бедных пузырамі, ў багатыроў — мутным і таўстым бутэлечным шклом. Саламяныя маты і падстрэшшы закурэлі. Хаты курныя, без каміноў, і дым пракурыў усе шчэлачкі. Стрэхі з нізкімі шчытамі і акапамі. Сьцены абкладзены саломаю ці канаплянаю сувалкаю — дзеля цяпла. Гэта дом прыгоньніка, панскага падданага, гэта яго зьвярынае логава.

Пад‘яйджаючы да Турботных, войт няпрыемна ўразіўся: на вуліцы, ля сьцяны стаяў царкоўны дзераўляны крыж.

— Хаўтуры ў іх. Дзіцёнак у Турбоціхі памёр, — сказалі войту.

Ён нізка нахінуўся і ўвашоў у хату. Печ была толькі зачынена, і елкі дым яшчэ вісеў пад стольлю і еў вочы. На лаўцы ляжаў пад белым грубым палатном, з венчыкамі на галоўцы, сьсінелы маленькі дзіцёнак. Перад абразамі цеплілася жоўтым агоньчыкам чорная сьвечачка — падарунак якога-небудзь дзядзькі Ярмолы, тутэйшага зямца. Пад палком брыкала ў саломцы цялё; запёртая пад печаю курачка сакатала. У запечак забіліся, як зьвяркі, дзеці — дзяўчынкі. Сядзела ў кажухах некалькі спагадніц-цётак. Матка галасіла па дзіцяці:

А мой-жа ты дзетачка,
А мой-жа ты галубятачка!
Я-ж цябе вынасіла, выхварала,
На прыгон у кашолцы насіла,
Сама жытца панскае жала,
Цябе снапочкамі ад сонца загараджала.
А ты-ж мой дрыжоны сынулечка…
Хто-ж мяне пад старасьць прыгледзіць,
Кавалачак хлебца прыдбаець,
Хто-ж мне прыгон служыць пасобіць?

— Цартва нябеснае, — пераксьціўся войт і ўздумаў адразу пачаць гутарку аб справе.

Бабы далі яму месца на лаўцы, змахнулі пыл хвартухом. Адна бабулька пачала гамаваць матку:

— Супакойся, мая любая. Няхай бог крыець, як ты гаруеш, быццам па вялікім. Супакойся, рыбухна.

Неспадзяваная ўзьяўка войта ўразіла ўсіх і сьціскала. Усе чакалі.

Абчысьціўшы вусы ад лёду, Рымарчук ня зусім адважна і ня надта складна загаманіў:

— Вось што, Тацяначка: Трэба табе цяпер-жа ехаць са мною ў князёў палац.

— Няшчасьцейка ў мяне, пане любенькі… Аслабаніце, калі ласка панская. Ня ведаю, навошта я тамацька патрэбна ў гэткі час?

— Там… бач, мамкі патрэбны. Чалавечае малако на лекі ці што патрэбна, — няўдалымі словамі напалохаў ён баб.

— Ой, нешта ня так, паночку даражэнькі, кажыце нам усю праўду.

— Рыхтуйся, Тацяна. Праўды вам заманулася. Можа трапіцца ўсяго дзень які пабавіць, потым другую прывязуць.

Баба бухнула ў ногі.

— Паночку наш залаценькі! Абаронца наш! Зьмілуйцеся! Дайце-ж мне самой пахаваць майго: дробненькага.

Войт змагаўся і ня ведаў, як зрабіць. Здань панскага гневу палохала яго. Надаўшы паважнасьці, Рымарчук злосна буркануў:

— Няма там чаго… Зараз-жа рыхтуйся!

Баба абхапіла яго за ногі! і завыла. Ён, нарэшце, выпрастаўся і закрычэў ужо грозна, як прызвычаіўся за шмат гадоў вайтоўства.

Але баба раптам перамянілася.

— Не паеду! Забіце, замучце — не паеду я… Не пайду ад свайго сыночка. Не аддам яго малачка на панскія лекі… Не паеду!

Гэта было навіною Рымарчуку. І ён замяўся, ня ведаючы, што рабіць.

— Ну, ну, ну… — казаў войт, — пакрычы, каб князь пачуў, дурное бабства. Сёньня-ж увечары прыяжджай: пасьпееш пахаваць. Так і мужыку скажы. Ён дзе?

— На прыгоне… У лесе калоды валочыць на сплаў, — адказалі бабулі за яе, бо маўчала.

— Так і яму перакажыце.

Войт паехаў.

Па дарозе, воддаль ад цяжкага бачаньня, ён пачаў каяцца, што ня ўзяў адразу. „Ну ды нічога; можа, прывязуць мамку яшчэ адкуль“, — цешыў ён сябе.

Насустрач ехаў хлоп з возам карчоў і, угледзіўшы войта, хапатліва збочыў, тапіўся ў сьнезе каля вязнуўшага каня і скінуў шапку. Сабачка яго заліўся ярым гаўканьнем і кінуўся да вазка.

Войт з задаваленьнем працягнуў па сабачцы бізуном і ахінуўся кажухом цяплей.

Бязьлюднае сьнегавое поле ізноў супакайвала, але зараджала ў глыбакосьцях душы нязнаную нуду.

III

— Закапаць іх разам з Лэдзі!

— Ну, войт, вязеш бабу? — сустрэў Рымарчука ля замку камісар увечары.

Войт доўга меркаваў, як адказаць.

— А ці з далёкіх ні аднэй не прывязьлі, вашмосьць? — спытаўся ён.

— Хто-ж павінен ведаць? Для чаго ёсьць войт? Ты езьдзіў па бліжэйшую?

— Я, так, вашмосьць. Незабавам, пане, прывязуць бабу.

— А шчаняты дагэтуль некармлёныя! Сьцеражыся, войце! Князь не падзівуе, што ты войт.

А князь сядзеў на кукярэчках ля лубачкі ў пакоі шчанятак і бедаваў. Яшчэ трое шавалілісь і барохталісь, жаласна канькалі і лезьлі адно на аднаго. А самы дробненькі ляжаў нярухома, у бачку, закруціў галоўку і выцягнуў лапкі. Ён здыхаў. Стаялі сподачкі з малаком. Стаялі пачціва ля дзьвярэй сівы камэрдынэр і засмучоны псар Яська.

— Мае гаротныя лэдзіняткі! Мае бяздольныя дробныя цюцечкі, — квохаў князь, гладзячы мякенькую шэрстачку, і з любасьцю пачуваў, як піхаюць у яго руку голыя мордачкі і жаласна хныкаюць.

— Ну, што-ж баба? Дзе-ж баба? — раздражнёна пытаўся князь, ня гледзячы на людзей.

— Няма яшчэ, яснавяльможны пане, — казаў камэрдынэр, а Яська гмурыўся й маўчаў.

— Хто паехаў па бліжэйшую?

— Сам войт Рымарчук.

— І гэнага старога дурня дагэтуль няма?

Чалядзінцы маўчалі.

— Зараз-жа даведацца і прыслаць яго сюды. У-у, бэлдасы, — зусім выходзіў князь з прызвычаёнай ангельскай роўнаважнасьці. І пана Міхала гукнуць! — дадаў ён.

— Калі ўзьявіліся ўстрывожаны камісар і дрыжачы Рымарчук, князь быў грозен. Твар наліўся крывёю, мускул на шчацэ скакаў, нос пашызеў.

— Дзівуйся, дзівуйся! — пацягнуў ён войта за палу жупана. — Ты замардаваў іх галоднаю сьмерцю. Яны ўміраюць… гэты ўжо канае. Ты ня маеш міласьлівасьці, закаржэлы хлоп. Ты правалаводзіў цалюткі дзень дарма, псякрэў твоя. Ты надта даўна войтам, агідны сьмерд. Ты прызвык лупцаваць хлопаў, і цябе мала абходзіць труд бедных драбнютак мае бяздольнае Лэдзі. — Князь намагаўся стрымацца й ня мог. — Да д‘яблаў гэтага нягоднага лайдака, неспадзявана для сябе зароў ён, зьвярнуўшыся да пана Міхала, — у найдалейшую вёску, простым хлопам яго, брыдкога, пад пільнае дагляданьне старасты!

І, пусьціўшы Рымарчука, галасаваў:

— Вон! Далоў з воч маіх, пракляты сьмерд!

— Войт, зьнямеўшы, паплёўся ў дзьверы.

— Слухаю, яснавяльможнага пана, — пракулдыячыў пан Міхал.

— Слухаеце? Вы — слухаеце! Работу трэба рабіць. Ідзеце сабе…

І князь сам пашоў ў пакоі. Пан Міхал засіпеў штосьці на камэрдынэра, на Яську, пасыкнуўся быў да шчанят і вопрамець рынуўся з замку.

Перапуд пашоў сярод чэлядзі і ўсіх людзей. Забегалі туды-сюды з ліхтарамі. Зазьвінелі балабончыкамі хамуты. Сядалі вершнікі, гаўкалі сабакі. Пан Міхал кідаўся па двары і сыпаў праклёны і тэўхалі направа і налева. Паскакалі пасланцы ўва ўсе бакі сустракаць мамак. Гайдук памчаўся ў саначках на скараходзе па Тацяну. А войт сядзеў у пякарні, як хмара. Ніхто ня важыўся ўмаўляць яго. А ён яшчэ ня мог дасканала ўцяміць, што было, і прызвычаіцца да навіны. Адна думка сьвердліла галаву: як ён мог так зблагаваць? Паехаў сам-а-сам па бабу і ня прывёз. Як ён ня сьцяміў тады? Але ўжо не паправіць, прапаў… Пан Міхал, зірнуўшы на момант, грэбліва і зларадасна ахапіў яго поглядам і буркануў: „Псякрэў! Наробіў бяды. Будзеш ты цяпер ведаць у мяне“.

Пад поўнач прывязьлі Турботную і ўрынулі к шчанюком.

А пад раньне і тыя трое здохлі.

Увесь замак ведаў і прыцішыўся перад гразою, чакаў князеўскага абуджэньня.

І князь прачнуўся.

— Прачнуўся, прачнуўся, зашасьцела па ўсіх закутках замку, праняслося па двары і ў чорных хатах.

Князь у халаце прашоў да шчанятак. Яго адвярнула: брыдкая, нячыстая, зарумзаная бабішча забілася ў кут, як сава. Падхапілася і рушыла цалаваць князю ў руку. Ён з гідасьцю адхапіў і схаваў руку за сьпіну. З нецярплівай цікавасьцю падышоў да лубачкі і проста зьнямеў: гідкія, нечым аблітыя, ускалмачаныя, з вялізнымі брухамі, раскірэчыўшы каляныя лапкі, ляжалі няжывыя дзеці сьлічнай Лэдзі.

Моўчкі пашоў магнат у габінэт, пляснуў у ладкі і загадаў гукнуць камісара.

— Ведаеце? — каротка спытаўся ён і ня вітаўся, калі прадстануў пан Міхал.

— Ведаю, пане яснавяльможны, няшчасьце…

— Чаму гэта?

— Трэба ўважаць, баба абкарміла іх сваім папсаваным малаком, пане яснавяльможны.

— Абкарміла? Ды як-жа яна пасьмела? Можа быць наўмысьля? Можа быць пачуцьцё пакрыўджанае маткі? О, якая грубасьць, якая нялюдзкасьць у гэным дзікунскім куце! А можа быць і сваволя? Так, так, бязумоўна, сваволя. Тут усе распусьціліся. Распусьціўся войт, распусьцілася чэлядзь, хлопы… Я ня ведаю дзеля чаго я маю камісара. Дзе выкапалі гэтую страшную бабу? Гэтую душагубку? У яе выгляд сапраўднай ведзьмы! Абкарміла, ха, ха! Накарміце ж яе самую так каб аж піць папрасіла! Можаце ісьці. Падбадрыце распушчонікаў. Ага… узвараціць вэтэрынара Будзьку: няхай дасьледуе, чаму акалелі шчанюкі? Закапаць іх разам з Дэдзі.

IV

— Як накарміць чалавека, каб аж піць папрасіў?

Пан Міхал уцяшаўся, што бяда блізка што мінулася. Адылі ўцяшаўся з асьцярогаю, каб ногды не давялося расчаравацца. „Накармеце-ж яе самую так, каб аж піць папрасіла!“ Чорт ведае, што гэта значыць? А трэба ўцяміць і ў дасканаласьці выканаць; доля войта зусім няваблівая. Рымарчук — хлоп; узьнесены панскаю ласкаю на высакосьці вайтоўства — сьмерд; яму лягчэй зрабіцца ізноў тым самым, чым быў некалі. А пан Міхал — шляхціц, хоць і заняпалы; яму ня зьнесьці сораму. Трэба старацца. Балазе, дагэтуль ішло баразною.

— Скажы ты мне, Яська, як накарміць чалавека, каб аж піць папрасіў, а? — спытаўся ён, сустрэўшы сабакара.

Той не зразумеў, прыняў за жарты і стараўся патрапіць пад панскі гумар; ён адказаў:

— Накарміць трэба ўволю, ласкавы пане.

— Накарміць? Ды мне па добрым абедзе курыць толькі хочацца, разумееш?

— А мне — піць. Анэгдай пасьля смажонага селядца я паўкухля квасу выжлуктаў у кухара, ласкавы пане.

— Ага, так, так, так! Па селядцу значыцца?

— Пасьля лазьні надта піць карціць, ласкавы пане

— Ага, пасьля лазьні яшчэ, Яська? Добра, добра, — ты разумны хлоп, псар Яська.

— Сабакары ўсе мудрагелі, — вышчэрыўся Яська.

— Ну, ідзі сабе да сваіх сабак, ато ізноў на што забудзешся.

— Дармоўшчына была, паночку…

— Ну, ну, пагамані ў мяне!

Пан Міхал пасьля размовы з псаром Яськам прасьвятлеў. Хоць не выпадае так доўга гутарыць яму са сьмердам, нядаўна абсечаным, ды нічога: гэны сьмерд, чорт яму сябра, падаў добрую думку. Князеўская воля будзе споўнена як сьлед.

У садзе за старою афіцынаю аконама ліпела над заплытым стаўком старэнькая акінутая лазенька. Камісар загадаў, каб як найбарджэй зрабіць у ёй парадак і пачаць грэць. У лазеньку ўмясьцілі Тацяну Турботную і замкнулі на замок там, дзе парацца. Ключ паклаў сабе ў кішэню пан Міхал.

— Скрозь вакенца даваць па пяць селядцоў ураньні і ўвечары, а болей нічога не даваць. Няхай есьць уволю, каб аж піцюхны пабажала. Цяпло ў печцы ня спускаць дзень і ноч, ды болей пары паддаваць, ато азызьне галубка, — казаў пан Міхал гайдуку, — паліць як найжарчэй, селядцы выбіраць, як найсальней.

Тры дні, тры ночы стагнала, хрыпела і драпала сьцены зьнямоглая ад смагі, хворая, ашалелая баба.

Ужо й Будзьку павярнулі. Ужо ён з радасьці пацьвярдзіў, пусьціўшцы ў ход усё сваё вэтэрынарскае веданьне, што, дапраўды, шчанятаў баба абкарміла малаком. Надта проста, што й сумысьля, бо ўмеюць-жа яны карміць сваіх, не абкармліваюць. Ужо князь, захапіўшы гатоўку ў глаўнай канторы і даўшы нарад фальваркам, закручаны ў мядзьведжу поўсьць, на шасцьёрцы цугам шэрых з яблыкамі, пакаціў у бясклопатна-вясёлую Варшаву, маючы далейшы кірунак на Парыж і Лёндан, далей, далей ад старонкі дзікунства, згаленьня і забабонаў, што па дзіўной іроніі дае князю залатыя звонкія чырвонцы.

Перад выяжджаньнем князя, пану Міхалу надта карціла пахваліцца, як здагадна зацеіў ён тую ведзьму папрасіць напіцца, але не паважыўся турбаваць яго сьветласьці драбніцамі,

Варкатаў камісар пад нос сабе: „За Нёман, за Нёман“… і адзягаў патранташ, рыхтаваўся прайсьціся па парошы з бутэлечкай „погжэбовэго“ пазайчышках, а вось гайдук прышоў з паведамленьнем, што баба сьціхла.

Знашлі яе на памосьце з абдрапанымі да крыві рукамі і грудзьмі, з шырока разьзяўленым ротам. Камісар зьбянтэжыўся і накінуўся на гайдука з папікамі і лаянкаю, чаму не сказалі раней, што яна ўжо такая. Са страху ён забыўся на сваю панскасьць, прутка сарваў з пляча торбачку, выхапіў пляшку, і частку „погжэбовэго“ ўліў у няпрыгожы і страшны бабін рот…

Пасьля колькіх хвілін прыкрага для ўсіх чаканьня яна захрыпела і, душачыся, лыкнула ўліты ёй у самае горла сьпірытус.

Узвалілі яе на розвальні, прыкрылі паверх кажуха дзяругаю. Паважны і хмуры Яська павёз яе дамоў.

V

— Вечны спакой!

Магнат Вішнявецкі ізноў узьявіўся ў варшаўскіх салёнах, асабліва цікавы і як казалі далікатныя пані і паненкі, „нявыслоўна адухоўлены“ пасьля самоты ў сваіх беларускіх пушчах. Усе ведалі, што славутая Лэдзі, якою вабіўся кароль Прусаў на пышных ловах у Панятоўскага, без пары згінула. Грабя Пшазьдзецкі пазычаў у князя грошы і ня ў меру вёрз лухту аб яго новых поглядах, памеўшых поўную незадачу пры першым датыканьні з консэрватызмам хлопаў.

Гутарка аб гаротнай Лэдзі зрабілася моднаю ў арыстоксатычных салёнах.

А маладзенькая жартаўлівая барднэса Фальц-Фэйн гарэзьліва пяяла засмучонаму князю на жалосна-сьмяхотную мэлёдыю:

Гаў, гаў, гаў, сучачка!
Гаў, гаў, гаў, цюцечка!
Вечны спакой!
Без пары згінула,
Дзетак пакінула, —
Вечны спакой!
Ой, лэдзінятачкі,
Дробны шчанятачкі,
Вечны спакой!..