Досьвіткі (1926)/Смачны заяц
← Панская сучка | Смачны заяц Апавяданьне Аўтар: Максім Гарэцкі 1926 год |
Прысяга → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Смачны заяц. |
Смачны заяц
I
Але колькі ўжо прыпадкаў было ў гісторыі, што з самае вяршыні шчасьця чалавек раптоўна звяльваўся ў самае бяздоньне плачу і адчаю.
Князь забіў на ловах пару вялікіх, прыгожых ласёў. Вясёлы, здаволены, бязупынку гамонячы з гасьцьмі, вярнуўся ён да вечару дамоў і заказаў кухару засмажыць адменнага зайца, што забіў учора лоўчы на сьнягу ў пушчы.
Тлусты, чырвоны той заяц ужо ляжаў на стале ў пякарні, і кухар жвава завінуўся ля яго.
Умельствам кухара ганарыўся сам князь і часта хваліўся гасьцём, што другога такога кухара ўва ўсім краі няма.
Кухар гэта ведаў і пільнаваўся ня выскачыць з свае славы.
Сёньня ён асабліва стараўся: князь вярнуўся вясёлы, госьці рагочуць, абед будзе з паляўнічай выпіўкай, — можна і гасьцінца спадзявацца ад іх, а князь назаўтрае пахваліць і добрым часам дасьць чарку гарэлкі.
А не дагодзіш — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесьці, ані легчы.
Быў адзін прыпадак, — і кухар засмуціўся, спомніўшы… Перасаліў ён страву, і князь сам, сваёю цяжкою рукою, так ударыў яго два разы поўху; што й цяпер яшчэ ў благое надвор‘е з вуха гной цячэць. З гэтае прычыны кухар заўсёды насіў у вуху кавалачак мяккага хлопу і дрэнна чуў.
І ці мала было такіх выпадкаў, што забіў-бы яго гнеўны князь да сьмерці ці аддаў-бы ў маскалі, каб не даражыў яго залатымі рукамі і тонкім кухарскім смакам.
Пасьля калецтва прыкра было бачыць князю кухара з заткнутым вухам, і ён ніколі ўжо ня гукаў яго на параду аб стравах да сябе, а пераказваў яму ўсе свае загады цераз стольніка.
Ды сёньня князь быў у — такім нязвычным гумары, што захацеў, апрача стольніка, і сам пагаманіць з ім, як смажыць зайца.
Калі хлопчык-гайдучок прыбег з палацу да кухара ў пякарню, а яна зьмяшчалася воддаль, у васобным, адумысным будыначку, калі ён запыхана крыкнуў кухару: „Дзядзьку яснавяльможны кліча да сябе… барджэй!“ — у кухара затрэсьліся ад неспадзевак рукі і зазьвінела ў хворым вуху. Ён ня ведаў, палохацца ці радавацца яму, што кліча яго князь.
Падняў уронены рушнік, абцёр з рукі зайцову кроў і рупненька прыгладзіў лысіну і падкруціў вус.
— Піражка… піражка, Янучок! — сарамліва, без роўнавагі зашаптаў ён гайдучку, азірнуўся, каб хто ня ўбачыў, схапіў з духоўкі румяны піражок і ўсунуў хлопчыку ў кішэню за добру ці нядобру вестку.
Хлопчык усьцешыўся, пагладзіў вялізнага адгадаванага ката, князёвага ўлюбёнца, што быў тут прыбегшы за хлопчыкам з пакояў, і паганяў дзядзьку: „Барджэй, барджэй, чакае!“
І зараз паляцелі: халопчык паперадзе, а кухар сьледам, на бягу спушчаючы засуканыя рукавы.
Толькі мышасты кот застаўся, зачынены праз недагляд у кухні. Ён важна пахадзіў па ўсіх сталах, панюхаў зайца і зморшчыўся, потым скокнуў і падзівіўся скрозь няшчытна зачыненыя дзьверы з кухні ў чорны прыкухоньнік, як там два кухцікі, судамой і хлапец-дрыванос былі кожны пры сваёй рабоце.
Кату прыемна засьвярбела ў носе, ён глыбока пацягнуў пах ад вялізнае гарачае пліты, на якой бяз ліку стаяла рознага судзіньня з гатаванымі стравамі, клубілася з катла пара, шляхатала вада, сіпелі скавародкі, трашчэлі дровы ў печы. Але блісканьне на паліцах соцень медных рондляў усялякай велічыні, ад самага большага, увелькі з цэбар, да самага маленечкага, з катову галаву, — не спадабалася яму.
Там былі адчынены другія дзьверы, і скрозь іх цягнула холадам, можна было выскачыць на двор, але пануры выгляд кухароў, асабліва-ж хлопец-дрыванос з вяроўкаю ў руках не спадабаліся князёваму ўлюбёнцу, і ён пашоў, задраўшы тоўсты хвост, назад.
Вучоны да ўсякіх штук, кот падскочыў, ударыўся аб клямку і рашчыніў дзьверы. У сенцах узьлез на паліцу і настабурчыўся: пачуў, быццам скрабаюцца мышы ў скрынцы з прыпасамі…
Тымчасам у дзьверы вытыркнуліся з надвор‘я морды двух хартоў — тонкіх, як вужакі, сагнутых дугою. Адзін з іх пацягнуў носам і зараз зьнюхаў зайца. Мякка, нячутна падышоў да столу, задраў войструю морду, схапіў у шырачэнную зяпу зайцаву галаву і цмыгнуў з сваім радым сябрам на двор у хартоўню…
Усьцешаны варочаўся назад галоўны кухар: князь быў да яго дужа ласкавы, пагаманіў з ім і нават даў пацалаваць сабе ў руку.
Але колькі ўжо прыпадкаў было ў гісторыі, што з самае вяршыні шчасьця чалавек раптоўна звальваўся ў самае бяздоньне плачу і адчаю.
Шчасьлівы кухар, праходзячы каля хартоўні, пачуў, што ў пуньцы — хрумстаньне, жвяканьне і ціхае вурчэньне… Харты нешта жаруць!
Сэрца яго ёкнула: ці не зайца сьцягнулі праклятыя сабакі, падобныя да чартоў?
Угрунь пабег ён да свае кухні, ускочыў, падбег к сталу, — зайца няма! Болем пеканула яму ў сэрца. Ён кінуўся ў чорны прыкухоньнік, шыбка аглядзеў усё і ўсіх. Зайца ня было, і кожны ціха займаўся сваёю работаю. Як-бы за якой справай вышаў кухар ізноў на двор і марудна, прыціснуты няшчасьцем, паплёўся міма хартоўні, асьцярожна паглядаючы ў бок на сабачыя пунькі. Вось паказалася з аднае хартовая галава: морда ў крыві, вочы заплылі хіжаю сыцьцю, і ў зубох штось тырчыць… Хорт аблізнуўся, і з зяпы выпала зайчая лапка.
Кухар панура пацягнуўся назад.
Увашоўшы ў сенцы, ён прастоіў там, як няпрытомны, і мімаволі задраў галаву, шукаючы крука, каб хаця й засіліцца навекі.
І тут яшчэ раз трэба сказаць, што чалавек ніколі ня ведае, дзе згубіць, а дзе знойдзе. І няма такой злыбеды на сьвеце, на якую-б ня ўсьміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак.
У вочы яму кінуўся, лежачы на паліцы, кот — вялікі, адгадаваны, мякінька-пушысты, як той заяц.
Адчайная думка застроміла кухару мазгі, і ён паманіў князёвага ката выстаўлёнымі пальцамі. Кот прыплюшчыў вочы зьмерыў постаць старшога кухара, важачы яго вартасьць у каціных вачох. Ад кухара прыемна пахла, вочы яго былі пакорна-ласкавыя, і кот патрошку, важна стаў падыходзіць да выстаўленых пальцаў. Як толькі ён даткнуўся іх сваёю гладкаю, шаўкаваю шэрсткаю, пальцы з дзікай зьнявагаю абхапілі яго карак і пацягнулі ў паветра. Кот захлынуўся ад шалёнай злосьці й крыўды: Абдумаўшыся, ён люта ашчэрыў зубы, заглабаў кіпцямі і закруціў хвастом; абраз князя стаў у выкачаных з галавы вочных яблыках і напаўняў кацінае серца зласьлівай радасьцю бясьсільнага, што ворагу князёвага ўлюбёнца будзе лютая кара за гэты зьдзек. Ды пальцы сьцягнулі яго карак мёртваю пятлёю і нясьлі ў брыдкім паветры. Калі дзьверы за людзьмі зашчапіліся на чэп, у вольнай руцэ кухара бліснуў вялізны, жудасны кухонны нож. Кот сабраў рэшткі сіл, сударажна ірвануўся і згубіў прытомнасьць. Гарачая кроў палілася з яго, парэзанага горла, і наступіла вечнасьць.
У вадзін момант садраная скурка была кінута ў дальні кут пад печ, а чырвоны, тлусты, аблуплены катовы труп з адсечанай галавою, ляжаў, як добры, адменны заяц, на стале. Кухаравы рукі набраліся цьвёрдасьці, сэрца патроху сьціхла калаціцца, і кухарская праца закіпела. Час-да-часу кухар шаптаў „Вочча наш“, ксьціўся-маліўся, абціраў пот і маўкліва, старанна смажыў, перчыў, паліваў…
II
— Ой, сэрца, людцы! Ой, сэрца!
Першы раз за ўсё жыцьцё еў князь і яго госьці такога смачнага зайца. — „Вось заяц — дык заяц! — хвалілі госьці: — пальчыкі аблізаць“. Князь прыемна ўхмыляўся і часам нават шкадаваў, нашто калісьці ў страшным гневе скалечыў кухара. — „Заяц добры, але і кухар мой нягоршы, — хваліўся ён: — граф Зібэр-Плятэр суліў мне летась за яго трыста злотых, ды я і за тысячу не аддам; мяркуйце, панове, самі: залатыя рукі, што?“.
Гутарка ўзьбілася на залатога кухара, і падвыпіўшыя госьці пажадалі паглядзець на яго. Паслалі гайдука ў пякарню, каб прывёў яго,
— Скуль яснавяльможны дастаў яго? — пытаўся граф Бжастоўскі.
— Мой падданны… тутэйшы. Ні ў Парыжы, ні ў Варшаве ня вучыўся, — мусіць з кухонным гэніем радзіўся.
— Што-ж так доўга не вядуць гэнія сюды? — запытаўся адзін пануры стары пан.
Князю не спадабаліся гэтыя словы, ён нахмурыўся і паслаў другога гайдука. Той ведаў князеў гнеў і памчаўся, як страла.
Тымчасам з кухарам рабілася няма ведама што. Першы пасланец, зьдзіўлены, ня ведаючы, што тут такое, стаяў над ім, старым, і ня мог даць рады, каб ён ішоў да князя.
Кухар зьбялеў, дрыжэў і не казаў ні слова. Ён глядзеў на пасланца вытрышчанымі вачыма і ня рушыўся з месца, быццам прыліпшы. Потым, урэшце, паволі скрануўся і пабрыў у сваю каморку, побач з прыкухоньнікам. Асунуўся там на калені, злажыў перад абразом, рукі далонямі і скамянеў так. Не маліўся, ня кланяўся, толькі стаяў на каленях і глядзеў на абраз.
Доўга, можа, прастоіў-бы ён так, каб ня прыбег другі пасланы. Тады двое гайдукоў схапілі яго падпашкі і пацягнулі ў палац. Ногі яго ня йшлі, згібаліся, лоб узапрэў, зьмярцьвеласьць на твары не зьмяншалася.
— Упіўся ты з радасьці ці што? — крычаў на яго старшы гайдук. — Князь хоча паказаць цябе гасьцём, які ты, знацца, ёсьць штукар зайцоў смажыць, а ты й язык высалапіў. Ідзі ўжо сам! — і піхнуў яго зьлёгку ў бок.
Але кухар заваліўся на сьнег і ня йшоў. Потым ён схапіўся рукою за грудзі і балюча застагнаў: „Ай, людцы, сэрца, сэрца баліць!“
Гайдукі спалохаліся сапраўды, але ня важыліся і марудзіць і, схапіўшы яго, пацягнулі далей. З палацу выскачыў стольнік. Спытаўшыся на бягу, што такое, схапіў жменю сьнегу і пацёр кухару лоб. Тады ён трохі ачуняў і слаба паплёўся сам.
Калі гайдукі адчынілі дзьверы ядальнага пакою, паны голасна гаманілі, наперабой хвалячыся сваімі ўдачамі на ловах, рагаталі, строілі розныя жарты на свой панскі манер. Граф Бжастоўскі першы заўважыў і, сьмяючыся закрычаў: „Гэнія, гэнія, здаецца, прывялі“
— А, вось ён гэній… — прабурчаў пануры стары пан і ўсьміхнуўся: — праўда, якісь асаблівы, быццам з таго сьвету… Але зайца смажыць мастак!
Госьці патроху сьціхлі і павярнулі галовы туды, дзе між двух рослых, здаровых, як дуб‘ё, гайдукоў, стаяў пахілены, зьбялелы кухар.
— Што табе зьдзеілася, дурню? Скажы-тка нам, як ты смажыў зайца?
Кухар толькі шавяліў васковымі вуснамі і нічога не казаў.
Князю было прыкра, што яго чалядзінец такі затуканы і баязьлівы.
— Што табе, дурню? — ізноў спытаўся ён грэблівым голасам; — чаго без пары спалохаўся: за добрую работу будзеш мець добрую заплату.
Кухар зразумеў гэта, як пагрозу, і асунуўся на каленькі.
— Князёчку! — залямантаваў ён, — харты яснай міласьці, харты, каб на іх паляруш!..
Ніхто нічога не разумеў. Харты яго спалохалі ці што? Князь насупіўся, што кухар папсаваў яму добры гумар. Але ён не хацеў крута мяняць такую нядаўную ласку на гнеў і намерыўся яшчэ раз спытацца, у чым справа. Толькі ён тое падумаў, як кухар скруціўся і схапіўся абедзьвюма рукамі за грудзі.
— Ой, сэрца, людцы! Ой, сэрца!..
— З ім сардэчны прыпадак ад якогась перапуду, — сказаў пануры стары пан і стаў ліць ў шклянку сьцюдзёнае вады, каб ратаваць няшчаснага; ён знаўся на лячэньні хвароб. — На, выпі, галубец, — прыклаў ён да зубоў кухара зазьвінеўшую шклянку і спрыяюча, але жартам, дадаў: „Сардэчная хвароба — хвароба гэніяў“.
— Ой, людцы! Ой, людцы! жаласна і брыдка лемантаваў кухар, скрабучы грудзі кіпцямі. Кавалак хлопу вылез у яго з вуха.
Усім зрабілася нялюба.
— Вядзеце яго! — загадаў князь гайдуком. — Хартоў спалохаўся, як дзіця… — прабурчэў ён усьлед падданаму і для супакою гасьцей зьвярнуўся голасна і, як нічога ня было: „ Гэта што — пара ласёў! Вось як мы летась палявалі з графам Зібэр-Плятэрам, — зуброў накрылі ў маёй дальняй пушчы…
І шумная лоўчая размова аднавілася. Забыліся і на зайца і на кухара.
III
Спачуцьцё шчасьлівага да няшчаснага сфальшывіла чыстую ў муках душу чалавека.
Хворы кухар стагнаў на, ложку ў сваёй каморцы. Зьявіўся дворны фэльчар, даў выпіць супакойных капак, пытаўся, як сталася хвароба. Не дабіўшыся ніякага адказу, махнуў рукою і пашоў, Малодшыя кухары ад смутку і дзеля спачуцьця троху выпілі, сваім гоманам дурылі галаву хвораму, а тады пашлі й яны.
Позна ўвечары прыбег захныканы гайдучок Ясюк, шукаючы запрапашчонага ката. Ён, бедны, аблазіў усе куткі ў пякарні і нідзе яго не знашоў, толькі выцягнуў з-запечча зайчую скурачку, якая дужа нагадвала яму ката. З ёю ў руцэ прышоў ён да хворага, калі там нікога ўжо ня было, і стаў плакаць і жаліцца дзядзьку, што баіцца князя за ката.
— Можа ўцёк у лес… Можа сабакі разарвалі. Заўтра яснавяльможны спытаецца, дзе кот… Што я скажу? Гу-гу-гу! — румзаў бедны хлопчык, прыпаўшы да скуркі тварам. — Вось ён такі быў гладзенькі, як зайчык… Прышоў са мною сюды ў пякарню, а потым ня ведаю, дзе дзеўся!
— Ня ведаеш, Ясюк? — узьняўся з ложка хворы і ўталопіўся: на хлапца зьдзіўленым паглядам — Ня ведаеш, дзе падзеўся твой… гэты… кот?!
— Ня ве-е-едаю-ю, гу-гу-гу, — не сунімаўся, плакаў Ясюк. — Можа ўцёк у лес ці на вёску, сабакі там мужыцкія разарвуць яго, гу-гу-гу…
— А ў пакоях ніхто ня ведае, дзе ён, халера, падзеўся? — аджыўся хворы кухар.
— Ніхто ня ведае, ня бачылі… ува ўсіх пытаўся. Што мне цяперака рабіць, дзядзечка… гу-гу гу! будуць сячы мяне, што не ўпільнаваў.
Сьмяротны цяжар раптам скаціўся з кухаравых плеч. Вялікім шчасьцем засьвяціліся змучаныя, праваленыя, з сінякамі ад сардэчнае хваробы вочы. Ком радасьці ўскалыхнуў збалелыя грудзі. Спачуцьцё шчасьлівага да няшчаснага сфальшывіла чыстую ў муках душу чалавека. З няшчырай пяшчотаю ўцалелага прыцягнуў кухар хлопчыка да сябе, прытуліў, гладзіў па галоўцы; жалеў, кажучы з найбольшай даступнай яму ласкавасьцю:
— Дзетка маё! Сіротачка мой бедны! Ня бойся, ня плач, неяк-жа абойдзецца. Ну, абсякуць, на тое-ж мы слугі панскія, каб нас секлі. Ня бойся, да сьмерці-ж не заб‘юць. Во й мяне колькі разоў секлі, — нічога: неяк-жа мадзею… Супакойся, мой Ясючок, галубок мой! Здохні ён, кот! Можа яшчэ і знойдзецца, калі сабакі не разарвалі, вернецца, як захоча есьці, ліха яго ня возьме… Цябе князь любіць, можа й даруе, калі нават і згіне гэты падла.
Хлопчык, круглы сіротка, узяты з вёскі ў палац ад малых гадоў, рэдка чуў такую бацькаўскую гутарку. Ён паволі змаўкаў, сьціха хліпаючы ня столькі ад гора, колькі ад расчулёнасьці. Ласка старога кухара, які даў яму сёньня піражок, растапіла яго сэрца, як цяпло растаплівае воск. Хлопчык прыпаў да кухаравай рукі і пацалаваў… Скурка выпаўзла з яго далоні і скацілася на ложак. Кухар зорка сачыў за ёю і, упільнаваўшы зручнасьць, пасунуў локцем назад, і яна звалілася за ложак. Тады кухар пачаў умаўляць хлопчыка, каб ён ішоў класьціся спаць.
— А як-жа, дзядзька, хворы адзін будзеце ляжаць? — з дзяціным спрыяньнем спытаўся хлопчык, паглядзеўшы на старога чысьценькімі, абсохлымі ад сьлёз вочкамі.
— Нічога, Ясюк! Не шкадуй мяне, бо мне ўжо крышку лепей…