Смачны заяц Прысяга
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1926 год
Страшная музыкава песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прысяга (Гарэцкі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прысяга

I

Цесна жыць на сьвеце!..

Дзеелася тое даўно, яшчэ за паншчынай. Разьвялося шмат цімакоў. Цімачылі ад паноў абы-куды: хто бег на Украіну, хто ўцякаў у вялікія месты, а хто басьцяўся па лясох.

Любіў залучаць цімацкі люд у глухія выселкі, дзе можна было прыбіцца да мужыкоў і жыць, хаваючыся ад начальства.

Забягалі вось так цімакі і ў Пнеўшчыну, невялічкія, убогія выселкі, дзе надта для іх мясьціна выгодная. Далёка навакол разьлягаецца пушча спрадвечная. Далёка да панскага двара і да ўсякага начальства, а якія дарогі ёсьць, то зусім малапраезныя. Такая глухамань, што ў вушшу заўсёды лес шуміць, дрэвы стогнуць і гамоняць. Уночы тут зьвярынае выцьцё і яшчэ нейкі невядомы рогат у лесе. А як сьціхне, здаецца, быццам сапраўды, [одзяць асілкі ў лясным гушчары, — вялікія з тое дрэва, але ціха шамаюць.

Узімку прыбылі ў Пнеўшчыну тры цімакі і прысталі ў парабкі к Тарасу, бо ён самы заможны гаспадар. Адзін цімак быў дзед, другі — сярэднага веку мужчына, хворы, апохлы, а трэці — малады хлапец. Не пяршына была, што ў выселках цімакі хаваліся, аднак-жа гэтую тройцу Тарас надта неахвотна прымаў, быццам чуў бяду. Але дужа прасіліся гаротнікі, дык ён і згадзіўся ўзяць іх да сябе за здольнікаў.

Прышла вясна. Абжыліся троху цімакі, адпачнулі і з радасьцю віталі цяплейшы час. На сэрцы ў цімака заўсёды сьцюдзёная зіма, вось ён і рад усякаму цяплу і сьветласьці.

Сплылі ўжо астатнія крыгі па рацэ. Пагрымеў гром і пашчапаў пасохшую, трошку ліпкаватую зямельку на густое павучыньне, даўшы людцам знак, што і гараць пара. Хоць у полі, у аборках яшчэ поўна вады, але травяныя касьнікі пад ёй ля берагоў добра зазелянеліся. Над балотным купнікам, у веснавым паветры, з самае раніцы ўжо купаюцца шпаркія кігікаўкі з сваім нясьціханным крыкліва-дакучлівым: кі-гі! кі-гі! У лядзе-ж, сярод пнёў і леташняга карчэўя, забуяла тэй парою белая буквіца, бутоны сьвяжусенькія… Адылі і жоўтыя краскі зацьвілі. У полі яравым абы-дзе і таўкачыкі расьлі. Лес папукаўся. Прыняліся людзі гараць.

Дзень згону ў нядзелю адбывалі паном. Але на дворныя заворыны, хоць быў чацьвер, пагнаў войт усіх-чыста з Пнеўшчыны. Наўмысьля сам прыяжджаў, крычэў, што высялковыя зусім ад рук адбіліся, робяць толькі сабе, — сагнаў усіх і патурыў у двор. Паехаў і Тарас. А цімакі яго, пачакаўшы, пакуль войт аддаліцца ад выселак, вылезьлі з гумна, дзе зазвычай хаваліся ў саломе, пасьнедалі і пашлі на поле рабіць гаспадару. За ўзгоркам, ля пушчы, каб на воку ня быць, завінуліся яны аблогу драць: дзед на кані з сахою, а тыя два з матыкамі ля пнёў.

Ціха і пуста навакол. Яны працуюць, а там яшчэ, за якія гоні, стары Яхім статак пільнуе. Болей няма нікога ў полі, усе на згоне ў панскім двары.

Прыемна йсьці за сахою па сьвежай баразёнцы, а злашча, калі побач лес зелянее першым ліпкім лісьцейкам. На дрэвах птушачкі пяюць, у балоце жабы квокчуць, сонейка-ж як прыгрэе, дык на лузе траўка прост пад вокам прабіваецца. Усё жывое парыцца і лезе ў гару да сонца. Падзьме ціхі, цёплы ветрык, і з вербалозу жоўценькі, як вуцяняткі, пух сыплецца. Хораша! Хораша! Шуміць зямля, але ціхусенька на сэрцы.

Хлапец скінуў шапку, потым сеў, разуўся і ўзяўся за працу лягчэйшы, басанож. Дзед зьехаў у нізінку, паклаў саху на бок, даў каню волю на траве, а сам дастаў піпку, выцягнуўшы босыя ногі на гладкай машастовай траўцы. Сярэдні тымчасам прыкрыў вочы далоняю проці сонца і глядзіць на поле, дзе-б напіцца. Аж раптам бачыць ён: бяжыць нехта з-пад хат угрунь і махае на ратаёў рукою…

— Гэй, Янка, падзівіся ты маладымі вачыма! — сказаў сярэдні цімак хлапцу голасна ад невядомае трывогі.

— Нам знакі падае! — адказаў той і крыкнуў трэцяму: — Дзядуль, глядзі, во!

Усхапіўся дзед, сышліся ўсе трое разам і глядзяць.

— Уцякаць трэба, вось яно што… — зразумеў стары з нудою на сэрцы.

А чалавек бяжыць, бяжыць па адхону з гары — то на іх махне, то на хаты аглядаецца.

— Тарас бяжыць, — пазнаў Янка.

— Адпрагайма! — крыкнуў таварышам дзядок.

Шпарка адкруцілі гужы, рассупонілі, а хлапец, перавярнуўшы, зьняў хамут. Пацягнулі саху ў кусты. Прыскочыў Тарас:

— Ну, бра-ткі… ха-ваў… пакуль можна… Уцякайце: прыехала равізія… Ловяць цімакоў…

Хапіўся за грудзі сярэдні, зьбялеў Янка, а дзед скрыгнуў зубмі. Трэба ўцякаць. Самі ня ведаюць, навошта адпрагалі, навошта саху ў лазу валаклі. І зноў хапіліся каня Тарасу запрагаць; з матыкамі ня ведаюць, што рабіць.

— Бяжыце, бяжыце, браточкі, — гоніць іх гаспадар: — сам рады дам.

Кінуліся і пабеглі, а ён пагнаў баразну:

Ледзьва пасьпелі схавацца ў лесе, як зазьвінелі балабонцы з-пад хат. Едзе на дрожках пан-афіцэр з казакамі. За ім цягнецца груд дзесяцкіх. Грымяць усе-чыста к беднаму Тарасу. А ён на свайго карага нокае, як надта ля працы завінуўшыся, а сам сабе думае: „Памажы, госпад бог, казаць усё так, каб да праўды падобна хоць троху было“…

Раптам і абсох. Аж захаладзеў.

Пад‘ехалі.

— Гэй! — крыкнуў Тарасу пан яшчэ здалёк, ды той і так ужо стаяў; скінуў шапку і бяжыць насустрач у руку цалаваць.

— Памажы, божа! пасьмеў нехта з дзесяцкіх сказаць ратаю на яго працу. Сказаў і застыдаўся свайго голасу.

— Цімакоў хаваеш, — га?! — грозна крыкнуў пан, яшчэ седзячы на дрожках.

— Не, вашмосьць, я не хаваю… — заплюскаў вачыма Тарас і кінуўся прад ім на калені.

— Брэшаш, псякрэў твоя! Вяжы яго!

— Пане! Яснавяльможны пане… — ня ведаў, што тут казаці, Тарас. Не чакаў, што гэтак зьнецяйку схопяць яго. — Зьмілуйся, паночак залаценькі… родненькі… божжа-ж мой, божжухна!..

— Ціха!

Толькі костачкі затрэскалі, як скруцілі яму рукі за сьпіною і зьвязалі яго вяроўкаю. Тады начальнік зьлез. Грубенькі і кароценкі, чырвоны, як яблычка, бліскаючы гузікамі, падышоў ён к Тарасу і тыцнуў пад нос кулаком у пяршчатцы. Уеўся вачыма ў безабароннага чалавека, памаўчаў, набраў ў грудзі паветра ды як рыкне:

— У Сібіры згніеш! Здохнеш, як пес, ля тачкі! Хаваеш панскіх цімакоў! Дзе яны, га! Кажы… дух з цябе выпру!!!

Схапіў Тараса абедзьвюма рукамі за грудзі і калоціць на ўсю сілу. Маўчыць Тарас.

— Нічога ня ведаю… Нічога не скажу… — гэтак часам прашэпча, але ізноў маўчыць, толькі галава барадатая баўтаецца, як той зачне трасьці.

— А, так! Добра-ж! — кінуў урэшце пан; — добра-ж, — кажа, — пабачым, як-то ты ня ведаеш. Марш назад!

Скамандаваў, сеў на дрожкі, і ўсе ізноў пасыпалі за ім, пасунулі да хат.

„Не, не скажу, нізашта не скажу“, разважаў на дарозе Тарас: „хоць да сьмерці хай заб‘юць, але ня прызнаюся“. Як так надумаў, то й на сэрцы весялей зрабілася.

Тымчасам прыехалі на вуліцу і сталі наўпроці Тарасавае хаты. Там ужо сабралася троху людзей; сярод баб і дзяцей выла і кідалася Тарасіха з сваім малым на ўлоньні, але-ж яе хапалі за рукі і гэтак ня пушчалі. Зараз прыцягнулі на вуліцу вялікі зэдаль і побач з ім паставілі начоўкі з мочаным бярозавым гальлём. Відаць, ужо раней аб гэтым паклапаціліся, пакуль вялі арыштованага з поля. Як убачыў бедны Тарас, што яму рыхтуецца, аж задрыжэў і рукі, ногі памлелі, хацеў нешта сказаць, дык язык не варочаецца. Прыхінуўся, зьвязаны, да хаты. І сьвет быў ня міл, хоць сонейка сьвяціла. Меліся ўжо пачынаць, але начальнік стаў штось марудзіць, задумаўся. Народ і казакі ўзіраліся на пана, ня ведаючы, аб чым так замаркоціўся.

Тады ён дастаў з кішэні кавалак паперыны і алавік, сеў на прызбу і на калене напісаў запіску. Паклікаў на ківы аднаго казака і сказаў, аддаючы цадулку:

— За гадзіну вярніся мне з папом.

Скочыў казак на каня, перавёў яго з размаху нагаём і закурыўся пылам-дымам, як шалёны.

Усе толькі думаюць, што гэта дзеецца.

А Тарас, з замлелымі рукамі, спусьціўшы галаву, стаяў засмучоны і паважны, як быццам незацікаўлены. Толькі часам мімаволі дрыжэла ў яго нешта на шчацэ, калі з хаты вылятала жонкіна і дзяцінае выцьцё і галасы дзесяцкіх; яны там то наўмысьля голасна крычэлі на бабу, то ціха, з пачуцьцём гаварылі з ёю.

Пан-афіцэр сядзеў на прызьбе, паліў цыгару і часамі ўсьмяхаўся сам сабе ў вусы. Адылі пачаў пісаць на прынесенай з гумна калодцы пратакол. Дзесяцкія расклалі на бярвеньні свае хатылькі і елі хлеб з сольлю. Час цягнуўся надта доўга.

II

Цяжка вырвацца з ланцугоў цямноты!

Затарарахала ў канцы вуліцы брычка, і ўсе паглядзелі туды. Ехаў верхам казак-пасланец, а сьледам за ім на брычцы старэнькі поп. Зашавяліўся народ, троху з палягчэньнем, што ўжо годзе чакаць, а найболей з трывогаю і няведаньнем. Калі сівенькі войчанька ў чорнай старой расцы ўвашоў у хату і зашуршэў па зямлі скурацянымі лапцікамі, а казак нёс за ім клунак з царкоўнымі паратамі — тады сярод людзей павісла важкае чуцьцё незьясьнёнае нуды. Абраз гэты нагадваў ім хаўтуры.

Афіцэр аб нечым пашаптаўся з сьвяшчэньнікам. Шмат хто з мужчын заўважыў, як войчанька няпрыемна ўразіўся і намагаўся схаваць тую прыкрасьць у сваіх глыбокіх, запалых вачох.

„Прысяга… прысяга“… пашло хадзіць страшнае слова па людзёх.

— А кадзіла не забыліся ўзяць? — з цікаўнасьцю зьвярнуўся пан да казака, калі той разьвінуў на лаўцы клунак.

— Так точна, вашскародзь, узялі, — адказаў казак.

— Кадзіла я прывёз, пане начальнік, бо гэтак напісалі, але яно тут не патрэбна, — мякка сказаў сьвяшчэньнік афіцэру.

— Хай будзе, хай будзе! — запярэчыў яму пан, а пахіліўшыся дадаў на вуха: — гэта ім для ўражаньня.

Казакі высунулі стол на пасяродак хаты і накрылі яго чорным сукном. Соцкі падышоў з кадзілам к печы, выняў заслонку, выкаціў чапялою колькі вугалёў дый, абхухаўшы ад попелу, насыпаў іх у кадзіла і падаў яго сьвяшчэньніку. Той дастаў з кішэні ладану і сыпнуў на вугалі. Соцкі аддаліўся йзноў у парог і пачаў дзьмуць, бразгаючы ланцужкамі. Прыемны, але хаўтурны дымок расплываўся па хаце і кіраваў людзей на пакутныя думкі. Хто шавяліўся, хто заціх ад нейкага страху. Тарас зьбялеў, як крэйда, і глыбока дыхаў. Усялякія думкі роіліся ў галаве. Кавалкі ўспамінаў, абломкі абразоў зьбіваліся ў нейкі балючы груд, у нейкі прыкры, беспарадачны громазд. Давілі галаву. Ня было яснасьці. Нешта карціла. Як зрабіць: так ці гэтак? Што такое? У чым справа?

Станавіліся ў ваччу цімакі…

Увечары, калі ўсе людцы, павячэраўшы, спаць клаліся, калі з цёмнага поля плыў з веснавым ветрыкам арамат сьвежае зямліцы, калі жабы квохалі і кумкалі, як п‘яныя, ад салодкасьці, тады стары цімак цішком выхадзіў у сад пад яблынку крывую, кідаўся на калені, вачыма на ўсход, сашчэпліваў рукі і маліўся — краіў сваё беднае сэрца. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок, як зьвер, драпаў свае худыя, валасатыя грудзі. Падгледзіў тое маленьне Тарас і ня раз бачыў яго ды нікому нічога не казаў, бо хто гэтага ня ведае ці не разумее?

Сярэдні ў такі час ніяк ня мог заснуць і варочаўся на палацях, то кашляў, то сьціха ўздыхаў. Ня любіла Тарасіха, што ён крэкча; а то яшчэ зьлезе з палацяў і пачне ўпоцемку шукаць карца на судніку, мацае, стукае, часам аберне што, — смага яго мучае.

А хлопец-цімак сядзіць, бывала, на вуліцы да познае пары і ўсё на дудках адну песьню граець а граець.

Усё тое станавілася Тарасу ў ваччу.

А ўжо налажыў на сябе войчанька эпітрахіль, узяў крыж у рукі, крэкнуў, агледзіў людзей у хаце і пачаў казаць:

— Брація ў хрысьце! Клясьціся страшна. А клясьціся імем самога бога, клясьціся перад яго сьвятым лікам, гэта… гэта… прысягацца, браткі, яшчэ страшней. Ня дай божа прысягацца бяз пільнае патрэбы ані вам, ані дзеткам вашым.

— Ды яшчэ найстрашней тое, што назваць і то язык мой не паварачваецца, гэта — прысяга непраўдзівая… Найцяжэйшы, сьмяротны грэх, загуба душы і цела на гэтым і на тым сьвеце! Крый нас, божа, засьцеражы, забарані! Знацца, чалавек калі ён фальшыва прысягае, то быццам гаворыць сабе і людзям: „Вось я не баюся бога і стаўлюся з ім уроўні, як той пракляты сатана“. Госпад бог за гэтакую дыябальскую гарэзасьць зьніштажае, сьцірае з твару зямлі, як нягодную пылінку. Бо гэта, браткі, ёсьць ашуканьне стварыцеля, юдзінае цалаваньне. І за непраўдзівую прысягу, — ці-ж вы ня ведаеце — бог карае чалавека яшчэ на гэтым сьвеце. Спамяніце, як загубіў сваю грэшную душу нябожчык Тодар Бычанок. За фальшывае прысяганьне ён асьлеп, а ўсе яго дзеткі няшчасныя паўміралі ў адзін год. А Клім Тамашонак? Здох у яго конь і карова, і сам уцалеў толькі за тое, што шчыра пакаяўся народу ў фальшывай кляцьбе. Брація! Страшна гэта, страшна, страшна!

Скончыў войчанька, і тады пан-афіцэр дадаў гэтак:

— Чуеце, хлопы! Тарас упэўнівае, што цімакоў у яго няма, што ён іх не хаваў і што са згону ўцёк так сабе, няма ведама чаго. Дык вось, яшчэ ён мае час прызнацца. А не захоча, — хай прысягне і чакае кары боскай!

Усе зірнулі на Тараса.

На лобе ў яго заблішчэў драбнюсенькі пот. Вочы, як утупіў, так і не падняў. Маўчаў, быццам занямеўшы. З закручанымі назад рукамі слабеў, слабеў, хіліў голаў і плечы. Хто-б даў веры, што за пару гадзін так саслабне дужы мужчына?

— Разьвяжыце яго!

Страшное, напруджаннае і ад сьвядомасьці, што ня доўга так хістацца, адчайнае змаганьне ахапіла земляроба. Ня ведаў, што тут грэх і што ня грэх.

— Не прысягай, браце! — шапнуў яму дзесяцкі, адкруціўшы з рук вяроўку.

І паляцела сэрца ў чалавека ўніз, уніз, як-бы няма зямлі пад нагамі. — „Прызнаюся!“ — падумаў і рашыўся.

У гэты міг нейкі другі дзесяцкі пільна паглядзеў яму ў вочы і нічагутка не сказаў.

І замоўчыў Тарас. З туманам у ваччу падняўшы для прысягі руку, падыходзіў к сталу, да чорнага сукна з мэталічным раскрыжованым богам і сьвятою кнігаю ў бліскучай цьвёрдай вокладцы. І неўспадзеўкі скапыціўся і ледзь не заваліўся: аборына раскруцілася на назе, і ён другой нагою ступіў на яе канец.

— Скажу! раптам прашавяліў ён вуснамі, але спазьніўся: не пачуў яго ніхто, а войчанька сівы завёў ужо тое, што належыцца. Прысяга пачалася:

Прыціхла і пакарылася Тарасава душа.

Маўкліва стаялі цёмныя людцы. Скрозь адчыненае акно дыхаў цёплы вясновы ветрык, і верабейка ціўкаў на страсе. Сонейка, як заўсёды, гуляла на балонках. На падворку круціліся і порскалі ў саломцы парасяткі, а ля іх бяз клопату хадзілі куры.

III

Лепей пакланіцца ды ўцячы…

Так прысягнуў Тарас.

Увечары, калі ўсё троху супакоілася, прышлі з лесу цімакі. Даведаўшыся аб усім, пакланіліся яны ў ногі чалавеку, ды не пасьмелі паглядзець яму ў вочы.

— Што-ж, браткі, заставайцеся надалей, — казаў непаслухмяным языком да іх Тарас, — жывеце, бо цяпер-жа ўсё роўна…

Ніякага адказу не далі на тое цімакі, — ні дзед, ні хлопец, ні сярэдні, Маўкліва пазьбіралі сваё ўбогае рызьзё, насунулі на плечы хатылі і пацімачылі скрозь цёмну ноч па глухой пушчы, у дальшы сьвет. Было ім часам жудка. Здавалася, што ззаду стаяць вочы… А ў тых вачох — боская кара за прысягу. І ўцякалі нешчасьлівыя ад яшчэ болей нешчасьлівага…

Уцякалі, спавітыя спрадвечнаю цямнотаю, спрадвечнымі забабонамі, вызваліцца ад якіх яшчэ ня мелі сілы…