Вы хочэце казки?—ну, добра, ну, ладна!
Садзицеся вот дзе, слухайце прыкладна.
Яж збаю, пакуль дзень загляне ў ваконцэ,
Но тольки не казку, а праўду, як сонцэ!
На свеци, на белым, пад Гайнай убогай,
Жыў шляхциц багаты; меў поля йон многа,
И коникаў сытых, и ўсякай скацины,
И грошы, што чуць йих ня мерыў асьминай. Не знаў йон, што голад, што холад, што праца;
Еў смачна, спаў доўга,—пан исты с палаца!
Шмат слуг на яго працавала у поли,
Што праўда галодных, абдзйортых найболи,
А йон жэ, йим плацячы марные злоты,
Стаяў, як над быдлам, ганяў да работы.
Вот гэты то шляхциц, вот гэты багаты,
Пан новай и гонтами выкрытай хаты,
Меў нескольки сйостраў, а стройных и милых,
Прыгожых у твары, здаровых на силах;
Кроў, проста здаецца, змешаная з млекам.
Спаткаўся дзе з йими,—бида с чалавекам:
Загине напэўна з душою прастачай,
И сонца ня ўгледзе, и хатки ня ўбачэ!—
Аж так счараваци патрафяць галубки,
И ихние грудзи, и вочы, и губки!
А надта адна з йих, што звалася Зосяй,
И зґрабнинька ходзе, галоўку лепш носе,
И лепей смяецца, и лепей миргая,
А ўся, як малинка, як кветка жывая!
Ци гдзе загаворэ, ци песню зацягне,
То слухаў бы вечна, так кожны прысягне:
Ой, гетакай песни, ой, гет’кай гаворки
Аж слухаюць птушки, ўсмихаюцца зорки.
Цяпер вам цикавасць, ци гэта паненка
У грудках, упышных, пад крамнай сукенкай,
Ци мела там сэрца, што шчырым каханнем
Магло адазвацца хоць раз прад скананнем?
Ой, мела напэўна, ой, моцна кахала!
Цяпер так сэрдэчна кахаюцца мала.
Пад горкай, пад крутай, пры цихай далинцы,
Над вузенькай рэчкай, абапал гасцинца,
Разселися хаты апущэнай вйоски,
Ў каторай то садзик, то дзьве-тры бярозки
Яснейшым приветам здаюцца для хатак:
А далей—вясковы адзин недастатак:
Пахылые хаты глядзяць на староны;
На стрэхах камами парос мох зялйоны;
Спрухнеўшые сцены ў зямлю паўежджали;
А шыбы у вокнах ня больш па дзьве цали.
Цикавасць, ци праз так малое ваконцэ
Загляне у хатку кали нибудзь сонцэ?
У низкай хацинцы, ў ваднэй з найбяднейшых,
Ў ваднэй з няйцямнейшых, ў ваднэй з найкрывейшых
Рос Янка, Лявончык па бацьку, Прывада;
Прыгожы быў хлопец, дзеўчатак прынада.
Што возьме, то зробе, зух першы ў забаве,
Не мае плям чорных на сэрцы, на славе;
У вйосцы, у роднай йон добрым суседам,
Ня крыўдзе дзяцей, несмяецца над дзедам,
Прыветлива с кожным спаткаўся, разстаўся.
Ой, добры быў Янка, хоць з горам то знаўся.
У двор на работу хадзиў йон штодзенна;
Там с працай усякай спраўляўся сумленна;
Дзе тольки ни стане, працуе ў вахвоту,
И славы дакажэ, рваць будзе да поту;
Столетнюю хвойку повалиць у боры,
Корч выдзерци ў пасецы Янка ня хворы; Загончык як выараў, глянуци мила,
Пракосик прагоне, то значна, дзе сила;
За руки, за працу и чэсць и пахвала!
Быў Янка работник, яких цяпер мала!
А хоць грашми бедзен, другим чым багаты:
Зайздросцили хлопцы, любили дзеўчаты,
Любила и Зося, шляхэцкая дочка,
А гэтаму сведкай и садзик, и ночка.
Хто пройме, прагледзе спаткання, гулянки,
Мирганки и шэпты каханка, каханки?
Хто зличэ па скольки друг дружку цалуе?
Ой, трудна пазнаци, ой, трудна збадаци.
Здаецца, штось бачыш, дай рэшты не знаци,
Бо ночка каханню спрыяе заўсйоды,
Збаўляе каханка ат кепскай прыгоды.
А шчыраж, а мила и Зося, и Янка,
Янук, сын мужыцки, а Зофья, шляхцянка,
Што ночку бяз сведак адны каратали,
А шчасци кахання миленька шаптали,
А часам и смутные думки зазвонюць
Да сэрц закаханых; яны их разгонюць,
Абняўшыся шчыра сваим цалаваннем.
Эх, добра хоць трохи пажыци каханнем!
Так смутна, так горка таму жыць на свеци,
Каму лйос кахання ў душы не разнеце,
Хто братняй душы у жыцци не спаткае,
С каторай бы миласць сплывала святая,
С каторай бы з горам сваим падзяліўся,
И ў жали паплакаў, к грудзям прыхилиўся.
— «Эй, Зося!» так Янка гаворэ, бывала:
«За што мяне шчасця такое спаткала?
«А можэ нешчасця, а можэ и слйозы?..
«И сам я не знаю, ци пьян, ци цвярозы,
«Ты, панна, и любиш мужыцкага сына,
«Убогага хлопца, пасажна дзяўчына—
«Што людзи, што брат твой на гэта нам скажэ,
«Як праўду пазнае, загадку развяжэ?
«Ты ж паняй и будзеш, и выйдзеш за пана;
«А я буду плакаць ад рана да рана;
«Аж высахне сэрцэ, кроў ў жылах застыне,
«И ўсйо с таго жалю па пекнай дзяўчыне».
А Зося за шыю прыцисне да сэрца:
«Ой, Янка, ой, лгун ты, нядобры ашчэрца!
«Ци ж Зоси ня верыш, што шчыра так любиць,
«И Янку праз миласць напэўна ня згубиць?
«Як любиць сегоння, любиць будзе вечна,
«И Янка мой добры спаць можэ бязпечна».
Так Зося гаворэ, и Янка забыўся,
Што с паннай, з багатай так шчыра злюбиўся.
Цалуе, милуе, и ночка йим гетак
Минуткай праходзе; аж летние ўсе так
К канцу ўжо зближалися; поле пусцела,
И восень падходзила сциха, нясмела.
И вот хоць нарэшце лйос чорны йих здрадзиў:
Падгледзиў брат Зоси йих схадзки у садзе.
Ноч шатою цйомнай зямлю абхинула;
Жыццйо ўкруг замйорла: прырода заснула.
На неби дзе-не-дзе заблыскали зоры;
Наехали хмараў дажливые горы, И зорки пагасли, и ўсйо спиць на свеци,
Адзин чалавек жэ ня спиць нешта прэцэ.
Ня спиць пан Лаўчынски, той шляхциц багаты;
Агонь яшчэ свецицца с панавай хаты.
Акропнаю зэмстай палае блюзнерца,
Як ночь на Пакровы, сам чорны и сэрца;
Не бачэ йон света, ни праўды, ни Бога,
Ня хочэ ўжо знаци никога, ничога;
Ўсйо́ ходзе па хаце, шалее са злосци.
— «Як можна? шляхцянка, — род пански косць с косци—
«З мужыцкай крывйою змешацися хочэ!
«На свет паказаци ня будзе як вочаў.
«Той Янка, хамула, паненку абниме…
«О! смерць яго ўперэд с зямли гэтай прыме!»
Так чорные думы адна за другою
Снуюдца ў тырана, як стада зимою
Ваўкоў згаладалых, ня сытых николи,
Шукаючу жыру, валочуцца ў поли:
Валочуцца, аж дзе ахвяру спаткаюць
И выдзяруць сэрцэ, и вочы зглытаюць.
Эй, страшна, эй, жутка спаткацца з ваўками!
Страйшней жэ с тым зверам, што ўходзе меж нами,
Як мы, чалавекам, а сэрцам пантэра;
О гэт’ки звер горшы за ўсякага звера!
Снуецца Лаўчынски па хаце, як мара.
Чорт цешыцца: будзе, для пекла ахвяра:
Што хвиля крываўшую зэмсту знаходзе;
Што хвиля чарнейшые мысли наводзе.
И шэпчэ: «—Забий! йдзи! як спиць ў вадрыне,
«Ци ў садзе, як зловиш яго пры дзяўчыне, «Ци ў леси, як пойдзе табе сеч бярвення,
«Але забий тольки, ня бойся сумлення!»
Яшчэ с сабой вальчэ, яшчэ аглянуўся
На кут, дзе абраз быў; душой страхануўся;
Схвациў тапор востры рукой подлай, смелай,
И выскачыў с хаты глухи, азвярэлы.—
А хмары на неби ишли и стагнали,
И якбы бязбожнику грозна крычали:
— «Апомнися, грэшны, вярнися да дому!
«Аб гэтым ноч-маци не скажэ ни кому».
У вйосцы, так кажуць, жыве люд шчаслива,
Сжываецца з горам, и с працай, и з нивай;
У вйосцы у цихай люд, кажуць, меньш грэшэ,
Пакусаў меньш мае, малым сябе цешэ.
И сцэнаў крывавых меньш найдзем у вйосцы;
Ну, праўда ж, як грушы растуць на бярозцы!
И ў местах, и ў вйосках шальмоўства вядзецца,
А тольки у месци скарэй хто упьецца,
Скарэй и сагрэшэ, другога закрыўдзе;
У местах няўмысне сабаку забиў дзе,
А ўжо на свет цэлы разбрэшуць газэты,
Як бы генералам сабака быў гэты!
А ў вйосцы ж прыгледзься на крыўды, на слйозы,
Што выльюць напрасна у спеки, ў марозы,
Што за сабак згине людзей нишчасливых,
У лесе пад дрэвам, з натуги на нивах,
А скольки на цйомных святлейшых чыгае,
И больш дзе хто с працы других карыстае? Не скажэце ў местах, бо знаеце сами,
Што вйоска больш злита людзкими слязами.
У вйосцы, хоць горка пакрыўджэны плачэ,
Маўчаць кожны будзе так, як и не бачэ;
Занадта сляпы люд, занадта баицца,
Каб мог йон за крыўду сваю уступицца,
Праз тое и вйоску так хваляць паэты,
Найбардзей такие, што з’еўшы катлетаў,
Вином яким смачным катлет той закусяць;
О гэт’кие пэўна, а шчасци пець мусяць.
У пуни у панскай, як мертвы, спиць Янка,
Ня вышоў да саду спаткацца с каханкай.
(Таго дня да Минска паехала Зося).
Ой, дзиўныя часам сны ночка прыносе!
Вот Янка шчасливы, ўжо гора не знае,
За жонку ўжо Зосю харошую мае,
Ўжо ў новай хацинцы яна гаспадарэ,
А ў стайни ржэ коникаў сыцинких пара,
Саха валоў рослых, чатыры каровы
Скубецца на лузе; лясок жэ сасновы
Туж близка пры хатцэ сячэ Янка смела,
Да пана не мае ниякага дзела
Ня трэба ўжо ўсякаму рук цалаваци.
Шмат мае йон поля и шмат сенажаци;
А ўсйо гэта працай дабыў йон пачцивай,
Як жыць пачали яны с Зосяй шчаслива;
Да трохи принесла яна и ў пасазе,
А важное—миласць, што лепш багатств князя
Ва ўсйом памагае руками и радай,
Прад йим не азвецца ни плачэм, ни звадай;
И робицца радосна Янку на сэрцы, Што гэтак шчасливы, што ўжо ў паняверцы
Ня мучыцца горка, як ’перэд бывала:
Но раптам вот гэтага шчасця не стала…
Акропная видма падходзе, здаецца,
Зубами скрыгочэ и дзика смяецца.
Збудзиўся, глядзиць йон на здання благое,
И крыкнаў: «Паночак! за што? за якое…»
Спиць вйоска сном крэпким па працы, па цяжкай,
Начлежники ў лузе пад буркай, сермяжкай,
А ў хатах дзеўчаты, и дзеци, и бабы,
На ложках, на лавах, на печы—дзед слабы,
Нидзе ани шуму, ни плачу, ни крыку;
Ня чуць и кляцьбы тэй, якой днйом бяз лику;
Адзин тольки вецер шамочэ бярозкай;
Сава загукала, гэт, недзе за вйоскай,
А далей ноч-пани, и пуста, и глуха…
Но вот даляцеў гук да чуткага вуха:
Што гэта?.. Збудзилися людзи с пасцели,
У цэркаўцы близкай званы загудзели,
Што гэта, што гэта? хоць поўнач на свеце,
Так видна, як сонцэ на небе ўжо свеце.
— «Пажар, гэй пажар!» так вакруг загудзела,
Крычаць: «Сабирайцесь!» — гасиць дружна, смела,
Гарыць у дварэ у Лаўчынскага нешта;
Гасице, згарыць там будынкаў и рэшта!»
Сабралися людзи, но тольки па часе:
Нихто ўжо агню ни залье, ни загасе.
Гарыць пуня панская, бухае пламям;
Крывавым на неби становицца знамям. Бязсильны тут людзи, бязсильны их руки,
Хтож зближыцца к пламю на боли, на муки?
И… пуня згарэла. Тарчыць куча сена;
Дымяць галавешки, астатки ат сценаў;
Цягаюць их людзи з агню на староны.
Но, Божэ! што гэта? корч нейки звуглйоны…
Хто тольки ни ўзгляне, ўцикае с трывоги;
Корч мае людзкие и руки, и ноги!
Пры тулаве, знаць, галава чалавека—
Косць тольки: нимаш ни вачей, ни павекаў.
Пазнаў народ, што хтось згарэў с пуняй разам,
Пакленчыў над трупам, якбы над абразам.
Пазнаци люд хочэ, хто марне так згинуў,
Свет гэты пакинуў, радню ўсю пакинуў?
Глядзяць, аж тут раптам енк страшны разнйосся,
Аж кажны смуциўся, аж кажны затросся.
Енк гэт’кага жалю, енк гэт’кай балесци,
Што можэ душой и тырана затрэсци.
Так крыкне па страчэным любым дзяўчына,
И маци так енкне, хаваючы сына.
И маци тут родная труп той пазнала,
Пазнала таго ў ним, каго ўзгадавала,
Хто хлеба ей беднай насиў яшчэ ўчора,
Хто быўбы ей беднай на старасць падпорай.
Эх, сын яе родны, эх, Янка прыгожы
Ляжыць няжывым на пасцели, на божай;
Не ўстане на веки и свету не ўбачэ…
И плачэ так маци, и горка так плачэ;
А з ею, здаецца, и ночка галосиць,
И слйозы збирае, и к Богу заносиць. Циж добра, циж лйогка? эй, пане, эй, мсцивы!
Што Янка у пуни згарэў нешчасливы?
Тваяж гэта, браце, рука учынила,
Што будзе на свеце аднэй больш магилай,
Аднэй больш магилай, а слйозаў бяз меры.
Прыгледзься, што зробиў ты ўзмахам сякеры?
Вот Янка забиты, вот Янкава маци
Убогая мусиць исци жабраваци,
Бо ўжо працаваци за стара, за слаба,
Ня то што мужчына, ат, ведама,—баба.
А што скажэ Зося, як з места прыедзе?
Што скажэ, як спаленым Янку угледзе?
Ну цешся, ну цешся пацехаю ката!
Ужо дамавина гатова на брата.
Циж добра, циж лйогка, эй пане, эй мсцивы!
Што Янка у пуни згарэў нешчасливы?
Так голос таемны пытаецца пана;
Но грысци сумленне циж можэ тырана;
Раз тольки надумаўся збродню ўчыници,
Ахвяру праз зэмсту са свету згубици,
То пэўна што плакаць па збродни ня будзе:
Ня будзе йсци роўна, хто раз ужо зблудзе.
Свитае. Вот Зося ужо з Минска едзе,
Вясйолая цешыцца, Янку угледзе,
Усйо ей так милым, як лепей ня трэба,
И гэтые людзи, и поле, и неба;
И рада смяяцца, и рада спеваци,
И с хлопцам харошым пайсци пагуляци.
Прыехалаж панна на плач, не на йгрышчэ,
Убачыла с пуни адно пажарышчэ.
Што ўбачыла далей, сказаци ня можэ;
Два выбегли слоўцы: «о Іезу! о Божэ!» И руки заломе, и крыкам шалйоным
Азвалася с жалю над Янкам звуглйоным.
На брата узгляне; маўчыць той панура,
Зубами заляскае, вочы зажмурэ.
Напрасна дзяўчына аткрыць праўду хоча;
Сжымаецца сэрца, цякуць слйозы з вочаў…
Га! чымся так жыци, лепш легчы у гробе,
У слйозах, у муках, у цяжкай жалобе
Праходзе дзень гэтак; ноч сциха ўжо пхнецца;
А Зося ни мйортва, ни жыва снуецца.
Прашла ноч, и раницу сонцэ прыгнала,
Дзеж панна? но панны с пасцели не стала.
Збудзилися слуги, и пан прабудзиўся.
Сястры няма дома; спачатку здзивиўся,
Но потым и чорные мысли абсели.
Циж Зоси праз тоя не стала с пасцели,
Што спалены Янка?… Тут болей затросся,
Заныла на сэрцы, страх нейки пранйосся.
И выскачэ с хаты, й крыкне на слугаў,
Заве ат работы, ат косаў, ат плугаў:
— «Эй, людзи! дзе Зося, дзе ваша паненка?
«Шукайце усюдых, за хатай, за сценкай;
«Была тут у хаце, няўжо яна ў поли,
«А можэ, а можэ… неўбачу николи!…
«Шукайце, шукайце! бярыце багацце,
Но тольки каб Зосю я видзеў у хатцэ»!…
Крычыць так Лаўчынски на ўсе на староны,
А дзика, а страшна, як звер, як шалйоны.
И збеглися людзи, шукаюць, гукаюць;
Напрасна! дзе Зося, дзе панна, не знаюць
Аж глянуў брат родны у сад на сасонку;
Висиць сястра пана, висиць на пастронку.
У тры дни дзьве ямы на трупы капали:
На мо́гилках Янку-хамулу схавали,
А далей, за мо̀гилки—гожу паненку,
Народ жэ над дзвйома малиўся и кленкаў.
Нябощикаў несли хаваць неяк зрана,
Пад вечар жэ везли ў вар’яцки дом пана.
Эй, кончана казка! Ну, як вам здаецца?
Ци праўды ў ей многа, ци лжэ, ци смяецца?
Мнеж верце, шо гэта йосць праўдай звычайнай;
Спытайцеся тольки старэйшых пад Гайнай;
Там кажны з ахвотай разкажэ вам гэта,
Хоць там яшчэ гора людзей не апета;
Но ў вустных паданях жыве и жыць будзе,
И сведчыць сабою шчасливых а блудзе.
Закинеце, можэ, што ў казцы на пана
За многа усяких шальмоўстваў складана?
Нихай жэ багаты пан кепска ня чыне,
Напэўна и казка ня ў чым не абвине.
Бо што зробе бедны, з бяды што натворэ,
Такога и казка не так абгаворэ;
А створэж багаты дзе подласць якую,
И з роскашы праўду падопчэ святую,
Ни ў чым не дазнае ат прышласци ласки:
Таким не даруюць ни людзи, ни казки.
|