Заранкі (1924)/Дзеткам/Коцік

Ластаўкі Коцік
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Увосень

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КОЦІК.

(Паводлуг народнае песьні).

Хлопчык любіць коціка,
Лашчыць ён варкоціка, —
Коцік міл яму.

З ім на двор гуляць ідзе;
Часта малачка дае
Ён сябру свайму.

Ходзіць коцік беленькі,
Хвосьцік яго шэранькі,
А бяжыць — стралой.

К хлопцу прытуляецца,
Сьпінкай выгібаецца,
Хвост яго — дугой.

Як убачыць птушачку,
Хутка лапатушачку
Хочыць ён схапіць:

Вочкі разгараюцца;
Кіпці выпрастаюцца,
Ён за ёй бяжыць.

Поўсьць у яго чыстая,
Белая, пушыстая,
Мяккая, як лён.

Мышкі, сьцеражэцеся,
Ціха!.. беражэцеся!
Ўміг вас зловіць ён.