Заранкі (1924)/Дзеткам/Ластаўкі

Бабулька і козьлік Ластаўкі
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Коцік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛАСТАЎКІ.

Дзьве ластаўкі жвава
Гнязьдзечка ляпілі,
У дзюбачках гліну,
Пушочак насілі.

Іх шчыранькай працы
Дзівіліся людзі:
„Во цёплая хатка
Тут ластаўкам будзе!“
І скончылась хутка
Упартая праца;
Ня трэба ўжо болей
Сьпявачкам старацца.
І сьветлага жыцьця
Ляцелі часіны…
Прыждалі сьпявачкі
Шчасьлівай хвіліны.
У цёплым гнязьдзечку
Ўжо вывелісь дзеткі,
І мушак прасілі
Сабе малалеткі.
І ластаўкі ўцешна
Ім ежу насілі —
Казявак і мушак, —
Вадзіцай паілі.
Было так прыемна
Сачыць гэтых птушак
І жыцьце і працу
Пяюх-клапатушак.
Ось вырасьлі дзеткі,
Малыя ўзмацнелі,
З старымі ўзьняліся
І ўдаль паляцелі…