Заранкі (1924)/Над Дзьвіной

Рыбалоў Над Дзьвіной
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Вечар на берагу возера
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над Дзьвіной (Журба).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД ДЗЬВІНОЙ.

Шумліва мчыць магутны хвалі
Рака Заходняя Дзьвіна,
Нясе ваду да сіня мора, —
Паважна коціцца яна.

За хваляй хваля узьлятае
На жоўты ілісты пясок —
І рассыпаецца з шурханьнем,
Нібы бурлівы ручаёк.

Тут востракрылыя зіпайлы
Сьвяргочуць, быццам на бяду;
Маркотны кані-рыбаловы
Ляцяць каменьнем у ваду.

Клапотаў шмат у гэтых птушак,
Каб рыбку срэбную схапіць.
Во акунёк мігнуў зялёны —
І ўцёк, далей прышлося жыць.

Парой і ястраб зашнуруе.
Ён быццам маніцца прысесьць
На блоні, прыбранай кустамі,
І расказаць якуюсь зьвесьць.

Зьвіняць наўкола птушак песьні.
На беразе па-над Дзьвіной
Цяністы, стромкі і шумлівы
Ў задуме бор стаіць сьцяной.

Малюнак дзіўны вабіць вочы:
Наўкол прыгожасьць і сьвятло…
Душы здаецца, што на сьвеце
Навекі згінула ўсё зло.