Васількі Рыбалоў
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Над Дзьвіной
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рыбалоў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РЫБАЛОЎ.

Бляск апошні расьцілаюць
Косы сонца над сялом;
Цэрква белая зіяе
Залатым сваiм крыжом.

Цёмны бор — нібы ў задуме.
Гук вакол пад вечар зьнік.
Явар дрэме каля рэчкі,
Як стары той вартаўнік.

Рэчка шклістая плюскоча
У зялёных берагох.
Ўсё гусьцей туман кладзецца,
Як кудзеля на палёх.

На рацэ рыбачы човен.
Сець зьбірае ў ім рыбак,
Лёс гаротны праклінае,
Б‘ецца з голаду бядак, —

Бо у хаце рыбалова
Цэлых восьмера дзяцей.
Пасылай іх хоць сягоньня
Хлеб прасіці у людзей.

З ім адвечна яго гора;
Сэрца ные і шчыміць.
І, шнуруючы над рэчкай,
Каня позная скігліць.