Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Вячэрнія хмаркі

З боку ад жыцьця Вячэрнія хмаркі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Перад судом
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вячэрнія хмаркі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯЧЭРНІЯ ХМАРКІ

Сонейка заходзіць,
І кладуцца цені,
І плывуць хмурынкі
Ў ціхім задуменьні.

Белыя валокны
Сонейкам заліты.
Вольны ім дарогі,
Сьцежкі ім адкрыты.

Хмаркі залатыя!
Вы — прастору дзеці,
Ходзіце вы вечна
Па ўсім белым сьвеце.

Праплывеце-ж, хмаркі,
І над родным краем,
Над сялянскім полем,
Над зялёным гаем,

І заплачце, хмаркі,
Дробнымі сьлязамі
Над мужычай нівай,
Над яго лугамі.

Загрымеце громам,
Стаўшы цёмнай хмурай,
Толькі-ж не пабеце
Жыта градам, бурай,

Хмаркі залатыя,
Сонца, неба дзеці!
Вы прывет мой шчыры
Ў вёску занясеце.

1910 г.