Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Перад судом

Вячэрнія хмаркі Перад судом
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
У зімні вечар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Перад судом.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРАД СУДОМ

Не ў салдаты выпраўляе
Маці свайго сына,
Не на службу ў двор да пана, —
Едзе ў суд хлапчына!

Знае маці — не жартуюць,
Судзяць судзьдзі строга,
Хоць сынок яе ня злодзей,
Не зрабіў нічога:

Не забіў, не абясславіў, —
О, не, не! крый божа!
Гаварыў ён — ну, што ў гэтым? —
Што так жыць ня гожа,

Жыць і гнуцца. Прад багатым
Поўзаць чарвякамі,
Што даволі ўжо цярпелі
Доўгімі вякамі,

Што даўно пара за розум
Бедным людзям ўзяцца
І парадкаў справядлівых
Трэба дабівацца.

А каб справіцца з няпраўдай,
З крыўдаю, з бядою,
Дык націснуць трэба людзям.
Дружнай грамадою…

Конь запрэжан, ўсё гатова.
Смутная дарога!
Ня суліць яна старэнькай
Добрага нічога.

Горкі жаль акрыў кабету
І здушыў ёй грудзі.
Ў кут забілася і плача,
Каб ня зналі людзі

Яе гора і трывогі
І жальбы па сыну.
— З богам, сынку! хай дае ён
Добрую часіну! —

Рушыў конік. Заскрыпелі
Весьніцы гаротна.
Азірнуўся бедны хлопец
Горка і маркотна.

На дварэ стаіць матуля,
Галавой кіўнула,
А сама сьлязу буйную
Рукавом змахнула.

Вось і поле. Конік трусіць.
Вецер падзімае.
Азірнуўся хлопец — хата
З вока прападае.

І абцёр ён непрыметна
Жаласьці сьлязіну.
Эх, відаць, ня скора ўбачыць
Родную хаціну!

1910 г.