Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Катаржнікі

Пісьмо з астрогу Катаржнікі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Покліч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Катаржнікі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАТАРЖНІКІ

Цесны дворык. Няпрыгожа!
Дзьверы пад замкамі,
У тры сажні агарожа, —
Глуха, як у ямі.

Толькі бразгаюць кайданы
Дзікім бразгатаньнем.
Звон пакуты, звон паганы
Аддае стагнаньнем.

Будзіць звон той боль у сэрцы,
Смутак наганяе.
Цяжка, цяжка ў паняверцы!
Ой, доля ліхая!


∗     ∗

Сьвеціць сонца, жарам пыша,
Ў небе — ні хмурынкі.
Лёгкі ветрык сад калыша,
Гойдае галінкі

Ды жартліва задзімае —
Накурыць, напыліць,
Пух угору падымае,
Красачку пахіліць.

Прабяжыць, і ціха стане…
Зьвякаюць кайданы.
Ў гурт сышліся катаржане,
Від іх змардаваны.

Вось на лаўку яны селі,
Голавы спусьцілі.
Думкі моцна іх здалелі,
Сэрца засмуцілі.

Не згадаць іх дум маўклівых,
Дзе яны іх носяць —
Мо‘ гуляюць там, на нівах,
А мо‘ волі просяць.

Катаржане — хлебаробы,
Дзеці вёсак, поля.
Таго бойка з-за худобы
Прывяла ў няволю,

Той з суседам пасварыўся,
Ў таго зяць паганы,
А той з братам як дзяліўся,
Зарабіў кайданы,

Той за нораў свой сярдзіты,
Ці за лішак жару…
Гэта — цёмны люд забіты,
Беднаты ахвяра.


∗     ∗

Што за думкі — не згадаю —
Цьмяна іх гаворка.
адно толькі добра знаю:
Горка людзям, горка!

1909 г.