— Напішы мне, калі ласка,
Пісямко да хаты!
Піша з дому мне Параска,
Што сын здан ў салдаты…
Охо-хо! — Пракоп ўздыхае
Джургае чупрыну,
А ў руках пісьмо трымае
І канвэрцік сіні.
Просіць шчыра грамацея,
Нават шапку скінуў.
Сам Пракоп пісаць ня ўмее —
Дзе? Ў бядоце гінуў!
Гадаваўся на мякіне,
Жыў з худобай змалку.
Смак жыцьця пазнаў на сьпіне,
Высах сам у палку.
А нарэшце, вось, папаўся
Ў сьпісак арыштанскі,
А за што? Нібы зьбіраўся
Падпаліць лес панскі!
— Што-ж табе пісаць старэнькі?
— А пішы, нябога!
Жонка, сын мой даражэнькі!
Шлю паклон з астрогу.
Сэрца мне баліць, і вас я
З думак ня спускаю.
Кожны божы дзень і час я
Дом успамінаю.
Жонка мая дарагая!
Ты ня скрыўдзь Івана.
Калі грошай не хватае,
Папрасі ў Сьцяпана.
Няхай Сьцёпка не баіцца —
Аддамо з падзякай.
Хлопцу-ж трэба хоць акрыцца,
А ня йсьці сабакам.
Спраў кажух яму і боты,
Выпраў, як і людзі.
Дай з сабою колькі злоты —
Весялейшы будзе.
Калі корму досыць маеш,
Падкармі больш сьвінку,
Мо‘ якую захаваеш
На вялікдзень шынку.
А калі на грош няхватка
Або корму мала, Закалі і з поўдзесятка
Хунтаў прышлі сала…
Сын мой! снасьці рыбаковы
Добра ты прыпратай —
Згодзяцца, а венцер новы —
Маеш час — залатай.
І яшчэ, мой сын, прашу я
Човен кінь ў адрыну,
Няхай вецер ня сьвідруе,
Няхай так ня гіне.
Усё, што можна, захавайце,
Пакуль я вярнуся.
Нераток стары аддайце
Міхалю з Габрусем.
Кнігі ўсе, апроч псалтыра,
Вы аддайце Грышку,
Хай сабе чытае шчыра,
Бо ён любіць кніжку.
Дарагі сын! перад здачай
Да мяне зайдзі ты,
Можа болей і ня ўбачу,
Не пачую, дзе ты.
Не маркоцьцесь, не бядуйце —
Дасьць бог спосаб новы,
Што-ж ты зробіш? пагаруйце…
Будзьце ўсе здаровы!
1909 г.
|