Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/На дарозе

Няшчасная маці На дарозе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Вясною
Іншыя публікацыі гэтага твора: На дарозе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ДАРОЗЕ

Ня крычы, пан: „Прэч з дарогі!“
Што з таго, што я мужык?
А ўжо гнуцца, як убогі,
І я, бачыш ты, адвык.

Не адзін ты гонар маеш,
І ў мяне ён трохі ёсьць,
Дык дарма ты, пан, гукаеш —
Я табе больш не „пся косьць“.

Мы калісь былі ня тыя,
Панавалі тады вы,
А цяпер гадкі другія —
Спаў ланцуг той векавы,

На якім вы нас трымалі,
Ведай гэта і ня злуй:
Мы вас доўга „шанавалі“,
Цяпер ты нас пашануй.

1912 г.