Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Вясною

На дарозе Вясною
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Як і калісь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясною (Вясёлыя людзі — снуюць і гамоняць…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСНОЮ

Вясёлыя людзі — снуюць і гамоняць,
Відаць, і ў іх сэрцы вясна,
І горкія думкі галоў іх ня клоняць,
Ім доля прыхільна, красна.

Цаны куску хлеба ня знаюць шчасьліўцы,
І галава іх аб тым не баліць,
Як будзе багатая пожня на ніўцы,
Як заўтрашні дзень перабыць;

Ці будзе прытулак зьвярэджаным плечкам,
І ногі куды панясуць
Іх цела худое: ці к мору, ці к рэчкам,
І рукі каму прададуць,

Свабодныя рукі з патрэсканай скурай.
Шчасьлівец ня знае таго,
Як гнецца галеча прад чорнаю бурай
Няўдалага жыцьця свайго.

А хто гэта ходзіць адзін стараною?
Чаму вы ня рады яму?
Чаму ён ня з вамі? Чаму галавою
Так нізка панік ён? чаму?

Шчасьлівыя людзі, як хвалі, што ў моры:
Іх вецер узьніме — бягуць
І тое, прад тым пакланяліся ўчора,
Пры ветры другім аплююць.

1912 г.