Быў малы я, думаў часта,
Як дадуць мне чосу:
„Пачакайце, і на вас я
Прыпасу атосу!
Дайце толькі акрыяць мне,
У гадкі вабрацца!“
А пакуль што ўсім старэйшым
Мусіў пакарацца.
Я тымчасам падрастаю.
Аддалі вучыцца.
Не дагодзіш настаўніку,
І пачне сварыцца!
Але добра, калі сваркай
Сойдзе завіруха,
Ды ў тым гора, што настаўнік
Часта трос за вуха.
„Ну, пастой-жа! жыў ня буду,
А за тыя зьдзекі
Не дарую, толькі-б вышаў
З-пад твае апекі!
Так за лаўкаю памысьліш,
Ўзяўшы вуха ў жменю,
І цішком кулак сьціскаеш,
Сунуўшы ў кішэню,
Ды цярпіш ды зносіш крыўды,
Помсты час жадаеш.
Час ідзе, ў залежнасьць — ліха
Болей пападаеш.
Вось я вырас, і пад носам
Вусы высядаюць,
А мяне навокал чубяць,
Клёваюць, ўсчуваюць.
Накіпела ў сэрцы гневу,
Злосьці поўны косьці.
Ня стрываў я, разгарнуўся —
Я-ж вам, ягамосьці!
Пачакайце-ж, калі гэтак!
То-ж я ня кусаўся!
Годзі крыўды! досыць зьдзеку!
Ўзяў ды ўзбунтаваўся
Супраць ўлады і парадкаў!
А то-ж я уломак?
Хай сабе на погляд шчуплы
І ня так-та ёмак.
Ускіпела тая ўлада —
Гоняць у тры шыі. „Ведай, гад, па чым хунт ліха!
Помні — ты ў Расіі!“
Трэсьлі, трэслі, калацілі, —
З жалю хоць разьбіся.
Ды ў астрог нарэшце садзяць —
Там, моў схамяніся.
Вось за кратамі сяджу я,
Горш мяне ўсчуваюць,
З аднэй камэры ў другую
З сяньніком ганяюць.
Я іду, куды мне кажуць,
Ды бубню сам сьціхла.
„Пачакайце! адсяджу я,
Перабуду ліха!“
Ценем крыўда йдзе за мною
Аж да сёй часіны,
Кулак згорнуты ў кішэні,
Як і ў дні дзяціны.
І даюць мне, як і колісь
Запраўскую чосу.
Што рабіць у век патомкаў
Зашпурнуць атосу?
1912 г.
|