Сябра мой!
Над намі ходзіць месяц,
А у вас, напэўна, ясны дзень…
Ты ў далёкім Буэнос-Айрэсе
Па шумлівых вуліцах ідзеш.
У другіх інакшыя пуціны,
Ты-ж такі бядак, як і раней…
Аргентына — добрая краіна,
Калі ёсьць даляры ў портмонэ.
Чысьціў боты вечарам і ранкам,
А цяпер блукаеш па рагу…
На нагу наступяць — скажаш „Сэнк‘ю“
На вячэру хопіць — „Вэры гуд“.
І цяпер ты хочаш абнадзейваць —
Вось Бразілія — другая старана…
Сябра мой!..
І ў Рыо дэ-Жанэйро
Той-жа самы доляр ля старна.
Сябра мой!..
Ты, пэўна, многа вынес
І ў лісьце ты пішаш да мяне:
„Аргентына — добрая краіна,
Калі ёсьць даляры ў портмонэ“…
Можна жыць у дзень адным какосам,
З пляжкай „віскі“ весялей табе…
Пішаш — хочаш паступіць матросам
На якісь бразільскі карабель.
Паблукай салонымі марамі,
Паглядзі гульлівыя парты, —
Ці ня ўбачыш новай пекнай рані
На ўсходзе пробліск залаты…
Прыдзе час… Пад чырваньню штандару
Зараве асіплы паравік,
І ты крыкнеш, стаючы на варце:
„Гэй! Лёнг лів уоркерс рэпублік“…
Сябра мой!..
У нас адны пуціны,
Бо на сходках будучага дня —
Аргентына — добрая краіна,
Калі серп і молат ёй радня.
Увага. „Сэнк‘ю“ — паангельску „Дзякуй
вам“, „Вэры гуд“ — Вельмі добра“, „Лёнг
лів уоркерс рэпублік“ — „Няхай жыве рабочая
рэспубліка“.
1929
|