У цябе ў вачох і ў твары
Бачу простае, сваё.
Раскажы ты мне, таварыш,
Пра матроскае жыцьцё.
Зьмеркнуў дзень. Агні-пялёсткі
Ўжо разьвеяла зара…
Дробных літараў матроскі
Не магу я разабраць.
Раскажы, адкуль ты, браце,
І з якіх такіх марэй…
У Адэсе ці ў Кронштаце
Стаў апошні раз на рэйд?
Дальняўсходніх водаў мёртвых
Акіянскае дзіця,
Ці ваяку-чорнаморца
Маю гонар бачыць я?
Ці даўно, баец адданы,
Кінуў родныя палі? Хто чырвоным капітанам
Стаў на вашым караблі?
Ці кіруюць шэфы вамі,
Ці ня чуць у вас пра іх,
Ці даўно вы заплывалі
Ў буржуазныя краі?
І… калі ня будзеш зморан
Раскажы ты мне пасьля,
Ці прыгожа тое мора,
Так, як нашая зямля.
Ці ўзьбівае вал за валам
З гучным рогатам прыліў?
Разьбіваецца аб скалы
Ў бурштыновы пераліў?
Раскажы мне пра прыбоі,
Пра няўпынны плёск і шум,
Пра жыцьцё, дзе бой за боем
Поўняць радасьцю душу.
Раскажы пра цуды-верфі,
Пра каралевую гаць,
Каб я мог у звонкіх вершах
Ўсё, што скажаш, перадаць.
1928
|