Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Цікавае вандраваньне
← Як робіцца хараство | Цікавае вандраваньне Нарыс Аўтар: Міхась Зарэцкі 1929 год |
Некалькі слоў пра туземцаў → |
Цікавае вандраваньне.
Усю ноч ліў страшэнны дождж. На Палесьсі дажджы дзікія, жорсткія, як і ўся прырода. Як пачне ліць, дык і льле ўвесь час, ня ўціхаючы, роўным нудным тэмпам; здаецца, што будзе ён ліць так бясконца, цэлую вечнасьць, што і ліў ён заўсёды, што зусім і ня было ніколі ўчорашняга сьветлага дня.
Мы не маглі спаць. Нас гняла прыкрая думка аб тым, што дождж засадзіць нас у чатыры сьцяны, што падарожжа наша сапсуецца. Зьмітро Халімонавіч пачынаў мяне лаяць за тое, што я нешчасьлівы чалавек, што куды-б я ні паехаў, заўсёды або пойдзе дождж, або зламаецца кола, або яшчэ прытрапіцца якое няшчасьце. А я каяўся, што ў шчырай наіўнасьці сам расказаў яму пра гэту няпрыемную асаблівасьць свайго характару.
Раньне паказала нам шэрую хмурую восень за вакном і ня менш хмуры твар інжынэра Гнеўкі. Аднак, ён запрапанаваў нам пайсьці паглядзець, як у прысутнасьці толькі-што прыехаўшага спэцыяльнага інструктара будуць спрабаваць на балоце трактар «Красный Путиловец».
На балоце, пасьля такога дажджу, пасьля такой патопы!..
Але я ня даў нават віду, што гэта мяне турбуе, і згадзіўся з вялікай ахвотай, з захапленнем.
Мяне зноў ашукала балота. Я зноў спосабам бусла дзыбаў з купіны на купіну, баючыся абшаснуцца ў грузкую твань, і зноў аказалася, што навокал абсолютна суха. Гэты злосны палескі дождж не пакінуў ніякага сьледу на асушаным балоце! Толькі каналы паўней набраліся бруднай вады.
Трактар пыхкаў страшэнна заўзята і працавіта. З рашучай пасьпешнасьцю пусьціўся ён па няроўнаму купкаватаму полю, але зараз-жа спыніўся. У плугох застрала дзярніна. Потым аказалася, што плугі зусім няпрыдатны да гэтае глебы, потым аказался, што колы ня трымаюцца, улазяць у пухкі махавы дол. Аднагалосна прызналі, што трактар гэтай сыстэмы тут ня пойдзе, што на асушанай балотнай глебе патрэбен гусенічны трактар з спэцыялынымі плугамі. Такіх трактароў на колфондзе няма, а таму з 2.000 гектараў, гатовых да апрацоўкі, можна сёлета ўзьняць толькі невялічкую частку, карыстаючыся больш прымітыўнай машынай — найманымі сялянскімі коньмі.
Маленькая «неувязка»…
Пакуль круціліся каля трактару, зусім не заўважылі, як скрозь цяжкую заслону хмар праціснулася цікавае сонца і таксама зірнула на наш амбарас. Ад гэтага стала раптам сьветла навокал і весела. Пад уплывам гэтага нечаканага прасьвятленьня мы адназгодна рашылі павандраваць пехатой па балоце, падзівавацца на прыгожую геомэтрычна-роўную сетку каналаў.
Мы пашлі па берагу галоўнай магістралі, узяўшы кірунак на заходнюю частку масыву. Мы йшлі то па чыстай, гладка ўтаптанай сьцежцы над самым абрывам берагу, то па высокіх буртах — на чорных зыбучых наспах балотнай зямлі, выкінутай на бераг пры пабудове каналу. Гэтыя бурты выяўлялі сабой суцэльныя разроўненыя пляцоўкі, якія, як растлумачыў тав. Гнеўка, з цягам часу абернуцца у добрыя дарогі нутранога, гаспадарчага значэньня.
Праз пэўныя прамежкі часу дарогу перагароджвалі нам вузейшыя, але ня менш глыбокія каналы, гэтак званыя — колектары. Яны зьбіраюць ваду з розных мясьцін балота і ўліваюць яе ў галоўную магістраль. Апрача іх, ёсьць каналы яшчэ вузейшыя, зусім вузенькія — яны здаюцца чорнымі глыбокімі шчэлкамі. Такімі шчэлкамі ўся плошча асушанага масыву падзелена на роўныя дзялянкі зямлі па 2½ гектары ў кожнай — велічыня якраз такая, якая найбольш адпавядае ўмовам апрацоўкі зямлі машынамі.
Гэтыя вузенькія каналы завуцца — асушвацелі. Законная канонізаваная форма асушвацеляў — драўляныя трубы, пакладзеныя пад зямлёй, гэтак званы закрыты дранаж. Тут сьвядома зроблены быў адыход ад гэтае формы, і вынікі атрымаліся найлепшыя. Праз гады два, як канчаткова асядзе балота, асушвацелі на палавіне сваёй глыбіні будуць закрыты пластом фашын і засыпаны да верху зямлёй — эфэкт будзе якраз такі як і ад драўляных труб. А тымчасам — якая экономія грошай! Асушваньне праз закрыты дранаж каштуе блізка 300 рублёў за гектар, а праз звычайныя асушвацелі — усяго толькі 40–50 рублёў. Розьніца досыць яскравая.
Я сказаў — калі асядзе балота. Так, асушанае балота відочна асядае. Мы бачыйі спэцыяльна ўбітыя ў зямлю невялічкія палі, якія летась былі роўна з паверхняй зямлі — цяпер яны на пядзю і больш тырчаць над паверхняй. Згодна спэцыяльных вылічэньняў і меркаваньняў балота павінна асесьці ня менш як на мэтр.
…Мы праходзілі праз шырокія пляцы абгарэлага балота. Агонь зьлізаў з яго ўсю шурпатую махавую скуру і агаліў чорнае тлустае мяса зямлі. Мы навочна пераканаліся ў тым, што балотны пажар робіць добрую справу, пакідаючы пасьля сябе гладкую, выгодную для апрацоўкі паверхню торпу. Сям-там па гэтай чорнай паверхні прабівалася сьвежая рунь асакі. Яна была густая, роўная, зусім падобная на маладое жыта.
Ня гледзячы на тое, што ўсю ноч перад тым ліў такі страшэнны заліўны дождж, мясьцінамі мы бачылі рэдзенькі сіні дымок, які ўзьнімаўся з чорнага долу. Дождж ня здолеў да канца абтушыць упарты, уедлівы балотны пажар.
А ў іншых мясцох нашы ногі скаўзаліся ў нейкай жоўтай сьцюдзяністай гразі, падобнай на рэдкую гліну. Гэта быў спэцыфічны тарпяны попел. Калі ён бывае сухі, ён падобны тады на жоўтую тонкую пудру. Ён залазіць тады ў самыя маленькія нявідныя дзірачкі, ён пранікае ня толькі пад адзежу, а нават у шчытныя скураныя боты.
… Яшчэ вось якую бачылі мы цікавую карціну…
Там, дзе канал трапляе ў сыпкую пясквую глебу, там ніжэйшая — каля вады — частка яго берагоў замацоўваецца лазовым плятнём. Праз год лаза прарастае і замест плятня абапал канавы, над самай вадой, зьяўляюцца пышныя шнуры зеляніны. Прыгожы тады, надзвычайна прыгожы бывае канал, аблямаваны гэтымі суцэльнымі сьвежа-зялёнымі стужкамі!
Тав. Гнеўка з поўным правам ганарыцца гэтай прыгожай і надзвычайна практычнай аздобай. Гэта — яго ўласная вынаходка, яго «сакрэт». Сапраўды, шмат дзе спрабавалі таксама рабіць, і нічога ня выходзіла: лаза не прарастала. Т. Гнеўка з гэтай прычыны дабрадушна жартуе:
— Слова такое ёсьць у мяне… замова спэцыяльная…
Мы доўга хадзілі па бязьмежнаму пераплёту каналаў, любаваліся іхным строгім парадкам і чыстатой. Мы адпачывалі на высокіх і мяккіх тарпяных наспах, азіралі адтуль вакольную мясцовасьць.
Ува ўсе бакі, куды ні зірнеш, расьцілаліся шырокія адкрытыя прасторы нядаўнага балота, перацягнутыя чорнымі жыламі каналаў. На некаторых з іх працавітымі мурашкамі калупаліся людзі, угару падляталі вялікія камлыгі торпу — гэтыя камлыгі здаваліся чорнымі груганамі.
У мяккім восенскім сонцы плаваў цёплы аромат лугавога сена.