Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Як робіцца хараство
← Праз непраходныя ветры | Як робіцца хараство Нарыс Аўтар: Міхась Зарэцкі 1929 год |
Цікавае вандраваньне → |
Як робіцца хараство.
Тут быў канец гатовай да праезду дарогі, і далей мы пашлі пехатой па сьвежа-накладзенай на фашыны — чорнай і вязкай зямлі. Праз гоняў двое мы ўбачылі тое, што дало нам яскравае, непазбыўнае ўяўленьне аб тым, як, з якой непамернай цяжкасьцю, робіцца хараство людзкой будучыні людзкога шчасьця.
Гэта была сьвежа-разьвернутая рана зямлі. Яе берагі — аголенае, парванае земляное мяса — былі жудасна-чорныя, мокрыя, і з іх сачылася бруднымі пацёкамі густая земляная кроў. На дне раны кроў зьбіралася ў лужыны, і ў гэтых лужынах, у гэтай бруднай сьцюдзёнай крыві целяпаліся людзі, раскалупваючы рану зямлі, паглыбляючы яе. Каб дастаць дно, яны вылівалі на бераг густую чорную жыжку — вылівалі вёдрамі, тазамі, спэцыяльна зробленымі драўлянымі чарпакамі, і жыжка расплывалася па берагох страшнымі брыдкімі плямамі. Па пояс у брудзе — у золкім восенскім брудзе — вось як працавалі гэтыя ўпартыя будаўнікі людзкога шчасьця.
А потым замест раны працягнецца зграбны канал, які будзе цешыць вока бліскучай сваёй чыстатой і прыгожасьцю.
Я ўжо памінаў пра тое, што на гэтай цяжкой эгіпэцкай працы занята блізка 1.500 чалавек. У большай частцы гэта вакольныя сяляне, якія, карыстаючыся перапынкамі ў гаспадарскай працы, ідуць сюды, каб зарабіць пару дзесяткаў рублёў. Тут размах працы неабмежаваны, тут прымаюць усіх, хто толькі прыдзе, хто толькі згодзен узяцца за гэту пякельную працу.
Але ёсьць яшчэ грабары-профэсіяналы. Гэта цікавы сваеасаблівы народ, які праводзіць на гэтай працы амаль-што ўсё сваё жыцьцё, які мае свае звычаі, традыцыі. Большасьць такіх грабароў-профэсіяналаў — украінцы. Нават ёсьць такая спэцыяльная мясьціна, якая пасылае ўва ўсе канцы Саюзу цэлыя тысячы валацуг-грабароў — гэта Чарнобыльскі раён на Чарнігаўшчыне.
Як толькі вясновае сонца разагрэе, распусьціць троху зімовую сьнегавую пялёнку, як толькі пакажацца з-пад яе набраклая цёплым сокам зямля, грабар разьвітваецца з сваёй сям’ёй, дае апошнія запэўненьні мясцоваму крэдытору, за чый кошт прыходзілася п’янстваваць у працягу ўсёй нуднай зімы, і выбіраецца ў далёкі сьвет шукаць сваю чорную цяглую працу. Ён не сядзіць доўга на адным месцы. Рэдка калі перабудзе ён месяц на аднэй працы. Яму ўсё здаецца, што недзе лепш, што ў другім месцы ён знойдзе сабе большую ўдачу, і ён пераходзіць так з месца на месца, аж пакуль не зьледзявіць мароз чорны дол, не замкне яго на зіму ад спрытнай грабарскай рыдлёўкі. Тады вяртаецца да свае сям’і, да свае хаты і адлежваецца ў працягу зімы, гуляе спачатку за свае, потым за пазычаныя грошы.
Грабар-украінец прыносіць у наш край многа сваіх дзіўных, часам жорсткіх звычаяў, якія мала ўласьцівы нашаму беларусу. Ён перш-на-перш прыносіць да нас сваю весялосьць і бясьпечнасьць, сваю бяскрайную, часам нават дакучную, песеннасьць. Ён прыносіць да нас сваю шырокую дзікую гульлівасьць, якой аддаецца ён з непамерным, з адчайным нейкім запалам. І ён прыносіць да нас цьвёрдую жалезную дружнасьць, жорсткую таварыскую дысцыпліну.
Грабары-украінцы заўсёды жывуць сваёй адасобленай грамадой, сваёй дружнай замкнёнай хэўрай. У іх ёсьць свой выбарны правадыр, якога ўсе яны слухаюць з поўнай пакорай; яны адзін аднаго падтрымліваюць усюды, дзе трэба і дзе ня трэба; яны не па адным, а колектыўна здабываюць сабе гарэлку (яна тут, на колфондзе, не прадаецца), колектыўна яе расьпіваюць і колектыўна запэўняюць начальства, што яны, апрача чаю, абсолютна нічога ня пілі. Трудна сказаць, што больш кіруе імі ў іхным жыцьці: ці здаровы інстынкт колектывізму, ці вузкая і хворая цэхаўская адмежаванасьць.
Мінуўшы канал, мы пашлі зноў па мяккіх ліпучых камлыгах няскончанай дарогі. З гоні наперад паказаліся квяцістыя рознакалёрныя плямы, якія мерна шаваліліся абапал дарогі. Мы падышлі бліжэй і ўбачылі, што гэта жанчыны, сотні дзьве ці больш жанчын, якія працуюць на дарозе. Работа іхная складалася з таго, што яны рыдлёўкамі перакідалі зямлю з краёў на сярэдзіну дарогі, робячы па краёх няшырокія роўныя пляцоўкі, нешта падобнае да нізкіх панэляў. Гэта работа больш лёгкая — тут ня трэба лезьці ў бруд, дубець у золкім сьцюдзёным макроцьці.
Жанчыны сустрэлі нас вострымі цікавымі поглядамі — вясёлымі поглядамі, якія мімаволі выклікаюць на гутарку. Мы распытвалі іх пра работу, наогул пра жыцьцё — яны ахвотна апавядалі. Некаторыя скардзіліся, што даюць вялікія заданьні. Тав. Гнеўка загадаў праверыць, і аказалася, што заданьні меншыя, чымся належыць. Тады ўсе дружна сьмяяліся. Адыходзячы, тав. Гнеўка строга наказваў дзесятніку:
— Глядзі, каб мне дзяўчат ня крыўдзіў.
Стары дзесятнік весела і дабрадушна падміргваў.
Я пацікавіўся, адкуль гэтыя дзяўчаты, і мне растлумачылі, што гэта беспрацоўныя з Слуцку. Потым, троху пазьней, я даведаўся яшчэ й пра тое, што гэтыя жанчыны ўносяць у жыцьцё колфонду многа жывых, яскравых, а часам і досыць пікантных момантаў. Дзенная праца абсолютна не ахалоджвае іхнага дзявочага запалу: вечарамі яны зьбіраюцца недзе на мосьце і ў гульлівых скоках, у сьпевах шчодра раскідаюць рэшткі сваёй багатай энэргіі.
Бываюць романы. Бываюць романы, поўныя дзікай непасрэднасьці і сілы. Бываюць романы з бойкамі, з сінякамі, з скаргамі, з прымірэньнямі, з выпіўкамі і г. д.
Там, дзе ёсьць жанчына, там жыцьцё ўскладняецца. Гэта — факт.