Як часам спрытнаю рукой
Кастрыцу вольныя дзяўчаты,
Паназьбіраўшыся ў пакой
Ці каля лазьні, што за хатай,
Зьдзіраюць, трэплюць ў гэны час,
Кладуць кудзеляю патлатай,
Пад песьні лад, пад лоўкі сказ,
А з твару чырваньню багаты, —
Так ў гэным месяцы калісь,
Таму гадоў ўжо будзе восем,
А сьвету кінуўшы — „дзяржысь!“ —
Бо там так сама смагла восень, —
Народ працоўны пазьдзіраў
З сябе ярэміну нядолі,
І вольным стаў, і моцным стаў,
Якім ня быў яшчэ ніколі!
І багацеі, і паны,
Нібы кастра ад тэй каноплі,
Далоў ад нашай стараны
Праз Польшчу, Рыгу, Сэвастоплі
Паразьляталіся ў бакі,
Бо быў народ гатовы кроплі
Праліць з суровае рукі,
Каб зьберагчы свае каноплі.
І бег Кастрычнік па зямлі
На рубяжы прад лістападам,
Быльлё скідаючы з ральлі,
Каб заараці новым ладам.
Ён бег па сьцежках, па шляхох,
Грымеў няспыненым парадам,
Хоць меў ён кайстру на плячох,
Хоць меў ён ворагаў засаду.
Прайшлі гады, ідуць гады…
Мы далей — болей адчуваем,
Тых дзён — Вялікіх Дзён — плады, —
І урачыстасьці спраўляем.
І чым далей — для нас ясьней,
Што калі мы выгоды маем,
Калі жывецца весялей,
Калі з зямлі мы карыстаем,
Якую пан трымаў раней,
Сам карыстаўся земскім раем, —
Дык гэта спадчына тых дзён,
Калі ў Кастрычніку мінулым,
Паўстаў мазольны міліён
І ператрос гнілыя шулы…
І запалілася кастра
У тым Кастрычніку вялікім,
Бо йшчэ было, апроч цара,
Царкоў у нязьлічоным ліку.
Было крыві, было ўсяго
Таму гадоў ўжо роўна восем.
Цяпер мы маем шмат свайго,
Мы ураджай сабралі ўвосень!
Пастаньма-ж з голай галавой
Ушанаваць братоў паснулых,
Хто паў тады, быў сам гэрой
Тых дзён вялікіх і мінулых!
Вы сьпеце мірнай чарадой,
Бо вас працоўны не забудзе.
І кожнай восені слатой
Да вас пачуцьцем сьцісьне грудзі!
Ура Кастрычніку, ура!
Злучацца ціхаму Усходу
З прапоўным сьветам ёсьць пара, —
Прачнецесь, сонныя народы!
І сіні Інд і Жоўтай воды, —
Хіба няма правадыра?! —
Няхай жыве-расьце Саюз,
Мацнее нашая Улада!
Няхай у брацкі наш хаўрус
Увойдзе з Польшчай разам Прус,
Прайшоўшы сьмела барыкады!
Як нашы спрытныя дзяўчаты
Кастру зьбіраюць з канапель,
Так у Кастрычнік супастатаў,
Багатыроў і іншых катаў
Народ прагнаў з сваіх зямель.
Хай гінуць ланцугі і краты!
|