Пастаньце, браточкі,
Пастаньце, сястрыцы,
Раўнайце радочкі
І досыць журыцца!
Мы новыя словы,
Як гімн, засьпяваем,
І нашыя бровы
У жах пазьбіраем.
Мы — дзеці працоўнай
Сям‘і беларусаў
І ўсіх, хто тут роўны,
Жыве бяз прымусаў.
Адзін ўзгадаваўся
У хаце вясковай
І вось падкаваўся
На шлях гэты новы.
Хоць часам і шкода
Старэнькае маці,
Але трэба ходу,
Каб сьвету пазнаці.
Другая працуе
І вучыцца разам,
І сіл не шкадуе.
Нясытая часам.
Захоплены трэці
Пад нашыя сьцягі,
Бо сумна сядзеці
Бяз гімнаў адвагі!
Ад вуснаў чырвоных,
Ад твараў-стажараў
Старых забабонаў
Разгоняцца хмары.
Хай гімн маладняцкі,
Дзе бедна і курна,
Нясецца пабрацку,
Нясецца хай бурна!
Мы хочам іначай
Жыцьцё будаваці,
Каб песьні бядачай
Пазбыцца у хаце!
Каб спаці ня клаўся
Работнік галодным,
Каб гмах будаваўся
Бястульным, халодным!
Каб ў вёску трапляла
Дасьледзьдзе навукі
І словы Купалы,
І Гартнага гукі, —
І краты астрогаў,
І жэрлы гарматаў
Складзе на падлогу,
На косы — араты!
І мы запалонім
У стан комуністых
І пушчы, і гоні, —
Працоўных ўсіх чыста!
Пастаньце-ж, браточкі,
Пастаньце, сястрыцы,
Трымайце радочкі:
Час хутка імчыцца!
14-II 1924 г.
|