У нас, крывічанаў,
Халодная кроў,
Пакуль не захопіць
Да краю любоў.
Як з нашага неба,
З вачэй не пячэ.
Сароміцца думка:
Вось-вось уцячэ!
Валосьсе, — як жыта,
Як золак, — наш твар,
Пакуль на палудзень
Ня ўзойдзе стажар.
Мы самі, як хвойкі,
Бярозкі ў гайку:
Стаім ані чутны
Ў зацішным цяньку!
Калі-ж захапленьне
На сэрца найдзе, —
Ня знойдзецца вогнішчаў
Гэткіх нідзе!
Ня воблачкаў статкі,
А гром-пяруны
Па небу, па вочках
Пракоцяць яны.
Гайкі ды бярозкі,
Як пушчы, гудуць,
Аж страшна бывае
Туды зазірнуць!
Тады ўжо „тутэйшых“
Ані не пазнаць,
Як папараць-кветку,
Зьбяруцца шукаць.
Тады ўжо шукаем
Ня кветкі аднэй,
Але чалавечае
Праўды усей!
Шукаем і верым,
Што знойдзем яе,
Ў шуканьне ўкладаем
І душы свае…
І сэрца і грудзі,
Як дрыгва, дрыжаць.
Тады выпадае
І нас распазнаць!
Судзеце-ж, браточкі,
Пра нашую кроў,
Пакуль не захопіць
Да краю любоў!
1924 г.
|