Пятніца…
Запалілі сьвечкі
ў кожнай хаце
цёмнага мястэчка.
На стале ля сьвечак
Сьпечаная хала.
Ў талесах мястэчка
сівы талмуд чытала.
Сонейка пагасла…
Запалілі сьвечкі…
Пятніца…
Вечар…
Моліцца мястэчка.
Вечар жніўны ціха павевае,
рассыпае срэбра кроклямі расы…
Ходзіць задуменны местачковец Хаім;
месяц завіваўся ў сівыя валасы.
Моліцца на месяц, моліцца на неба
просіць дапамогі: — Борух, адэной!..
Моліцца пакорны местачковец рэбэ
просіць неба яснае выслухаць адно.
Глянуў на старога: абадраны, голы;
талесамі роніць буйнаю сьлязу.
А калісьці Хаім езьдзіў балаголам,
а цяпер ад нечага — гадуе ён казу
і кожны вечар ходзіць з хаты ў хату
І ў кожнай хаце хэйдар, ну і гут“…
І як шчыры рэбэ горача заўзята
дзеткам убівае ў голавы талмуд.
І гандлюе хочаш, бакалеем,
з калізэлкі, хочаш, какаіну дасьць.
Моліцца на неба… сьлязою грудзі рве ён…
Спавіла яго шчасьлівая бяда.
І ламае рукі і ламае пальцы
і губляе сьлёзы на зялёны дол.
Родныя сыночкі адкідаюць талесы
і заместа школы йдуць у комсамол.
Іх лаялі… Пракляцьці насылалі,
праганялі з дому, голых праганялі.
Ім хоць бы што… ніба сьцяна нямая
замест талмуду „Арбэйтер“ чытаюць
Багамольны крамнік, набажны гандляр —
Злосьць яго спавіла, злосьць кідала ў жар.
Ноч мінула ў цемені дубровы,
пагасіўшы ветрам сонныя агні.
На дыване усходу барбоваю падковай
віталі раніцу — прозалаць зарніц.
Над мястэчкам глуха, пахіліўшы вецьці
шапацелі хвойкі, калыхалі ціш…
Талесы, як хмары, доўгія сталецьці
мутнымі вачыма чадзілі ў жыцьці,
І пад шум гішэфтаў і цяпер мястэчка
каратала буднем сонечныя дні…
..............
Ой, зусім нядаўна запаліла сьвечкі
новая раніца — прозалаць зарніц.
|