Прозалаць (1926)/Шэлест радасьці/Шавец

За іголкай Шавец
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1926 год
Машыніст
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шавец (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШАВЕЦ

Засядзеўся сягоньня, ажно да агня,
зьнемаглася рука, здрантвела.
А глянеш прыемна — як глянсам зьвіняць
камашы замшава — белыя.

Марудна штось праца сягоньня цякла,
пад сэрцам сьпякота смактала.
На вуліцы лужамі восень лягла,
імглой шэры брук ласкатала.

На варстаце начыньне, бяз іх як бяз рук,
прападзеш за нішто, як бяз працы.
Калі шыла няма, папрабуй зашнуруй,
без нажа — дарабі абсацы.

Нават фумаль, шпілёрт, нават шпандар і той
пры рабоце, як вінцік машынны.
І хром і шаўро прападуць за нішто;
ні шавец — калі ён без начыньня.

Засядзеўся сягоньня, ўсё-ж скончыў заказ,
хоць агні ўжо ў вітрынах дрыжэлі…
Зьнямогся за дзень… Аслабела рука,
утомаю плечы самлелі,
Раніцой загудуць на заводах гудкі —
ізноў майстэрня бушуе.
Гручаць, куючы падашву, малаткі,
або калі, дратвай, шнуруеш.
Даволі сягоньня… Зьняў свой фартух…
на вуліцы з гулам спатканьне…
шчэ адзін дзень у тумане патух,
а і вечара зараз не стане…

26/XI—25 г.