Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Добрае сэрца чырвонага крыжу
Добрае сэрца чырвонага крыжу Раман Аўтар: Карэл Ванек 1932 год Пераклад: Кузьма Чорны |
Прэч каталіцтва! → |
1
ДОБРАЕ СЭРЦА ЧЫРВОНАГА КРЫЖУ
Задачы абаіх радоў, задачы мужчыны і жанчыны не аднолькавыя ў ва ўсім, што здараецца на белым сьвеце. Там, дзе мужчына робіць зьверскія ўчынкі, або загадвае іншым рабіць іх, жанчына бярэ на сябе ролю Міласэрднасьці, бярэцца за ролю ціхага анёла-уцяшальніка, які спускаецца з неба ў бялюткім як сьнег адзеньні, да ўкрытых крывёю і брудам пакутнікаў. Калі дзеля інтарэсаў мужчыны зроблены жорсткія раны, тады зьяўляецца жанчына, каб залізаць іх сваім кашэчым язычком. Мужчынскае змаганьне з-за якіх-небудзь выгад стварае пакуты і боль, і, каб прымусіць забыцца на іх, жанчына сыходзіць да таго, што дакранаецца да няшчаснага, якога ў іншых ўмовах яна не кранула-б нават кончыкам свайго чаравічка, і лашчыць яго сваімі далікатнымі, выпешчанымі, «незямнымі» рукамі.
Грунула ўсясьветная вайна, і ўласьнікі панскіх маёнткаў, банкаў і фабрык пачалі фотографацца няйначай як у афіцэрскіх мундзірох, або з ордэнамі ў штрыфлях, каб паказаць сьвету, што яны стаяць на баку ўраду, які распачаў дзеля іх гэтую вайну. А іх жанкі, паважныя, ганаровыя кабеты, панацягвалі на сябе адзежу Міласэрднасьці, пазакрывалі свае, вельмі ці ня вельмі цудоўныя зачоскі белымі ці чорнымі хусткамі, прышшпілілі да грудзей чырвоны крыж і пашлі гуляць па шпіталях, каб паказаць салдатам, што вайна ёсьць ня толькі страшэннае пекла і найлепшы выпадак без усялякае адказнасьці рабіць якія сабе хочаш самыя ганебныя злачынствы, але і дае шырокія мажлівасьці ўзяцца за дабрачыннасьць: паправіць у раненага падушку, прамыць яму загноеныя вочы, папытацца колькі ў яго дзяцей, і пацяшаць яго тым, што яму, у выпадку сьмерці, няма чаго за іх непакоіцца, бо ўсё ў руках божых, які ня дасьць загінуць ні нам, ні тым пакаленьням, што будуць пасьля нас. Але, з тэй прычыны, што ў арміі ёсьць і больш чулыя душы, якіх не задавальняюць духоўныя ўцехі і папраўленыя пад галавою падушкі, і што гэтакія душы, як вядома, сустракаюцца сярод афіцароў і дактароў, — «шляхэтнай» сястры міласэрднасьці даводзіцца ахвяроўваць сябе ім яшчэ больш дзейна: яна як мае быць «аддаецца» ім, і тады гэтакі шпіталь не падобны да публічнага дому толькі тым, што на яго дзьверах не паблісквае ветлівы чырвоны ліхтарык…
Гэтакім парадкам, адны чапляюцца на вайне за сёньнешняе, а другія жывуць толькі надзеямі на будучыню…
Слова «заўтра» ператвараецца ў нейкі цудоўны элексір. Яно прымушае людзей ня брацца сёньня ні за што гэтакае, што магло-б скончыць іхнія рахункі з жыцьцём, і надае ім сілы сёньня і кожны дзень верыць і чакаць, што «заўтра» спыняцца ўсе іхнія пакуты і жыцьцё зноў вернецца на шлях «чалавецкага» існаваньня. Цікава, што дактары гавораць пра нейкае загартоўваньне, пра нейкае падмацаваньне нэрваў на вайне, бо што сярод салдат і ваеннапалонных наглядалася, параўнальна, ня шмат выпадкаў самагубства. Але трэба памятаць, што ўсіх, хто не палез ў пятлю, ці ня кінуўся так як ёсьць у невядомую сібірскую рэчку, захавала дзеля іх сем’яў адно ўсяго слова — славечка «заўтра».
Баронэса Аустэрліц і графіня Таксіль, камандыраваныя аўстырыйскім Чырвоным Крыжам у Расію на абгляд лягераў ваеннапалонных, належалі да вышэйшых колаў венскага грамадзтва. Не спалохаўшыся вялікае дарогі, абедзьве дамы выказалі сваю згоду паехаць у Расію і прынесьці ўцеху людзям, якія або пралівалі кроў, або не пашкадавалі яе праліваць дзеля таго, каб у Аўстрыі падарожалі хлеб, вугаль, цукер, сьпірытус.
Графіня Таксіль паехала ў Расію, думаючы, што як мае быць выканае намеры тэй установы, якая паслала яе, а таксама і сваю чалавекалюбівую місыю тым, што будзе раздаваць ваеннапалонным рублі і сваей далікатнай, мацерынай рукою сьціраць з іх вачэй сьлёзы суму па прыгожай Аўстрыі. Гэта была старая, зморшчаная падла, ханжа, і клерыкалка, якая ўяўляла сабе, што знойдзе ўсіх ваеннапалонных на каленях: яны сумна накіравалі вочы свае на захад і па вушы ўплылі ў малітву да найвышшага бога, каб ён хаця не забыўся даць перамогі аўстрыйскай зброі…
Баронэса-ж Аустэрліц была маладая, стройная і наогул цудоўная. У ёй выяўлялася паўднёвая кроў, і ў яе згодзе праехацца ў Расію не малую ролю адыграла гарачая натура, якая пачынала бушаваць у ёй не давала ёй спаць. Праўда, палонных ёй таксама было шкода, аднак больш прыхільнасьці, чымся да іх, яна мела да расійскіх афіцэроў, якія гэта адразу заўважалі, хадзілі да яе гайнямі і стараліся перавысіць адзін аднаго ўсялякімі далікацтвамі.
Тых, хто вельмі выяўляўся ў гэтым кірунку, яна награджала от як: дазваляла вячэраць разам з сабою ў гасьцініцы, а пасьля памагаць ёй разьдзявацца перад сном. Цалюткую ноч яна тады ўпрошвала сваіх выбраньнікаў быць з палоннымі аўстрыякамі гэтакімі-ж мяккімі, далікатнымі і ўважлівымі, як і да яе самой. Надаваўшы гэтакіх дырэктыў, яна кожны раз даходзіла да вываду, што раніцаю яна адчувае ў сабе куды больш прыемную ўтому, чымся ў Вене, калі поплеч яе ляжаў яе муж, што пасылаў фураж на сэрбскі фронт і ўтрымліваў, апроч свае жонкі-баронэсы, яшчэ некалькі балерын і адну статс-даму, якая была за пасярэдніцу ў яго справах з інтэнданцтвам.
Вядома адразу, што прыезду гэтых венскіх арыстакратак чакалі з вялікаю цікавасьцю і што навокал яго круціліся ўсе гутаркі ў бараках. Выказваліся ўсялякія здогадкі, што гэтыя дамы скажуць, што будуць раздаваць, ці прывязуць лісты з радзімы, якія захады ўжывуць у інтарэсах ваеннапалонных і ці здолеюць стварыць да сябе павагу з боку расійцаў.
— Абы адно не прыслалі да нас якой-небудзь старое ведзьмы, — глыбока ўздыхаючы, заявіў аднойчы ўвечары Худзечак. — Браткі, ці паверыце, што я паўгода ўжо бязвыходна знаходжуся тут у лягеры і ня бачыў аніводнае бабы… Эх…
— Нічога, яны табе паддадуць іншых думак, як прыедуць, — спагадна заўважыў Швэйк. Знай надзейся і ня сумуй.
— Яны прыедуць, пройдуць па бараку і зноў згінуць к чорту, — сказаў Марэк. — Не чакайце, каб яны хоць на каго-небудзь зірнулі.
— А як-жа! — дадаў Пісклявы. — Камісія-ж павінна знайсьці ўсё ў поўным парадку. Але, трасца іх матары, — і яго голас сарваўся ад узбуджанасьці, — я ім тут пакажу. Я ім, сволачам, не паддамся. Я ім пакажу! — злосна прашаптаў ён.
— Ня хопіць-жа ў цябе, я думаю, нахабства пакрыўдзіць жанчыну, — паціскаючы плячыма, заўважыў Швэйк, — Слухай, браце, я табе гавару, што й ты будзеш рад таму дабру, якое яны нам зробяць. Гэтакія дамы на ўзьвей-вецер нічога ня робяць, і калі ўжо за што-небудзь возьмуцца, дык забываюцца на ўсё. Вось, калі я быў у гарнізонным шпіталі, у суседнім пакоі ляжалі параненыя, а сярод іх — нейкі Пазьдзерка з Бжаўнова. У яго была рана ў жываце, але яе пасьпелі зашыць, так што ён ужо думаў пра тое, куды смальнуць яму другі раз, калі ён накіруецца з маршавай ротай зноў на фронт. Санітараў тады не хапала і прыходзілі даглядаць параненых таксама гэткія вось дамы з чырвонага крыжу. Нейк надвечар зьяўляецца новенькая, якое я яшчэ ня бачыў, і садзіцца каля Пазьдзеркі на ўслон. Дамачка — проста анельскага хараства, і глядзіць на яго гэтак добранька і пытае: «Што, салдацік, ці ня трэба вам чаго-небудзь?» А ён злуе, што з ранай у жываце нельга паварушыцца, нават калі побач яго сядзіць гэтакая дзяўчына, і толькі матае галавою, што, значыцца, нічога ня трэба. Яна глядзіць яшчэ дабрэй: «Можа вам падушку паправіць?» А ён зноў — ня трэба, значыцца. Так у яе ад пачуцьця нават сьлёзы заблішчэлі, і яна шэпча ледзь чуваць, як на скананьні: «Можа-ж вам хацелася каб я абмыла вам твар?» Яму, Пазьдзерку, значыцца, стала таксама шкода яе, і ён кінуў галавою: «Але, але, будзьце ласкавы». Тады яна закасала рукавы, намачыла кавалак ваты і давай яго гладзіць сюды-туды па абліччы. Пасьля абцерла яго сухою ватай і ўсьміхнулася яму як анел: «Ну што, салдацік? Лепш вам цяпер? Асьвяжыліся?» А ён скрывіў твар заместа ўсьмешкі, каб не падумалі, што ён недалікатны, і гаворыць: «Але, сястрыца, я й вельмі задаволен, што вы задаволены. Бо мне не хацелася сапсаваць вам асалоду, але толькі вы сёньня ўжо трынаццатая, якая мяне абмывае».
Прайшло яшчэ некалькі дзён, і палонныя зьнішчылі яшчэ некалькі абедаў, што складаліся з поліўкі, у якой сярод гарохавага лушпавіньня сумна плавалі развараныя галоўкі сьмярдзючых тараноў, а на другую патраву — пратухлая грэцкая ці пшонная каша. Нарэшце зьявіліся адзнакі блізкіх вялікіх падзей. Унтэр-афіцэры, што служылі пры бараках, пачалі пільна пералічваць палонных, якія былі пад іх аховаю. У бараках паставілі бочкі з надпісам: «Гатаваная вада», з кухні нечакана прыслалі як мае быць вымытыя і вычышчаныя бачкі, а на двор прывезьлі цэлы воз ялінак, якімі расійскія салдаты ўпрыгожылі ўсе сьнегавыя намяці навакол баракаў. Тады-ж быў загад, каб ніхто з палонных ня сьмеў разьдзявацца дагала і лавіць на сабе вошай, бо ад гэтага магло сапсавацца ўсё ўражаньне ад вялічэзных клопатаў расійскага ўраду.
Бо мы ня ведаем ні дня ні гадзіны! — продэклямаваў Швэйк, нацягваючы на сябе, пасьля чытаньня гэтага сакрэтнага загаду, страшэнна брудную фуфайку.
— Браткі, яны прыяжджаюць сёньня, з хвіліны на хвіліну, — паведаміў на другі дзень Гаршына. — Швэйк, давай зьбегаем па гарбату, а я захаплю ў крамцы булак. Можа давядзецца частаваць гасьцей.
Не пасьпелі паслаць дваццаць чалавек палонных у кухню чысьціць рыбу на поліўку, як да брамы падкаціў на санях увесь штаб, з якім зьявілася ў лягер аўстрыйская місія.
Наперадзе ішла баронэса Аустэрліц у элегантным манто з коцікаў. Каля яе зьлева пакручваўся ад’ютант Гаўрыла Міхайлавіч; справа папстрыквала ў высокіх боціках камэндантава жонка і распытвала, што цяпер робіцца ў Вене. Побач з графіняй Таксіль ківаўся, апіраючыся на кій, камэндант, а за імі шпарыў даўжэзны хвост афіцароў, дактароў і вайсковых чыноўнікаў з портфэлямі.
— Ці ня хочаце раней агледзець кухню, баронэса? Ці загадаеце пачаць з лазарэту? — павярнуўся ад’ютант да свае спадарожніцы, што абдумвала якраз, што ёй сказаць палонным.
На кухні, за вялікімі сталамі, ваеннапалонныя, сярод якіх быў і Швэйк, патрашылі і чысьцілі рыбу, высякаючы яе з лёду, бо, пакуль вязьлі яе, яна ў бочках зусім прамерзла. Баронэса так і ўзгарэлася ад захапленьня.
— Ма chere, ах, паглядзеце, рыба! Яна ўся нібы залатая, а зьнізу яна зусім срэбная! — аж крыкнула яна.
Ваеннапалонныя заўзята скраблі рыбу нажамі, ня ўзьнімаючы вачэй і нават, ад павагі да гасьцей, сьцяўшы грудзі, каб ня дыхаць моцна. Увесь штаб схлупіўся навокал іх, гледзячы на іх спрытныя рукі, а Швэйк, журботна накіраваўшы вочы на пачырванелыя ад кухеннае цеплыні шчокі баронэсы, адказаў па-нямецку на яе пытаньне, ці няма ў яго акіх-небудзь жаданьняў:
— Тут, у Расіі, з рыбаю справа стаіць вельмі добра. Яе ня трэба лавіць, з яе ня робяць, ральмопсаў, або венджаных сушак, як пан Куціна ў Карліне, з ёю ня трэба важдацца ўлетку, а ёй проста даюць замерзнуць зімою ў рацэ. Пасьля яе выломваюць, колькі каму трэба, цэлымі вазамі, даюць лёду растаць у катле, і калі ласка — вось вам і верашчака гатовая. Нас тут вельмі любяць, — гаварыў ён далей, заўважыўшы, што і старая графіня яго слухае, — даюць нам усё самае лепшае, што толькі ёсьць.
— А што о парабляе яго імпэратарская вялікасьць, наш монарх? Ён усё яшчэ не памёр? — запытаў ён пасьля з вялікаю цікавасьцю, калі скончыў сваю лекцыю пра рыбнае багацьце расійскіх рэк.
— Ён моліцца за вас, салдаты, у аўгусьцінскім кляштары, — шпарка і задаволеным тонам уставіла сваё слова графіня Таксіль, расчуленая шчырасьцю і бясхітраснасьцю пытаньня ўдалага ваякі Швэйка. Так што ён узрадаваўся.
— Дык вось што. Значыцца, ён моліцца? Што-ж, ён іншага нічога больш і ня можа. Толькі адзіны гэты вар’ят Худзечак, у нас у бараку, кажа, што нібы яго прыходзіць грэць начамі нейкая актрыса, а адзін хлопец з анархістаў, што з пісклявым голасам, дык той нядаўна расказваў, нібы дзеля нашага монарха трымаюць пры дварэ швэйцарскую мамку, каб ён не памёр ад слабасьці. А тымчасм, стары ягомасьць жыве сабе. Гэта вельмі ласкава з яго боку.
— Што ён гаворыць? — запытаў Кляген.
— Ён — верны салдат, — абазвалася старая графіня. — Ён распытвае пра здароўе нашага старэнькага монарха.
Камэндантаў зірк ласкава ляжаў на сумленным, адкрытым і шчырым Швэйкавым твары. Паляпаўшы Швэйка па плячы, ён сказаў:
— Добра, вельмі добра. Добры чалавек.
— Можа вы жадаеце папробаваць яду ваеннапалонных? — запрапанаваў ад’ютант.
— Вы вельмі ласкавыя, — адказала баронэса, пабліскваючы вочкамі, і дзяжурны на кухні, схапіўшы раней нарыхтаваны цынкавы чарпак, кінуўся ў куток да катла, не заўважаючы зьбянтэжаных кашаваравых позіркаў. Ён падняў накрыўку, боўтнуў туды чарпак і пачаў разьмешваць. Кашавары ў поўнай роспачы пераглядвалісь паміж сабою. Нарэшце адзін з іх ня выцярпеў і паспрабаваў шапнуць дзяжурнаму:
— Пятро Іванавіч, Пятро Іванавіч, вазьмеце з іншага катла.
Але той, захапіўшыся сваёю справаю, ня чуў. Ён наліў повен бачок, падаў яго дамам і паказаў на драўляныя лыжкі. Ад’ютант скланіўся.
— Паспрабуйце, зрабеце ласку.
Баронэса Аустэрліц узяла ў рот некалькі кропель дзіўнае жыжкі і адразу-ж выплюнула яе. Старая глынула з паўлыжкі. Яе ўсю страсянула.
— Рэдка і прэсна… Нейкі адмысловы смак… — зьбянтэжана прамармытала яна.
— Вядома, гэта не француская кухня! — засьмяялася камэндантава жонка, а камэндант, заўважыўшы на паверхні поліўкі сала, дадаў:
— Нашы салдаты ядуць тую-ж самую яду, і поліўка — вельмі спажыўная рэч.
Доктар пастараўся як найхутчэй пацьвердзіць яго словы, і дамы рушылі далей. Дзяжурны з урачыстым выглядам правёў іх да дзьвярэй, а ўсьлед ім чуўся перапалоханы шэпт кашавараў:
— Езус-Марыя! Яны, браткі, нават крупніку распазнаць ня могуць. А гэты вар’ят дзяжурны даў ім паспробаваць замест поліўкі брудную ваду з катла, у якім мы ўчора выварвалі нашы вашывыя споднікі і кашулі.
Калі ваеннапалонныя, скончыўшы чысьціць рыбу, прыбеглі ў барак і паведамілі, што перад канцылярыяй выгружаюць вялізныя, адзначаныя чырвоным крыжам, скрыні, у якіх місыя прывезла, відаць, падарункі, усіх ахапіла нэрвовая дрыготка ад радаснага чаканьня. Адразу-ж на мароз былі высланы з барака разьведвальнікі, каб паведамляць пра ўсё, што адбываецца на дварэ, і як разьвіваюцца падзеі. Яны паведамілі, што расійскія салдаты распакоўвалі скрынкі і цягалі ў барак, што служыў за склад, шмат ботаў на шнуркох, коўдраў і цёплага верхняга адзеньня. Было таксама заўважана, што фэльдфэбель Пятро Осіпавіч уласнымі рукамі пераносіў самыя лепшыя рэчы да сябе ў канцылярыю і прыбіраў іх пад свой ложак.
Нарэшце прымчаўся, задыхаўшыся, адзін з канвойных і гукнуў, што дамы ўжо зусім блізка ад барака. Расійскі фэльдфэбель скамандаваў: «Сьмірна!» а пасьля выбег і шпарка адчыніў дзьверы перад працэсіяй.
Ваеннапалонныя сядзелі адзін над другім па краёх нар, як куры на седале. Першая ўвайшла графіня Таксіль з камэндантам. Пасьля пачуўся звонкі сьмех баронэсы, сьледам за якою ў даволі цёмны барак улілася і рэшта кампаньні, што цяглася за ёю. Старая арыстакратка адным вокам акінула шэрыя постаці, і з вуснаў яе зьляцела:
— Жах, жах! Якое цяжкае паветра, якая задуха! Няўжо-ж тут няма ніякае вэнтыляцыі?
Баронэса дастала з кішэні маленькую надушаную хустачку і прыціснула яе да носу, робячы выгляд, што вось-вось упадзе ў няпрытомнасьць. Уважлівы да ўсяго, што належала да яе, ад’ютант стаў назадзе ў яе, гатовы ва ўсялякую хвіліну ўзяць яе ў свае абнімкі.
— Божа мой, як тут брыдка пахне! Ад чаго гэта, пане палкоўнік? — цягнула баронэса праз хустачку, шукаючы вачыма Клягэна. Той паціснуў плячыма.
— Цяснота, бачыце, салдаты, пах цел і тутуню…
— Кожны з гэтых людзей напіхае сабе жывот хлебам, — радасна растлумачыў Швэйк, — і тады тут пачынаецца страляніна як пад Пярэмышлем. Сапраўдны навальнічны агонь! Я ім колькі разоў гаварыў: «Хлопцы, не налягайце гэтак на хлеб, бо пасьля дыхнуць нельга будзе!» Але затое вы, пані, дазвольце далажыць, пахнеце гэтак цудоўна, як француская курыльная папера.
— Салдаты, да мяне! — урачыста высокім голасам гукнула графіня, і на ўсіх нарах узьняўся страшэнны шум. Ваеннапалонныя зьлезьлі з сваіх седалаў, схлупіліся навокал дам і натапырылі вушы, чакаючы вестак з радзімы.
— Салдаты! — сказала прадстаўніца чырвонага крыжу, стараючыся гаварыць па-чэску. — Мы на вас не забыліся! Вы ўсе таксама сыны Аўстрыі, нашы сыны, і наш чырвоны крыж усё таксама клапоціцца пра вас.
Яна сьціхла, шукаючы чэскіх слоў.
— Салдаты! Мы ўспамінаем вас, мы молімся за вас! Вы шчасьліва вернецеся ў вялікую, непераможную Аўстрыю. Яшчэ гэтым летам мы прагонім ворага за нашы граніцы, і наша дзяржава атрымае верх у змаганьні. У Францыі наш саюзьнік бязупынна прасоўваецца наперад, у Італіі наш наступ з посьпехам разьвіваецца, на расійскім фронце мы дасягнулі буйных посьпехаў, і наша войска, нашы непераможныя салдаты, укрываюць нашы сьцягі новай славай, вырабляючы цуды сьмеласьці і не шкадуючы свайго жыцьця для нашага роднага монарха, імпэратара Франца-Юзафа. І імпэратар, і айчына не забываюць вас, цьвёрда памятаюць, колькі вы пакутвалі і што ахвяроўвалі, і айчына за ўсё ўзнагародзіць вас у сто столак. Салдаты, мацуйцеся! Цярплівасьць, цярплівасьць і яшчэ раз цярплівасьць!
Графіня Таксіль змоўкла, чакаючы аплёдысмэнтаў і спачуваньня; але натоўп абшарпаных людзей не падаваў аніякага гуку, і цішыня была гэтакая, што чуваць было, як у некаторых людзей хрыпела ў лёгкіх. Раптам хтосьці пачаў усхліпваць. Гэта плакаў на верхніх нарах добры ваяка Швэйк.
— Мы будзем мацавацца тут да канца вайны, калі трэба будзе, ваша яснасьць, — плакаў ён, моцна чмыхаючы носам. — І мы зробім дзеля яго імпэратарскае вялікасьці ўсё, што толькі льга. Толькі-б нам атрымліваць тут хлеб і цукар… І перадайце нашаму імпэратару, што ён можа ўскласьці сваю надзею на мяне і на маіх таварышоў.
Тут Швэйк, не пакідаючы аблівацца сьлязьмі, спусьціўся з нар і пацалаваў старой графіні руку. Расчуленая адданасьцю гэтага простага салдата, яна паціснула яму руку, і калі з швэйкаўскага носа скаціліся на яе дзьве гарачыя кроплі, яна пагладзіла яго па валасох. Пасьля яна адчыніла портфэль і працягнула яму дзесяцірублёўку, якую ён адразу-ж спусьціў у кішэню. Пасьля гэтага ён, усё яшчэ плачучы, палез назад на нары.
Гэтакая нагарода Швэйка за выяўлены ім патрыётызм зрабіла тое, што тры дзесяткі хлопцаў пачалі заядла смаркацца і адкашлівацца і з вышчарынымі зубамі лавіць графініну руку, як ваўкі, што нападаюць у полі на самотнае жарабя. Але графіня зачыніла портфэль і пачакала, пакуль Швэйк не супакоіўся, што адбылося даволі такі шпарка. Тады яна гаварыла далей:
— Салдаты! Мы прывезьлі вам прывітаньні ад вашых жонак і дзяцей, а таксама і ад вашых таварышоў. Мы вельмі рады, што бачым вас здаровых і задаволеных. Мы прывезьлі вам, салдаты, абмундзіраваньне, боты, коўдры і ўсялякія іншыя падарункі, і заўтра мы іх вам раздамо… Ці няма ў каго-небудзь з вас якіх-небудзь адмысловых просьбаў або скаргаў, салдаты?
Цяпер натоўп навокал яе захваляваўся, загуў, і сотні ратоў загаварылі ўсе адразу. Адзін скардзіўся, што не даходзяць лісты і пасылкі, другі пытаўся, якая цяпер у Аўстрыі цана на жывёлу, трэці цікавіўся, ці не папаў у палон або ці не пасаджаны ў турму той ці іншы яго зямляк, а ззаду, заўзята пракладваў сабе дарогу захудалы пяхотны салдацік і, прыклаўшы руку да казырка, адчыканіў:
— Так што дазвольце даведацца, ці знаходзіцца яшчэ мой брат у шпіталі ў Вене?
І калі графіня стала даводзіць яму, што яна гэтага ня можа ведаць, бо што ў Вене ёсьць тысячы параненых і хворых ваяк, ён з пагардаю аглядзеў яе з ног да галавы і стаў прасоўваць назад, мармычучы:
— Падумаеш — з чырвонага крыжу, а нічога ня ведае! Чаго-ж яна сюды прыцягнулася, калі яна нічога ня ведае пра нашага Францышка! Бо калі ён забіты, або памёр ад ран, дык я павінен атрымаць пасьля яго спадчыну.
Старую гэтак затузалі ўсялякімі пытаньнямі, што баронэса палічыла патрэбным прысьці ёй на дапамогу. Яна прыбрала хустачку ад рота і пачала таксама адказваць, дадаючы да словаў усьмешку пульхных губ і пабліскваньне белых зубоў.
Нарэшце старая адчыніла портфэль, дастала пачак трохрублёвак і, трымаючы яе над галавою, гукнула:
— Салдаты, жадаем вам добрага здароўя. Нам трэба ісьці далей, да вашых таварышоў. Вось, салдаты, тут кожнаму па аднэй паперцы, каб вы бачылі, што Аўстрыя на вас не забылася.
Яна пачала раздаваць трохрублёўкі правай рукою, працягваючы яе ў той-жа час для пацалунку.
— На папяросы, салдаты, на хлеб! — і вашывыя байцы «непераможнай» аўстрыйскай арміі, расчуленыя як малыя дзеці, бралі гэтыя грошы і выціралі рукавом кроплі з сваіх насоў.
І тут таксама памагла баронэса. Яна дастала з свайго портфэля другі пачак і пачала раздаваць грошы тым, хто схлупіўся навокал яе; пры гэтым, аднак, яна ня соўвала гэтак заядла руку дзеля пацалунку.
Скончыўшы раздачу грошай, дамы запыталі, ці няма яшчэ якіх-небудзь скаргаў. Камэндант з свайго боку запатрабаваў, каб ваеннапалонныя выказалі свае прэтэнзіі. Выявілася, што людзі нездаволены хлебам, у якім было зашмат ужо высевак і атрубоў. Баронэса ўзяла пададзены ёй акраец у рукі, адламала ад яго маленькі кавалачак і сунула яго ў рот. Тое-ж самае зрабіла і графіня. Пасьля іх паспытаў хлеб доктар, вядомы сярод палонных сваімі гліцарынавымі лекамі; ён надзьмуў шчокі і прачытаў цэлую лекцыю.
— З пункту гледжаньня тонкага гастранома, — гаварыў ён, — можна было-б, бадай, сёе-тое сказаць супроць гэтага хлеба. Але з пункту гледжаньня доктара і наогул мэдыцынскай навукі супроць яго нічога нельга сказаць, бо яго зусім даволі дзеля абмену сокаў у організмах ваеннапалонных. Гэты хлеб мае ў сабе, ня гледзячы на тое, што ён гэтакі цяжкі…
— … што ім льга карміць толькі сьвіней! — ціха заўважыў хтосьці з ваеннапалонных.
— … У ім даволі патрэбных дзеля спажыўнасьці організму вітамінаў, бялковых элементаў і вугляводаў, — гаварыў далей шаноўны эскулап, трымаючы перад сабою хлеб. — Шаноўныя панове! Нашаю мэдычнаю навукаю было як мае быць даведзена, што дзеля спажыўнасьці чалавеку на працягу сутак даволі восемдзесят грамаў бялкоў, дзесяць грамаў тлушчаў і трохсот грамаў вугляводаў. Вельмі цікавая тая акалічнасьць, што нават хлеб, які складаецца не на трыццаць пяць, а на ўсе пяцьдзесят процантаў з хваёвага пілавіньня, можа падтрымліваць сілы чалавечага організму. Гэтакі якраз хлеб пачалі спажываць у Нямеччыне, і калі гэты спосаб выпечкі хлеба пашырыцца ў нас, дык перамога няйначай будзе на нашым баку, бо лясныя багацьці хваёвых парод у Расіі і Сібіры нявычэрпныя і, такім чынам, харчаваньні арміі і тылу зусім забясьпечана.
Доктар скончыў сваю лекцыю і перадаў хлеб Швэйку. Той, бяручы акраец, узяў пад казырок і весела сказаў:
— Так што дазвольце далажыць, яно сапраўды так. Але вось які выпадак быў з панам Маршалэкам у Янавіцы, які задумаў зрабіць у сябе ўзорную фэрму дзеля гадоўлі сьвіней. Гэта быў вучоны чалавек, ён скончыў аграномічны інстытут і гаварыў, што ў цяперашні час да ўсяго трэба дапасоўваць навуковыя мэтоды. Ну дык вось, ён пачаў наглядаць, колькі парасята зьядаюць малака, кашы і бульбы, і заявіў: «Гэтулькі-ж спажыўных рэчаў, колькі ўва ўсім гэтым, ёсьць у палавіне курынага яйца. Дык на якое ліха паліць дровы і цягаць ваду, калі тое-ж самае можна даць, так сказаць, у аблатцы». І ён стаў варыць сьвіням яйца, — па поў яйца ўсьмятку парасятам і па цэлым яйцу вялікім сьвіням. Што-ж вышла! Парасяты ўсе падохлі, а сьвіньні з голаду выперлі дзьверы ў сьвінушніку і здрасавалі ў яго ўвесь агарод.
Старая графіня дала Швэйку яшчэ адну трохрублёўку, за якую той ёй ужо больш не цалаваў у руку. Заўважыўшы галуны на Марэкавай жыкетцы, яна зьбянтэжана сказала:
— Ах, вольнапісаны, я вам яшчэ нічога не дала! Калі ласка, вазьмеце.
Яна дастала з пачка дзьве паперкі і працягнула іх Марэку. Той не паварушыўся, а Пісклявы злосна прашыпеў за яе сьпіною:
— Не бяры, не бяры. Няхай самі жаруць у Аўстрыі. Няхай удавяцца сваімі грашыма.
Марэк, стараючыся стрымлівацца, упарта глядзеў сабе пад ногі. Баронэса, зьбянтэжыўшыся ад таго, што знайшла сярод ваеннпалонных чалавека, які трымаўся незалежна і нават горда, дастала дзесяцірублёўку і, дадаючы да сваіх словаў самую цудоўную ўсьмешку, сказала:
— Вось, вазьмеце і ад мяне. Гэта не падачка. Гэта — выказваньне падзякі. Я ведаю, вы заслужылі шмат больш. Але бацькаўшчына ўзнагародзіць вас, калі вы вернецеся. Доўга чакаць цяпер ужо вам не давядзецца. Наша войска ўсюды адкінула ворага за дзяржаўныя межы.
— За якія? За якія гэтакія межы! — перапытаў Марэк, нібы ў сьне.
Усьмешка баронэсы стала больш чым цудоўная.
— Ну, так, за межы, — яшчэ раз сказала яна.
— Якія, трасца матары, межы! — гукнуў раптам Марэк, вырываючы з рук дам грошы. — Якія гэтакія межы, пытаю я? Няма ніякіх меж! У Бродах, я гэта бачыў сваімі вачыма, як ляжаў ля пагранічнага слупа! Сам я ляжаў у Аўстрыі, а перада мною Расія. У гэтым месцы сыходзіліся тры дзяржавы, і іх уладаньні аддзяляліся «граніцай». І вось перада мною вылез з зямлі на аўстрыйскай тэрыторыі дажджавы чарвяк і цераз пяць сантымэтраў зноў урыўся ў зямлю. Гэтакім чынам палавіна чарвяка была ў Аўстрыі, а другая ў Расіі. Што-ж, на чалавека ёсьць межы, нейкія граніцы, а на чарвяка — няма? Зайцу ёсьць толькі адзін лес, жаўранку — толькі поле! І толькі людзі стварылі сабе на зямлі перагародкі і межы! Граніцы? Няма ніякіх граніц! Усё гэта адно ашуканства, якое вы самі выдумалі! Ёсьць толькі адзін неабдымны, прыгожы сьвет!
Марэк зьмяў грошы і кінуў іх старой графіне ў твар. Усе навокал пабялелі і адчулі сябе вельмі няёмка. Толькі Пісклявы крыкнуў тонкім голасам:
— Брава!
Першы адумаўся пасьля зьбянтэжанасьці камэндант. Ён павярнуўся да расійскага фэльдфэбеля:
— Канвойных сюды! — і, калі тыя падбеглі з стрэльбамі, ён загадаў, паказваючы на Марэка: — Пад арышт! Заўтра прывесьці яго пад канвоем да мяне!
Місыя пакінула барак у вельмі прыгнечаным настроі, і графіня з горнасьцю сказала палкоўніку Клягэну:
— Ваеннапалонныя павінны быць адданы пад больш цьвёрдую дысцыпліну; вам трэба было-б трымаць іх у абцугох, а вы з імі цацкаецеся. Чаму, напрыклад, вольнапісаны трымаецца ў адным бараку з радавымі? Інтэлігенцыю заўсёды трэба лепш карміць і саджаць асобна ад простага народу, каб яна адчувала сваю перавагу над ім і ня мела прычыны ставіць сябе з ім на адну дошку. Няўжо вы не разумееце, якую небясьпеку стварае гэтакі лятуценьнік.
А палкоўнік Клягэн, якому Марэк стаў здавацца сымпатычным, з тэй прычыны што старая, якая нагаварыла на яго, была яму вельмі праціўная, буркліва адказаў:
— Гэта не мая справа. Mа chere, — зьвярнуўся ён да жонкі, раптам штосьці ўспомніўшы, — ты-ж хацела знайсьці сярод палонных якога-небудзь краўца. Дык вернемся назад у барак да чэхаў. А вы, Гаўрыла Міхайлавіч, правядзеце тымчасам гэтых дам усюды, куды яны захочуць.
І палкоўнік, далікатна казырнуўшы, узяў сваю жонку пад руку і падаўся назад.
Калі палкоўніца выказала свой намер узяць да сябе дадому краўца, спрактыкаванага майстра, знаёмага з усялякай, у тым ліку і з ангельскай работай, у бараку, які быў усхваляваны нядаўнымі падзеямі, спачатку запанавала глыбокая маўчанка. А пасьля таварышы пачалі падштурхваць і падгаворваць тых, якія, наколькі было вядома, умелі абыходзіцца з іголкаю і з нажніцамі.
Нарэшце з нар спусьцілася тры чалавекі і запрапанавалі свае паслугі. Палкоўніца ў нерашучасьці глядзела то на іх, то на свайго мужа, пакуль яны расказвалі, што яны ўмеюць рабіць і ў якіх гарадох працавалі. Калі яны скончылі, яна сумна сказала:
— Усё гэта не артысты свае справы. А мне патрэбна дзеля майго веснавога гарнітуру якраз артыст. Я-ж хачу падабацца! — закончыла яна, сьмяючыся, па-француску.
Тады Пісклявы, пачухаўшы ў сябе за вухам, шпарка, як маланка, спусьціўся з нар, адказыраў палкоўніку і адмахнуў глыбокі ўклон палкоўніцы, а пасьля на самай чыстай францускай мове адрапартаваў:
— Можа быць, madame, вы дазволілі-б мне прапанаваць вам свае паслугі? Я працаваў у Вене, быў за закройшчыка ў Брусэлі, пасьля за старэйшага закройшчыка ў Лёндане, а апошні час працаваў на Пуарэ ў Парыжы. Гэта паказвае, што я якраз той, хто вам патрэбен.
— Я загадаю выдаць яму новае абмундыраваньне, калі ён табе якраз спатрэбіцца, — вырашыў палкоўнік. — Ты-ж у адзін дзень убачыш, што ён умее.
З хвілінку ён задумаўся, гледзячы ўгару, дзе сьвяціла на ўвесь барак дабрадушнае Швэйкава аблічча. Пасьля ён дадаў:
— А я вазьму сабе якога-небудзь аўстрыяка за дзяншчыка, каб краўцу ня было аднаму сумна.
Ён паклікаў да сябе Швэйка і, калі той стаў перад ім, запытаў:
— Якая ў цябе профэсія? Хочаш быць у мяне за дзяншчыка?
— Так што дазвольце далажыць, што я хачу, — пачуўся ўрачысты Шзвэйкаў адказ, — што я ўжо служыў за дзяншчыка ў пана фэльдкурата Каца, і што я буду служыць вам вераю і праўдаю, пакуль мяне ад вас не адарвуць, як ад пана паручніка Лукаша.
— Добра! У суботу прыгоніш гэтых двух пад канвоем да мяне! — коратка загадаў камэндант фэльдфэбелю.
— Выгадную ты зрабіў справу, таварыш, няма чаго казаць! — заўважыў адзін з суседзяй Пісклявага. — Жыць табе там будзе ня кепска. Але толькі вось якая можа здарыцца справа. Напрыклад, томскі камэндант прапанаваў нам, сталяром, адрамантаваць яму ўсю як ёсьць кватэру, і восем чалавек нашых працавалі ў яго каб траха дык паўгода. Калі ўсё было гатова, ён кажа: «Прыходзьце праз тыдзень, тады парахуемся». Ну, мы праз тыдзень зьяўляемся, а ён на нас як закрычыць: «Што! Грошай вам? За што? Хіба вы няпілі ў мяне, хлеба майго ня елі? Га? Значыцца, па-вашаму, камэндант павінен плаціць ваеннапалонным?!» Гэтак і выгнаў нас вон, ды яшчэ рэвольвэрам пагражаў. А пасьля загадаў нас пасадзіць і перавезьці сюды, каб мы ня ўчынілі гвалту ў Томску… Так, так, браце, тут трэба хадзіць, аглядаючыся. Тут што ні пан, дык і круцель.
— Ды ёй зусім не патрэбен гэтакі кравец, — абазваўся Пісклявы, — яна шукае і ўцехі. — Езус-Марыя, хіба-ж гэтага ня відаць па яе вачох? Адразу відаць.
Худзечак сеў на нарах, абхапіў калені рукамі і забубніў, гледзячы на Пісклявага чырвонымі, заплаканымі вачыма:
— Я, браткі, не зайздросны чалавек, але ўсё-такі павінен запытацца: чаму гэтакае шчасьце не прываліла да мяне? Ах ты, божа мой! Так-бы сябе, здаецца, і закалоў-бы на месцы з прыкрасьці. І што гэта ў мяне быў за бацька, што ён не навучыў мяне за краўца!.. Слухай, браце, калі ты будзеш мець шчасьце папасьці да яе на пасьцель, дык успомні пра мяне. Я ў думках увесь час буду з табою.
— Усё гэта таму, — спачувальна прамовіў Швэйк, — што табе аніяк не ўдалося яе распаліць. Ты-ж далёка ня прыгожы, дый час цябе такі здорава пакамячыў. Вось каб ты зьявіўся да яе, калі табе было паўтара месяцы ад нараджэньня, і цябе толькі што выкупалі ў начоўках, ты-б здолеў яшчэ выклікаць захапленьне з яе боку. А жанчыну, калі яна маладая, трэба няйначай зацікавіць, каб…
— Або прымусіць яе шкадаваць цябе, — паправіў Пісклявы.
— … каб льга было з ёю што-небудзь зрабіць, — гаварыў далей Швэйк. — У нашага брата, мужчыны, нават калі мы пастарэем, сэрца застаецца маладым і хавае ў сабе жар. Так што мужчына здольны захапляцца па тры разы кожны дзень, абы толькі зашумела ля яго якая-небудзь спадніца. А жанчына, як толькі яна крыху пачне засыпаць, хоць і льле ў сябе кофе без канца і бяз меры, дык нават і ня гляне на цябе, хоць-бы ты быў як веснавы пупішачак, — ня гляне, ні то каб яшчэ панюхала. На гэты конт ёсьць нават сэксуальна-псыхолёгічныя курсы, як расказваў нам адзін фэльчар у тракціры «Шэнфлек». Так што такая баронэса на выгляд можа і маладая, а душа ў яе, можа, ужо даўно патухла.
Швэйк сьцягнуў з сябе боты і цяжка ўздыхнуў, разьвешваючы мокрыя анучы.
— Вось вам прыклад, што бывае, калі ў жанчыны раней як трэба састарэе сэрца. У аднэй вёсцы пад Бэроўном жыла ўдава, Марыя Коцман. Гэта была сапраўдная ведзьма, якая пасьля сьмерці мужа так узьненавідзела ўсіх і ўсё, што не цярпела ля сябе нават сабакі. Убяжыць, бывала, у пакой яе сабачка, а яна зараз-жа гукне на дачку: «Выгані яго вон, падлу. Ён тут хвастом віляе і толькі хату студзіць!» А нявестку сваю, прыгожую, ціхую гэтакую жанчыну, якая, праўда, была з беднай сям’і і апроч свайго незаконнага дзіцям!, якога яна мела яшчэ як была дзяўчына, ня прынесла ў сям’ю аніякага пасагу, гэтая сьцерва давяла сваімі ўчынкамі да таго, што тая ў адну нядзелю, прышоўшы з царквы, засекла яго сякераю, а труп закапала ў кучы гною. Труп знайшлі ў гнаі толькі праз тыдзень, а маладзіцы далі тры гады. Цяпер яна ў жаночай турме ў Празе.
Худзечак на хвіліну задумаўся, перабіраючы пальцамі бараду, а пасьля заўважыў:
— Так, усялякая драбяза лезе ў галаву, калі ня ведаеш куды падацца — ні наперад, ні назад. Жаданьне каго-небудзь біць, ці задушыць зьяўляецца тады, як муха на сыры. Вось мне сёньня раптам захацелася спаць з баронэсай, а Марэку ўзбунтавацца. І напэўна-ж сядзіць ён цяпер у карцары і зразумець ня можа, як гэта яму ўсё ўздумалася.
— Вольнапісаны зрабіў вялікае глупства, — рашуча заявіў Гаршына. — Якое тут к чорту рыцарства! Нашто было гаварыць ёй, што ён думае пра граніцы? Яна-ж дала яму цэлых шаснаццаць рублёў. Я-б іх проста ўзяў, дзесяць з іх праеў-бы і прапіў, а шэсьць паслаў-бы ў Кіеў якому-небудзь земляку, які ваюе супроць Аўстрыі. Яна ад гэтых грошай не абяднела-б, а мы нагэтулькі-ж былі-б багацейшыя.
— Што-ж, язык мой — вораг мой! — уставіў сваё слова Швэйк. — Марэк разважае, бо ён студэнт. Ды як-жа яму й не разважаць, калі яму ўбілі ў галаву ўсялякія разважаньні. Кожны, хто ня зусім дурань, павінен разважаць. А начальства павінна наглядаць, пра што людзі разважаюць. Да чаго-б мы дажылі, каб кожны пачаў разважаць, як яму на думку ўзбрыдзе, і каб у нас ня было цьвёрда пастаўлена нагляданьне над гэтымі разважаньнямі? Тут гэтак-бы наразважалі, што і прокурор-бы ня мог разабраць. Ну, а Марэк чалавек гарачы; у яга гэтае разважаньне зьявілася так раптам, як фокус, і ён не здагадаўся, што лепш было-б яго ня выказваць. Бываюць гэтакія людзі на сьвеце, якія ніяк ня могуць зразумець, што да чаго можа давесьці.
— Кожны, хто бачыць, як брыдка абыходзяцца з людзьмі, ня можа не разважаць, — хвалюючыся сказаў Пісклявы. — Разважаць людзям ніколі не забароніш. Тут ніякі эрцгэрцаг Фрыдрых не паможа. І там у нас яшчэ ня мала будуць дзівіцца, адкуль у людзей зьявіліся гэтакія разважаньні, якія выклікае вайна.
— Вядома, будуць, — падхапіў Швэйк. — Зусім, можна сказаць, адурнеюць, як пасьля шлюбнае ночы той настаўнік, які ажаніўся з Анеляю Пржэскачыль. У гэтай Анелі была ў Кладне замужняя сяброўка, а сама яна завяла знаёмства з адным настаўнікам рэальнага вучылішча, які да таго-ж быў яшчэ і поэт. Знаёмства было сталае, і яна ўжо рыхтавала сабе пасаг. Але от аднойчы раніцаю яна прыбегла ўся ў сьлёзах да сяброўкі і кажа: «Ацылія, я за яго не пайду, я яго больш не хачу, бо ён мяне заб’е, і я буду з ім вельмі нешчасьлівая». А Ацылія ёй на гэта ў адказ: «Ну, ну, можа быць усё гэта і ня так страшна. Хіба ён табе што-небудзь гэтакае сказаў, ці выцяў цябе, дык гэта-ж глупства. Гэта з кожным бывае. А тым больш калі ён поэт, дык ты павінна яму дараваць. Дзе-ж ты яшчэ знойдзеш гэтакага дурня, які быў-бы настаўнікам, чалавекам з грашыма і ўздумаў-бы цябе ўзяць замуж». Тут Анеля яшчэ горш заплакала. «Ты сабе толькі падумай, — кажа яна, — учора ён раптам заявіў, што чакае ад шлюбнае ночы нязвычайнага ўражаньня, якое зробіць яго шчасьлівым на ўсё жыцьцё. Ён стаў перада мною на калені, выцягнуў рэвольвэр і прымусіў мяне прысягнуць, што я чыстая як лілея і нявінная як ягня. Але ты-ж ведаеш, Ацылія, колькі ў мяне ўжо было абортаў». «Нічога, Анеля, — адказвае ёй Ацылія. — Я твая сяброўка, таварышка, і я цябе не пакіну. Перад вясельлем прыдзі да мяне, я цябе навучу, што рабіць».
— Настаўнік, — ня спыняў свайго расказу Швэйк, — сапраўды неўзабаве ўгаварыўся з Анеляю, калі зрабіць вясельле. Маладая, як было ўмоўлена, прышла да таварышкі, а тая ёй кажа: «Загадай служанцы зьняць пляву з цяляціны і падкінь кавалачак гэтай плявы ўвечары ў пасьцель. Спадзяюся, ты даволі разумная, так што больш мне ня трэба будзе табе нічога растлумачваць. Ты-ж будзеш мець справу з поэтам». Ну, увечары Анеля ўсё гэтак і зрабіла, як яе вучылі. А муж яе ўсю ноч цешыўся і складаў вершы. Заснуў ён толькі пад раніцу, а калі прачнуўся, бачыць — фіранкі на вокнах спушчаны, цёмна ў пакоі, хоць на гадзіньніку ўжо восем. Раптам ён заўважае, што ў яго штосьці прыліпла да лыткі. Ён зьняў гэта, падышоў да вакна і пачаў разглядаць, а пасьля падыходзіць да шлюбнага ложка й пытае жонку: «Анеля, дарагая мая, сонейка маё, скажы мне, што гэта? Як гэта папала да нас у пасьцель?» Тая стараецца саромліва пачырванець і, ледзь дыхаючы, шэпча: «Ах, я-ж табе гаварыла, каб ты ня быў гэтакі гарачы, я-ж цябе прасіла пашкадаваць мяне, прасіла ня быць гэтакім жорсткім і бязьлітасным, каб мне ня трэба было плакаць ад болю, а ты ня браў гэтага на ўвагу. А калі што-небудзь парвуць, ці адарвуць, яно выпадае, бо яно ўжо больш ня трымаецца… Разумееш?» Ён быў страшэнна шчасьлівы, але падышоў яшчэ раз да вакна — разгледзець бліжэй. І раптам акамянеў, ператварыўся ў саляны слуп, і кажа: «Добра! Усё гэта я добра ведаю. Але растлумач мне, якім парадкам на ёй апынулася кляймо кладнянскай разьніцы?».
А ў той-жа час, калі ўдалы ваяка Швэйк разьвіваў сваю цудоўную аналёгію наконт дзіўнага паходжаньня пэўных поглядаў і разважанрняў, да Марэка падселі ў карцары расійскія салдаты і сталі распытваць яго, за што яго пасадзілі, а калі даведаліся, што за справа, пачалі ўпікаць і сарамаціць аўстрыяка:
— Эх, ня трэба было табе гэтага рабіць. Гэтыя-ж пані панавозілі падарункаў — страх! Ты мог-бы прадаць шынель, бялізну і боты на рынку і купіць сабе за гэтыя грошы бутэльку сьпірытусу або гарэлкі, а старым падлам гэтым даць у рыла потым, калі быў-бы ўжо выпіўшы. А так ты, браце, зрабіў усё шыварат-навыварат. Толькі бяз дай рацыі людзей пакрыўдзіў.
На другі дзень Гаршына, вярнуўшыся з гораду, паведаміў, што ўдзень пачнуць раздаваць падарункі, што ў горадзе формуецца «праваслаўная» дружына з палонных сэрбаў, русін і тых чэхаў, што перайшлі ў праваслаўе і што ён другі прыме хрышчэньне, каб вольна цягацца па рэсторанах і не баяцца паліцэйскіх. Над гэтаю навіною глыбей ад усіх задумаўся Худзечак, і калі Гаршына яму яшчэ раз пацьвердзіў, што ваеннапалонныя, якія лічацца ў праваслаўнай дружыне, карыстаюцца воляй дзеля таго, каб хадзіць вольна і быць на заработках, ён рашуча заявіў:
— Так і быць, я таксама перайду ў праваслаўе. Калі я буду паказвацца ў людзях, дык можа якая-небудзь дзяўчыны або закахаецца ў мяне, або пашкадуе мяне з прычыны свае добрасьці. А то я дальбог больш ня выцерплю, браткі.
На гэтыя дабрачынныя і шляхэтныя жаданьні, удалы ваяка Швэйк адгукнуўся коратка:
— Ну, дык валяй!